Печатать книгуПечатать книгу

*§ 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 9-1. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 27 Декабрь 2024, 08:45

Паняцце геапалітыкі. Сярод узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых элементаў палітыкі асаблівае месца займае геапалітыка. Традыцыйна гэтым тэрмінам абазначалі залежнасць паміж дзяржаўнай палітыкай і геаграфічным асяроддзем, у межах якой яна здзяйсняецца.

icon-task

Параўнайце азначэнні геапалітыкі з артыкулаў на розных мовах у свабоднай энцыклапедыі «Вікіпедыя».

Ці істотна адрозніваюцца артыкулы пра геапалітыку на розных мовах? На якія крыніцы інфармацыі даюцца спасылкі? Ці можна давяраць гэтым крыніцам? 

icon-persona
Увядзенне тэрміна ў навуковы абарот звязваюць з імем шведскага вучонага Рудольфа Чэлена, а з’яўленне геапалітыкі як навуковай дысцыпліны — з імем нямецкага вучонага Фрыдрыха Ратцэля, які зрабіў спробу звязаць палітыку і геаграфію і вывучаць палітыку той або іншай дзяржавы зыходзячы з яе геаграфічнага становішча. У кнізе «Аб законах прасторавага росту дзяржаў» (1901) Ратцэль сфармуляваў сем законаў экспансіі, у якіх апісаў адносіны паміж дзяржавамі як спаборніцтва за авалоданне іх прасторай. Чэлен жа лічыў геапалітыку навукай аб дзяржаве як геаграфічным арганізме. Як вучоны галоўную задачу ён бачыў у тым, каб прыцягнуць увагу палітычных дзеячаў да ролі геаграфічнага фактару ў кіраўніцтве дзяржавай. Ён сцвярджаў, што ўся гісторыя чалавецтва — гэта барацьба за прастору. Ужо сама назва галоўнай працы Чэлена «Дзяржава як форма жыцця» (1916) гаворыць пра тое, што ён ішоў у фарватэры ідэй Ратцэля. 
icon-persona
Да класікаў геапалітыкі адносяць брытанскага географа Хэлфарда Макіндэра, які ў сваёй працы «Геаграфічная вось гісторыі» (1904) сфармуляваў канцэпцыю заходняй геапалітыкі і геастратэгіі, шырока вядомую як Хартленд (англ. Heartland — «асяродак», сярэдняя зямля; ад heart — сэрца + land — зямля). Пад Хартлендам Макіндэр разумеў масіўную паўночна-ўсходнюю частку Еўразіі агульнай плошчай, большай за 15 млн км2
icon-discussions

Як вы разумееце хрэстаматыйную формулу бацькі брытанскай геапалітыкі Макіндэра: «Хто валодае Хартлендам, той валодае Сусветным востравам, хто валодае Сусветным востравам, той валодае светам»?

Як вы лічыце, чаму многія крытыкі папракалі Ратцэля ў тым, што ён напісаў «Катэхізіс для імперыялістаў»? Якую знешнюю палітыку праводзіла ў час напісання кнігі «Аб законах прасторавага росту дзяржаў» Германія?

Выкажыце меркаванне, якую пазіцыю занялі вучоныя Ратцэль, Чэлен, Макіндэр у дачыненні да распачатай Першай сусветнай вайны. Апраўдвалі ці асуджалі яны агрэсіўную знешнюю палітыку ваюючых дзяржаў? Праверце свае меркаванні. 

Што можа расказаць пра геапалітыку карта-карыкатура?

icon-discussions

У 1914 г. вядомым партугальскім ілюстратарам Антоніа Суарэсам была створана Mappa Humorístico da Europa («Гумарыстычная карта Еўропы»). Кожная з 21 краіны на карце прадстаўлена ў выглядзе жывёлы. Якія геапалітычныя стэрэатыпы высмейвае дадзеная карыкатура? Ці можна лічыць карту-карыкатуру Суарэса свайго роду папрокам у адрас еўрапейскіх дзяржаў, якія сваімі дзеяннямі ў той час уцягнулі Еўропу ў Першую сусветную вайну?

