Печатать книгуПечатать книгу

§ 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ

icon
Успамінаем. Якія дзяржавы свету валодаюць найбольшымі запасамі мінеральна-сыравінных рэсурсаў? Якая ўзаемасувязь існуе паміж узроўнем эканамічнага развіцця і запасамі мінеральна-сыравінных рэсурсаў? Якія праблемы, звязаныя з мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі, існуюць у цяперашні час?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Для чаго неабходны мінеральна-сыравінныя рэсурсы? Якія мінеральна-сыравінныя рэсурсы знаходзяцца на мяжы вычарпання сваіх запасаў? У чым заключаюцца асаблівасці развіцця горназдабываючай прамысловасці свету?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 20-1. АСАБЛІВАСЦІ ГЕАГРАФІІ І РАЗВІЦЦЯ ГОРНАЗДАБЫВАЮЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 04:15

Роля мінеральна-сыравінных рэсурсаў у прамысловасці. Мінеральна-сыравінныя рэсурсы Зямлі складаюць аснову сучаснага існавання і развіцця чалавецтва. Мінеральна-сыравінныя рэсурсы ў нашы дні сталі адным з вядучых геапалітычных фактараў. Іх роля ў эканоміцы вядучых краін свету становіцца ўсё больш значнай, нягледзячы на глабалізацыю і неабходнасць устойлівага развіцця чалавецтва.

У эканоміцы любой краіны (у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у навуковых даследаваннях) прымяняецца больш за 100 са 110 элементаў, якія сустракаюцца ў прыродзе і атрымліваюцца штучна і ўтвараюць у сукупнасці больш за 4000 самастойных мінералаў і іх разнавіднасцей.

iconСвет і Беларусь. Запасы якіх мінеральна-сыравінных рэсурсаў ёсць у Рэспубліцы Беларусь?

У табліцы 13* прыведзены віды мінеральнай сыравіны, якія прымяняюцца ў сусветнай гаспадарцы.

Табліца 13*. Выкарыстанне мінеральнай сыравіны ў сусветнай гаспадарцы

Комплексы Мінеральныя кампаненты
Галоўныя Дапаможныя
I. Паліўна-энергетычны Нафта, газ, вугаль, гаручыя сланцы, торф, уран, торый, геатэрмальная энергія, біяэнергетыка, энергія рэк, мораў і акіянаў, энергія ветру, сонечная і касмічная энергія Сера, рэдкія металы і рассеяныя элементы
II. Металургічны Чорныя, каляровыя, рэдкія і легіравальныя металы, рэдказямельныя і рассеяныя элементы Сера, апатыты, флюарыт, барыт, слюда
III. Аграхімічны Фасфаты, калійныя солі, нітраты, сера, карбанаты, цэаліты, бентаніты Рэдкія металы і рассеяныя элементы, будаўнічыя матэрыялы
IV. Водагаспадарчы Воды, расолы, ёд, бром, стронцый, россыпы цяжкіх металаў Рэдкія металы, сапрапель, торф, вівіяніты, солі магнію, калію
V. Тэхнагенны комплекс і сінтэтычныя матэрыялы Адвалы бедных руд і раскрыўных парод, вугальныя тэрыконы, хвасты (адходы ўзбагачэння) руд, штучныя кварцы і алмазы Металургічныя шлакі, другасная сыравіна, штучная самацветная сыравіна
VI. Валютны мінеральны комплекс Золата, срэбра, плаціноіды, алмазы, каштоўныя камяні Вырабныя і паўкаштоўныя камяні

iconСвет і Беларусь. Якое паходжанне маюць мінеральна-сыравінныя рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь? У межах якой тэктанічнай структуры адзначаецца найбольшая колькасць радовішч карысных выкапняў?

iconКлуб знаўцаў-географаў. У канцы 80-х гг. XX ст. савецкія навукоўцы выявілі павялічаныя ў параўнанні з іншымі абласцямі паказчыкі захворвання інфекцыйнымі хваробамі сярод жыхароў Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пасля шматлікіх скарг было ініцыіравана спецыяльнае даследаванне. У выніку медыкі ўстанавілі прычыну, па якой у жыхароў рэгіёна значна аслабляецца імунітэт. І такой прычынай аказалася Курская магнітная анамалія.

