Печатать книгуПечатать книгу

*§ 21-1. Інавацыйнае развіццё краіны

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 21-1. Інавацыйнае развіццё краіны
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 01:39

Паняцце інавацыйнага шляху развіцця. Першае падрабязнае апісанне інавацый было зроблена аўстрыйскім эканамістам Ёзэфам Шумпетэрам у працы «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1911).

icon-persona
Азнаёмцеся з вытрымкамі з працы і адкажыце на пытанні. 

…Вырабляць — значыць камбінаваць рэчы і сілы, што маюцца ў нашай сферы. Вырабляць нешта іншае або інакш — значыць ствараць іншыя камбінацыі з гэтых рэчаў і сіл. У той меры, у якой новая камбінацыя можа быць атрымана з цягам часу са старой у выніку пастаяннага прыстасавання, што ажыццяўляецца шляхам невялікіх крокаў, мае месца змяненне, а магчыма, рост, а зусім не новая з’ява, ...не развіццё ў нашым разуменні… Паколькі новая камбінацыя можа ўзнікнуць (ці ўзнікае) толькі дыскрэтным шляхам, то ўзнікаюць адначасова і характэрныя для яе з’явы... Форма і змест развіцця ў нашым разуменні ў такім выпадку задаюцца паняццем ажыццяўленне новых камбінацый.

Гэта паняцце ахоплівае наступныя пяць выпадкаў:

  • 1. Выраб новай, г. зн. яшчэ не вядомай спажыўцам, даброты або стварэнне новай якасці той або іншай даброты.
  • 2. Укараненне новага, г. зн. для дадзенай галіны прамысловасці яшчэ практычна невядомага, метаду (спосабу) вытворчасці, у аснове якога не абавязкова ляжыць новае навуковае адкрыццё і які можа заключацца таксама ў новым спосабе камерцыйнага выкарыстання адпаведнага тавару.
  • 3. Асваенне новага рынку збыту, г. зн. такога рынку, на якім да гэтай пары дадзеная галіна прамысловасці гэтай краіны яшчэ не была прадстаўлена, незалежна ад таго, існаваў гэты рынак раней або не.
  • 4. Атрыманне новай крыніцы сыравіны або паўфабрыкатаў, роўным чынам незалежна ад таго, існавала гэтая крыніца раней, або проста не прымалася да ўвагі, або лічылася недаступнай, або яе яшчэ толькі меркавалася стварыць.
  • 5. Правядзенне адпаведнай рэарганізацыі, напрыклад забеспячэнне манапольнага становішча (шляхам стварэння трэста) або падрыў манапольнага становішча іншага прадпрыемства.

Для той сітуацыі, у якой ажыццяўляюцца такога роду новыя камбінацыі, і для разумення праблем, што ўзнікаюць пры гэтым, важныя дзве рэчы. Па-першае, можа здарыцца, што новыя камбінацыі ажыццяўляюць тыя самыя людзі, у руках якіх знаходзіцца працэс вытворчасці або шляху рэалізацыі тавараў у рамках старых камбінацый, што выцясняюцца новымі ў сувязі з іх старэннем. Па ідэі, дый на самай справе, як правіла, новыя камбінацыі або фірмы, прамысловыя прадпрыемствы, якія іх увасабляюць, спачатку не проста выцясняюць, а суіснуюць нароўні са старымі, якія былі б проста не здольныя зрабіць значны крок наперад: калі прытрымлівацца аднойчы абранага прыкладу, то можна сказаць, што зусім не паштмайстары стварылі чыгункі. Дадзеная акалічнасць не толькі прадстаўляе ў спецыфічным святле тую дыскрэтнасць, якая характарызуе наш асноўны працэс, яна дае, так бы мовіць, у дадатак да першага, разгледжанага вышэй віду перапыннасці другі, але яна «кіруе» таксама і спадарожнымі з’явамі. Перш за ўсё, у эканамічнай сістэме, заснаванай на канкурэнцыі, дзе новыя камбінацыі пракладаюць сабе шлях, перамагаючы ў канкурэнцыі са старымі...

