Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 19. ХАРЧОВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КРАІН СВЕТУ І ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

Харчовае забеспячэнне насельніцтва краін свету. Харчовае забеспячэнне краін з’яўляецца важным фактарам сацыяльна-эканамічнага развіцця свету і ўплывае на нацыянальную бяспеку. Для ацэнкі забеспячэння харчаваннем краін выкарыстоўваюць некалькі паказчыкаў — запасы харчавання, аб’ём вытворчасці і гандаль харчаваннем.

Стварэнне запасаў харчавання ў краіне звязана ў асноўным з забеспячэннем бяспекі на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Збожжавыя рэзервы ствараюцца не толькі ў тых краінах, якія ў сваёй гісторыі сутыкаліся з голадам ці катастрофамі (напрыклад, тайфунамі, паводкамі і засухамі, грамадзянскімі войнамі). Часта гэта адбываецца ў рамках доўгатэрміновай палітыкі харчовай самазабяспечанасці.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Імкненне краін да харчовай самазабяспечанасці стала праяўляцца найбольш актыўна ў свеце ў перыяд глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу 2008 г. Гэта адбылося па прычыне ўвядзення абмежаванняў на экспарт прадуктаў харчавання развітымі краінамі. Вопыт 2008 г. пацвердзіў важнасць пшаніцы і рысу для забеспячэння харчовай бяспекі і ўмацаваў іх статус як палітычна важных сыравінных тавараў, неабходных для сацыяльнай стабільнасці. Стварэнне запасаў — дарагі працэс, паколькі ён патрабуе інвестыцый у будаўніцтва сховішчаў і складоў. Аднак вялікая колькасць дзяржаў мае запасы пшаніцы і рысу, нягледзячы на высокія затраты на іх стварэнне.

icon Свет і Беларусь. Якая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі?

Краіны свету, якія маюць запасы харчавання, можна падзяліць на тры групы ў залежнасці ад спосабу стварэння рэзерву (мал. 129).

img
Мал. 129. Групы краін па спосабах стварэння запасаў харчавання
img
Мал. 130. Дынаміка вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце, % да 2004 г.

Вытворчасць прадуктаў харчавання ў свеце характарызуецца ўстойлівай станоўчай дынамікай (мал. 130). Гэта звязана з ростам колькасці насельніцтва ў цэлым і ў краінах, якія развіваюцца, у прыватнасці. Усе краіны, дзе назіраюцца найбольш высокія тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання, з’яўляюцца краінамі, якія развіваюцца. Найбольшая колькасць такіх краін знаходзіцца ў Афрыцы. Па даных за 2017 г., краінамі з максімальнымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце былі Лаос, Бахрэйн і Сьера-Леонэ.

icon Паразважаем. Усе краіны з максімальнымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання з’яўляюцца краінамі, якія развіваюцца. Аднак узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця ў іх моцна адрозніваецца. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падумайце і назавіце асноўныя прычыны такога росту ў Лаосе, Бахрэйне і Сьера-Леонэ.

Вытворчасць прадуктаў харчавання на душу насельніцтва моцна адрозніваецца ў разрэзе рэгіёнаў і краін. У процівагу краінам, якія развіваюцца, развітыя краіны дэманструюць самыя высокія паказчыкі, што перавышаюць 1500 дол. у год (мал. 131).

img
Мал. 131. Вытворчасць прадуктаў харчавання на душу насельніцтва ў свеце, дол., 2018 г.

Міжнародны гандаль прадуктамі харчавання характарызуецца шэрагам асаблівасцей. Па-першае, у свеце назіраецца зніжэнне долі прадуктаў харчавання ў структуры экспарту. Па даных за 2018 г., гэты паказчык складае 8,5 %. Па-другое, у краінах, якія развіваюцца, захоўваецца высокая доля экспарту прадуктаў харчавання (больш за 70 %), што тлумачыцца монакультурный спецыялізацыяй краін. Напрыклад, у Кот-д’Івуары доля экспарту прадуктаў харчавання перавышае 65 %.

icon Папрацуем з атласам. Успомніце, на якой сельскагаспадарчай харчовай прадукцыі спецыялізуюцца ў міжнародным геаграфічным падзеле працы краіны Афрыкі. Пакажыце на карце гэтыя краіны.

Па-трэцяе, у свеце сфарміравалася група краін, якія на працягу апошніх гадоў лідзіруюць па экспарте і імпарце прадуктаў харчавання (мал. 132, 133). Перш за ўсё, гэта ЗША, Нідэрланды, Германія і Кітай.

img
Мал. 132. Краіны — лідары па аб’ёмах экспарту прадуктаў харчавання, млрд дол., 2017 г.
img
Мал. 133. Краіны — лідары па аб’ёмах імпарту прадуктаў харчавання, млрд дол., 2017 г.

icon Свет і Беларусь. Ацаніце становішча Рэспублікі Беларусь па экспарце і імпарце прадуктаў харчавання. Які аб’ём імпарту прадуктаў харчавання ў нашай краіне?