Печатать книгуПечатать книгу

§ 23. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 23. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 18:26

Палітыка дзяржавы ў галіне культуры. У сучасным свеце права на доступ да дасягненняў культуры, культурныя правы разглядаюцца як найважнейшыя правы чалавека, не менш важныя, чым палітычныя ці эканамічныя правы. Яны гарантаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым абавязкам кожнага чалавека з’яўляюцца беражлівыя адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў.

Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца.

Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.

Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.

Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

Нацыянальная культура ўяўляе сабой сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей грамадства і ўключае мову, гісторыка-культурную спадчыну, традыцыі, фальклор, народныя промыслы і рамёствы, прафесійнае і самадзейнае мастацтва, мастацкую адукацыю, установы і кадры культуры, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя культурныя сувязі. Нацыянальная культура таксама з’яўляецца гарантыяй захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту народа, яго згуртавання вакол стваральных каштоўнасцей. У нашай краіне права на развіццё сваёй культуры і мовы, на стварэнне нацыянальнай школы, прадпрыемстваў і ўстаноў культуры (тэатраў, музеяў, выдавецтваў і г. д.) гарантуецца таксама і грамадзянам іншых нацыянальнасцей і этнічных груп, што пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Галоўным органам дзяржаўнага кіравання культурай у нашай краіне з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яно праводзіць дзяржаўную палітыку ў сферы культуры і каардынуе яе развіццё.

У Беларусі ў сферы культуры працуюць каля 60 тыс. чалавек, дзейнічаюць 6 тыс. дзяржаўных устаноў культуры і мастацтва. У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь функцыянуюць 150 музеяў рознай накіраванасці. Найбуйнейшымі ў краіне зборамі твораў жывапісу валодаюць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Віцебскі мастацкі музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей, Полацкая мастацкая галерэя.

«Ноч музеяў» — міжнародная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў (адзначаецца 18 мая). У гэтую ноч многія музеі адчынены для наведвальнікаў пасля захаду сонца і амаль да раніцы. Асноўная мэта акцыі — паказаць магчымасці сучасных музеяў, прыцягнуць у музеі моладзь. Упершыню «Ноч музеяў» была праведзена ў Берліне ў 1997 г. Беларусь далучылася да гэтай міжнароднай акцыі ў 2004 г. З той пары колькасць музеяў, што ўдзельнічаюць у акцыі, пастаянна павялічваецца.

icon-discussions
Якія музеі Беларусі далучыліся да «Ночы музеяў»? Ці наведвалі вы калі-небудзь гэта мерапрыемства? 

У Беларусі дзейнічаюць 28 прафесійных тэатраў, у тым ліку 8 тэатраў рэспубліканскага падпарадкавання. Па наведванні тэатраў на 1000 чалавек наша краіна займае на постсавецкай прасторы другое месца, саступаючы толькі Расіі.

icon-task
Якая роля фестываляў у актывізацыі цікавасці да тэатраў? 

Прымаюцца меры па развіцці беларускай кінематаграфіі. Асаблівую нішу айчынныя кінематаграфісты занялі ў дакументальным кіно і анімацыйных фільмах.

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — найбуйнейшы кінафорум нашай краіны. Яго адметнасць у тым, што ў праграме значацца толькі стужкі — прызёры міжнародных кінафестываляў з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Акрамя таго, у Магілёве штогод праходзіць міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», у Мінску — фестываль лічбавага мастацтва Terra Nova (праграма якога ўключае мастацкую выставу, а таксама відэапрагляды і канцэрты электроннай музыкі) і інш.

icon-search
Майстэрства айчынных кінематаграфістаў у розны час высока ацэньвалася на міжнародных фестывалях. Складзіце топ-5 фільмаў, створаных у Беларусі, якія былі ўзнагароджаны на розных кінафестывалях. 

У нашай краіне дзейнічае больш за 70 аркестраў і ансамбляў, ладзяцца разнастайныя фестывалі і конкурсы. Усяго ў Беларусі на працягу года праводзіцца больш за 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў.

Фестываль «Музычныя вечары ў Мірскім замку»
Фестываль «Музычныя вечары ў Мірскім замку»
Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»
Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»
Фестываль Viva Braslav Open Air
Фестываль Viva Braslav Open Air
Фестываль «Александрыя збірае сяброў»
Фестываль «Александрыя збірае сяброў»
icon-search
Вызначце дэвізы фестываляў, на якіх былі зроблены дадзеныя фатаграфіі. Як вы іх разумееце? Які з фестываляў выклікае ў вас большую цікавасць? Складзіце ўласны топ-5 беларускіх фестываляў. 

Актуальнай задачай з’яўляюцца развіццё мастацкай аматарскай і прафесійнай творчасці, адраджэнне народных промыслаў і рамёстваў. У Беларусі створана каля ста Дамоў рамёстваў.

Значныя намаганні накіраваны на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, ажыццяўляюцца рэстаўрацыя і ўвядзенне ў культурнае абыходжанне помнікаў гісторыі і культуры, гістарычных комплексаў, запаведных тэрыторый, мемарыяльных паркаў.