І ў замкнутай эканоміцы, напрыклад у эканоміцы сацыялістычнага грамадства, новыя камбінацыі роўным чынам з’яўляліся б спачатку побач са старымі. Праўда, эканамічных наступстваў гэтага працэсу часткова не было б, а што да сацыяльных, то яны не ўзнікалі б увогуле...

...Як правіла, новая камбінацыя павінна забраць неабходныя ёй сродкі вытворчасці з той або іншай старой камбінацыі... Як мы ўбачым, гэта спараджае наступствы... і ўяўляе сабой другую форму канкурэнтнага выцяснення старых прадпрыемстваў. Ажыццяўленне новых камбінацый азначае, такім чынам, ...іншае прымяненне існуючых у народнай гаспадарцы запасаў сродкаў вытворчасці.

...Для ажыццяўлення новых камбінацый неабходна мець сродкі вытворчасці. Гэта не праблема ў кругазвароце, які ўжо здзяйсняецца: існуючыя прадпрыемствы, якія, уступаючы ў адносіны адно з адным, здзяйсняюць гэты кругазварот, ужо маюць неабходныя сродкі вытворчасці або могуць у нармальных умовах пастаянна папаўняць іх за кошт даходаў ад папярэдняй вытворчасці… Будучы аднойчы пушчаным у ход, гэты механізм працягвае бесперапынна дзейнічаць. Такой праблемы не існуе, далей, у замкнутай эканоміцы, нават калі і ў ёй ажыццяўляюцца новыя камбінацыі, паколькі цэнтральнае кіраўніцтва — напрыклад, сацыялістычнае міністэрства эканомікі — роўным чынам здольнае знайсці іншае прымяненне сродкам вытворчасці, што маюцца ў іх веданні; апошняе можа ў залежнасці ад абставін запатрабаваць ад членаў грамадства часовых ахвяр і дадатковага напружання сіл, а таксама пацягнуць часовыя страты. Новае прымяненне можа быць абумоўлена неабходнасцю вырашэння складаных пытанняў, напрыклад пытання пра тое, з якіх ранейшых камбінацый трэба ў першую чаргу браць неабходныя сродкі вытворчасці... Нарэшце, праблема, якая разглядаецца намі, не ўзнікае пры ажыццяўленні новых камбінацый у эканамічнай сістэме, заснаванай на канкурэнцыі, калі той, хто хоча іх ажыццявіць, мае неабходныя для гэтага сродкі вытворчасці або можа абмяняць іх на іншыя, якія ён мае, або на якую-небудзь іншую сваю маёмасць.

У іншым выпадку ўладальнік маёмасці, няхай нават самы буйны канцэрн, знаходзіцца ў становішчы немаёмнага..., які імкнецца ажыццявіць новую камбінацыю, што ў адрозненне ад ужо існуючай не можа фінансавацца за кошт паступаючых даходаў, а менавіта за кошт карыстання крэдытам у грашах і куплі на іх неабходных сродкаў вытворчасці. Прадастаўленне такога крэдыту, несумненна, з’яўляецца функцыяй катэгорыі тых гаспадарчых суб’ектаў, якія называюць «капіталістамі». Гэтак жа відавочна, што ўласцівы «капіталістычнай» форме эканомікі метад... супрацьлеглы метаду, які прыняты ў любога роду замкнутай або планавай эканоміцы і заключаецца проста ў ажыццяўленні каманднай улады кіруючага органа.

Падкрэсліванне ролі і значэння крэдыту можна знайсці ў любым падручніку: той акалічнасці, што будынак сучаснай індустрыі без яго не мог бы быць пабудаваны, што ён робіць усе наяўныя сродкі прадукцыйнымі, а асобна ўзятага індывіда ў пэўнай ступені незалежным ад спадчыны, што таленавіты дзялок у эканамічным жыцці «мчыць да поспеху, асядлаўшы даўгі»...

