Печатать книгуПечатать книгу

*§ 14-1. Асновы сямейнага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 14-1. Асновы сямейнага права
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 00:18

Паняцце сямейнага права.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (1999)

Артыкул 1. Задачы заканадаўства аб шлюбе і сям’і

Задачамі заканадаўства аб шлюбе і сям’і з’яўляюцца:

умацаванне сям’і ў Рэспубліцы Беларусь як натуральнай і асноўнай ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, недапушчэнне аслаблення і разбурэння сямейных сувязей;

пабудова сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе жанчыны і мужчыны, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемным каханні, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і;

устанаўленне правоў дзяцей і забеспячэнне іх прыярытэту ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам;

устанаўленне правоў і абавязкаў мужа і жонкі, бацькоў і іншых членаў сям’і ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нормамі міжнароднага права;

ахова мацярынства і бацькоўства, правоў і законных інтарэсаў дзяцей, забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці;

улік найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі рашэнняў у дачыненні да дзяцей.

Артыкул 12. Шлюб

Шлюб — гэта добраахвотны саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўмовах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, накіраваны на стварэнне сям’і і спараджае для бакоў узаемныя правы і абавязкі.

Артыкул 15. Заключэнне шлюбу

Шлюб заключаецца ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану.

Артыкул 16. Тэрміны заключэння шлюбу

Заключэнне шлюбу адбываецца ў тэрмін, узгоднены асобамі, якія бяруць шлюб, з органам, што рэгіструе акты грамадзянскага стану, але не раней чым праз тры дні і не пазней чым праз тры месяцы з дня звароту.

У выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, наяўнасцю агульнага дзіцяці або асаблівымі абставінамі, шлюб можа быць заключаны да заканчэння трохдзённага тэрміну, у тым ліку ў дзень звароту.

Артыкул 17. Умовы заключэння шлюбу

Для заключэння шлюбу неабходны ўзаемная згода асоб, якія бяруць шлюб, дасягненне імі шлюбнага ўзросту і адсутнасць перашкод для заключэння шлюбу, прадугледжаных артыкулам 19 гэтага Кодэкса.

Артыкул 18. Шлюбны ўзрост

Шлюбны ўзрост устанаўліваецца ў васямнаццаць гадоў.

У выключных выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, нараджэннем дзіцяці, а таксама ў выпадку набыцця непаўналетнім поўнай дзеяздольнасці да дасягнення паўналецця орган, што рэгіструе акты грамадзянскага стану, можа знізіць асобам, якія бяруць шлюб, шлюбны ўзрост, устаноўлены часткай першай гэтага артыкула, але не больш чым на тры гады.

Зніжэнне шлюбнага ўзросту адбываецца па заяве асоб, якія бяруць шлюб. Пры гэтым згоды бацькоў, папячыцеляў непаўналетніх на заключэнне шлюбу не патрабуецца.

Артыкул 19. Перашкоды для заключэння шлюбу

Не дапускаецца заключэнне шлюбу:

паміж асобамі, з якіх хаця б адна асоба ўжо знаходзіцца ў іншым шлюбе, зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку;

паміж сваякамі па прамой узыходнай і зыходнай лініі, паміж паўнароднымі і непаўнароднымі братамі і сёстрамі, а таксама паміж усынаўляльнікамі (удачаральнікамі) (далей — усынаўляльнік) і усыноўленымі (удачаронымі) (далей — усыноўлены);

паміж асобамі, з якіх хаця б адна асоба прызнана судом недзеяздольнай.

Утойванне асобай, якая бярэ шлюб, акалічнасцей, што перашкаджаюць яго заключэнню, з’яўляецца падставай для прызнання шлюбу несапраўдным.

icon-task

16-гадовая Алена і 17-гадовы Сяргей выказалі жаданне зарэгістраваць свае адносіны і заключыць шлюбны дагавор. У іх ёсць агульнае дзіця.