Геаграфія запасаў мінеральнай сыравіны ў свеце. Групы краін па забяспечанасці сыравінай. Шэсць найбуйнейшых мінеральна-сыравінных дзяржаў забяспечваюць больш за 2/3 сусветнай вытворчасці гарнаруднай прадукцыі: 1-емесца займаюць ЗША, 2-е — КНР, 3-4-е — Аўстралія і ПАР, 5-6-е — Расійская Федэрацыя і Канада.

У канцы ХХ ст. была ўстаноўленая ступень забяспечанасці дзяржаў разведанымі запасамі карысных выкапняў. Па гэтай прымеце ўсе краіны свету былі раздзеленыя на пяць груп.

1. Краіны, якія маюць буйны мінеральна-сыравінны патэнцыял, прычым у значнай ступені ўжо асвоены прамысловасцю. Гэта Кітай, ЗША, Аўстралія, Канада, Расія, Індыя, ПАР, Бразілія.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія валодаюць буйным мінеральна-сыравінным патэнцыялам.

2. Краіны, якія валодаюць дастаткова добра развітой горназдабываючай прамысловасцю, але па абмежаванай колькасці відаў карысных выкапняў. Да іх адносяцца, напрыклад, Швецыя, Нарвегія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Польшча — у Еўропе; Мексіка, Чылі і Аргенціна — у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы; Іран, Інданезія, В’етнам, Манголія, Бірма — у Азіі; Нігерыя, ДР Конга, Алжыр, Марока — у Афрыцы.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія валодаюць добра развітой горназдабываючай прамысловасцю.

3. Краіны — манапалісты па адным відзе (або некалькіх відах) карысных выкапняў. Напрыклад: Іран, Кувейт, Саудаўская Аравія і іншыя нафтаздабываючыя дзяржавы Блізкага Усходу; Папуа — Новая Гвінея з унікальным медна-залатарудным радовішчам; Габон з буйнымі запасамі марганца; Ісландыя, якая валодае ўнікальным рэзервуарам геатэрмальнай энергіі.

iconПапрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны, якія з’яўляюцца манапалістамі па адным відзе (або некалькіх відах) карысных выкапняў.

4. Краіны з абмежаванымі мінеральнымі рэсурсамі — многія дзяржавы Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Афрыкі, Азіі, Амерыкі.

5. Краіны практычна без разведаных запасаў карысных выкапняў, акрамя агульнараспаўсюджаных. У іх ліку: а) краіны без уласнай горна-перапрацоўчай прамысловасці (Нідэрланды, Італія, Рэспубліка Карэя); б) краіны, якія цалкам імпартуюць мінеральную сыравіну, перапрацоўваюць яе і затым рээкспартуюць гатовую прадукцыю (Японія, Бельгія, Сінгапур і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце краіны з абмежаванымі мінеральнымі рэсурсамі і краіны практычна без разведаных запасаў карысных выкапняў.

iconСвет і Беларусь. Да якой групы краін вы аднесяце Рэспубліку Беларусь?

Мінеральна-сыравінныя рэсурсы вядучых краін свету. Усе вядучыя развітыя дзяржавы свету, а таксама Кітай і Расія ўваходзяць у спіс галоўных сыравінных дзяржаў свету, паколькі іх уклад у агульнасусветную здабычу карысных выкапняў і ў вытворчасць з іх сыравіннай прадукцыі вельмі высокі.

Галіны цяжкай прамысловасці ЗША, краін ЕС і Японіі, нягледзячы на постіндустрыяльную стадыю развіцця, займаюць вядучыя пазіцыі ў свеце па вытворчасці чорных і каляровых металаў. Пры гэтым дадзеныя краіны ў асноўным працуюць на імпартнай сыравіне, у той час як Кітай і Расія, а таксама іншыя краіны, якія развіваюцца, у максімальнай ступені выкарыстоўваюць уласную мінеральна-сыравінную базу.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Пасля Другой сусветнай вайны прамысловасць Японіі знаходзілася ў крызісным стане. Але ўжо пачынаючы з 1950-х гг. урадам быў узяты курс на развіццё многіх галін з упорам на будаўніцтва прадпрыемстваў з прымяненнем самых навейшых на той момант тэхналогій. Першапачаткова металургічныя камбінаты Японіі камплектаваліся выключна імпартным абсталяваннем, толькі паступова, з развіццём уласнага машынабудавання, японцы пачалі прымяняць сваю тэхніку, прычым яна была шмат у чым лепшай за замежныя аналагі.
У сувязі з тым што Японія практычна не мае сваіх сыравінных рэсурсаў, была распрацаваная стратэгія развіцця металургічнага комплексу, асноўным напрамкам якой стала энерга- і рэсурсазберажэнне. У гэтай сферы пачалі прымяняцца розныя інавацыйныя рашэнні, якія дазволілі больш чым на трэць знізіць спажыванне электраэнергіі металургічнымі прадпрыемствамі.

