§ 18-1. СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА — НАЙВАЖНЕЙШЫ ФАКТАР ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Падручнік: | § 18-1. СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА — НАЙВАЖНЕЙШЫ ФАКТАР ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ |
Надрукаваны: | Госць |
Дата: | Нядзеля 27 Красавік 2025 |
Асноўныя фактары змяненняў у сельскай гаспадарцы свету і яе геаграфія з канца ХХ ст. Сучасная сельская гаспадарка свету і яе геаграфія зведалі істотныя змены з канца ХХ ст. Гэта звязана з некалькімі асноўнымі фактарамі, якія можна падзяліць на тры асноўныя групы: 1) дэмаграфічныя; 2) сацыяльна-эканамічныя; 3) навукова-тэхналагічныя. Уплыў гэтых фактараў разгледзім ніжэй.
Па-першае, у свеце па-ранейшаму сярод краін, якія развіваюцца, адбываюцца хуткі рост колькасці насельніцтва і павелічэнне тэмпаў яго росту. Найбольш высокімі тэмпамі ў гэтай групе краін расце гарадское насельніцтва.
Паразважаем. Чаму развітыя дзяржавы свету пры адносна невысокай долі сельскай гаспадаркі ў эканоміцы не адчуваюць дэфіцыту прадуктаў харчавання?
Высокія тэмпы росту колькасці насельніцтва ў найбольш бедных краінах пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця не дазваляюць забяспечыць харчаваннем насельніцтва, што прыводзіць да галечы і голаду. У той жа час для развітых краін, краін з пераходнай эканомікай і некаторых краін, якія развіваюцца, характэрна старэнне насельніцтва. Гэта дэмаграфічная тэндэнцыя абумоўлівае змяненне структуры і аб’ёмаў спажывання прадуктаў харчавання.
Паразважаем. Як адрозніваецца рацыён спажываных прадуктаў харчавання ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца?
Па-другое, чалавецтва ўступіла ў постіндустрыяльную эпоху, што паўплывала на змяненне структуры вытворчасці і спажывання прадуктаў харчавання і дынаміку аб’ёмаў іх вытворчасці і спажывання.
Клуб знаўцаў-географаў. У апошнія дзесяцігоддзі рэжым харчавання сусветнага насельніцтва мяняецца. Дыяпазон спажываных імі прадуктаў харчавання пашыраецца, што мае як адмоўныя, так і станоўчыя наступствы. У шэрагу краін з нізкім узроўнем даходаў рацыён харчавання маламаёмасных груп насельніцтва ў асноўным складаецца са збожжавых або клубняплодаў, бедных пажыўнымі мікраэлементамі, паколькі менавіта гэтыя прадукты даступныя для іх з цэнавога пункту гледжання. Па меры росту даходаў хатніх гаспадарак аб’ём спажывання прадуктаў харчавання, якія ўваходзяць як у здаровы, так і ў нездаровы рацыён, звычайна павялічваецца. У хатніх гаспадарках з высокім узроўнем даходу, як правіла, радзей спажываюцца асноўныя збожжавыя і расце аб’ём спажываных садавіны і гародніны. Больш распаўсюджанай становіцца звычка перакусваць і харчавацца па-за домам, пры гэтым дома рыхтуецца менш ежы.
Па-трэцяе, рост узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця пераважна ў краінах, якія развіваюцца, прывёў да хуткага павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і спажывання прадуктаў харчавання.
Пад уздзеяннем попыту з 1961 па 2015 г. сусветная вытворчасць мяса павялічылася ў чатыры разы — з 71 да 292 млн т, вытворчасць малака вырасла больш чым у два разы — з 342 да 720 млн т, а вытворчасць яек узрасла з 15 да 69 млн т.
Адзначаецца імклівы рост спажывання прадукцыі жывёльнага паходжання (ПЖП) і раслінных алеяў. У краінах, якія развіваюцца, ПЖП і раслінныя алеі ў сукупнасці забяспечваюць 22 % агульнай каларыйнасці рацыёну.
Свет і Беларусь. Ці змяніўся рацыён харчавання грамадзян Рэспублікі Беларусь за апошняе дзесяцігоддзе?
Чакаецца, што да 2050 г. спажыванне ПЖП будзе расці, прычым больш высокімі тэмпамі ў краінах, якія развіваюцца. Спажыванне мяса ў свеце дасягне 49 кг на душу насельніцтва ў год (42 кг у краінах, якія развіваюцца, і 91 кг — у развітых краінах адпаведна), у той час як спажыванне малака і малочных прадуктаў у свеце дасягне 99 кг на душу насельніцтва ў год (76 кг у краінах, якія развіваюцца, і 222 кг — у развітых краінах адпаведна).
Па-чацвёртае, інтэнсіўнае развіццё НТП прывяло да з’яўлення новых тэхналогій у селекцыі і вытворчасці сельскагаспадарчых культур. У свеце хуткае развіццё атрымала вытворчасць геннамадыфікаваных сельскагаспадарчых культур. Разам з тым навейшыя тэхналогіі вырошчвання, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляюць знізіць залежнасць развіцця сельскай гаспадаркі ад прыродных фактараў.
Па-пятае, пераход чалавецтва да ўстойлівага развіцця з 1990-х гг. абумовіў змяненне падыходаў да выкарыстання зямель і сельскагаспадарчых угоддзяў, у прыватнасці да рацыянальнага прыродакарыстання на прынцыпах «зялёнай эканомікі» і развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі.
Па-шостае, змяненне клімату прыводзіць да змены геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі свету. У выніку гэтага ў краінах, якія развіваюцца, адбываецца маштабная міграцыя насельніцтва з сельскіх раёнаў з прычыны голаду.
У цэлым сельская гаспадарка свету ХХI ст. — гэта якасна новы сектар сусветнай гаспадаркі, рысы якога адсутнічалі на папярэдніх стадыях яе развіцця. Ён дынамічна і інтэнсіўна развіваецца, але пры гэтым застаецца па-ранейшаму залежным ад прыродных умоў і асноўным у забеспячэнні чалавецтва сельскагаспадарчай прадукцыяй і харчаваннем. Такім чынам, сельская гаспадарка свету — гэта галоўны фактар вырашэння харчовай праблемы.
Новы погляд на сельскую гаспадарку свету і яе геаграфію ў ХХІ ст. Глабальныя і рэгіянальныя асаблівасці. Сельская гаспадарка свету ў ХХІ ст. развіваецца на прынцыпах устойлівага развіцця.
Устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі (УРСГ) — гэта такое яе развіццё, якое ўносіць уклад у павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, устойлівасці да неспрыяльных знешніх уздзеянняў у мэтах забеспячэння паўнавартаснага харчавання для ўсіх цяпер і ў будучыні.
Канчатковай мэтай устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляецца забеспячэнне харчовай бяспекі і харчавання насельніцтва (мал. 128-1).