  • 1) Ці спатрэбіцца ім чыя-небудзь згода для заключэння шлюбу?
  • 2) Ці спатрэбіцца ім чыя-небудзь згода для заключэння шлюбнага дагавора? Калі так, то чыя згода павінна быць? Чаму? 

Правы і абавязкі мужа і жонкі.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (1999)

Артыкул 13. Шлюбны дагавор

З мэтай павышэння культуры шлюбных і сямейных адносін і адказнасці аднаго сужэнца перад другім, вызначэння правоў і абавязкаў мужа і жонкі ў шлюбе і (ці) пасля яго скасавання асобы, якія бяруць шлюб, і сужэнцы ў любы час і ў вызначаным імі аб’ёме правоў і абавязкаў маюць права заключыць Шлюбны дагавор.

Шлюбным дагаворам прызнаецца пагадненне асоб, якія бяруць шлюб, або сужэнцаў аб вызначэнні іх асабістых немаёмасных і (ці) маёмасных правоў і абавязкаў як у перыяд шлюбу, так і пасля яго скасавання.

У Шлюбным дагаворы могуць быць вызначаны:

правы і абавязкі мужа і жонкі па ўзаемным утрыманні, у тым ліку пасля скасавання шлюбу;

парадак падзелу маёмасці, якая з’яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі;

сумесна нажытая маёмасць, якая будзе перададзена кожнаму з сужэнцаў пасля скасавання шлюбу;

умовы адносна змянення ўстаноўленага заканадаўчымі актамі рэжыму агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі шляхам вызначэння долевай уласнасці або ўласнасці кожнага з сужэнцаў на ўсю маёмасць, якая падлягае аднясенню ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да агульнай сумеснай уласнасці, або на асобныя віды такой маёмасці;

умовы адносна немагчымасці прызнання маёмасці кожнага з сужэнцаў іх агульнай сумеснай уласнасцю, калі ў перыяд шлюбу за кошт агульнай маёмасці мужа і жонкі або асабістай маёмасці другога сужэнца будуць зроблены ўкладанні, якія значна павялічваюць кошт гэтай маёмасці (капітальны рамонт, рэканструкцыя і да т. п.);

віды спрэчак паміж сужэнцамі (былымі сужэнцамі), што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, якія могуць быць перададзены імі на разгляд трацейскага суда або для ўрэгулявання з удзелам медыятара (медыятараў);

іншыя пытанні ўзаемаадносін паміж мужам і жонкай (парадак нясення кожным з іх сямейных расходаў і да т. п.), бацькамі і дзецьмі, калі гэта не парушае праваў і законных інтарэсаў іншых асоб і не супярэчыць заканадаўству.

Шлюбны дагавор можа быць заключаны як у дачыненні да маёмасці, сумесна нажытай мужам і жонкай да заключэння Шлюбнага дагавора, так і ў дачыненні да маёмасці, якая будзе нажыта ў перыяд шлюбу.

Правы і абавязкі мужа і жонкі, прадугледжаныя Шлюбным дагаворам, могуць абмяжоўвацца пэўнымі тэрмінамі або ставіцца ў залежнасць ад наступлення ці ненаступлення пэўных умоў.

Аднабаковая адмова ад выканання Шлюбнага дагавора не дапускаецца.

Шлюбны дагавор можа быць зменены або скасаваны па ўзаемнай згодзе асобамі, якія бяруць шлюб, сужэнцамі — да скасавання шлюбу, а таксама былымі сужэнцамі — у час дзеяння Шлюбнага дагавора ў форме і парадку, прадугледжаных для заключэння Шлюбнага дагавора.

Па патрабаванні аднаго з сужэнцаў Шлюбны дагавор можа быць зменены або скасаваны па рашэнні суда на падставах і ў парадку, прадугледжаных главой 29 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Дзеянне Шлюбнага дагавора спыняецца з моманту спынення шлюбу, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам, гэтым Кодэксам або іншымі актамі заканадаўства. Шлюбны дагавор, што прадугледжвае правы і абавязкі былых сужэнцаў пасля спынення шлюбу, дзейнічае да іх выканання.

