Печатать книгуПечатать книгу

§ 18. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 18. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 20 Декабрь 2024, 11:02

Сістэма органаў забеспячэння законнасці і правапарадку. Важнай умовай стабільнага функцыянавання дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне законнасці і правапарадку. Законнасць мае на ўвазе дакладнае і няўхільнае ажыццяўленне прававых прадпісанняў усімі суб’ектамі права ў краіне. Правапарадак — гэта такі стан грамадскіх адносін, пры якім яны адпавядаюць прававым прадпісанням.

Да органаў, што забяспечваюць законнасць і правапарадак у Рэспубліцы Беларусь, належаць суды, пракуратура, органы юстыцыі (ад лац. justitia — справядлівасць, законнасць), унутраных спраў (міліцыя), дзяржаўнага кантролю, дзяржаўнай бяспекі, мытныя органы. Найважнейшая роля ў выкананні праваахоўнай функцыі ў дзяржаве належыць таксама падраздзяленням Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аказанне юрыдычнай дапамогі насельніцтву ўскладаецца на адвакатуру, натарыят і іншыя органы юстыцыі.

Судовая сістэма. Сістэма судоў у Рэспубліцы Беларусь будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі. Яна складаецца з Канстытуцыйнага Суда і судоў агульнай юрысдыкцыі.

Канстытуцыйны Cуд Рэспублікі Беларусь складаецца з 12 суддзяў (шэсць назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць абіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу; старшыня назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі). Яго асноўная задача — ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Канстытуцыйны Cуд дае заключэнне аб адпаведнасці розных нарматыўных прававых актаў Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь. Калі нарматыўныя акты ці іх асобныя палажэнні прызнаны неканстытуцыйнымі, яны страчваюць сілу.

Сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі ўключае: Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь; абласныя (Мінскі гарадскі) суды; эканамічныя суды абласцей (горада Мінска); раённыя (гарадскія) суды. Яны ажыццяўляюць правасуддзе шляхам грамадзянскага, крымінальнага, адміністрацыйнага судаводства і судаводства па эканамічных справах.

icon-search
Выкарыстоўваючы інфармацыю афіцыйнага сайта Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь (http://court.gov.by), вызначце, які раённы (гарадскі) суд будзе з’яўляцца судом першай інстанцыі для мясцовасці, дзе вы жывяце. 

У будынках судоў часта размяшчаецца скульптурная выява багіні правасуддзя — Феміды (у старажытнагрэчаскай міфалогіі), або Юстыцыі (у старажытнарымскай міфалогіі).

Яе атрыбутамі з’яўляюцца шалі, меч і павязка на вачах.

Шалі — сімвал меры і справядлівасці. На шалях правасуддзя ўзважваюцца дабро і зло, віна і невінаватасць. Строгасць і справядлівасць правасуддзя маюць на ўвазе і дакладнае ўзважванне дзеянняў.

Меч — сімвал адплаты.

Павязка на вачах — сімвал непрадузятасці. Правасуддзе не бачыць адрозненняў паміж людзьмі, яно сляпое ў тым сэнсе, што карае толькі ў адпаведнасці з правам.

icon-discussions
Растлумачце сэнс лацінскага выразу Dura lex sed lex — «Закон суровы, але гэта закон». 

У раздзеле IV Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зафіксаваны асноўныя палажэнні ў адносінах да ажыццяўлення правасуддзя ў нашай краіне.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

З мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.

Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па законе.

Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі.

Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.

Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правіл судаводства.

Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.

Судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб.

Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

icon-discussions
У судовых разборах па якіх справах бакі будуць называцца «ісцец» і «адказчык», а па якіх — «абвінаваўца» і «абвінавачаны»? Як вы думаеце, у чым заключаецца розніца паміж рашэннем суда і прыгаворам суда? 

Праваахоўныя органы. Кожны з праваахоўных органаў у дзяржаве выконвае свае спецыфічныя функцыі.