Уважліва разгледзьце карты-карыкатуры, прысвечаныя падзеям на еўрапейскім тэатры ваенных падзей у 1915 г. Вызначце, у якіх краінах створаны дадзеныя карты (мова карты, выкарыстаныя малюнкі).

Якую ролю мелі ідэі аб кантролі над тэрыторыяй, аб заканамернасцях размеркавання і пераразмеркавання сфер уплыву ў абгрунтаванні сусветных войнаў? 

Геапалітыка ў гісторыі: сухапутныя дзяржавы супраць марскіх?

icon-search
Родапачынальнікі геапалітыкі лічылі, што сухапутныя дзяржавы развіваюцца ў рамках выразна вызначаных межаў, ім уласцівыя: кансерватызм, традыцыяналізм, аседласць, калектывізм, недаступны дух прадпрымальніцтва, нажывы. Дзяржаўны лад фарміруецца пераважна ў форме дыспатыі. Ім супрацьстаіць тып цывілізацыі — марскі, для якога характэрны большы дынамізм у развіцці, успрымальнасць да тэхнічнага прагрэсу, нажывы, прадпрымальніцтва, індывідуалізму. Падобны тып цывілізацыі развіваецца больш актыўна, у аснове палітычнага ладу ляжаць павага да асобы, дэмакратыя. У ранняй гісторыі стагоддзямі кантынентальныя (сухапутныя) дзяржавы панавалі над марскімі: Спарта над Афінамі, Рым над Карфагенам, Татара-мангольскі каганат над народамі Еўразіі. Аднак пачынаючы з эпохі вялікіх геаграфічных адкрыццяў суадносіны сіл паступова змяняліся, сусветнай магутнасці дасягнулі марскія дзяржавы. У перыяд халоднай вайны 1946–1991 гг. гэта адвечнае супрацьстаянне дасягнула свайго апагею — таласакратыя атаясамлялася з ЗША і НАТА, а тэлуракратыя — з СССР і Варшаўскім дагаворам. У сучасных умовах супрацьстаянне сушы і мора набыло цывілізацыйны характар, які праяўляецца ў так званым працэсе вестэрнізацыі, г. зн. навязванні ўсяму свету заходніх каштоўнасцей. З гэтага асноўнага закону геапалітыкі выцякаюць дзве асноватворныя дактрыны: ХАРТЛЕНДА (сэрца зямлі), якая забяспечвае кантроль над «сусветным востравам», і РЫМЛЕНДА, якая зыходзіць з неабходнасці кантраляваць берагавую зону Еўразіі. 
icon-search
Знайдзіце інфармацыю аб тэорыі геапалітыкі «Хартленд — Рымленд». Якое месца ў ёй займае Беларусь? 
icon-search
Да традыцыйных элементаў геапалітыкі (геаграфічнае становішча, працягласць, канфігурацыя межаў, недры, ландшафт і клімат, памеры і структура насельніцтва) сёння дадаліся новыя элементы, якія змяняюць прыярытэты з улікам фактараў, што ўплываюць на міжнародную палітыку: наяўнасць зброі масавага знішчэння, масавыя перамяшчэнні людзей, развіццё сродкаў інфармацыі і сувязі і да т. п. Асноўная функцыя сучаснай геапалітыкі заключаецца ў пошуку дзяржавай узаемавыгадных саюзнікаў і партнёраў, а таксама напрамкаў і рэгіёнаў распаўсюджвання свайго ўплыву. 

Геапалітычны статус Беларусі. Геапалітычнае становішча Беларусі асаблівае.

icon-search

Вызначце, у якім беларускім горадзе знаходзіцца навукова ўстаноўлены геаграфічны цэнтр Еўропы.

Выкарыстайце памятку па рабоце з фотаздымкам помніка ці мемарыяла. 

