Печатать книгуПечатать книгу

§ 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

Павышаны ўзровень §28-1

icon
Успамінаем. Якія глабальныя праблемы ў большай ступені абумоўлены прыроднымі працэсамі? Якія глабальныя праблемы з’явіліся ў сувязі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на прыроднае асяроддзе? Як навукова-тэхнічны прагрэс уплывае на развіццё чалавецтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму вырашэнне глабальных праблем з’яўляецца актуальнай задачай для ўсяго чалавецтва? Як чалавек ставіцца да глабальных праблем? Як можна вырашыць глабальныя праблемы чалавецтва?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 28. МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ГЛАБАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 23 Апрель 2024, 17:13

Узаемасувязь глабальных праблем. Глабальныя праблемы з’яўляюцца вынікам супярэчнасцей грамадскага развіцця. Яны не ўзніклі раптоўна. Некаторыя з іх, напрыклад захаванне міру на Зямлі, існавалі ва ўсе часы. Іншыя глабальныя праблемы, напрыклад экалагічныя, з’явіліся пазней у сувязі з інтэнсіўным уздзеяннем чалавека на прыроднае асяроддзе. Для іх вырашэння патрабуецца аб’яднанне намаганняў усяго чалавецтва. Глабальныя праблемы ахопліваюць усе бакі жыцця людзей і датычацца ўсіх краін свету. Усім глабальным праблемам грамадскага развіцця ўласціва мабільнасць. Кожная з іх пастаянна змяняецца, мае асаблівае значэнне ў розныя гістарычныя эпохі. Па меры вырашэння некаторыя з глабальных праблем могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе. Яны становяцца лакальнымі ці ўвогуле знікаюць (напрыклад, натуральная воспа была глабальнай праблемай і практычна знікла ў цяперашні час). Усе глабальныя праблемы знаходзяцца ў складанай узаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Гэта азначае, што вырашэнне адной праблемы прадугледжвае ўлік уплыву на яе комплексу іншых праблем.

icon Паразважаем. Чаму некаторыя глабальныя праблемы могуць губляць сваю актуальнасць у сусветным маштабе?

Адной з глабальных праблем сучаснасці з’яўляецца захаванне міру на Зямлі. Гонка ўзбраенняў мае велізарныя негатыўныя наступствы для чалавецтва. Яна збядняе сусветную эканоміку, правакуе агрэсіўныя тэндэнцыі ў знешняй палітыцы асобных дзяржаў (мал. 202).

icon Клуб знаўцаў-географаў. Гонка ўзбраенняў прывяла да таго, што ў другой палове 1980-х гг. разбуральная моц сусветнага ядзернага патэнцыялу больш чым у 100 разоў перавысіла сумарную агнявую магутнасць зброі, выкарыстанай усімі краінамі, што ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне (мал. 203).

img
Мал. 202. Вайна ў Сірыі
img
Мал. 203. Балістычныя міжкантынентальныя ракеты на ваенным парадзе ў Кітаі

Пераадоленне харчовай або сыравіннай праблемы патрабуе, у прыватнасці, вырашэння глабальнай энергетычнай праблемы. Яе вырашэнне звязваецца з больш рацыянальным выкарыстаннем традыцыйных і развіццём новых крыніц энергіі, практычным выкарыстаннем рэсурсаў энергіі касмічнай прасторы і Сусветнага акіяна.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як вырашэнне харчовай праблемы звязана з энергетычнай праблемай?

Навукова-тэхнічны прагрэс аказвае ўздзеянне на матэрыяльную вытворчасць, далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу і звязаныя з ім праблемы адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш. У цяперашні час пастаянна ў розных частках свету ўзнікаюць новыя праблемы, якія адносна хутка становяцца глабальнымі. Толькі за апошні час чалавецтва сутыкнулася з тым, што змяненне азонавага слоя, парніковы эфект, распаўсюджанне сіндрому набытага імунадэфіцыту (СНІД), эпідэмія COVID-19 (мал. 204) і іншыя праблемы, аб якіх некалькі гадоў назад мала хто ведаў, ператвараюцца ў глабальныя. Задача навукі — своечасова заўважаць новыя глабальныя праблемы і выпрацоўваць адпаведныя спосабы іх вырашэння. Напрыклад, спосабы вырашэння праблем назапашвання смецця і яго ўтылізацыі, пахавання адпрацаваных радыеактыўных прадуктаў, старэння насельніцтва, некантралюемай нараджальнасці і інш.

img
Мал. 204. Эпідэмія COVID-19, Кітай

Асаблівасці ўспрымання чалавекам праблем навакольнага асяроддзя. Пераважная большасць выпадкаў значнага ўмяшання чалавека ў прыроднае асяроддзе прыводзіць да негатыўных наступстваў. Але людзі апраўдваюць свае дзеянні, выкарыстоўваючы тры асноўныя прынцыпы: суб’ектыўнага адмаўленняпрызнання, зманлівага дабрабыту і аддаленасці падзеі.