Шлюбны дагавор можа быць прызнаны судом несапраўдным поўнасцю або часткова на падставах, прадугледжаных Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 131. Форма і парадак заключэння Шлюбнага дагавора

Шлюбны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае натарыяльнаму сведчанню.

Шлюбны дагавор падлягае таксама дзяржаўнай рэгістрацыі ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, калі ён утрымлівае ўмовы, якія з’яўляюцца або могуць стаць падставай узнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць. Пры гэтым Шлюбны дагавор, які ўтрымлівае такія умовы:

аб зарэгістраванай нерухомай маёмасці, а таксама аб зарэгістраванай нерухомай маёмасці і нерухомай маёмасці, якая будзе нажыта сужэнцамі ў перыяд шлюбу, падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі пасля натарыяльнага сведчання Шлюбнага дагавора;

аб нерухомай маёмасці, якая будзе нажыта сужэнцамі ў перыяд шлюбу, падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі адначасова ці пасля дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння адпаведнай нерухомай маёмасці або дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць.

Дзяржаўная рэгістрацыя Шлюбнага дагавора ажыццяўляецца пасля рэгістрацыі заключэння шлюбу. Дзяржаўная рэгістрацыя Шлюбнага дагавора можа быць ажыццёўлена пасля спынення шлюбу ў выпадку, калі згодна са Шлюбным дагаворам, гэтым Кодэксам або іншымі актамі заканадаўства Шлюбны дагавор прадугледжвае правы і абавязкі былых сужэнцаў пасля спынення шлюбу.

Дзяржаўная рэгістрацыя ўзнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нажытую мужам і жонкай пасля дзяржаўнай рэгістрацыі Шлюбнага дагавора нерухомую маёмасць, у дачыненні да якой заключаўся Шлюбны дагавор, ажыццяўляецца з улікам умоў заключанага Шлюбнага дагавора аб гэтай нерухомай маёмасці.

Шлюбны дагавор, заключаны паміж асобамі, якія бяруць шлюб, уступае ў сілу з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу, калі іншае не ўстаноўлена гэтым артыкулам.

Шлюбны дагавор, заключаны паміж мужам і жонкай, уступае ў сілу з дня яго натарыяльнага сведчання, калі іншае не ўстаноўлена гэтым артыкулам.

Умовы Шлюбнага дагавора, якія з’яўляюцца або могуць стаць падставай узнікнення, пераходу, спынення правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на нерухомую маёмасць, уступаюць у сілу з дня дзяржаўнай рэгістрацыі Шлюбнага дагавора.

Непаўналетнія асобы, якія бяруць шлюб, заключаюць Шлюбны дагавор са згоды сваіх бацькоў, папячыцеляў, за выключэннем выпадкаў набыцця непаўналетнімі дзеяздольнасці ў поўным аб’ёме.

icon-discussions

Шлюбны дагавор заключаецца: a) выключна да рэгістрацыі шлюбу; б) можа быць заключаны да рэгістрацыі шлюбу; в) выключна пасля рэгістрацыі шлюбу, у час знаходжання сужэнцаў у шлюбе; г) можа быць заключаны ў час знаходжання сужэнцаў у шлюбе; д) можа быць заключаны пасля скасавання шлюбу.

Які орган засведчвае шлюбны дагавор?

У якіх выпадках неабходна зарэгістраваць шлюбны дагавор і якім органам ажыццяўляецца гэта рэгістрацыя? 

Артыкул 23. Агульная сумесная ўласнасць мужа і жонкі

Маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна набыта або на каго ці кім з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы валодання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.

Муж і жонка карыстаюцца роўнымі правамі на сумесна нажытую маёмасць і ў тым выпадку, калі адзін з іх у перыяд шлюбу быў заняты вядзеннем дамашняй гаспадаркі, доглядам дзяцей або па іншых уважлівых прычынах не меў самастойнага заробку (даходу), калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.