Беларусь мяжуе з пяццю краінамі і знаходзіцца на перакрыжаванні двух міжнародных транспартных калідораў, што з’яўляецца даволі рэдкім спалучэннем для сярэдняй еўрапейскай дзяржавы. Памежная тэрыторыя Беларусі ўключае 58 са 118 раёнаў, або 49 % ад іх агульнай колькасці, а таксама 4 абласныя цэнтры. Яе плошча складае амаль 180 тыс. км2, або 87 % ад агульнай плошчы краіны (207,6 тыс. км2). Дадзены фактар павышае ролю сістэмы гарантавання пагранічнай бяспекі.

icon-remember
Успомніце асноўныя палажэнні цывілізацыйнай канцэпцыі С. Хантынгтана. Як вы лічыце, геапалітычнае становішча Беларусі ў адпаведнасці з дадзенай канцэпцыяй з’яўляецца перавагай ці недахопам? 

Наша краіна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы і адначасова на стыку гандлёва-эканамічных, транспартна-лагістычных, культурна-цывілізацыйных, ваенна-стратэгічных траекторый развіцця. Гэта дае перавагі краіне, у тым ліку ў пытаннях транзіту. Так, праз Беларусь пралягае самы кароткі транспартны шлях паміж дзяржавамі СНД і краінамі Еўропы. Нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора і абмежаванасць пераліку карысных выкапняў, Беларусі ўдаецца выкарыстоўваць свае перавагі для ўмацавання становішча ў сістэме светагаспадарчых сувязей. Беларусь з’яўляецца экспартна арыентаванай дзяржавай з добра развітым вытворчым сектарам і сельскай гаспадаркай. 61 % вырабленай прадукцыі экспартуецца.

icon-discussions
Дакажыце ці аспрэчце наступнае сцвярджэнне: «Беларусь, нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора, займае выгаднае геапалітычнае становішча». 

Нацыянальныя інтарэсы і бяспека Рэспублікі Беларусь. Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь ахопліваюць усе сферы жыццядзейнасці асобы, грамадства і дзяржавы, цесна ўзаемазвязаны і з’яўляюцца канцэптуальнымі арыенцірамі для яе доўгатэрміновага развіцця. Стратэгічнымі нацыянальнымі інтарэсамі з’яўляюцца: забеспячэнне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу; устойлівае эканамічнае развіццё і высокая канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі; дасягненне высокага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян (з Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі 2010 г.).

