§ 22–2. Канфесійная палітыка ў БССР у 1920—1930-я гг.
Якія канфесіі існавалі на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX ст.?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 22–2. Канфесійная палітыка ў БССР у 1920—1930-я гг. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 1 Ноябрь 2024, 06:48 |
1. Стаўленне савецкай улады да рэлігіі. Палітыка «ваяўнічага атэізму»
Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў у 1917 г. становішча рэлігійных канфесій карэнным чынам змянілася.
Царква была аддзелена ад дзяржавы, а школа — ад царквы. Савецкая дзяржава дэкларавала свабоду сумлення, прызнавала за ўсімі грамадзянамі свабоду рэлігійнай і антырэлігійнай прапаганды.
Разам з тым стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігійных канфесій на працягу ўсяго перыяду існавання СССР вызначалася адмаўленнем рэлігіі як светапогляду. Партыйнымі і дзяржаўнымі органамі актыўна падтрымліваўся атэізм.
Савецкая дзяржава кантралявала і ўмешвалася ў справы рэлігійных арганізацый. Былі канфіскаваны царкоўныя землі і іншая нерухомасць, устанаўліваліся высокія падаткі для духавенства і на царкоўныя будынкі. Цэрквы, касцёлы, сінагогі разбураліся альбо выкарыстоўваліся як склады, кінатэатры, спартзалы, клубы.
Шырокі размах набыла антырэлігійная прапаганда. У 1929 г. быў створаны Беларускі антырэлігійны ўніверсітэт. У гэтым жа годзе ў Мінску прайшоў 1-ы Усебеларускі з’езд бязбожнікаў.
Акрамя прапаганды навукова-матэрыялістычнага светапогляду дзяржаўнымі органамі ў 1920–1930-я гг. ажыццяўляліся арышты і пераслед духавенства і вернікаў.
Вядома выказванне У. І. Леніна: «Мы павінны змагацца з рэлігіяй. Гэта — азбука ўсяго матэрыялізму і, такім чынам, марксізму. Але марксізм не ёсць матэрыялізм, які спыніўся на азбуцы. Марксізм ідзе далей. Ён кажа: трэба ўмець змагацца з рэлігіяй, а для гэтага трэба матэрыялістычна растлумачыць крыніцу веры і рэлігіі ў мас».
У 1930-я гг. часцей планаваліся і ажыццяўляліся не асобныя антырэлігійныя мерапрыемствы, а спецыяльныя кампаніі, у якіх былі задзейнічаны ўсе магчымасці і сродкі ўплыву на паўсядзённае жыццё і рэлігійную свядомасць насельніцтва рэспублікі.
Акрамя прапаганды атэізму («навукова-матэрыялістычнага светапогляду») дзяржаўнымі органамі ў 1920—1930-я гг. ажыццяўляліся масавыя арышты і пераслед духавенства і рэлігійных прапаведнікаў.
У цэлым у барацьбе з рэлігіяй і рэлігійнасцю насельніцтва ў 1920—1930 гг. былі дасягнуты значныя поспехі. У паўсядзённым жыцці святкаванне гадавін Кастрычніка, 1 Мая і іншых рэвалюцыйных свят адціснулі традыцыйныя рэлігійныя ўрачыстасці. Аж да 1939 г. палітыка ліквідацыі арганізаванага рэлігійнага жыцця праводзілася органамі дзяржаўнай улады ў адміністрацыйным парадку.
У пачатку 1920-х гг. на тэрыторыі Усходняй Беларусі дзейнічала каля 1500 праваслаўных храмаў. Увесну 1922 г. пачалася кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. Пасля 1933 г. колькасць дзеючых храмаў знізілася да некалькіх дзясяткаў. У 1937 г. дзейнічала ўсяго 11 касцёлаў. З лета 1939 г. да лета 1941 г. праваслаўнае набажэнства на тэрыторыі Усходняй Беларусі практычна не ажыццяўлялася.
Аднак канчаткова пераадолець рэлігійнасць у штодзённай свядомасці і яе праявы так і не ўдалося.
2. Антырэлігійная прапаганда
Галоўным вынікам антырэлігійнай прапаганды ў СССР павінна было стаць масавае распаўсюджванне атэізму сярод насельніцтва. Меркавалася, што носьбіты рэлігійнага светапогляду ў выніку інфармацыйна-тлумачальных мерапрыемстваў пяройдуць на «матэрыялістычныя рэйкі». Аднак план па насаджэнні атэізму ў меркаваны тэрмін выкананы не быў.