Сувязь паміж крэдытам і ажыццяўленнем новаўвядзенняў... таксама не павінна здзіўляць: як з лагічнага, так і з гістарычнага пункту погляду абсалютна зразумелы той факт, што крэдыт неабходны менавіта для гэтага і што менавіта таму яго ўкаранілі ў практыку «працуючых» прадпрыемстваў — з аднаго боку, таму што ён неабходны для самога ўзнікнення гэтых прадпрыемстваў, з другога — таму што яго механізм, аднойчы з’явіўшыся на свет, з відавочных прычын закрануў таксама і «старыя камбінацыі». З лагічнага пункту погляду, ...атрыманне крэдыту зусім не з’яўляецца неабходным элементам нармальнага працякання гаспадарчага працэсу ў прывычным рэчышчы... Пры рэалізацыі новых камбінацый, насупраць, фінансаванне як асаблівы акт з’яўляецца прынцыпова неабходным… Капіталістычная сістэма крэдыту фактычна вырасла з фінансавання новых камбінацый і развівалася на ім.

…Мы падыходзім да трэцяга моманту нашага аналізу, у якім таксама вылучым два аспекты: аб’ект і сродак. Першы — гэта ажыццяўленне новых камбінацый, другі, у залежнасці ад грамадскага ладу, — гэта камандная ўлада або крэдыт.

І хаця ўсе тры моманты ўяўляюць сабой адзінства, але ўсё ж менавіта трэці можна назваць уласна феноменам эканамічнага развіцця, менавіта ён ляжыць у аснове прадпрымальніцкай функцыі і паводзінаў гаспадарчых суб’ектаў, якія з’яўляюцца іх носьбітамі. Пад прадпрыемствам мы разумеем ажыццяўленне новых камбінацый, а таксама тое, у чым гэтыя камбінацыі ўвасабляюцца: заводы і да т. п. Прадпрымальнікамі ж мы называем гаспадарчых суб’ектаў, функцыяй якіх з’яўляецца якраз ажыццяўленне новых камбінацый і якія выступаюць як яго актыўны элемент.

Настаў час адказаць на вырашальнае пытанне: чаму ж ажыццяўленне новых камбінацый — гэта спецыфічны працэс і да таго ж аб’ект «функцыі» асаблівага роду? Бо кожны гаспадарчы суб’ект вядзе сваю гаспадарку так, як здольны гэта рабіць. Зразумела, ён не можа ідэальна ажыццявіць усе свае намеры, але, выкарыстоўваючы ўласны станоўчы і адмоўны вопыт, ён прыстасоўвае свае паводзіны да абставін, якія, як правіла, не змяняюцца нечакана і адразу. Няхай ні адна гаспадарка не можа быць у якім-небудзь сэнсе абсалютна дасканалай, але прымяняльна да асяроддзя, сацыяльных адносін, дасягнутага ўзроўню ведаў, а таксама кругагляду кожнага індывіда і кожнай вядучай гаспадаркі групы яна здольная наблізіцца да даступнага для сябе ўзроўню дасканаласці. Асяроддзе ўвесь час дае ім новыя магчымасці, але ў першую чаргу новыя адкрыцці і вынаходствы папаўняюць пастаянна існуючы запас ведаў. Чаму той або іншы гаспадар не можа скарыстацца новымі магчымасцямі дакладна так, як карыстаўся старымі, або так, як ён умее гэта рабіць, г. зн. у залежнасці ад сітуацыі на рынку больш разводзіць свіней або малочных кароў, чаму б яму, напрыклад, не абраць іншы севазварот, калі ён знойдзе яго больш выгадным? Якія новыя з’явы або праблемы ў кругазвароце, што не сустракаліся да гэтай пары, могуць пры гэтым узнікнуць?

Справа ў тым, што ў прывычных умовах кругазвароту кожны гаспадарчы суб’ект адчувае цвёрдую глебу пад нагамі і можа весці сябе гэтак сама, як і ўсе іншыя, якія ў сваю чаргу чакаюць ад яго менавіта такіх паводзінаў. Тады ён дзейнічае хутка і рацыянальна. Але зусім іншая справа, калі перад ім стаіць незвычайная задача. Калі ў прывычных умовах нармальны гаспадарчы суб’ект цалкам абыходзіцца сваім розумам і вопытам, то пры сутыкненні з новым яму патрэбна кіраўніцтва. У рамках прывычнага кругазвароту ён плыве па цячэнні; калі ж ён захоча штосьці змяніць, то яму прыйдзецца плыць супраць цячэння. Што было раней апірышчам, цяпер робіцца перашкодай, раней добра вядомая велічыня — невядомай. Там, дзе заканчваецца аднойчы заведзены парадак, многія спыняюцца, астатнія ж дзейнічаюць зусім па-рознаму…

