Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 24. ГЕАПАЛІТЫЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ХХІ СТ., ІХ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ

Дынаміка палітычнай карты свету ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.

icon
Успамінаем. Што такое дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія змены характэрны для палітычнай карты свету? Якія пытанні складаюць сферу інтарэсаў палітычнай геаграфіі і геапалітыкі?

Рухаючыя сілы змяненняў на палітычнай карце свету ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. За перыяд з канца ХХ ст. на палітычнай карце свету стала больш краін і колькасць дзяржаўных меж павялічылася.

img
Мал. 177-1. Лагатып Арганізацыі Варшаўскага дагавора

На ход змяненняў на палітычнай карце свету ў канцы ХХ ст. паўплываў шэраг важных палітычных падзей. Першай з іх варта назваць аб’яднанне Федэратыўнай Рэспублікі Германія (ФРГ) і Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) у 1990 г. На далучаных тэрыторыях ГДР была ўведзена ў дзеянне канстытуцыя ФРГ 1949 г. 14 кастрычніка 1990 г. у склад ФРГ увайшлі пяць зноў утвораных зямель былой ГДР: Брандэнбург, Мекленбург —Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Анхальт, Цюрынгія і тэрыторыя Берліна.

Наступным важным геапалітычным крокам стала спыненне ў 1991 г. дзейнасці Арганізацыі Варшаўскага дагавора (АВД) і Савета эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ).

iconКлуб знаўцаў-географаў. Варшаўскі дагавор (афіцыйна — Дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе) быў падпісаны 14 мая 1955 г. У 1985 г. дагавор быў працягнуты на 20 гадоў. Ён азначаў стварэнне ваеннага саюза сацыялістычных дзяржаў у Еўропе — Арганізацыі Варшаўскага дагавора. У яго ўвайшлі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія (мал.177-1).
Дагавор заключаўся з мэтай падтрымання міру ў Еўропе на аснове суверэнітэту дзяржаў і неўмяшання ў іх унутраныя справы. Прадугледжваў узаемную абарону і ваенную дапамогу ў выпадку нападу на адну з краін-удзельніц. Мовай камандавання была руская. Уся асноўная дакументацыя АВД рыхтавалася на рускай мове. Арганізацыя Варшаўскага дагавора праіснавала да 1 ліпеня 1991 г.

img
Мал. 177-2. Лагатып Савета эканамічнай узаемадапамогі

Гэта стала сведчаннем распаду сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Распаду папярэднічалі рэвалюцыі, палітычныя і эканамічныя рэформы ў Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі і Албаніі ў 1989–1990 гг.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Савет эканамічнай узаемадапамогі — міжурадавая эканамічная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1949–1991 гг. (мал.177-2). Створана па рашэнні эканамічнай нарады прадстаўнікоў Албаніі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі. Штаб-кватэра СЭУ знаходзілася ў Маскве. З’яўленне СЭУ аказалася запатрабаваным у перыяд станаўлення сусветнай сістэмы сацыялізму. Афіцыйная задача СЭУ заключалася ў садзейнічанні шляхам аб’яднання і каардынацыі намаганняў краін — членаў арганізацыі паглыбленню і ўдасканаленню эканамічнага супрацоўніцтва, планамернаму развіццю іх эканомік, паскарэнню эканамічнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу, выраўноўванню ўзроўняў эканамічнага развіцця.

Адной з ключавых геапалітычных падзей, якая паўплывала на змяненне палітычнай карты свету, стаў распад СССР у 1991 г. Гэта найважнейшая палітычная падзея ХХ ст. прывяла да глабальных змен у свеце.

iconСвет і Беларусь. Як змянілася эканамічна-геаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь пасля распаду СССР?

Свет пасля распаду СССР не стаў больш стабільным і колькасць сур’ёзных праблем не зменшылася. Наадварот, рост тэрарыстычнай актыўнасці і рэлігійнага экстрэмізму стаў новай глабальнай праблемай. Акрамя таго, адбылося павелічэнне колькасці ядзерных дзяржаў.

1993 г. увайшоў у гісторыю як год пераўтварэння Еўрапейскага эканамічнага саюза ў Еўрапейскі саюз. Гэта падзея пацягнула за сабой зняцце дзяржаўных меж у рамках адзінай еўрапейскай эканамічнай прасторы.

iconПаразважаем. Колькі дзяржаў у цяперашні час уваходзяць у Еўрапейскі саюз?

Змена палітычных рэжымаў, змяненне палітычнага статусу тэрыторый у выніку вызвалення ад каланіяльнай залежнасці, змяненне меж, сталіц дзяржаў былі таксама тымі рухаючымі сіламі, якія прывялі да змяненняў на палітычный карце свету.

Колькасныя і якасныя змены на палітычнай карце свету ў ХХІ ст. Апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. было адзначана надзвычайнай дынамічнасцю палітычнай карты свету. У ім практычна кожны год адбываліся важныя геапалітычныя працэсы.