Прычынай быў цэлы шэраг фактараў, якія абцяжарвалі падобную дзейнасць і патрабавалі свайго вывучэння.
На думку гісторыкаў, у сярэдзіне 1930-х гг. антырэлігійная праца не была падмацаваная адпаведнымі рэсурсамі. Па гэтым пытанні адсутнічалі выразныя ўказанні вышэйшага кіраўніцтва і асабіста І. В. Сталіна. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва краіны не мела плана па барацьбе з рэлігіяй і рэлігійнай дзейнасцю. Партыйныя і савецкія структуры на месцах канцэнтравалі сваю ўвагу ў асноўным на вытворча-эканамічных пытаннях.
Пасля восені 1939 г. істотны ўплыў на антырэлігійную працу аказвалі жыхары заходніх рэгіёнаў Беларусі, якія не падвяргаліся атэістычнаму перавыхаванню. Да чэрвеня 1941 г. агітацыйна-прапагандысцкай сістэме краіны Саветаў не ўдалося сфармаваць матэрыялістычны светапогляд і ў паловы сваіх грамадзян, але крок да страты традыцыйнай рэлігійнасці быў зроблены вельмі сур'ёзны.
3. Становішча вернікаў
Канфесійная палітыка савецкіх улад непасрэдна адбівалася на становішчы вернікаў. У паўсядзённым жыцці рэлігійнасць насельніцтва найбольш відавочна і ярка выяўлялася ў святкаванні рэлігійных урачыстасцей. Царкоўныя ўрачыстасці і рэлігійныя святы ў 1920—1930 гг. ва ўмовах масавага закрыцця храмаў яшчэ досыць працяглы час істотным чынам ўплывалі не толькі на прыватнае, але і на публічнае паўсядзённае жыццё нават у гарадах. У яшчэ большай ступені гэта было характэрна для сельскай мясцовасці. Камуністычная партыя ні ў партыйных дакументах, ні ў заканадаўстве, ні ў правапрымяняльнай практыцы, нягледзячы на стаўленне да рэлігійных свят як да перажытку мінулага, не пайшла на забарону ўсёй рэлігійнай абраднасці і атрыбутыкі, звязанай са штодзённай рэлігійнасцю насельніцтва. Больш за тое, у адным з першых заканадаўчых актаў савецкай улады — у дэкрэце аб васьмігадзінным працоўным дні — былі адзначаны як свабодныя, непрацоўныя дні дванаццаць найбольш значных праваслаўных рэлігійных свят.
Не выступаючы адкрыта супраць рэлігійнай абраднасці і свят, партыйныя і савецкія органы, грамадскія арганізацыі ў цэнтры і на месцах на працягу 1920—1930-х гг. ажыццяўлялі меры, накіраваныя на тое, каб пераключыць увагу народа з царкоўных абрадаў на іншыя ўрачыстасці і святкаванні, мінімізаваць, а затым і канчаткова выцесніць рэлігійнасць са свядомасці і паўсядзённага жыцця.
Духавенства і вернікі падвяргаліся ганенням і рэпрэсіям. Партыйныя і савецкія органы прыкладалі максімум намаганняў для «вызвалення народных мас ад рэлігійных забабонаў».
Разам з тым поўнай ліквідацыі арганізаванага рэлігійнага жыцця і афіцыйнай забароны рэлігіі ў СССР ніколі не было, а ў асобныя перыяды кіраўніцтва Савецкага Саюза нават аказвала некаторым з канфесій падтрымку, пераследуючы свае палітычныя інтарэсы.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце канфесійную палітыку ў БССР у 1920—1930-я гг. Якімі былі яе вынікі?
2. У чым, на ваш погляд, выяўляўся «ваяўнічы атэізм» савецкай улады?
3. Як вы разумееце словы аб аддзяленні царквы ад дзяржавы, а школы ад царквы?
4. Якімі былі мэты антырэлігійнай прапаганды? Чаму яны не былі дасягнуты? Як вы думаеце, чаму не ўдалося сфармаваць у насельніцтва матэрыялістычны светапогляд?
5. Выкарыстоўваючы матэрыялы краязнаўчага музея, кнігу «Памяць», падрыхтуйце паведамленне пра канфесійную палітыку савецкай улады ў вашым рэгіёне ў 1920—1930-я гг.
6. Як вы думаеце, чаму «рэлігійныя забабоны» разглядаліся кіраўніцтвам СССР як істотная перашкода на шляху да сацыялізму і камунізму?