Вялікая ўвага надаецца пытанням развіцця бібліятэчнай справы. Асаблівай з’явай культурнага і сацыяльна-палітычнага жыцця краіны стала завяршэнне будаўніцтва ў 2006 г. Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яна аснашчана самым сучасным абсталяваннем для захоўвання і перадачы інфармацыі. Сёння гэта інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр краіны. Будынак бібліятэкі з’яўляецца своеасаблівым архітэктурным сімвалам нашай сталіцы.

Сусветная спадчына ЮНЕСКА — прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, у дачыненні да якіх прыярытэтнымі задачамі з’яўляюцца іх захаванне і папулярызацыя дзякуючы асаблівай культурнай, гістарычнай ці экалагічнай значнасці.

У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны чатыры аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны:

  • нацыянальны парк «Белавежская пушча»;
  • замкавы комплекс «Мір»;
  • архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы;
  • пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.

У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключаны чатыры элементы:

  • Будслаўскі фэст — традыцыйнае шэсце ў гонар Будслаўскага абраза Маці Божай у аграгарадку Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.);
  • Калядныя цары — традыцыйнае народнае свята ў вёсцы Семежава (Капыльскі р-н Мінскай вобл.);
  • культура бортніцтва Беларусі і Польшчы — старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах, якія вырабляюцца і размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе;
  • Юр’еўскі карагод — традыцыйнае народнае свята ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). 
icon-task
Якія аб’екты культурнай спадчыны адлюстраваны на беларускіх банкнотах рознага наміналу? 

Палітыка ў галіне аховы здароўя. Адной з асноўных задач дзяржавы з’яўляецца захаванне здароўя сваіх грамадзян.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.

Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленні навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканаленнем аховы працы.

Ахова здароўя — гэта сістэма дзяржаўных, грамадскіх і медыцынскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, прафілактыку і лячэнне захворванняў, а таксама сістэма спецыяльных устаноў і арганізацый, якія іх ажыццяўляюць.

Асновай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя медыцынскія ўстановы, якія функцыянуюць на бясплатнай аснове. Аднак у краіне таксама дзейнічае сістэма недзяржаўных устаноў аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу на платнай аснове. Пэўныя платныя паслугі аказваюць таксама і дзяржаўныя медыцынскія ўстановы.

Палітыка ў галіне аховы здароўя насельніцтва мае на мэце стварэнне ўмоў, што дазваляюць кожнаму чалавеку рэалізоўваць сваё права на ахову здароўя на ўсіх этапах жыцця, для чаго прынцыпова важна захаваць бясплатнасць, даступнасць медыцынскай дапамогі і павышэнне яе якасці.

Пытаннем аховы здароўя насельніцтва займаюцца не толькі медыцынскія ўстановы і арганізацыі?

Здароўе чалавека — гэта стан поўнага фізічнага, духоўнага і псіхічнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб і фізічных недахопаў (азначэнне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя). Пытанне аховы здароўя насельніцтва з’яўляецца комплексным, і яго рашэннем займаюцца не толькі медыцынскія ўстановы і арганізацыі.

icon-task
Якім чынам забяспечваецца канстытуцыйнае права грамадзян на ахову здароўя ў вашым рэгіёне? 
icon-idea
Падрыхтуйце медыятэкст для электроннага партала (блога) пра развіццё аховы здароўя ў вашым рэгіёне. 

У краіне рэалізаваны і рэалізуюцца многія дзяржаўныя праграмы, у тым ліку такія як «Здароўе народа», праграма развіцця першаснай медыка-санітарнай дапамогі, праграма развіцця спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, праграмы «Цукровы дыябет», «Туберкулёз ». Сёння сярод першачарговых мер — прадухіленне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, мінімізацыя наступстваў у тых, хто хварэў, іх рэабілітацыя, прафілактыка далейшых заражэнняў.

У Беларусі паслядоўна рашаецца задача вываду медыцынскага абслугоўвання на еўрапейскі ўзровень развіцця. Для гэтага ў краіне актыўна развіваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога: клетачныя і біямедыцынскія тэхналогіі, транспланталогія, анкалогія, кардыяхірургія. Беларускімі ўрачамі праводзяцца аперацыі па перасадцы печані і сэрца, унікальныя аперацыі на сасудах.

icon-idea
Падрыхтуйце паведамленне пра ўнікальныя аперацыі, якія праводзяцца беларускімі ўрачамі. 

Шырокую вядомасць сёння набыло выказванне пра тое, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму кожны чалавек павінен берагчы і ўмацоўваць сваё здароўе. Адзін з асноўных шляхоў — далучэнне да фізічнай культуры, актыўнага, здаровага ладу жыцця.

Фізічная культура і спорт. Удасканаленне аховы здароўя ў нашай краіне непарыўна звязана з палітыкай у галіне фізічнай культуры, спорту і турызму.

