Печатать книгуПечатать книгу

§ 21. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

icon
Успамінаем. Якія віды мінеральных рэсурсаў вычарпальныя і неаднаўляльныя? Што такое альтэрнатыўныя крыніцы энергіі? Як за апошнія паўстагоддзя змяніліся аб’ёмы здабычы мінеральных рэсурсаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Ці будзе ў бліжэйшы час істотна павялічаны аб’ём здабычы асноўных карысных выкапняў? Якім чынам можна паменшыць аб’ём спажывання мінеральных рэсурсаў у межах адной краіны? Чаму ўсім краінам свету неабходна вырашаць праблему вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў разам?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 21. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 08:45

Дынаміка, геаграфія і аб’ёмы спажывання мінеральна-сыравінных рэсурсаў у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Устойлівае мінеральна-сыравіннае забеспячэнне прамысловасці свету звязана з неабходнасцю ўзмацнення разведкі запасаў, папаўнення выбываючых і стварэння новых горназдабываючых магутнасцей. У свеце па меры развіцця індустрыялізацыі і ўкаранення НТП у асваенне мінеральна-сыравінных рэсурсаў адбываецца рост іх спажывання.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Прыродныя багацці выступаюць рэсурсам у тым выпадку, калі ўзнікае патрэба іх выкарыстання. Напрыклад, нафта была вядомая як гаручае рэчыва яшчэ за 600 гадоў да нашай эры, але ў якасці паліўнай сыравіны ў прамысловых маштабах яе пачалі распрацоўваць толькі з 60-х гг. XIX ст. Да другой паловы XX ст. нафта на шэльфе Сусветнага акіяна таксама не разглядалася рэсурсам, таму што не было тэхнікі для яе здабывання. Толькі ў 1940-х гг. упершыню на акваторыях (возера Маракайба ў Венесуэле, Каспійскае мора ў СССР) нафта пачала распрацоўвацца ў прамысловых маштабах і нафтавыя залежы мелкаводных зон мораў і акіянаў набылі рэсурснае значэнне.

Паводле ацэнак спецыялістаў, пры захаванні сучасных тэмпаў здабычы і спажывання разведаныя запасы будуць вычарпаныя: нафты — праз 30 гадоў, прыроднага газу — праз 50 гадоў, вугалю — праз 200 гадоў.

У XX і XXI стст. спажыванне асноўных мінеральна-сыравінных рэсурсаў прыкметна паскорылася, у значнай ступені за кошт змяненняў у выкарыстанні энергетычнай базы сусветнай гаспадаркі. Маштаб іх сумарнага спажывання ў 2015 г. наблізіўся да 90 млрд т, што ў 20 разоў вышэй за спажыванне ў 1900 г. Пры захаванні існуючых тэндэнцый здабыча прыродных рэсурсаў падвоіцца і да 2050 г. вырасце да 180–186 млрд т.

За перыяд 1965–2018 гг. спажыванне нафты ў свеце павялічылася практычна ў тры разы — з 1,5 да 4,5 млрд т (мал. 151) і апярэджвае аб’ёмы сусветнай здабычы. Сярэднесусветныя тэмпы росту спажывання нафты складаюць у XXI ст. 1 % у год, але пры гэтым істотна адрозніваюцца паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца.

img
Мал. 151. Дынаміка аб’ёмаў спажывання нафты (млрд т), прыроднага газу (млрд м3) і вугалю (млн т нафтавага эквіваленту) у свеце

icon Клуб географаў-знаўцаў. Тона нафтавага эквіваленту (Tonne of Oil Equivalent) — адзінка вымярэння энергіі, якая шырока выкарыстоўваецца Міжнародным энергетычным агенцтвам. Адпавядае колькасці энергіі, што выдзяляецца пры спальванні 1 т сырой (неачышчанай) нафты.

icon Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца сусветнымі лідарамі па здабычы нафты.

У большасці развітых краін адбываецца скарачэнне аб’ёмаў спажывання нафты, а тэмпы характарызуюцца адмоўнай дынамікай. Напрыклад, у Італіі, Іспаніі, Нідэрландах і шэрагу іншых краін у ХХІ ст. спажыванне нафты скарачаецца ў сярэднім на 2 % у год. У той жа час у Кітаі, Індыі, Бразіліі і іншых краінах, якія развіваюцца, адзначаецца хуткі рост аб’ёмаў спажывання, які перавышае 4 % у год. У сусветнай структуры спажывання найбольшая доля належыць ЗША (20 %), Кітаю (14 %) і Індыі (5 %) (мал. 152).

img
Мал. 152. Геаграфія спажывання нафты, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Паразважаем. Краінамі з самымі хуткімі тэмпамі росту спажывання нафты ў свеце (больш за 7 % у год) з’яўляюцца Катар і Аман. Якая прычына такога вялікага спажывання нафты ў гэтых краінах?

