*§ 6-0. Навука ў міжнародных адносінах
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 11 клас |
Книга: | *§ 6-0. Навука ў міжнародных адносінах |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 27 Декабрь 2024, 07:18 |
Напрамкі даследавання сусветнай палітыкі і эканомікі. Міжнародныя адносіны існуюць настолькі даўно, наколькі сацыяльныя сувязі сталі выходзіць за межы адной абшчыны, поліса, дзяржавы. Ёсць і адпаведныя працы, адной з першых лічыцца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідзіда, V ст. да н. э. Аднак навука пра міжнародныя адносіны, або міжнародна-палітычная навука, або тэорыя міжнародных адносін, — даволі малады напрамак тэарэтычнага пазнання.
Ці згодны вы з наступным выказваннем?
«Фундаментальная прырода міжнародных адносін не змянілася. На працягу тысячагоддзя міжнародныя адносіны працягваюць заставацца пастаянна ўзнаўляльнай барацьбой за багацце і ўладу паміж незалежнымі актарамі [суб’ектамі] у стане анархіі. Класічная “Гісторыя” Фукідзіда з’яўляецца такім жа значным кіраўніцтвам да паводзінаў дзяржаў сёння, як і тады, калі яна была напісана, — у V ст. да н. э.» (Р. Гілпін. «Вайна і змены ў сусветнай палітыцы», 1983 г.).
Як вучэбная дысцыпліна тэорыя міжнародных адносін з’яўляецца ў пачатку ХХ ст., больш сур’ёзны паўсюдны імпульс для свайго развіцця яна атрымала пасля Другой сусветнай вайны, далей — пасля перыяду халоднай вайны. У XXI ст. глабальныя выклікі ў сферы экалогіі, бяспекі, супрацьстаяння пандэміям і міграцыйным крызісам, як і спробы ператварыць міжнародныя адносіны ў экспарт унутрыпалітычных традыцый, каштоўнасцей, падыходаў, робяць распрацоўку фундаментальных асноў міжнародных адносін (як узгадваюць у навуковай літаратуры, «пабудову новай тэорыі міжнародных адносін») вельмі актуальнай.
Аб’ектам вывучэння міжнародна-палітычнай навукі з’яўляюцца міжнародныя адносіны як сукупнасць палітычных, эканамічных, ідэалагічных, прававых, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей і ўзаемаадносін паміж суб’ектамі, якія дзейнічаюць на міжнароднай арэне.
Асноўнымі суб’ектамі міжнародных адносін з’яўляюцца дзяржавы. Яны ў межах фарміравання сваёй знешняй палітыкі, непарыўна звязанай з нацыянальнымі інтарэсамі, фарміруюць і парадак сучасных міжнародных адносін.
Пачынаючы з ХХ ст. узмацняецца і роля вытворных суб’ектаў — міжнародных арганізацый. Іх рост, пашырэнне функцый, кола ўдзельнікаў адлюстроўваюць працэс праліферацыі міжнародных арганізацый. Асаблівае месца на сучасным этапе займаюць арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі, у межах якіх адбываецца больш цесная кааперацыя і задзейнічаны механізмы больш аператыўнага, прамога рэгулявання шэрагу пытанняў, па якіх дзяржава пагадзілася перадаць свае паўнамоцтвы інтэграцыйным органам (напрыклад, у мытнай сферы). Ва ўсіх рэгіёнах: Азіі, Афрыцы, Еўразіі, Еўропе, Лацінскай Амерыцы, Паўночнай Амерыцы — такіх міжнародных арганізацый інтэграцыйнага тыпу налічваецца не адзін дзясятак.
Успомніце, у якіх міжнародных арганізацыях удзельнічае Рэспубліка Беларусь.
Знайдзіце, што сказана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наконт удзелу ў міжнародных арганізацыях.
Акрамя таго, да міжнародных актараў часта адносяць і няўрадавыя арганізацыі, і транснацыянальныя карпарацыі, і (у пэўнай меры) інвалідаў. Разам з тым штодзённая жыццядзейнасць фізічных асоб, няхай і трансгранічнага характару (шлюбы з іншаземцамі, турызм і да т. п.), не з’яўляецца прадметам навукі пра міжнародныя адносіны.
