Печатать книгуПечатать книгу

§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.

Якія былі гістарычныя ўмовы развіцця культуры Беларусі ў першай палове XIX ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 13 Март 2025, 22:05

1. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі

Рост нацыянальнай самасвядомасці, зараджэнне і пашырэнне беларускага нацыянальнага руху, навуковае асэнсаванне гісторыі, этнаграфіі, фальклору беларусаў — найважнейшыя фактары, якія наклалі адбітак на развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.

З другой паловы XIX ст. пачалося свядомае шырокамаштабнае вывучэнне Беларусі, яе гісторыі, мовы і культуры. Працы І. Насовіча, П. Шэйна, М. Нікіфароўскага, Е. Раманава, Я. Карскага і іншых вучоных аб'ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу.

Адметнымі прыкметамі часу сталі развіццё літаратуры і перыядычнага друку на беларускай мове, з'яўленне нацыянальных матываў у тэатральным, музычным і выяўленчым мастацтве.

2. Сістэма адукацыі

Згодна з рэформай адукацыі, якая пачалася ў 1864 г., большасць навучальных устаноў перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства народнай асветы. Школа абвяшчалася ўсесаслоўнай. Аднак у адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі ў Беларусі не было земскіх школ. Да канца XIX ст. у Беларусі дзейнічалі «Часовыя правілы для народных школ», распрацаваныя і зацверджаныя ў 1863 г. віленскім генерал-губернатарам М. М. Мураўёвым.

Развівалася сістэма прафесійнай адукацыі. Адкрываліся рамесныя, гандлёвыя, чыгуначныя, медыцынскія, музычныя, мастацкія навучальныя ўстановы. У 1864 г. у Маладзечне была адкрыта першая ў Расійскай імперыі настаўніцкая семінарыя, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ.

Рэалізацыя школьнай рэформы супала па часе з паўстаннем 1863–1864 гг. і ўзмацненнем курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях. За ўдзел студэнтаў і вы­кладчыкаў у паўстанні ў 1864 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут і шэраг іншых навучальных устаноў. Атрымаць вышэйшую адукацыю выхадцы з беларускіх губерняў маглі толькі па‑за іх межамі.

Такім чынам, падчас школьных рэформ XIX ст. у Беларусі пашырылася сетка свецкіх агульнаадукацыйных школ і павялічылася колькасць навучэнцаў у іх. Разам з тым пераважная большасць насельніцтва, перш за ўсё сялянства, заставалася непісьменным. Паводле перапісу 1897 г. агульная колькасць пісьменных у Расійскай імперыі складала толькі 25,7 %. 

3. Станаўленне беларусазнаўства

У XIX ст. адбывалася станаўленне навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ — беларусазнаўства. Ля яго вытокаў стаялі выбітныя навукоўцы і даследчыкі, якім была неабыякавая гісторыя роднага краю і народа. Адным з першых даследчыкаў гісторыі Беларусі, яе вуснай народнай творчасці і мовы стаў аўтар нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П. Шпілеўскі. Заснавальнікам беларускай археалогіі, этнографам, адным з першых славянскіх вучоных звярнуўся да духоўнай культуры простага народа як да гістарычнай крыніцы, быў З. Даленга-Хадакоўскі. Актыўным збіральнікам і даследчыкам беларускага фальклору быў Я. Чачот. У 1837—1846 гг. У Вільні ён выдаў шэсць тамоў беларускіх народных песень «Сялянскія песні з-пад Нёмана і Дзвіны». У сваіх творах аўтар імкнуўся не толькі захаваць унікальныя праявы духоўнай культуры для будучых пакаленняў, але і скласці навуковае апісанне беларускай мовы.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабіў Т. Нарбут — гісторык, І. Грыгаровіч — збіральнік і выдавец «Беларускага архіва старажытных грамат», І. Насовіч — гісторык і мовазнаўца, складальнік «Слоўніка беларускай гаворкі». Па ініцыятыве братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў у 1842 г. у Лагойску быў створаны першы ў Беларусі гістарычны музей, а ў 1855 г. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей. Адным з заснавальнікаў беларусазнаўства быў археолаг, этнограф, гісторык, літаратар А. Кіркор. Калекцыю сваіх археалагічных знаходак, выяўленых у выніку раскопак каля тысячы курганоў, ён перадаў Віленскаму музею старажытнасцей. У 1882 г. А. Кіркор падрыхтаваў асобны том для шматтомнага выдання «Жывапісная Расія», прысвечаны беларуска-літоўскаму краю.