Спажыванне прыроднага газу ў свеце ў параўнанні з нафтай мае значна больш высокія значэнні. За перыяд 1965–2018 гг. яно вырасла больш чым у 6 разоў — з 631 млрд м3 да 3,8 трлн м3 пры штогадовых тэмпах 2,2 %.

У развітых краінах, як і ў сітуацыі з нафтай, назіраецца скарачэнне спажывання (у сярэднім на 1,5 % у год), у краінах, якія развіваюцца, — яго хуткі рост. Напрыклад, у Кітаі штогадовы рост спажывання прыроднага газу складае 13 %. У сусветнай структуры спажывання найбольшай доляй характарызуюцца ЗША (21 %), Расія (11 %) і Кітай (7 %) (мал. 153).

img
Мал. 153. Геаграфія спажывання прыроднага газу, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Свет і Беларусь. З якімі праблемамі сутыкаецца нафтаперапрацоўчая галіна ў Беларусі?

Спажыванне вугалю ў свеце вырасла ў параўнанні з 1965 г. у 3 разы — з 1,4 да 3,8 млрд т нафтавага эквіваленту. Штогадовыя тэмпы росту спажывання ў свеце складаюць 0,7 %. Калі ў развітых краінах адбываецца альбо запавольванне тэмпаў росту, альбо іх скарачэнне, то краіны, якія развіваюцца, інтэнсіўна нарошчваюць аб’ёмы спажывання. Кітай характарызуецца адным з самых высокіх паказчыкаў у свеце — 13 % у год.

У сусветнай структуры на Кітай прыпадае 51 % сусветнага спажывання. Другое месца займае Індыя (12 %), трэцяе — ЗША (8 %) (мал. 154).

img
Мал. 154. Геаграфія спажывання вугалю, млн т нафтавага эквіваленту, 2018 г.

icon Паразважаем. Выкарыстоўваючы веды, атрыманыя ў 10 класе, параўнайце геаграфію здабычы нафты, прыроднага газу і вугалю з геаграфіяй спажывання. Знайдзіце падабенствы і адрозненні.

img
Мал. 155. Вядучыя краіны па аб’ёмах спажывання жалезнай руды, млн т, 2018 г.

Да металічнага мінеральнага рэсурсу, які аказвае вызначальны ўплыў на развіццё сусветнай прамысловасці, адносіцца жалезная руда. У сувязі з бурным ростам галін цяжкай прамысловасці з высокай металаёмкасцю яе спажыванне няўхільна расце. Аб’ёмы спажывання жалезнай руды ў свеце, па даных за 2018 г., склалі 2,2 млрд т. З іх больш за 75 % прыпадае на краіны Азіі. У сусветнай структуры першае месца па аб’ёмах спажывання займае Кітай — каля 1,2 млрд т, або 54 % (мал. 155).

icon Свет і Беларусь. Што з’яўляецца сыравінай для прадпрыемстваў чорнай металургіі Рэспублікі Беларусь?

Шляхі вырашэння праблемы вычарпанне мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Дэфіцыт мінеральных рэсурсаў прымушае чалавецтва рацыянальна іх выкарыстоўваць. Вялікае значэнне маюць рэсурсазберагальныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў вытворчасць і дазваляюць павялічваць тэмпы росту апрацоўчай прамысловасці без нарошчвання аб’ёмаў здабычы карысных выкапняў.

Значныя перспектывы ў сусветным рэсурсазабеспячэнні звязаны з пераходам да шырокага выкарыстання другаснай сыравіны, якая павінна стаць «новай сыравіннай базай» сусветнай гаспадаркі.

Экстэнсіўны шлях вырашэння праблемы звязаны з распрацоўкай новых радовішчаў карысных выкапняў з больш складанымі геалагічнымі ўмовамі залягання (мал. 156).

img
Мал. 156. Асваенне новых кар’ераў жалезных руд у Кітаі

Адным са шляхоў вырашэння праблемы вычарпання мінеральных рэсурсаў свету з’яўляецца іх рацыянальнае выкарыстанне. Пад ім разумеецца сістэма прыродакарыстання, пры якой дастаткова поўна прымяняюцца здабытыя мінеральныя рэсурсы, забяспечваецца аднаўленне рэсурсаў, цалкам і мнагакратна прымяняюцца адходы вытворчасці (гэта значыць арганізавана малаадходная або безадходная вытворчасць). Разам гэта дазваляе значна паменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя.