Артыкул 25. Рэчы прафесійных заняткаў мужа і жонкі

Рэчы прафесійных заняткаў кожнага з сужэнцаў (музычныя інструменты, спецыяльная бібліятэка, вырабы медыцынскага прызначэння, медыцынская тэхніка і да т. п.), набытыя ў перыяд шлюбу, з’яўляюцца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагавором.

У выпадку падзелу маёмасці суд можа прысудзіць рэчы прафесійных заняткаў, набытыя ў перыяд шлюбу, таму з сужэнцаў, у чыім карыстанні яны знаходзіліся, з памяншэннем долі ў маёмасці другога сужэнца або ўскладаннем на яго абавязку кампенсаваць іх кошт другому.

Артыкул 26. Уласнасць мужа і жонкі

Маёмасць, якая належала сужэнцам да ўступлення ў шлюб, а таксама атрыманая імі ў перыяд шлюбу ў падарунак або ў парадку атрымання ў спадчыну, з’яўляецца ўласнасцю кожнага з іх.

Рэчы індывідуальнага карыстання (адзенне, абутак і г. д.), за выключэннем каштоўнасцей і іншых прадметаў раскошы, хаця і набытыя ў перыяд шлюбу за кошт агульных сродкаў мужа і жонкі, прызнаюцца маёмасцю таго сужэнца, які імі карыстаўся.

Маёмасць кожнага з сужэнцаў можа быць прызнана судом іх агульнай сумеснай уласнасцю, калі будзе ўстаноўлена, што ў перыяд шлюбу за кошт агульнай маёмасці мужа і жонкі або асабістай маёмасці другога сужэнца былі зроблены ўкладанні, якія значна павялічылі кошт гэтай маёмасці (капітальны рамонт, рэканструкцыя і да т. п.), калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам.

icon-discussions
Сфармулюйце аргументы за і супраць шлюбнага дагавора. 
icon-task

Рашыце задачу.

Ганна і Алег Пятровы знаходзяцца ў шлюбе 15 гадоў. У час знаходжання ў шлюбе яны ўступілі ў долевае будаўніцтва і пабудавалі 3-пакаёвую кватэру (яна аформлена на Ганну). Таксама 3 гады таму Ганна атрымала ў спадчыну дом у вёсцы, а 2 гады таму Алег атрымаў у падарунак ад бацькоў дачу.

1. Калі яны хочуць, каб 3-пакаёвая кватэра належала толькі Ганне, ці трэба змяняць існуючы рэжым уласнасці і ці могуць яны гэта зрабіць па шлюбным дагаворы?

2. Калі яны хочуць, каб дача належала ім на праве агульнай сумеснай уласнасці, ці трэба змяняць існуючы рэжым уласнасці і ці могуць яны гэта зрабіць па шлюбным дагаворы?

3. Калі яны хочуць, каб Алег забяспечваў сям’ю, а Ганна стала дамашняй гаспадыняй, ці можна гэта замацаваць у шлюбным дагаворы? Адкажыце, «так» ці «не». Свой адказ аргументуйце. 

icon-task

Разгледзьце ілюстрацыю і адкажыце на пытанні.

Адной з самых дарагіх дамскіх сумак з’яўляецца сумка Louis Vitton Urban Satchel (2008 г., кошт 125 тыс. долараў). Адметнасцю дадзенай сумкі з’яўляецца тое, што яна выраблена са «смецця» — бутэлек для вады, пачкаў ад цыгарэт, абгортак ад жавальнай гумкі і г. д.

  • 1)  Да якой уласнасці будзе адносіцца дадзеная сумка (сумеснай або асабістай), калі жонка купіла яе сабе?
  • 2)  Якія тэндэнцыі сусветнага развіцця адлюстраваны стваральнікамі дадзенай сумкі?