Таму ажыццяўленне новых камбінацый уяўляе сабой асаблівую функцыю і прывілею людзей, якіх значна менш, чым тых, што ў прынцыпе мелі б такую магчымасць, а часта тых людзей, якія на першы погляд цалкам пазбаўлены такой магчымасці. Менавіта таму прадпрымальнікі ўяўляюць сабой асаблівы тып, таму іх дзейнасць з’яўляецца спецыфічнай праблемай, з якой звязаны цэлы шэраг важных з’яў…

Таму сітуацыя ў навуцы характарызуецца наяўнасцю трох пар звязаных паміж сабой супрацьлегласцей.

Па-першае, гэта супрацьлегласць двух рэальных працэсаў: нязменны ход эканамічных працэсаў або тэндэнцыі да ўсталявання раўнавагі, з аднаго боку, і парушэння прывычнага ходу працэсаў або стыхійнае змяненне эканомікай паказчыкаў (умоў) свайго функцыянавання — з другой.

Па-другое, гэта супрацьлегласць паміж двума апаратамі тэарэтычных даследаванняў: статыкай і дынамікай.

І нарэшце, па-трэцяе, гэта супрацьлегласць двух тыпаў паводзінаў, якую мы можам сабе ўявіць у выглядзе антытэзы двух тыпаў гаспадарчых суб’ектаў: «проста гаспадары» і «прадпрымальнікі»…

...Таму, нарэшце, з фактамі спалучаецца толькі тая канцэпцыя, згодна з якой новыя камбінацыі ўзнікаюць, як правіла, побач са старымі, а не тая, паводле якой старыя камбінацыі, трансфармуючыся, аўтаматычна робяцца новымі... Як будаўніцтва дарогі нельга замяніць пастаяннай хадзьбой па ёй, так і ажыццяўленне новых камбінацый нельга лічыць простым паўторам звычайных працэсаў у іншых маштабах.

Тое, што гаспадарчы суб’ект у гэтым выпадку выконвае не толькі большы аб’ём працы, але і працы якасна іншай, становіцца асабліва зразумела, калі прыняць пад увагу, што нават пры самай стараннай падрыхтоўцы немагчыма цалкам улічыць усе прамыя і зваротныя ўздзеянні, якія цягне за сабой ажыццяўленне запланаваных мерапрыемстваў, што нават ступень паўнаты іх уліку, тэарэтычна магчымая ў дадзеным асяроддзі і ўмовах, прад’яўляе практычна невыканальныя патрабаванні... Тут поспех залежыць ад «чуцця», здольнасці бачыць рэчы ў такім святле, якое ніяк нельга абгрунтаваць дадзеным момантам і правільнасць якога выявіцца толькі пазней, ад здольнасці аддзяляць істотнае ад неістотнага тады, калі нельга яшчэ зразумець сутнасць тых прынцыпаў, на аснове якіх ажыццяўляецца ўсё гэта. Грунтоўная падрыхтоўка і веданне справы, глыбіня розуму і здольнасць да лагічнага аналізу ў пэўных абставінах могуць стаць крыніцай няўдач. Чым глыбей мы пазнаём прыроду і грамадства, чым больш дасканалае наша панаванне над фактамі, чым шырэйшай з цягам часу і па меры паглыблення рацыяналізацыі становіцца тая галіна, у якой практычна ўсё можна вылічыць наперад, прычым вылічыць хутка і надзейна, тым меншым становіцца значэнне «чуцця», а значыць, і роля тыпу «прадпрымальнік»… Калі першы момант заключаецца ў характары задачы, якая выконваецца, то другі адносіцца да паводзінаў самога гаспадарчага суб’екта. Зрабіць штосьці іншае, новае аб’ектыўна цяжэй, чым прывычнае і зведанае.