Асноўныя нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Палітычная сфера
  • • Захаванне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека;
  • • устойлівае развіццё дэмакратычнай, прававой, сацыяльна адказнай дзяржавы;
  • • забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання дзяржаўных інстытутаў у інтарэсах грамадства;
  • • дасягненне збалансаванасці палітычных інтарэсаў грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў і дзяржавы, грамадскага кансэнсусу па ключавых пытаннях развіцця Рэспублікі Беларусь;
  • • развіццё грамадзянскай супольнасці з улікам нацыянальных традыцый і асаблівасцей;
  • • эфектыўнае супрацьдзеянне карупцыі;
  • • фарміраванне шматпалярнага свету і сістэмы міжнародных адносін, заснаваных на вяршэнстве норм міжнароднага права і шматбаковым супрацоўніцтве, якія забяспечваюць удзел Беларусі ў вырашэнні пытанняў, што закранаюць яе інтарэсы;
  • • удасканаленне і ўмацаванне механізмаў гарантавання нацыянальнай і калектыўнай бяспекі з удзелам Рэспублікі Беларусь на глабальным, рэгіянальным і двухбаковым узроўнях, наданне міжнароднай бяспецы ўсёабдымнага і комплекснага характару;
  • • прагматычнае ўзаемадзеянне з сусветнымі цэнтрамі сілы, заснаванае на эфектыўнай шматбаковай і шматвектарнай дыпламатыі, стратэгічным партнёрстве і асаблівых стасунках з дружалюбнымі дзяржавамі, раўнапраўным узаемадзеянні і ўзаемным уліку інтарэсаў;
  • • пазіцыянаванне Рэспублікі Беларусь за мяжой у якасці дэмакратычнай прававой дзяржавы, адказнага і прадказальнага партнёра, донара міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі;
  • • забеспячэнне абароны правоў суайчыннікаў і салідарнасці беларусаў ва ўсім свеце дзеля моцнай, квітнеючай Беларусі
Эканамічная сфераСацыяльная сфера
  • • эканамічны рост і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі на аснове яе структурнай перабудовы, устойлівага інавацыйнага развіцця, інвестыцый у чалавечы капітал, мадэрнізацыі эканамічных адносін, зніжэння сабекошту, імпартаёмістасці і матэрыялаёмістасці вырабленай прадукцыі;
  • • захаванне ўстойлівасці нацыянальнай фінансавай і грашова-крэдытнай сістэм;
  • • забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу на сусветныя рынкі тавараў і паслуг, сыравінных і энергетычных рэсурсаў;
  • • дасягненне ўзроўню энергетычнай бяспекі, дастатковага для нейтралізацыі знешняй залежнасці ад паступлення энерганосьбітаў;
  • • падтрыманне гарантаванага ўзроўню харчовай бяспекі;
  • • трансфер сучасных тэхналогій у эканоміку краіны пераважна за кошт прамых інвестыцый, даступнасць замежных крэдытных рэсурсаў
  • • задавальненне асноўных сацыяльных патрэб грамадзян, мінімізацыя негатыўных наступстваў сацыяльнай дыферэнцыяцыі і сацыяльнай напружанасці ў грамадстве;
  • • гарантаванне грамадскай бяспекі і бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, зніжэнне ўзроўню злачыннасці і крыміналізацыі грамадства;
  • • забеспячэнне занятасці працаздольных грамадзян і годнага ўзроўню аплаты працы;
  • • развіццё інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, захаванне і памнажэнне яго культурнай спадчыны, умацаванне духу патрыятызму;
  • • забеспячэнне гарманічнага развіцця міжнацыянальных і міжканфесійных адносін
Навукова-тэхналагічная сфераІнфармацыйная сфера
  • • фарміраванне эканомікі, заснаванай на ведах, забеспячэнне развіцця навукі і тэхналогій як базы ўстойлівага інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь;
  • • стварэнне новых вытворчасцей, сектараў эканомікі перадавых тэхналагічных укладаў, інтэнсіўнае тэхналагічнае абнаўленне базавых сектараў эканомікі і ўкараненне перадавых тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства;
  • • пашырэнне прысутнасці Беларусі на сусветным рынку інтэлектуальных прадуктаў, навукаёмістых тавараў і паслуг, узаемавыгаднае міжнароднае навукова-тэхналагічнае супрацоўніцтва і прыцягненне ў эканоміку краіны тэхналогій сусветнага ўзроўню
  • • рэалізацыя канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі;
  • • фарміраванне і паступальнае развіццё інфармацыйнага грамадства;
  • • раўнапраўны ўдзел Рэспублікі Беларусь у сусветных інфармацыйных адносінах;
  • • пераўтварэнне інфармацыйнай індустрыі ў экспартна арыентаваны сектар эканомікі;
  • • эфектыўнае інфармацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай палітыкі;
  • • забеспячэнне надзейнасці і ўстойлівасці функцыянавання крытычна важных аб’ектаў інфарматызацыі
Дэмаграфічная сфераЭкалагічная сфера
  • • устойлівы рост колькасці беларускай нацыі на падставе паслядоўнага павелічэння нараджальнасці і чаканай працягласці жыцця, зніжэння смяротнасці насельніцтва;
  • • павышэнне агульнага ўзроўню здароўя насельніцтва, ахова здароўя маці і дзіцяці;
  • • умацаванне інстытута сям’і як сацыяльнага інстытута, найбольш спрыяльнага для рэалізацыі патрэбы ў дзецях, іх выхавання;
  • • аптымізацыя ўнутраных і знешніх міграцыйных патокаў, забеспячэнне станоўчага сальда знешняй міграцыі эканамічна актыўнага насельніцтва
  • • забеспячэнне экалагічна спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадзян;
  • • пераадоленне негатыўных наступстваў радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі краіны і іншых надзвычайных сітуацый, рэабілітацыі экалагічна парушаных тэрыторый;
  • • устойлівае прыродна-рэсурснае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны;
  • • рацыянальнае выкарыстанне прыродна-рэсурснага патэнцыялу, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, экалагічнай раўнавагі прыродных сістэм;
  • • садзейнічанне падтрыманню глабальнай і рэгіянальнай экалагічнай раўнавагі
Ваенная сфера
  • • умацаванне ў грамадстве пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь;
  • • эфектыўнае стратэгічнае стрымліванне, якое гарантуе падтрыманне міру, рэгіянальнай бяспекі і прадухіленне пагрозы прымянення ваеннай сілы супраць Рэспублікі Беларусь;
  • • забеспячэнне абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту краіны ў выпадку прымянення супраць яе ваеннай сілы ці пагрозы сілай;
  • • развіццё ваеннай арганізацыі дзяржавы, падтрыманне ўзроўню абароннага патэнцыялу, адпаведнага магчымасцям дзяржавы і дастатковага для рашэння задач мірнага і ваеннага часу;
  • • умацаванне міжнародных і рэгіянальных механізмаў гарантавання ваеннай бяспекі, партнёрства і даверу;
  • • паслядоўнае развіццё і ўмацаванне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй;
  • • павышэнне эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ)
icon-discussions
Знайдзіце ўзаемасувязь і ўзаемаабумоўленасць нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у розных сферах. Прасачыце сувязь нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь з мэтамі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь. Канкрэтызуйце свае вывады прыкладамі. 