Пракуратура ўяўляе сабой адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў, якія ажыццяўляюць нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем нарматыўных прававых актаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Таксама пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх, эканамічных, крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства. Пракуратура падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне ў судах пры разглядзе крымінальных спраў. Узначальвае сістэму органаў пракуратуры Генеральны пракурор, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Ніжэйшыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам. У ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў пракуроры незалежныя і кіруюцца заканадаўствам.

Адным з напрамкаў дзейнасці пракуратуры з’яўляецца барацьба з карупцыяй. У 2018–2019 гг. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь выступіла адным з арганізатараў Міжнароднага маладзёжнага конкурсу сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы «Разам супраць карупцыі». Канкурсантам ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў было прапанавана падрыхтаваць тэматычную сацыяльную рэкламу ў намінацыях «Лепшы плакат», «Лепшы відэаролік». Дадзены праект закліканы прыцягнуць увагу моладзі да праблемы карупцыі, садзейнічаць стварэнню нецярпімых адносін у грамадстве да яе праяў.

icon-idea
Азнаёмцеся з работамі, прадстаўленымі на конкурс у папярэднія гады. Правядзіце аналагічны конкурс у сваім класе. 

Органы ўнутраных спраў — дзяржаўныя праваахоўныя органы, якія ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і гарантуюць грамадскую бяспеку.

Асноўнымі іх задачамі з’яўляюцца абарона грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў; прафілактыка, выяўленне, спыненне злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў; ажыццяўленне дазнання па крымінальных справах, вядзенне адміністрацыйнага працэсу і інш.

Міліцыя ўяўляе сабой сістэму падраздзяленняў органаў унутраных спраў, якая заклікана абараняць жыццё, здароўе, гонар, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, правы і законныя інтарэсы арганізацый, інтарэсы грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.

icon-search
У чым заключаецца розніца паміж Камісіяй па справах непаўналетніх і Інспекцыяй па справах непаўналетніх? У структуры якіх органаў яны ствараюцца? 

Сістэму органаў дзяржаўнай бяспекі ўтвараюць Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і яго ўпраўленні па Мінску і абласцях, іншыя тэрытарыяльныя органы, а таксама ўпраўленне ваеннай контрразведкі КДБ. Асноўнымі іх задачамі з’яўляюцца:

  • • абарона незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;
  • • гарантаванне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;
  • • папярэджанне і выяўленне тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, арганізаванай злачыннасці і карупцыі, незаконнай міграцыі, незаконнага абароту наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, кантрабанды.

Камітэт дзяржаўнага кантролю і яго тэрытарыяльныя органы ажыццяўляюць кантроль:

  • • за выкананнем рэспубліканскага бюджэту;
  • • за выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці;
  • • за выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў, што рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны.
icon-discussions
Якія элементы з’яўляюцца агульнымі для эмблем праваахоўных органаў? Што яны сімвалізуюць? 
icon-discussions
Чым, на ваш погляд, абумоўлена канстытуцыйная норма, якая забараняе суддзям, пракурорскім работнікам, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачым быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты? 

Органы юстыцыі. У сістэму органаў юстыцыі ўваходзяць: Міністэрства юстыцыі, галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, аддзелы запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС), органы прымусовага выканання судовых рашэнняў.

Міністэрства юстыцыі рашае наступныя асноўныя задачы:

  • • рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі, у тым ліку дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў сферы архіўнай справы і справаводства;
  • • рэгуляванне натарыяльнай дзейнасці і кіраўніцтва натарыятам у Рэспубліцы Беларусь;
  • • кіраўніцтва рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану;
  • • дзяржаўная рэгістрацыя палітычных партый, рэспубліканскіх прафесійных саюзаў, міжнародных і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў;
  • • вядзенне Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
  • • арганізацыя і развіццё сістэмы юрыдычных паслуг, ліцэнзаванне адвакацкай дзейнасці, дзяржаўная рэгістрацыя арганізацый, што забяспечваюць правядзенне медыяцыі.

