Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Геаграфія запасаў мінеральнай сыравіны ў свеце. Групы краін па забяспечанасці сыравінай. Шэсць найбуйнейшых мінеральна-сыравінных дзяржаў забяспечваюць больш за 2/3 сусветнай вытворчасці гарнаруднай прадукцыі: 1-емесца займаюць ЗША, 2-е — КНР, 3-4-е — Аўстралія і ПАР, 5-6-е — Расійская Федэрацыя і Канада.

У канцы ХХ ст. была ўстаноўленая ступень забяспечанасці дзяржаў разведанымі запасамі карысных выкапняў. Па гэтай прымеце ўсе краіны свету былі раздзеленыя на пяць груп.

1. Краіны, якія маюць буйны мінеральна-сыравінны патэнцыял, прычым у значнай ступені ўжо асвоены прамысловасцю. Гэта Кітай, ЗША, Аўстралія, Канада, Расія, Індыя, ПАР, Бразілія.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія валодаюць буйным мінеральна-сыравінным патэнцыялам.

2. Краіны, якія валодаюць дастаткова добра развітой горназдабываючай прамысловасцю, але па абмежаванай колькасці відаў карысных выкапняў. Да іх адносяцца, напрыклад, Швецыя, Нарвегія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Польшча — у Еўропе; Мексіка, Чылі і Аргенціна — у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы; Іран, Інданезія, В’етнам, Манголія, Бірма — у Азіі; Нігерыя, ДР Конга, Алжыр, Марока — у Афрыцы.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія валодаюць добра развітой горназдабываючай прамысловасцю.

3. Краіны — манапалісты па адным відзе (або некалькіх відах) карысных выкапняў. Напрыклад: Іран, Кувейт, Саудаўская Аравія і іншыя нафтаздабываючыя дзяржавы Блізкага Усходу; Папуа — Новая Гвінея з унікальным медна-залатарудным радовішчам; Габон з буйнымі запасамі марганца; Ісландыя, якая валодае ўнікальным рэзервуарам геатэрмальнай энергіі.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца манапалістамі па адным відзе (або некалькіх відах) карысных выкапняў.

4. Краіны з абмежаванымі мінеральнымі рэсурсамі — многія дзяржавы Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Афрыкі, Азіі, Амерыкі.

5. Краіны практычна без разведаных запасаў карысных выкапняў, акрамя агульнараспаўсюджаных. У іх ліку: а) краіны без уласнай горна-перапрацоўчай прамысловасці (Нідэрланды, Італія, Рэспубліка Карэя); б) краіны, якія цалкам імпартуюць мінеральную сыравіну, перапрацоўваюць яе і затым рээкспартуюць гатовую прадукцыю (Японія, Бельгія, Сінгапур і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце краіны з абмежаванымі мінеральнымі рэсурсамі і краіны практычна без разведаных запасаў карысных выкапняў.

iconСвет і Беларусь. Да якой групы краін вы аднесяце Рэспубліку Беларусь?