Інфармацыйная бяспека і яе значэнне. Сучаснае развіццё тэхналогій дазваляе рашаць многія задачы і аказваць уплыў на працэсы, якія адбываюцца, і без фактару фізічнага перамяшчэння асоб. Як адзначана ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь 2019 г., «на сучасным этапе сусветнага развіцця інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для чалавека, грамадства, дзяржавы і аказвае ўсёабдымны ўплыў на эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў краінах і рэгіёнах», «разам з тым трансфармацыя соцыуму ў інфармацыйнае грамадства спараджае новыя рызыкі, выклікі і пагрозы, якія напрамую закранаюць пытанні гарантавання нацыянальнай бяспекі, інфармацыйнай інфраструктуры, інфармацыйных сістэм і рэсурсаў».

У чым перавага і рызыка глабальнай інфармацыйнай прасторы?

Інфармацыйная бяспека з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай бяспекі.

Інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь — неад’емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, здзяйсняць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, гарантаваць інфармацыйную бяспеку.

Тры законы рабатэхнікі пісьменніка-фантаста А. Азімава (1942) трывала ўвайшлі ў наша жыццё і сапраўды сталі беспамылковымі прынцыпамі тэхнічнай эвалюцыі.

Юрысты (напрыклад, Ф. Паскуале) прапануюць іх дапоўніць, развіўшы асновы ўзаемадзеяння «чалавек — лічбавыя тэхналогіі і тэхналогіі штучнага інтэлекту». У цяперашні час ЮНЕСКА актыўна распрацоўвае правілы этыкету штучнага інтэлекту.

3 законы рабатэхнікі

Закон 1

Робат не можа нанесці шкоду чалавеку ці сваёй бяздзейнасцю дапусціць, каб чалавеку была нанесена шкода.

Закон 2

Робат павінен падпарадкоўвацца ўсім загадам, якія дае чалавек, акрамя тых выпадкаў, калі гэтыя загады супярэчаць першаму закону.

Закон 3

Робат павінен клапаціцца пра сваю бяспеку ў той ступені, у якой гэта не супярэчыць першаму і другому законам.

icon-discussions
Ці патрэбны, на ваш погляд, спецыяльныя этычныя правілы паводзінаў людзей у інтэрнэце, сацыяльных сетках, пры выкарыстанні высокіх тэхналогій? Якія паводзіны з выкарыстаннем кібертэхналогій лічацца крымінальна-проціпраўнымі?