Прынцып суб’ектыўнага адмаўлення-прызнання заключаецца ў тым, што пры ацэнцы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды фактам, якія не падабаюцца чалавеку, надаецца невялікае значэнне, а фактам, якія прызнаюцца чалавекам дакладнымі, надаецца большая вага, чым яны маюць на самай справе. У рэшце рэшт атрымліваецца вынік, які «жадаецца» чалавекам, але не адпавядае рэальнаму стану навакольнага асяроддзя.

img
Мал. 205. Касмічныя фотаздымкі Аральскага мора, Казахстан, Узбекістан

Правільнасць або памылковасць правядзення мерапрыемстваў у галіне прыродакарыстання можа быць вызначана ў ходзе іх аб’ектыўнай экспертызы. Але дасягнуць аб’ектыўнасці складана. Пры ацэнцы любых мерапрыемстваў, звязаных з уздзеяннем на прыроду, існуюць зацікаўленыя выканаўцы, адбываецца ціск на іх прыхільнікаў і праціўнікаў запланаваных пераўтварэнняў. Таму неабходна шырокае грамадскае абмеркаванне праектаў па змяненні прыроды, прыцягненне незалежных экспертаў, прымяненне розных метадаў ацэнкі.

Прынцып зманлівага дабрабыту звязаны з залішняй паспешлівасцю высноў, зробленых па выніках гаспадарчай дзейнасці. Першыя поспехі або няўдачы ў прыродакарыстанні могуць быць кароткачасовымі. Наступствы правядзення мерапрыемстваў па пераўтварэнні прыроды аб’ектыўна можна ацаніць толькі праз 10 і больш гадоў.

Прыкладаў паспешлівых высноў аб выніках пераўтварэння прыроды шмат. Гэта ацэнка праектаў, звязаных са змяненнем узроўню Аральскага (мал. 205) і Каспійскага мораў, будаўніцтвам волжскага каскада ГЭС, меліярацыйнымі пераўтварэннямі ў беларускім Палессі і г. д.

icon Свет і Беларусь. У 1960–1980-х гг. на тэрыторыі Беларусі, пераважна ў Палессі, праводзілася шырокамаштабная асушальная меліярацыя. Яе асноўнай мэтай з’яўлялася павышэнне сельскагаспадарчай прадукцыйнасці зямель. Да якіх наступстваў прывяла меліярацыя?

Прынцып аддаленасці падзеі заключаецца ў тым, што з’явы, аддаленыя ў часе і прасторы, псіхалагічна здаюцца чалавеку менш істотнымі.

Паводзіны людзей, заснаваныя на разгледжаных прынцыпах, прыводзяць да памылак у прыродакарыстанні і перашкаджаюць рацыянальнай экалагічнай палітыцы. Разуменне гэтага прыходзіць не адразу і вызначаецца правілам эканоміка-экалагічнага ўспрымання Дж. М. Стайкаса. Успрыманне чалавекам праблем навакольнага асяроддзя адбываецца ў чатыры этапы (мал. 206).

icon Клуб знаўцаў-географаў. Для карэкцыі паводзін чалавека ў адносінах да навакольнага асяроддзя Б. Команер сфармуляваў чатыры законы (мал. 207).

img
Мал. 206. Этапы ўспрымання чалавекам праблем навакольнага асяроддзя па Дж. М. Стайкасу
img
Мал. 207. Законы Б. Команера

Вырашэнне глабальных праблем з’яўляецца сёння актуальнай задачай для ўсяго чалавецтва. Ад таго, калі і як яны пачнуць выкараняцца, залежыць выжыванне людзей. Можна вызначыць наступныя шляхі вырашэння некаторых сучасных глабальных праблем чалавецтва (мал. 208).