Традыцыйна праблемы харчовай бяспекі былі звязаныя з забеспячэннем агульнай каларыйнасці рацыёну. Аднак сёння асноўную заклапочанасць выклікае так званы «трайны цяжар» непаўнавартаснага харчавання (мал. 128-2). Так, голад закранае каля 800 млн чал. па ўсім свеце. Людзей, на якіх негатыўна ўплывае пераяданне, больш, чым людзей, якія пакутуюць ад голаду.

Паводле ацэнак СААЗ, звыш 1,9 млрд чал. ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых (39 % колькасці сусветнага насельніцтва ў дадзенай узроставай групе) маюць залішнюю масу цела, а 600 млн з іх (33 %) пакутуюць ад атлусцення. Дэфіцыт мікранутрыентаў адчуваюць прыблізна 2 млрд чал. у свеце.
Сучасныя тэндэнцыі развіцця сельскай гаспадаркі свету звязаны са змяненнем клімату, павелічэннем выкідаў CO2 і грунтуюцца на прынцыпах устойлівага развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі.
Пад уздзеяннем змянення клімату, і ў прыватнасці яго пацяплення, адбываецца змяненне вегетацыйнага перыяду раслін і геаграфіі традыцыйнай сельскагаспадарчай спецыялізацыі (мал. 128-3).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як змяненне клімату ўплывае на структуру сельскай гаспадаркі?
Павелічэнне тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце пераважна за кошт краін, якія развіваюцца, прывяло да змянення геаграфіі галоўных сельскагаспадарчых раёнаў свету. Як паказвае малюнак 128-4, найбольшымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Нізкія тэмпы ўласцівы дзвюм групам краін: 1) развітым краінам з-за скарачэння аб’ёмаў спажывання прадуктаў харчавання насельніцтвам; 2) найбольш адсталым краінам Афрыкі, дзе нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця не дазваляе падтрымліваць устойлівыя аб’ёмы вытворчасці для забеспячэння патрэб насельніцтва.
Свет і Беларусь. Якая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі? Чаму развіццю сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь надаецца значная ўвага з боку дзяржавы?
Пры агульным росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце сярод краін назіраецца ўстойлівая залежнасць ад яго імпарту (мал. 128-5).

Як бачна на малюнку 128-5, найбольшай залежнасцю ад імпарту прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Афрыкі, некаторыя краіны Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца. Найменш залежнымі ад імпарту прадуктаў харчавання з’яўляюцца краіны Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі і шэраг краін Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Аргенціна).
Падвядзём вынікі. Змяненні ў сельскай гаспадарцы з канца ХХ ст. звязаны з некалькімі асноўнымі фактарамі: ..., ..., ... . Дэфіцыт прадуктаў харчавання і, як вынік, галеча і голад звязаны з ростам колькасці насельніцтва ў найбольш ... краінах. Устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі — гэта такое яе развіццё, якое … .
Праверым свае веды. 1. Якія краіны маюць праблему голаду і чаму? 2. Якія змяненні ў структуры харчавання насельніцтва планеты адбываюцца ў цяперашні час? 3. У чым сутнасць устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі?
Ад простага да складанага. 1. Да якіх наступстваў можа прывесці недахоп прадуктаў харчавання ў свеце? 2. Якія глабальныя праблемы абвастраюцца ў свеце ў сувязі з харчовай праблемай? 3. Ці спрыяе «зялёная рэвалюцыя» вырашэнню харчовай праблемы?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Распрацуйце праект мер па забеспячэнні найбольш бедных краін харчаваннем. 2. Якія меры неабходна прыняць дзяржавам па зніжэнні ў грамадстве долі асоб з залішняй масай цела?