Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 17-6. МІЖНАРОДНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ ПРАБЛЕМЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ І РОСТУ ГАРАДОЎ

Роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у вырашэнні праблемы ўрбанізацыі. Асноўнай міжнароднай арганізацыяй, якая праводзіць маніторынг праблем урбанізацыі, з’яўляецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. У ёй вылучаюцца два спецыялізаваныя аддзяленні і адна спецыялізаваная арганізацыя. У іх дакладна размежаваны функцыі.

Першым з’яўляецца Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях з Аддзелам народанасельніцтва (мал. 116-42). На працягу многіх гадоў ён іграе актыўную ролю ў міжурадавым дыялогу па пытаннях народанасельніцтва і развіцця, пастаянна абнаўляе паказчыкі агульнай колькасці насельніцтва і прагнозы па ўсіх краінах свету, у тым ліку падае́ неабходныя даныя для маніторынгу прагрэсу ў дасягненні Мэт развіцця тысячагоддзя. Аддзел выконвае дзве асноўныя функцыі: 1) дэмаграфічны аналіз: нараджальнасць і планаванне сям’і, дэмаграфічная палітыка і міграцыя; 2) даследаванні народанасельніцтва: народанасельніцтва і развіццё, дэмаграфічныя ацэнкі і прагнозы, смяротнасць. Адной з задач гэтай структуры з’яўляецца збор, апрацоўка і аналіз статыстычнай інфармацыі па ўрбанізацыі і гарадах свету. Вынікам з’яўляюцца штогадовыя справаздачы «Перспектывы ўрбанізацыі свету» (World Urbanization Prospect).

img
Мал. 116-42. Хатняя старонка Аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН

Другім з’яўляецца Аддзел ААН па Мэтах устойлівага развіцця (мал. 116-43). Аддзел па Мэтах устойлівага развіцця актывізуе дзеянні па ажыццяўленні ўзгодненых на міжнародным узроўні мэт у галіне ўстойлівага развіцця.

img
Мал. 116-43. Хатняя старонка Аддзела ААН па Мэтах устойлівага развіцця
img
Мал. 116-44. Лагатып Мэты ўстойлівага развіцця 11

Мэты развіцця тысячагоддзя, распрацаваныя ААН, уключаюць адну з мэт устойлівага развіцця, якая мае прамыя адносіны да праблем гарадоў. Гэта Мэта 11 «Устойлівыя гарады і населеныя пункты» (мал. 116-44). Яна прадугледжвае забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, жыццястойкасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў.

Экспертамі ААН адзначаецца, што ў сучасных гарадоў шмат агульных выклікаў. Гарадскім уладам неабходна змагацца з перанаселенасцю, недахопам сродкаў для забеспячэння базавых паслуг, недахопам адэкватнага жылля і дэградацыяй інфраструктуры.

Асноўнымі задачамі да 2030 г. для рэалізацыі гэтай мэты выступаюць:

  • 1) забяспечыць усеагульны доступ да дастатковага, бяспечнага і недарагога жылля і асноўных паслуг і добраўпарадкаваць трушчобы;
  • 2) забяспечыць усім выкарыстанне бяспечных, недарагіх, даступных і экалагічна ўстойлівых транспартных сістэм на аснове павышэння бяспекі дарожнага руху, у прыватнасці пашырэння выкарыстання грамадскага транспарту, надаючы асаблівую ўвагу патрэбам тых, хто знаходзіцца ў больш слабым становішчы, жанчын, дзяцей, інвалідаў і пажылых асоб;
  • 3) актывізаваць намаганні па абароне і захаванні сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны гарадоў;
  • 4) паменшыць негатыўнае экалагічнае ўздзеянне гарадоў, у тым ліку надаваць асаблівую ўвагу якасці паветра і знішчэнню гарадскіх і іншых адходаў;
  • 5) забяспечыць усеагульны доступ да бяспечных, даступных і адкрытых для ўсіх зялёных зон і грамадскіх месцаў, асабліва для жанчын і дзяцей, пажылых людзей і інвалідаў.

iconПаразважаем. Ці зможа ААН самастойна вырашыць праблему росту гарадоў? Адказ патлумачце.

Спецыялізаванай арганізацыяй у сістэме ААН з’яўляецца Праграма ААН па населеных пунктах — ААН-Хабітат (мал. 116-45).

img
Мал. 116-45. Хатняя старонка Праграмы ААН па населеных пунктах — ААН-Хабітат

Гэта вядучая арганізацыя — установа па каардынацыі дзейнасці па развіцці населеных пунктаў у сістэме ААН.

ААН-Хабітат ставіць сваёй мэтай стварэнне добра спраектаваных, эфектыўна кіруемых і рацыянальных гарадоў і іншых населеных пунктаў з належнымі жыллёвымі ўмовамі, інфраструктурай і ўсеагульным доступам да занятасці і асноўных паслуг, такіх як водазабеспячэнне, энергетыка і санітарыя.

У абавязкі ААН-Хабітат таксама ўваходзіць аказанне дапамогі міжнароднай супольнасці ў дасягненні Мэт у галіне развіцця, пастаўленых у Дэкларацыі тысячагоддзя па мэтавым паказчыку паляпшэння ўмоў жыцця 100 млн жыхароў трушчоб да 2020 г.

Асноўнымі дакументамі, на якія абапіраецца ў сваёй дзейнасці ААН-Хабітат, з’яўляюцца:

  • 1) Ванкуверская дэкларацыя па населеных пунктах (Хабітат I) (1985 г.), дзе ўпершыню ў свеце была выказана думка пра тое, што якасць жыцця ў населеных пунктах павінна стаць важнай часткай дзяржаўнай палітыкі любой дзяржавы;
  • 2) Стамбульская дэкларацыя па населеных пунктах (Хабітат II і Парадак дня Хабітат) (1996 г.), якая абвясціла на ўвесь свет ідэю неабходнасці ўстойлівага развіцця населеных пунктаў ва ўрбанізаваным свеце;
  • 3) Дэкларацыя аб гарадах і іншых населеных пунктах у новым тысячагоддзі (2001 г.), у якой упершыню былі зробленыя міжнародныя акцэнты на буйных гарадах як цэнтрах эканамічнага росту, на пераадоленні беднасці ў гарадах і рацыянальным выкарыстанні гарадскога навакольнага асяроддзя.

Штогод у першы панядзелак кастрычніка адзначаецца міжнародны дзень Хабітат (мал. 116-46).

img
Мал. 116-46. Хатняя старонка Міжнароднага дня Хабітат у 2019 г.