§ 13. Прырода і тыпы хімічнай сувязі
Любое хімічнае злучэнне — малекулу (CO2), крышталь (NaCl), складаны іон () — з пункту гледжання электроннай будовы можна ўявіць у выглядзе сістэмы, якая складаецца з атамных ядраў і электронаў, якія іх злучаюць. Узаемадзеянне, якое робіць гэтую сістэму ўстойлівай, называюць хімічнай сувяззю.
Хімічная сувязь — гэта ўзаемадзеянне, у выніку якога асобныя атамы аб’ядноўваюцца ў больш складаныя сістэмы (малекулы, крышталі, іоны і інш.).
Хімічная сувязь абумоўлена дзеяннем сіл прыцяжэння і адштурхоўвання паміж дадатна зараджанымі ядрамі і адмоўна зараджанымі электронамі, гэта значыць мае электрастатычную прыроду.
Электроны, якія прымаюць удзел ва ўтварэнні хімічных сувязей, называюць валентнымі. Гэта электроны знешніх электронных абалонак атамаў.
Разгледзім, як і чаму ўтвараецца хімічная сувязь.
Асноўнай умовай утварэння хімічнай сувязі з’яўляецца паніжэнне поўнай энергіі сістэмы ядраў і электронаў у параўнанні з энергіяй ізаляваных атамаў.
Памяншэнне поўнай энергіі сістэмы ядраў і электронаў дасягаецца ў выніку сумеснага выкарыстання электронаў рознымі атамамі. У залежнасці ад таго, як у выніку размеркавана электронная шчыльнасць, адрозніваюць тры тыпы хімічнай сувязі: кавалентную, іонную і металічную.
Механізмы ўтварэння гэтых сувязей вы ўжо разглядалі пры вывучэнні хіміі ў 8–10-х класах. Тут мы дапоўнім паняцце хімічнай сувязі ўяўленнямі аб стане электронаў у атаме.