Сусветныя радовішчы-гіганты. Агульнай тэндэнцыяй у сусветным мінеральна-сыравінным комплексе ў цяперашні час з’яўляецца нацэленасць на радовішчы-гіганты. Усяго вядома 486 рудных гігантаў і 61 супергігант у 446 раёнах свету. У іх лік уваходзяць 103 радовішчы медзі, 99 — золата, 55 — свінцу, 41 — малібдэну, 24 — сурмы, 22 — волава. Сусветную вытворчасць руд забяспечваюць 1500 буйных і звышбуйных радовішч, што складае толькі 0,5 % ад іх агульнай колькасці.

Па даных экспертаў ААН, каля 63 % запасаў рудных карысных выкапняў сканцэнтравана ў буйных і звышбуйных радовішчах, а іх колькасць складае не больш за 10 % ад агульнай колькасці.

iconПаразважаем. Ці прывядзе павелічэнне колькасці радовішч-гігантаў і іх распрацоўка да хуткага вычарпання мінеральных рэсурсаў?

Прыкладам радовішч-гігантаў служыць канадскае радовішча Саліван з поліметалічнымі рудамі, размешчанае ў горным ланцугу Персэл.

Раён Мазер-Лод у Каліфорніі даўжынёй 190 км пры шырыні да 1,6 км, які распасціраецца ў заходняга падножжа Сьера-Невады, мае больш за 40 руднікоў, што распрацоўвалі золата-кварц-сульфідную руду.

Радовішчам-гігантам храмітавых руд з’яўляецца Бушвельдскі масіў (ПАР) з запасамі ў 3 млрд т (мал. 139-5).

Канец XIX ст. адзначыўся адкрыццём радовішч золата на Юконе і Алясцы. Радовішча золата Кландайк у Канадзе (мал. 139-6), якое стала хадзячай назвай, перажыло бурны васьмігадовы ўздым (1898–1906 гг.) і дало за гэты перыяд 150 т золата. Кульмінацыйным стаў 1900 г.: было намыта 33,5 т золата.

img
Мал. 139-5. Радовішча-гігант храмітавых руд Бушвельдскі масіў, ПАР
img
Мал. 139-6. Здабыча золата ў Кландайку, Канада

Найбуйнейшым радовішчам-гігантам золата з утрыманнем урану з’яўляецца Вітватэрсранд. Яно знаходзіцца ў ПАР, на паўднёвы захад ад Іаганэсбурга, на тэрыторыі скасаванай правінцыі Трансвааль (мал. 139-7). У радовішчы атрымліваюць ад 25 да 50 % здабываемага ў свеце золата. Адкрыццё багатага радовішча золата на Вітватэрсрандзе адбылося ў 1886 г., што праз некалькі гадоў прывяло да пачатку залатой ліхаманкі. Прамысловая здабыча золата пачалася з 1952 г.

img
Мал. 139-7. Радовішча-гігант золата Вітватэрсранд, ПАР

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце найбуйнейшыя радовішчы золота на карце.

Радовішчамі-гігантамі нафты ў свеце з’яўляюцца: Аль-Гавар (Саудаўская Аравія, запасы — 12 млрд т), Вялікі Бурган (Кувейт, запасы — 11 млрд т), Балівар Костал (Венесуэла, запасы — 8,3 млрд т).

Сярод газавых радовішчаў-гігантаў трэба назваць Паўднёвы Парс (Іран, запасы — 14,2 трлн м3) (мал. 139-8), Галкыныш (Туркменістан, запасы — 26,2 трлн м3).

img
Мал. 139-8. Платформа газавага радовішча Паўднёвы Парс, Іран

Радовішчы-гіганты здольны забяспечыць максімальную стабільнасць і ўстойлівае развіццё сусветнай эканомікі.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карте радовішчы-гіганты нафты.

Геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці развіцця горназдабываючай прамысловасці. Першыя дакументальныя ўспаміны пра развіццё горназдабываючай галіны былі знойдзены ў старажытных летапісах. Адной з самых тэхнічна развітых краін у гэтым плане быў Егіпет.

Вялікі прарыў у сусветнай горназдабываючай прамысловасці адбыўся ў XV–XVI стст., калі мадэрнізаваліся спосабы здабычы карысных выкапняў. Да гэтага часу вяліся толькі паверхневыя распрацоўкі радовішчаў, але яны хутка спусташаліся. Быў вынайдзены конны прывод (мал. 139-9) — першая ў свеце тэхніка, якая не мела патрэбу ў чалавечай працы. Але галоўным прарывам з’явілася выкарыстанне вады як рухаючай сілы. Дзякуючы гэтаму руднікі сталі дасягаць глыбіні ў 150 м. У той час гэта было вялікае дасягненне.

img
Мал. 139-9. Горназдабываючая прамысловасць з выкарыстаннем коннага прывода

Горназдабываючая прамысловасць з’яўляецца адной з вядучых галін глабальнай эканомікі. Па даных брытанскай газеты «Financial Times», гэтая галіна традыцыйна займае 5-е месца ў свеце па даходах услед за банкаўскім сектарам, нафтагазавай, фармацэўтычнай і камп’ютарнай прамысловасцю. Ні адна краіна свету не валодае поўным наборам усіх відаў мінеральнай сыравіны. Аднак вылучаецца некалькі краін з найбольшай колькасцю відаў здабываемых мінеральных рэсурсаў (мал. 139-10).

img
Мал. 139-10. Краіны — лідары ў свеце па колькасці здабываемых мінеральных рэсурсаў, адзінкі

Асноўным спажыўцом прадукцыі сусветнай горназдабываючай прамысловасці з’яўляецца Кітай.

Некаторыя высокаразвітыя краіны (напрыклад, ЗША, Канада, Аўстралія) валодаюць буйнымі запасамі карысных выкапняў, з’яўляюцца нават сусветнымі лідарамі па здабычы асобных відаў сыравінных рэсурсаў. Тым не менш у развітых краінах доля здабываючых галін ва ўсёй прамысловай вытворчасці ў сярэднім складае 2 %, а ў краінах, якія развіваюцца, — 14 %.

Найбуйнейшымі ТНК у горназдабываючай прамысловасці з’яўляюцца BHP Billiton (Аўстралія/Вялікабрытанія), Vale (Бразілія), Rio Tinto (Аўстралія/Вялікабрытанія) і China Shenhua Energy (Кітай).

icon Падвядзём вынікі. Мінеральна-сыравінныя рэсурсы ў нашы дні сталі адным з вядучых ... фактараў. Па ступені забяспечанасці карыснымі выкапнямі ўсе краіны свету падзеленыя на ... груп: ..., ..., ..., ..., ... . Вылучаюць радовішчы — ... і супергіганты. Горназдабываючая прамысловасць з’яўляецца адной з вядучых галін эканомікі.

icon Праверым свае веды. 1. Якая роля мінеральна-сыравінных рэсурсаў у жыцці грамадства? 2. Як адрозніваюцца паміж сабой краіны па ступені забяспечанасці мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі? 3. Якая ўзаемасувязь існуе паміж карыснымі выкапнямі і тэктанічнай структурай тэрыторыі, на якой яны ўтварыліся?

icon Ад простага да складанага. 1. Ці існуе ўзаемасувязь паміж забяспечанасцю мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі дзяржавы і яе пазіцыяй на сусветнай арэне? 2. Растлумачце значэнне выразу «залатая ліхаманка». 3. У якіх дзяржавах свету знаходзіцца найбольшая колькасць ТНК горназдабываючай прамысловасці?

icon Ад тэорыі да практыкі. Падрыхтуйце прэзентацыю «Найбуйнейшыя ТНК горназдабываючай прамысловасці».

icon

Web-рэсурсы.
Сайт ТНК BHP Billiton.

Сайт ТНК Rio Tinto.