У 1990 г. атрымала незалежнасць самая вялікая па плошчы і колькасці насельніцтва несамакіравальная тэрыторыя — Намібія. У выніку аб’яднання Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Емен і Еменскай Арабскай Рэспублікі была абвешчаная Еменская Рэспубліка. У гэтым жа годзе аб’ядналіся падзеленыя з 1949 г. ГДР і ФРГ (мал. 177-3). Была таксама дадзена незалежнасць Федэратыўным Штатам Мікранезіі і Рэспубліцы Маршалавы Астравы.

img
Мал. 177-3. Масавыя мерапрыемствы ў Берліне ў сувязі з аб’яднаннем Германіі

1991 і 1992 гг. звязаны з распадамі дзяржаў і іх колькасным павелічэннем на палітычнай карце свету. У 1991 г. у выніку распаду СССР утварылася 15 незалежных дзяржаў. У 1992 г. распалася Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія і ўтварыліся Саюзная Рэспубліка Югаславія (у яе ўваходзілі Сербія і Чарнагорыя), Харватыя, Славенія, Македонія, Боснія і Герцагавіна.

У 1993 г. утварыліся самастойныя дзяржавы Чэшская Рэспубліка і Славацкая Рэспубліка, якія раней уваходзілі ў федэрацыю Чэхаславакія. З’явілася новая дзяржава Эрытрэя (правінцыя Эфіопіі на беразе Чырвонага мора, якая аддзялілася). Камбоджа змяніла форму дзяржаўнага кіравання і стала канстытуцыйнай манархіяй.

У 1994 г. была спыненая апека ЗША над Палау і ўтварылася незалежная дзяржава Рэспубліка Палау. У 1997 г. Рэспубліка Заір змяніла назву і стала называцца Дэмакратычная Рэспубліка Конга (ДР Конга), а дзяржава Заходняе Самоа стала называцца Самоа. У гэтым жа годзе Ганконг, які быў на працягу 99 гадоў калоніяй Вялікабрытаніі, перайшоў пад кантроль Кітая. У 1998 г. Суверэнная Дэмакратычная Рэспубліка Фіджы стала называцца Рэспублікай Астравоў Фіджы, а Эфіопія стала федэратыўнай рэспублікай.

1999 г. быў звязаны з пераходам пад кантроль Кітая партугальскай калоніі Макаа (Аамынь).

ХХІ ст. прыняло эстафету па стварэнні маладых краін. Пачатак новай эпохі адзначыўся ўтварэннем новых дзяржаў.

1 студзеня 2001 г. на планеце налічвалася 227 самастойных палітыка-тэрытарыяльных адзінак (незалежныя дзяржавы і каланіяльныя ўладанні), тады як роўна сто гадоў таму — 199.

У канцы ХХ ст. незалежных дзяржаў было ў тры разы больш, чым у яго пачатку (адпаведна 193 і 61). У 2002 г. была абвешчаная незалежнасць Усходняга Тымора — былой партугальскай калоніі, акупаванай войскамі Інданезіі. Саюзная Рэспубліка Югаславія стала называцца Сербіяй і Чарнагорыяй. У 2006 г. па выніках рэферэндуму была абвешчаная незалежнасць Чарнагорыі. У 2007 г. часовы парламент абвясціў Непал федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікай.

Да 2010 г. Кюрасао і Сінт-Мартэн належалі да групы Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Але ў выніку пагаднення сталі самакіравальнымі дзяржавамі са значнай аўтаноміяй у складзе Каралеўства Нідэрландаў. Гэта значыць, што за знешнюю палітыку і абарону астравоў адказнасць будуць несці Нідэрланды.

У 2011 г. на палітычнай карце свету з’явілася дзяржава Рэспубліка Паўднёвы Судан у выніку працяглай грамадзянскай вайны і аддзялення часткі тэрыторыі ад Судана.

У пачатку ХХІ ст. былі ўтвораны таксама дзяржавы са статусам часткова прызнаных або непрызнаных міжнароднай супольнасцю і ААН.

Так, у 1990 г. у выніку аддзялення ад Грузіі была ўтворана дзяржава Рэспубліка Паўднёвая Асеція, якая з’яўляецца часткова прызнанай. Пытанне аб міжнародна-прававым статусе Паўднёвай Асеціі застаецца спрэчным. У 1994 г. у выніку выхаду з Грузіі была ўтворана дзяржава Рэспубліка Абхазія, якая таксама часткова прызнаная. У 2008 г. Косава ў аднабаковым парадку абвясціла аб незалежнасці ад Сербіі. Дзяржава прызнана не ўсімі краінамі.

Апошнімі змяненнямі на палітычнай карце свету сталі два перайменаванні ў 2019 г. — Рэспублікі Македонія ў Рэспубліку Паўночная Македонія і сталіцы Казахстана г. Астана ў г. Нур-Султан.