Print this chapterPrint this chapter

§ 18-1. СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА — НАЙВАЖНЕЙШЫ ФАКТАР ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ

Асноўныя фактары змяненняў у сельскай гаспадарцы свету і яе геаграфія з канца ХХ ст. Сучасная сельская гаспадарка свету і яе геаграфія зведалі істотныя змены з канца ХХ ст. Гэта звязана з некалькімі асноўнымі фактарамі, якія можна падзяліць на тры асноўныя групы: 1) дэмаграфічныя; 2) сацыяльна-эканамічныя; 3) навукова-тэхналагічныя. Уплыў гэтых фактараў разгледзім ніжэй.

Па-першае, у свеце па-ранейшаму сярод краін, якія развіваюцца, адбываюцца хуткі рост колькасці насельніцтва і павелічэнне тэмпаў яго росту. Найбольш высокімі тэмпамі ў гэтай групе краін расце гарадское насельніцтва.

iconПаразважаем. Чаму развітыя дзяржавы свету пры адносна невысокай долі сельскай гаспадаркі ў эканоміцы не адчуваюць дэфіцыту прадуктаў харчавання?

Высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва ў найбольш бедных краінах пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця не дазваляюць забяспечыць харчаваннем насельніцтва, што прыводзіць да галечы і голаду. У той жа час для развітых краін, краін з пераходнай эканомікай і некаторых краін, якія развіваюцца, характэрна старэнне насельніцтва. Гэта дэмаграфічная тэндэнцыя абумоўлівае змяненне структуры і аб’ёмаў спажывання прадуктаў харчавання.

iconПаразважаем. Як адрозніваецца рацыён спажываных прадуктаў харчавання ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца?

Па-другое, чалавецтва ўступіла ў постіндустрыяльную эпоху, што паўплывала на змяненне структуры вытворчасці і спажывання прадуктаў харчавання і дынаміку аб’ёмаў іх вытворчасці і спажывання.

iconКлуб знаўцаў-географаў. У апошнія дзесяцігоддзі рэжым харчавання сусветнага насельніцтва мяняецца. Дыяпазон спажываных імі прадуктаў харчавання пашыраецца, што мае як адмоўныя, так і станоўчыя наступствы. У шэрагу краін з нізкім узроўнем даходаў рацыён харчавання маламаёмасных груп насельніцтва ў асноўным складаецца са збожжавых або клубняплодаў, бедных пажыўнымі мікраэлементамі, паколькі менавіта гэтыя прадукты даступныя для іх з цэнавога пункту гледжання. Па меры росту даходаў хатніх гаспадарак аб’ём спажывання прадуктаў харчавання, якія ўваходзяць як у здаровы, так і ў нездаровы рацыён, звычайна павялічваецца. У хатніх гаспадарках з высокім узроўнем даходу, як правіла, радзей спажываюцца асноўныя збожжавыя і расце аб’ём спажываных садавіны і гародніны. Больш распаўсюджанай становіцца звычка перакусваць і харчавацца па-за домам, пры гэтым дома рыхтуецца менш ежы.

Па-трэцяе, рост узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця пераважна ў краінах, якія развіваюцца, прывёў да хуткага павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і спажывання прадуктаў харчавання.

Пад уздзеяннем попыту з 1961 па 2015 г. сусветная вытворчасць мяса павялічылася ў чатыры разы — з 71 да 292 млн т, вытворчасць малака вырасла больш чым у два разы — з 342 да 720 млн т, а вытворчасць яек узрасла з 15 да 69 млн т.

Адзначаецца імклівы рост спажывання прадукцыі жывёльнага паходжання (ПЖП) і раслінных алеяў. У краінах, якія развіваюцца, ПЖП і раслінныя алеі ў сукупнасці забяспечваюць 22 % агульнай каларыйнасці рацыёну.

iconСвет і Беларусь. Ці змяніўся рацыён харчавання грамадзян Рэспублікі Беларусь за апошняе дзесяцігоддзе?

Чакаецца, што да 2050 г. спажыванне ПЖП будзе расці, прычым больш высокімі тэмпамі ў краінах, якія развіваюцца. Спажыванне мяса ў свеце дасягне 49 кг на душу насельніцтва ў год (42 кг у краінах, якія развіваюцца, і 91 кг — у развітых краінах адпаведна), у той час як спажыванне малака і малочных прадуктаў у свеце дасягне 99 кг на душу насельніцтва ў год (76 кг у краінах, якія развіваюцца, і 222 кг — у развітых краінах адпаведна).

Па-чацвёртае, інтэнсіўнае развіццё НТП прывяло да з’яўлення новых тэхналогій у селекцыі і вытворчасці сельскагаспадарчых культур. У свеце хуткае развіццё атрымала вытворчасць геннамадыфікаваных сельскагаспадарчых культур. Разам з тым навейшыя тэхналогіі вырошчвання, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляюць знізіць залежнасць развіцця сельскай гаспадаркі ад прыродных фактараў.

Па-пятае, пераход чалавецтва да ўстойлівага развіцця з 1990-х гг. абумовіў змяненне падыходаў да выкарыстання зямель і сельскагаспадарчых угоддзяў, у прыватнасці да рацыянальнага прыродакарыстання на прынцыпах «зялёнай эканомікі» і развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі.

Па-шостае, змяненне клімату прыводзіць да змены геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі свету. У выніку гэтага ў краінах, якія развіваюцца, адбываецца маштабная міграцыя насельніцтва з сельскіх раёнаў з прычыны голаду.

У цэлым сельская гаспадарка свету ХХI ст. — гэта якасна новы сектар сусветнай гаспадаркі, рысы якога адсутнічалі на папярэдніх стадыях яе развіцця. Ён дынамічна і інтэнсіўна развіваецца, але пры гэтым застаецца па-ранейшаму залежным ад прыродных умоў і асноўным у забеспячэнні чалавецтва сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем. Такім чынам, сельская гаспадарка свету — гэта галоўны фактар вырашэння харчовай праблемы.