img
Мал. 208. Шляхі вырашэння некаторых сучасных глабальных праблем чалавецтва

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб знаўцаў-географаў. Ваенныя выдаткі ў цэлым складаюць цяпер больш за 6 % кошту сусветнай вытворчасці. У цяперашні час сума ваенных выдаткаў ЗША і Кітая — каля 1 трлн дол. ЗША ў год. Гэта ў 5 разоў больш выдаткаў, патрэбных на ахову навакольнага асяроддзя, і ў 2 разы больш сумы, неабходнай для аднаўлення парушанага прыродна-рэсурснага патэнцыялу біясферы Зямлі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. У сцэнарным прагнозе АЭСР «Перспектывы навакольнага асяроддзя да 2050 года» прапанаваны меры, якія павінна распачаць сусветная супольнасць для захавання навакольнага асяроддзя. Натуральна, яны павінны быць адаптаваныя краінамі пад свой узровень развіцця, забяспечанасць прыроднымі рэсурсамі і экалагічную нагрузку. Але існуюць і агульныя падыходы (мал. 208-1).

img
Мал. 208-1. Меры, якія павінна ажыццявіць сусветная супольнасць для захавання навакольнага асяроддзя

iconПаразважаем. Чаму розным краінам неабходна выкарыстоўваць адзіныя падыходы для захавання навакольнага асяроддзя?

Гуманітарна-экалагічны падыход і яго значэнне ў вырашэнні глабальных праблем. Ахова прыроды павінна адпавядаць прынцыпу разумнай дастатковасці і дапушчальнай рызыкі. Любыя дзеянні чалавека не павінны служыць прычынай сацыяльна-эканамічных і геаэкалагічных катастроф, якія могуць прывесці да гібелі чалавецтва. Але ўсё ўлічыць немагчыма. Гэта абумоўлена складанасцю прыродных сістэм, іх унікальнасцю, непазбежнасцю прыродных ланцуговых рэакцый, характар і напрамак якіх цяжка прадказаць. Інфармацыя пры правядзенні мерапрыемстваў па пераўтварэнні прыроды часта недастатковая, не дазваляе прадбачыць усе магчымыя вынікі. Асабліва гэта актуальна для доўгачасовага прагназавання змяненняў прыроднага асяроддзя.

Тысячагоддзямі ўсе актыўныя дзеянні чалавецтва былі накіраваныя на пераўтварэнне прыроды. Людзі не стварылі механізм, які б дазволіў ім арганічна суіснаваць з прыродай, наадварот, рабілі ўсё, каб «падняцца» над ёю, «перамагчы» яе. У цяперашні час чалавецтва пачынае разумець, што такое стаўленне да прыроды згубна для яго, таму прымае меры па аптымізацыі свайго ўзаемадзеяння з прыродай. Для большасці людзей становіцца відавочным, што напрамкі і маштабы чалавечай дзейнасці ў прыродным асяроддзі павінны быць абмежаваныя і пастаўленыя пад эфектыўны экалагічны кантроль.

Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна адбывацца з пазіцый гуманітарна-экалагічнага падыходу. Ён грунтуецца на прынцыпах рацыянальнага прыродакарыстання, прыярытэту інтарэсаў чалавека і аптымізацыі асяроддзя яго жыццядзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.

icon Падвядзём вынікі. Глабальныя праблемы з’яўляюцца вынікам супярэчнасцей … развіцця. Усе глабальныя праблемы знаходзяцца ў складанай … і … . Пераважная большасць выпадкаў значнага ўмяшання чалавека ў … асяроддзе прыводзіць да … наступстваў. Гуманітарна-экалагічны падыход грунтуецца на прынцыпах … прыродакарыстання, прыярытэту інтарэсаў … і аптымізацыі … яго жыццядзейнасці з улікам … абмежаванняў.

icon Праверым свае веды. 1. Як узнікаюць глабальныя праблемы чалавецтва? Прывядзіце прыклады. 2. Пры якіх умовах глабальныя праблемы могуць стаць рэгіянальнымі або лакальнымі? 3. У чым сутнасць прынцыпу разумнай дастатковасці і дапушчальнай рызыкі пры ахове прыроды?

icon Ад простага да складанага. 1. Як адна глабальная праблема можа справакаваць узнікненне іншай глабальнай праблемы? Прывядзіце прыклады. 2. Якія меры неабходна прыняць чалавецтву для вырашэння глабальных праблем? 3. Чаму глабальныя праблемы чалавецтва мэтазгодна вырашаць з пазіцый гуманітарнаэкалагічнага падыходу?

icon Ад тэорыі да практыкі. Прапануйце комплекс мер па вырашэнні адной з глабальных праблем чалавецтва (на ваш выбар).

icon

Web-ресурсы.
Праграма ААН па навакольным асяроддзі.

Сайт ПРААН. Праграма развіцця ААН.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Прыродныя рашэнні.