Юрыдычная дапамога. Права грамадзян на атрыманне юрыдычнай дапамогі зафіксавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Натарыят (ад лац. notarius — перапісчык) — гэта прававы інстытут, які займаецца засведчваннем здзелак і наданнем юрыдычнай сілы розным дакументам (дагаворы, завяшчанні, даверанасці і г. д.). Натарыят з’яўляецца органам, надзеленым паўнамоцтвамі ажыццяўляць бясспрэчную юрысдыкцыю, г. зн. рашаць толькі тыя пытанні, па якіх у бакоў не ўзнікае спрэчак. Гранічная колькасць натарыусаў устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Усе натарыусы з’яўляюцца членамі прафесійнага аб’яднання «Беларуская натарыяльная палата».

Натарыус здзяйсняе наступныя віды натарыяльных дзеянняў:

  • засведчвае здзелкі (у тым ліку завяшчанні);
  • засведчвае пагадненні, даверанасці;
  • выдае пасведчанні аб праве на спадчыну;
  • выдае пасведчанні аб праве ўласнасці на долю ў маёмасці, нажытай сямейнай парай у перыяд шлюбу;
  • засведчвае дакладнасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў;
  • засведчвае сапраўднасць подпісу на дакументах;
  • засведчвае правільнасць перакладу дакументаў з адной мовы на другую;
  • прымае ў дэпазіт натарыуса грашовыя сродкі і (ці) каштоўныя паперы;
  • прымае на захоўванне дакументы;
  • іншыя натарыяльныя дзеянні, прадугледжаныя заканадаўствам.
icon-task
Прывядзіце прыклады, калі членам вашай сям’і даводзілася звяртацца па натарыяльныя паслугі. 

Адвакатура (ад лац. advocatus — закліканы) — гэта прававы інстытут, закліканы аказваць на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу з мэтай ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб.

Адвакат здзяйсняе наступныя дзеянні:

  • кансультуе і дае тлумачэнні, вусныя і пісьмовыя даведкі па юрыдычных пытаннях;
  • складае заявы, скаргі і іншыя дакументы прававога характару;
  • ажыццяўляе прадстаўніцтва ў судах, арганізацыях па грамадзянскіх справах і справах аб адміністрацыйных парушэннях;
  • ажыццяўляе прававое абслугоўванне камерцыйных аперацый, заключэнне кантрактаў, распрацоўку статутаў, дакументаў;
  • удзельнічае ў крымінальным судаводстве ў якасці абаронцы, прадстаўніка пацярпелага. 

У нашай краіне дзейнічае Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, якая прадстаўляе інтарэсы адвакатаў ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, каардынуе дзейнасць тэрытарыяльных калегій адвакатаў, ажыццяўляе меры, накіраваныя на павышэнне даступнасці і якасці аказання юрыдычнай дапамогі.

Параўнальна новай з’явай у сферы юрыдычнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца медыяцыя. Закон аб медыяцыі быў прыняты ў 2013 г. Медыяцыя — гэта перагаворы бакоў з удзелам нейтральнай асобы з мэтай урэгулявання спрэчкі шляхам выпрацоўкі ўзаемапрымальнага для ўдзельнікаў пагаднення.

У працэсе такіх перамоў можна без звароту ў суд знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне ў многіх канфліктах. Медыяцыя прымяняецца пры вырашэнні спрэчак, што ўзнікаюць з грамадзянскіх праваадносін, у тым ліку ў сувязі з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, а таксама спрэчак, што ўзнікаюць з працоўных і сямейных праваадносін; з 2021 г. можа прымяняцца ў рамках крымінальнага працэсу.

icon-questions

1. Якія асноўныя задачы органаў забеспячэння законнасці і правапарадку?

2. Якім органам выдадзены ваш пашпарт? Якое месца гэты орган займае ў сістэме органаў унутраных спраў?

3. Якія дзеянні будуць выконваць розныя органы ў сітуацыі кватэрнага крадзяжу?

4. Якімі відамі юрыдычнай дапамогі можа скарыстацца чалавек?

5. Што належыць да спрэчных і бясспрэчных сітуацый і ў чым іх адрозненне з пункту гледжання атрымання юрыдычнай дапамогі? 

icon-idea
Выканайце міні-праект. Напішыце тэкст-памятку «Як вам дапаможа медыяцыя».