Напрамкі міжнародна-палітычнай навукі — ліберальна-ідэалістычная тэорыя, палітычны рэалізм, марксізм, неалібералізм, неарэалізм і неамарксізм, міжнародная палітэканомія, транснацыяналізм і інш.
Рэалізм | Лібералізм | Марксізм | Неарэалізм | Неалібералізм | Неамарксізм |
---|---|---|---|---|---|
Дзяржава | Дзяржава, ТНК, прыватныя асобы | Сацыяльныя класы (у сусветным маштабе) | Дзяржавы і іх саюзы | Дзяржава, арганізацыі (міжурадавыя і недзяржаўныя) | Цэнтр, перыферыя, паўперыферыя «свет-сістэмы» |
Максімальная бяспека дзяржавы, прыярытэт нацыянальных інтарэсаў | Плюралізм ідэй з прыярытэтам універсальных ідэалаў | Звяржэнне панавання сусветнай буржуазіі | Абарона нацыянальных інтарэсаў | Міжнародная бяспека ў той ступені, у якой не супярэчыць нацыянальным інтарэсам | Пераадоленне логікі глабалізацыі, якая набывае вялікую папулярнасць |
Сіла, баланс сіл | Стварэнне міжнародных арганізацый | Сацыялістычная рэвалюцыя | Сіла і саюзы для захавання балансу сіл | Распаўсюджванне ідэалаў ліберальнай дэмакратыі і рынку | «Пазіцыйная вайна», інтэграцыя «перыферыі» і «паўперыферыі» |
Фукідзід, Макіявелі, Т. Гобс, Г. Моргентаў | Д. Лок, І. Кант, А. Сміт, В. Вільсан | К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін | Б. Бузан, Р. Гілпін, К. Уолц | Р. Кохэн, Х. Мілнер | С. Амін, І. Валерстайн, Р. Кокс |
Прафесійная дзейнасць у сферы міжнародных адносін. Дзейнасць ва ўсёй разнастайнасці сродкаў і метадаў па рэалізацыі знешняй палітыкі дзяржавы — абароне нацыянальных інтарэсаў і ўмацаванні пазіцыі дзяржавы на сусветнай арэне, здзяйсненні знешніх стасункаў — вызначаецца як дыпламатыя.
Аднак спецыялісты ў сферы міжнародных адносін — гэта не толькі дыпламаты.
Падрыхтоўка спецыялістаў у сферы міжнародных адносін здзяйсняецца па розных напрамках: міжнароднае права, міжнародная эканоміка, міжнародная журналістыка, лінгвакраіназнаўства, усходазнаўства, рэгіяналістыка, паліталогія. Некаторыя з выпускнікоў па гэтых спецыяльнасцях працуюць у знешнепалітычным ведамстве — Міністэрстве замежных спраў ці ў аддзелах і ўпраўленнях міжнародных сувязей іншых дзяржаўных органаў, арганізацый, хтосьці звязвае свой лёс са знешнеэканамічным напрамкам работы прадпрыемстваў.
Спецыяльнасць (напрамак) | Кваліфікацыя | Прахадны бал (бюджэтная форма навучання) | ||
---|---|---|---|---|
2019 | 2020 | 2021 | ||
Лінгвакраіназнаўства | Усходазнавец-міжнароднік. Перакладчык-рэферэнт | 378 | 382 | 384 |
Мытная справа | Спецыяліст мытнай справы | 359 | 357 | 329 |
Міжнародныя стасункі | Спецыяліст па міжнародных стасунках. Перакладчык-рэферэнт | 379 | 382 | 374 |
Міжнароднае права | Юрыст-міжнароднік з веданнем замежных моў | 385 | 386 | 378 |
Сусветная эканоміка | Эканаміст | 359 | 372 | 359 |
Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму) | Менеджар-эканаміст. Перакладчык-рэферэнт | 357 | 362 | 350 |
Асаблівасці прафесійнай дзейнасці ў сферы міжнародных адносін, акрамя паглыбленай моўнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, звязаны з высокай адказнасцю за рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, падтрыманне палітычнага, эканамічнага, ідэалагічнага курсу сваёй краіны.