У другой палове XIX ст. актывізавалася вывучэнне гісторыі, мовы і культуры беларускага народа расійскімі навукоўцамі і даследчыкамі. Цэнтрам вывучэння беларускіх губерняў у 1867—1915 гг. стала Паўночна-Заходняе аддзяленне імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (Вільня). Яго супрацоўнікамі былі этнографы П. Шэйн, Е. Раманаў і інш. У 1870 г. у Пецярбургу І. Насовіч выдаў «Слоўнік беларускай гаворкі», які ўключаў больш за 30 тыс. слоў жывой беларускай мовы з разгорнутымі аўтарскімі каментарамі.

Для вывучэння гісторыі Віцебскага краю шмат зрабіў гісторык і краязнавец А. Сапуноў. У 80-я гг. XIX ст. ён выдаў тры тамы архіўных дакументаў «Віцебская старына».

У другой палове 1880-х гг. з ідэяй аб самабытнасці беларускага этнасу і яго праве на самастойную палітычную будучыню выступіў гісторык М. Доўнар-Запольскі.

4. Станаўленне новай беларускай мовы і літаратуры

У другой палове XIX ст. пачаўся новы этап у развіцці беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, звязаны са сцвярджэннем новай рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіі і крытычнага рэалізму. Царская цэнзура забараняла выданне твораў рэвалюцыйна-дэмакратычнага зместу, таму большасць з іх распаўсюджвалася ў выглядзе ўлётак, брашур, рукапісаў. У першыя два дзесяцігоддзі пасля падзей паўстання 1863—1864 гг. папулярным жанрам у беларускай літаратуры была ананімная вершаваная «Гутарка», сходнай з фальклорным жанрам.

Паслядоўнікамі Ф. Багушэвіча сталі паэты-дэмакраты Я. Лучына, А. Гурыновіч. Паэзія Я. Лучыны (І. Неслухоўскага) працятая пачуццём любові да роднага краю, яго народу. Толькі праз шэсць гадоў пасля яго смерці ў 1903 г. быў апублікаваны зборнік яго вершаў «Вязынка». А. Гурыновіч, вызначаючы задачы літаратуры, сцвярджаў, што яна павінна «будзіць у сэрцы думку аб лепшай долі, якой мы дагэтуль не ведаў ніколі».

А. Гурыновіч, Я. Лучына былі таленавітымі перакладчыкамі. Я. Лучына пераклаў на беларускую мову творы У. Сыракомлі. Дзякуючы А. Гурыновічу творы класікаў рускай літаратуры А. Пушкіна, М. Някрасава, А. Талстога «загаварылі» на беларускай мове.

5. Тэатр і музыка

У тэатральным і музычным жыцці другой паловы XIX ст. вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы. У іх складзе былі вядомыя акцёры В. Камісаржэўская, А. Яблачкіна. Пад уплывам гастроляў гэтых тэатральных калектываў у гарадах і мястэчках былі створаны тэатральныя гурткі. Яны ставілі п'есы па творах А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Горкага.

Вядучым драматургам у 1840—1850-я гг. быў В. Дунін-Марцінкевіч. У 1852 г. па яго ініцыятыве была створана першая нацыянальная тэатральная група з 20 чалавек. У тым жа годзе на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм'ера першай беларускай оперы «Сялянка» на музыку С. Манюшкі і К. Крыжаноўскага, у якой выканаўцам галоўнай ролі Навума Прыгаворкі выступіў сам В. Дунін-Марцінкевіч. Прэм'ера прайшла з велізарным поспехам. Опера неаднаразова ставілася ў Мінску, Бабруйску, Слуцку.

Пасля паўстання 1863—1864 гг. тэатральны гурток быў забаронены, а В. Дунін-Марцінкевіч арыштаваны. Пасля вызвалення ў студзені 1865 г. і аж да 1870 г. ён знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам. У той перыяд у драматурга з'явіліся п'есы «Пінская шляхта» і «Валакіцтва». Аднак гэтыя творы былі надрукаваныя толькі ў 1918 г.

Музычнае мастацтва другой паловы XIX ст. развівалася ў двух кірунках: прафесійным і народным. Прафесійны кірунак быў прадстаўлена ў мастацкіх салонах і на канцэртах. У дваранскіх маёнтках працягвалі існаваць прыгонныя аркестры і капэлы — традыцыя, якая захавалася яшчэ з XVIII ст. Народны кірунак захоўваўся і ўзбагачаўся народнымі музы́камі. У той перыяд ажывілася цікавасць да народнай музыкі. Збіральнікі беларускіх народных песень, распеваў запісвалі іх і вывучалі манеру выканання. Беларускія матывы народных песень сустракаюцца ў творчасці С. Манюшкі.