...Трэці момант — гэта тое супрацьдзеянне, якое аказвае сацыяльнае асяроддзе спробам кожнага, хто мае намер унесці новае ўвогуле або новае ў эканоміцы ў прыватнасці. Гэта супрацьдзеянне можа праяўляцца перш за ўсё ў форме існавання разнастайных перашкод прававога або палітычнага парадку. Але і акрамя гэтага, грамадства асуджае любое адхіленне ў паводзінах аднаго са сваіх членаў, праўда, у рознай ступені — у залежнасці ад таго, наколькі дадзенае грамадства звычнае да падобных адхіленняў. Грамадства адмоўна рэагуе нават тады, калі паводзіны людзей, іх адзенне або лад жыцця адрозніваюцца ад таго, што прынята ў сацыяльным коле, не кажучы ўжо пра больш сур’ёзныя выпадкі. Калі грамадства знаходзіцца на больш прымітыўным узроўні развіцця культуры, гэта рэакцыя вастрэйшая, але ў той або іншай форме яна існуе заўсёды. Нават само здзіўленне, з якім адхіленне ўспрымаецца, нават сама звернутая на яго ўвага аказваюць ціск на індывіда. А ўжо выказванне неадабрэння можа мець заўважныя наступствы. Больш за тое, той, хто асмеліцца, можа зведаць абструкцыю, і, нарэшце, яму могуць гвалтоўна перашкодзіць рэалізаваць свае намеры і павесці на яго прамую атаку.

...Пераадоленне гэтага супраціўлення заўсёды з’яўляецца асаблівай задачай, якая не сустракаецца ў звычайным жыцці, задачай, якая патрабуе асаблівых паводзінаў. У эканамічных рэчах процідзеянне аказваюць у першую чаргу тыя групы, інтарэсам якіх такое новаўвядзенне пагражае. Далей, яно праяўляецца ва ўзнікненні цяжкасцей ва ўстанаўленні неабходнага супрацоўніцтва з патрэбнымі людзьмі, а таксама ў тым, каб прымусіць спажыўцоў ісці ў нагу.

...Толькі перад тварам новых і толькі новых магчымасцей узнікае неабходнасць у спецыфічнай функцыі кіраўніцтва, новы тып індывіда — «кіраўнік»… Сам кіраўнік не «знаходзіць» і не «стварае» новых магчымасцей. Яны існуюць самі па сабе, з лішкам назапашваюцца яны ў працэсе ажыццяўлення людзьмі сваёй працоўнай дзейнасці, часта яны шырока вядомы, а там, дзе існуе друкаванае слова, нават і прапагандуюцца… Функцыя кіраўніка заключаецца ў тым, каб зрабіць іх жывымі, рэальнымі, каб ажыццяўляць іх.

...Цяпер нам павінна быць зразумела, чаму асноўную ўвагу мы з самага пачатку надавалі ажыццяўленню новых камбінацый, а не іх «адшуканню» або «вынаходству». Функцыя вынаходніка і наогул тэхнічнага спецыяліста не супадае з функцыяй прадпрымальніка. Прадпрымальнік можа быць адначасова вынаходнікам, і наадварот, але ў прынцыпе гэта ўсяго толькі выпадковасць. Сам прадпрымальнік не з’яўляецца духоўным творцам новых камбінацый, сам вынаходнік не з’яўляецца ні прадпрымальнікам, ні якім-небудзь іншым кіраўніком. І «паводзіны», і «тып» прадпрымальніка і вынаходніка розныя: як неаднолькава тое, што яны робяць, так неаднолькавы іх здольнасці рабіць гэта».

icon-discussions

У чым, згодна з поглядам Ё. Шумпетэра, заключаецца розніца паміж эканамічным ростам і эканамічным развіццём?

Што ў кнізе разумеецца пад «ажыццяўленнем новых камбінацый»?

З якіх крыніц, згодна з аўтарам, могуць быць узяты сродкі на фінансаванне новаўвядзенняў? Якія з іх, на ваш погляд, найбольш эфектыўныя? Якія больш рызыкоўныя?

Якая роля прадпрымальніка ў ажыццяўленні інавацый? У чым заключаецца адрозненне паміж ролямі вынаходніка, прадпрымальніка і кіраўніка?