Рацыянальнае прыродакарыстанне прадугледжвае забеспячэнне эканомнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і ўмоў з улікам інтарэсаў будучых пакаленняў людзей. Яно характэрна для інтэнсіўнай гаспадаркі, якая развіваецца на аснове НТП і высокай прадукцыйнасці працы. Прыкладам рацыянальнага прыродакарыстання можа быць таксама і безадходная вытворчасць, у якой адходы поўнасцю перапрацоўваюцца. У выніку гэтага зніжаецца расход сыравіны і зводзіцца да мінімуму забруджванне навакольнага асяроддзя.

img
Мал. 157. Лагатып Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця 12

Адказнае спажыванне і вытворчасць. Адна з Мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця звязана з вырашэннем праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Гэта Мэта 12 — «Забеспячэнне пераходу да рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці» (мал. 157).

Павышаны ўзровень П1

Устойлівае спажыванне і вытворчасць прадугледжваюць стымуляванне эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і энергіі. Яны накіраваны на тое, каб «рабіць больш і лепш меншымі сродкамі» — за кошт скарачэння аб’ёму выкарыстання рэсурсаў пры адначасовым павышэнні якасці жыцця. Рэалізацыя гэтай мэты дапамагае паменшыць будучыя эканамічныя і экалагічныя выдаткі і павысіць эканамічную канкурэнтаздольнасць.

Для дасягнення гэтай мэты неабходна рашыць галоўныя задачы:

  • • рэалізаваць стратэгію дзеянняў па пераходзе да выкарыстання рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці з удзелам усіх краін, прычым першымі да яе павінны прыступіць развітыя краіны, і з улікам развіцця і патэнцыялу краін, якія развіваюцца;
  • • дабіцца да 2030 г. рацыянальнага асваення і эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

У ХХI ст. найважнейшымі напрамкамі ў галіне асваення мінеральнай сыравіны будуць:

  • – пераход ад экалагічна і сацыяльна небяспечных метадаў адкрытай і падземнай здабычы да геатэхналагічных (свідравіннай гідраздабычы, падземнага вылугоўвання, падземнай газіфікацыі вугалю, падземнай выплаўкі серы і інш.);
  • – стварэнне высокаэфектыўных тэхналогій комплекснай перапрацоўкі і ўскрыцця руд;
  • – распрацоўка комплексных безадходных замкнёных сістэм узбагачэння і атрымання канчатковых прадуктаў;
  • – стварэнне прынцыпова новых тэхналогій перапрацоўкі мінеральнай сыравіны з выкарыстаннем біяарганізмаў і інш.;
  • – асваенне новых глыбінных радовішч карысных выкапняў Сусветнага акіяна;
  • – выкарыстанне ў прамысловай вытворчасці нетрадыцыйных відаў паліўна-энергетычных рэсурсаў (энергіі ветру, сонца, прыліваў / адліваў і інш.).

Такім чынам, за кошт апераджальных навукова-тэхналагічных распрацовак у другой палове ХХІ ст. чалавецтва зможа падысці да самазабеспячэння мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі.

icon Падвядзём вынікі. У XX і XXI стст. спажыванне асноўных мінеральна-сыравінных рэсурсаў ідзе паскоранымі тэмпамі. Аб’ёмы спажывання асноўных відаў мінеральна-сыравінных рэсурсаў скарачаюць … краіны, разам з тым краіны, якія …, нарошчваюць аб’ёмы іх спажывання. У мэтах рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў чалавецтва прымае пэўныя меры: …, …, … . Адным са шляхоў вырашэння праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў з’яўляецца іх … .

icon Праверым свае веды. 1. Якая сусветная тэндэнцыя здабычы энергетычных рэсурсаў? 2. У чым заключаецца інтэнсіўны шлях вырашэння праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў? 3. Апішыце сутнасць устойлівага спажывання і вытворчасці.

icon Ад простага да складанага. 1. Растлумачце значэнне словазлучэнняў «другасная сыравіна» і «матэрыялазберагальныя тэхналогіі». 2. Як вы разумееце адну з задач устойлівага спажывання і вытворчасці: «рабіць больш і лепш меншымі сродкамі»?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Кожны жылы дом, школа, магазін, офіс забяспечваюцца вадой, цяплом і электраэнергіяй. Апішыце, што ў вашым доме адпавядае стратэгіі рэсурсазберажэння. 2. Падрыхтуйце калаж «Інтэнсіўны шлях вырашэння праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў».

Павышаны ўзровень П2

icon

Web-ресурсы.
Матэрыялы па забеспячэнні пераходу да рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці.

Адкрытая школа Мэт у галіне ўстойлівага развіцця, раздзел «Мэта 12».

icon Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру і рэсурсы Інтэрнэта, зрабіце прэзентацыю «Геаграфія глыбінных радовішч карысных выкапняў Сусветнага акіяна».