6. Жывапіс

У другой палове XIX ст. пераважным напрамкам у выяўленчым мастацтве Беларусі стаў рэалізм.

Майстрам бытавога жанру і адным з першых беларускіх мазаістаў быў Н. Сілівановіч. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адзінае палатно мастака — «Салдат з хлопчыкам». У пачатку 1870-х гг. Н. Сілівановіч як той, хто меў вопыт па афармленні храмаў, быў запрошаны Акадэміяй мастацтваў для працы па роспісу Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаіку «Тайная вячэра» для галоўнага іканастаса Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу ў 1876 г. яму было прысвоена званне акадэміка жывапісу.

У канцы XIX ст. у Віцебску прыватную мастацкую школу жывапісу заснаваў Ю. Пэн. Ім была створана цэлая серыя работ, у якіх па-майстэрску адлюстраваны нацыянальныя рысы і побыт яўрэйскага народа: «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Жабрак» і інш.

Прызнаным майстрам гістарычнага жанру з'яўляецца К. Альхімовіч. У яго ранніх творах "Пахаванне Гедыміна", "Пасля бітвы" шырока і шматгранна адлюстраваліся гісторыя і перажыванні беларускага народа. Пад уплывам ссылкі за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гг. ён напісаў працы «Смерць у выгнанні», «На этапе», якія з асаблівым псіхалагізмам перадаюць лёс ссыльных паўстанцаў.

Н. Орда (1807—1883) падчас сваіх падарожжаў па Беларусі стварыў каля 200 замалёвак айчынных замкаў, палацаў і храмаў, частка з якіх не захавалася. На сваіх малюнках мастак адлюстраваў беларускія краявіды і аблічча вёсак таго часу. У яго творах архітэктурныя шэдэўры арганічна аб'яднаны з прыродным асяроддзем. Асаблівую ўвагу Н. Орда надаваў мясцінам, звязаным з жыццём знакамітых суайчыннікаў.

Майстрам беларускага пейзажу і заснавальнікам рэалістычнага партрэтнага жывапісу з'яўляецца мастак А. Гараўскі. Матывы роднага краю ён захаваў у працах «На радзіме», «Бераг ракі Свіслачы», «Вечар у Мінскай губерні».

Прызнаным майстрам лірычнага пейзажу стаў В. Бялыніцкі-Біруля. Ён вучыўся жывапісу ў Маскоўскім вучылішчы ў рускіх мастакоў К. Каровіна, В. Паленава, І. Пранішнікава, захапляўся жывапісам І. Левітана. Любімым чынам для В. Бялыніцкага-Бірулі стала вясна, якой ён прысвяціў каля 200 карцін. У 1908 г. мастак атрымаў званне акадэміка жывапісу.

7. Архітэктура і горадабудаўніцтва

Да канца XIX ст. у беларускім дойлідстве панавала эклектыка, або «Архітэктура гістарызму», для якой было характэрна спалучэнне розных архітэктурных стыляў папярэдніх эпох — раманскага стылю, готыкі, барока, класіцызму. Банкі і навучальныя ўстановы ўзводзіліся ў стылі рэнесансу, тэатры — у стылі барока, касцёлы — у стылі готыкі, праваслаўныя храмы — у рэтраспектыўна-рускім (псеўдавізантыйскім) стылі.

Да ліку помнікаў архітэктуры, выкананых у рэтраспектыўна-рускім стылі, адносяцца капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Уваскрасенскі сабор у Барысаве. Вядомы помнік, які спалучае ў сабе матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, — Чырвоны касцёл у Мінску (Касцёл Святых Сымона і Алены).

Такім чынам, беларуская культура ў другой палове XIX — пачатку XX ст. зрабіла вялікі крок наперад, развіваючыся пад уплывам як Расійскай, так і еўрапейскай культуры.

Пытанні і заданні

1. Якія падзеі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. аказалі найбольшы ўплыў на развіццё беларускай культуры?

2. Параўнайце рэформы адукацыі, праведзеныя ў Расійскай імперыі ў XIX ст., і зрабіце выснову аб іх выніковасці.

3. Вызначце асноўную тэматыку твораў беларускай літаратуры і яе сувязь з жыццём і побытам народа.

4. Вызначце прычынна-выніковую сувязь паміж уздымам грамадска-палітычнага руху ў XIX — пачатку XX ст. і актывізацыяй вывучэння гісторыі і культуры беларускага народа.

5. Растлумачце, якія фактары спрыялі развіццю нацыянальнага беларускага тэатра, а якія стрымлівалі яго.