Разгледзьце ілюстрацыі і аднавіце пропускі ў вядомым выказванні Ёзэфа Шумпетэра. Растлумачце яго сэнс. 

icon-task

«Пастаўце ў шэраг столькі ________________, колькі пажадаеце — ____________ ___________ у вас пры гэтым не атрымаецца».

Якую ролю ў фінансаванні інавацый сёння можа адыграць такая з’ява, як краўдфандынг?

Краўдфандынг (ад англ. crowd — натоўп, funding — фінансаванне) — калектыўнае супрацоўніцтва людзей, якія добраахвотна аб’ядноўваюць свае грошы або іншыя рэсурсы праз інтэрнэт, каб падтрымаць намаганні іншых людзей або арганізацый у стварэнні новых тавараў ці паслуг.

Складзіце топ-5 ідэй для краўдфандынгу. 

Стартап. За апошнія дзесяцігоддзі слова стартап ужываецца як сінонім прарыву — тое, што непарыўна звязана з новымі тэхналогіямі. Само паняцце «стартап» бярэ пачатак з ЗША. У 30-я гг. XX ст. выпускнікі Стэнфардскага ўніверсітэта — Дэвід Пакард і Уільям Х’юлет — пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка па радыётэхніцы арганізавалі маленькую кампанію, назваўшы яе Start up — пачынаць, запускаць. Яна аказалася паспяховай: прадукцыя HP абкружае нас і сёння. А выкладчык па радыётэхніцы — Фрыдэрык Эманс Тэрмін — сёння лічыцца «бацькам Крэмніевай даліны» ў ЗША.

icon-discussions
Пачынаючы з 2005 г. у Беларусі функцыянуе Парк высокіх тэхналогій (ПВТ). Выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы, параўнайце беларускі Парк высокіх тэхналогій з замежнымі аналагамі. Што іх аб’ядноўвае і чым яны адрозніваюцца? 

У адрозненне ад звычайнага бізнесу, стартап мае інавацыйную аснову, г. зн. адкрываецца бізнес, які раней не існаваў наогул. Ідея любога стартапу заключаецца ў навізне, новым прадукце, новай тэхналогіі, у тым, чаго раней не было ў свеце. Самыя вядомыя ў гісторыі паспяховыя стартапы: Microsoft, YouТube, Google, Apple, Facebook, World of Tanks.

Не кожны стартап мае выключна камерцыйныя мэты. Ён можа быць гуманітарны, навукова-тэхнічны, інфармацыйны.

Стартапы — найважнейшы элемент эканамічнага развіцця любой краіны. Яны знаходзяцца ў ліку самых хуткіх бізнесаў, многія з якіх маюць патэнцыял вырасці ў шматмільённыя і шматмільярдныя бізнесы, так званыя юнікорны. У Беларусі пакуль няма юнікорнаў. Але шэраг сённяшніх айчынных стартапаў мае патэнцыял у будучыні стаць першым беларускім юнікорнам.

icon-task
Складзіце топ-5 паспяховых стартапаў у Рэспубліцы Беларусь. 

Каманда — гэта ключавы аспект, на які звяртаюць увагу інвестары пры прыняцці рашэння аб фінансаванні стартапу. Як правіла, інвестар аналізуе не толькі вопыт заснавальніка, яго сфакусіраванасць на стартапе, але і ўзаемадзеянне людзей на ключавых пазіцыях у камандзе, патэнцыял для яе росту і развіцця, а таксама асабістыя якасці заснавальнікаў. Каманда з 10 чалавек — гэта аптымальная колькасць людзей у стартапе ранняй стадыі, пры ўмове, што ў камандзе закрыты асноўныя кампетэнцыі: прадукт, маркетынг і распрацоўка.

icon-task
Выкарыстоўваючы прапанаваныя дыяграмы, складзіце партрэт заснавальніка беларускага стартапу. 
icon-task
Асноўным рэсурсам для стварэння новага стартапа служыць добрая наватарская ідэя. Падрыхтуйце (прыдумайце/знайдзіце/выберыце) бізнес-ідэю. Зрабіце прэзентацыю ідэі, дзе павінна быць указана: праблема, чыя праблема, як вырашаецца (чаму не вырашаецца зараз). Правядзіце SWOT-аналіз.