Адзначаныя напрамкі цесна ўзаемазвязаны і ў сукупнасці ўтвараюць складзеную нацыянальную сістэму фізічнага выхавання. Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне фізічнай культуры і спорту ўскладзена ў Рэспубліцы Беларусь на Міністэрства спорту і турызму.

Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне фізічнай культуры і спорту адлюстраваны ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце», «Аб турызме», у Дзяржаўнай праграме развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь, у праграме па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва і іншых дзяржаўных праграмах.

Развіццё паслуг фізічнай культуры і спорту нацэлена на далучэнне насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, захаванне ўстойлівай пазіцыі Беларусі ў ліку наймацнейшых спартыўных дзяржаў.

Расце папулярнасць заняткаў спортам, узведзены сучасныя спартыўныя аб’екты, якія з’яўляюцца даступнымі для грамадзян, дазваляюць ім бавіць свой вольны час цікава, з карысцю для здароўя. У краіне функцыянуюць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы», Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы, вяслярныя каналы ў Брэсце і Заслаўі, гарналыжны комплекс-курорт «Лагойск», Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы», дамашняя пляцоўка беларускага футбольнага клуба БАТЭ і нацыянальнай зборнай па футболе — «Барысаў-Арэна», Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», які пасля рэканструкцыі атрымаў вышэйшую катэгорыю па класіфікацыі УЕФА.

«Барысаў-Арэна» ўвайшла ў дзясятку лепшых стадыёнаў свету, уведзеных у строй у 2014 г. 

У краіне ладзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў: спаборніцтвы па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па футболе — «Скураны мяч», масавыя рэспубліканскія спаборніцтвы «Спорт для ўсіх», зімняе спартыўнае свята «Мінская лыжня», фестывалі бегу і інш.

Штогод у Рэспубліцы Беларусь ладзіцца каля 80 міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. Самымі значнымі з іх сталі чэмпіянат свету па хакеі 2014 г., юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне 2015 г., этапы Кубка свету па фрыстайле і мастацкай гімнастыцы, чэмпіянат свету па канькабежным спорце 2018 г., чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні 2019 г., II Еўрапейскія гульні 2019 г.

Правядзенне такога маштабнага турніру, як II Еўрапейскія гульні, стала першай падобнай спробай у гісторыі суверэннай Беларусі. Па працягласці турнір ахапіў практычна два тыдні (спецыяльна для ўдзельнікаў і гасцей спартыўнага форуму было ўведзена бязвізавае знаходжанне). Замежныя турысты змаглі не толькі падтрымаць спартсменаў сваіх стран, але і наведаць знакавыя месцы Беларусі.

Беларусь можна назваць спартыўнай краінай?

icon-task
Якія віды спорту найбольш папулярныя ў Беларусі? У якіх відах спорту ў нашай краіны найлепшыя дасягненні на міжнародных спаборніцтвах? 

Дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту, ахове здароўя, павышэнні культуры грамадства спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця кожнага чалавека. Здаровы лад жыцця — гэта лад жыцця, у аснове якога ляжаць свядомыя адносіны чалавека да свайго здароўя як да каштоўнасці. Ён прадугледжвае высокую культуру харчавання, адмаўленне ад курэння і іншых шкодных звычак, рэгулярныя заняткі спортам, імкненне напоўніць свой вольны час цікавым зместам.

У нашай краіне вялікая ўвага надаецца развіццю турызму.

icon-task
Адным з пазнавальных сімвалаў Беларусі для турыстаў з’яўляецца кветка васілька. Якія яшчэ сімвалы нашай краіны вы можаце назваць (архітэктурныя аб’екты, звяры і птушкі, расліны, арнаменты, стравы нацыянальнай кухні)? Стварыце эскізы сувенірных магнітаў, прысвечаных Беларусі ў цэлым і вашаму рэгіёну (або канкрэтнаму населенаму пункту). 

Рэспубліка Беларусь — краіна, адметная непаўторнымі па прыгажосці рэкамі і азёрамі, дзіўнымі ландшафтамі, многімі цікавымі помнікамі гісторыі. Шырока развіваецца агра- і экатурызм, які забяспечвае добры адпачынак жыхарам краіны і яе гасцям.

icon-idea
На афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь (https://www.belarus.by) названы 5 асноўных славутых месцаў Беларусі і 5 галоўных прычын наведаць нашу краіну. Дадайце яшчэ 5 пазіцый у кожны спіс і стварыце топ-10 славутых месцаў і прычын наведаць Беларусь. 
icon-questions

1. Якія дасягненні ў развіцці беларускай культуры, аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту вы лічыце найбольш значнымі?

2. Прывядзіце прыклады, якія даказваюць, што нацыянальная культура з’яўляецца падмуркам дзяржаўнага суверэнітэту.

3. Якія меры, на ваш погляд, будуць спрыяць зацвярджэнню здаровага ладу жыцця сярод моладзі? 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Беларусь спартыўная» з фатаграфій значных спартыўных аб’ектаў нашай краіны.