Печатать книгуПечатать книгу

§ 17-6. МІЖНАРОДНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ ПРАБЛЕМЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ І РОСТУ ГАРАДОЎ

icon
Успамінаем. Ці існуе адзінае азначэнне паняцця «горад»? Якая частка насельніцтва свету жыве ў гарадах? У якіх тыпах краін і рэгіёнаў адзначаецца найбольшы рост агламерацый?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму праблему росту гарадоў неабходна вырашаць на міжнародным узроўні? Чаму ААН выступае каардынатарам па вырашэнні праблемы гарадоў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 17-6. МІЖНАРОДНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ ПРАБЛЕМЫ ЎРБАНІЗАЦЫІ І РОСТУ ГАРАДОЎ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 22:45

Роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у вырашэнні праблемы ўрбанізацыі. Асноўнай міжнароднай арганізацыяй, якая праводзіць маніторынг праблем урбанізацыі, з’яўляецца Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. У ёй вылучаюцца два спецыялізаваныя аддзяленні і адна спецыялізаваная арганізацыя. У іх дакладна размежаваны функцыі.

Першым з’яўляецца Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях з Аддзелам народанасельніцтва (мал. 116-42). На працягу многіх гадоў ён іграе актыўную ролю ў міжурадавым дыялогу па пытаннях народанасельніцтва і развіцця, пастаянна абнаўляе паказчыкі агульнай колькасці насельніцтва і прагнозы па ўсіх краінах свету, у тым ліку падае́ неабходныя даныя для маніторынгу прагрэсу ў дасягненні Мэт развіцця тысячагоддзя. Аддзел выконвае дзве асноўныя функцыі: 1) дэмаграфічны аналіз: нараджальнасць і планаванне сям’і, дэмаграфічная палітыка і міграцыя; 2) даследаванні народанасельніцтва: народанасельніцтва і развіццё, дэмаграфічныя ацэнкі і прагнозы, смяротнасць. Адной з задач гэтай структуры з’яўляецца збор, апрацоўка і аналіз статыстычнай інфармацыі па ўрбанізацыі і гарадах свету. Вынікам з’яўляюцца штогадовыя справаздачы «Перспектывы ўрбанізацыі свету» (World Urbanization Prospect).

img
Мал. 116-42. Хатняя старонка Аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН

Другім з’яўляецца Аддзел ААН па Мэтах устойлівага развіцця (мал. 116-43). Аддзел па Мэтах устойлівага развіцця актывізуе дзеянні па ажыццяўленні ўзгодненых на міжнародным узроўні мэт у галіне ўстойлівага развіцця.

img
Мал. 116-43. Хатняя старонка Аддзела ААН па Мэтах устойлівага развіцця
img
Мал. 116-44. Лагатып Мэты ўстойлівага развіцця 11

Мэты развіцця тысячагоддзя, распрацаваныя ААН, уключаюць адну з мэт устойлівага развіцця, якая мае прамыя адносіны да праблем гарадоў. Гэта Мэта 11 «Устойлівыя гарады і населеныя пункты» (мал. 116-44). Яна прадугледжвае забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, жыццястойкасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў.

Экспертамі ААН адзначаецца, што ў сучасных гарадоў шмат агульных выклікаў. Гарадскім уладам неабходна змагацца з перанаселенасцю, недахопам сродкаў для забеспячэння базавых паслуг, недахопам адэкватнага жылля і дэградацыяй інфраструктуры.

Асноўнымі задачамі да 2030 г. для рэалізацыі гэтай мэты выступаюць:

  • 1) забяспечыць усеагульны доступ да дастатковага, бяспечнага і недарагога жылля і асноўных паслуг і добраўпарадкаваць трушчобы;
  • 2) забяспечыць усім выкарыстанне бяспечных, недарагіх, даступных і экалагічна ўстойлівых транспартных сістэм на аснове павышэння бяспекі дарожнага руху, у прыватнасці пашырэння выкарыстання грамадскага транспарту, надаючы асаблівую ўвагу патрэбам тых, хто знаходзіцца ў больш слабым становішчы, жанчын, дзяцей, інвалідаў і пажылых асоб;
  • 3) актывізаваць намаганні па абароне і захаванні сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны гарадоў;
  • 4) паменшыць негатыўнае экалагічнае ўздзеянне гарадоў, у тым ліку надаваць асаблівую ўвагу якасці паветра і знішчэнню гарадскіх і іншых адходаў;
  • 5) забяспечыць усеагульны доступ да бяспечных, даступных і адкрытых для ўсіх зялёных зон і грамадскіх месцаў, асабліва для жанчын і дзяцей, пажылых людзей і інвалідаў.

iconПаразважаем. Ці зможа ААН самастойна вырашыць праблему росту гарадоў? Адказ патлумачце.

Спецыялізаванай арганізацыяй у сістэме ААН з’яўляецца Праграма ААН па населеных пунктах — ААН-Хабітат (мал. 116-45).

img
Мал. 116-45. Хатняя старонка Праграмы ААН па населеных пунктах — ААН-Хабітат

Гэта вядучая арганізацыя — установа па каардынацыі дзейнасці па развіцці населеных пунктаў у сістэме ААН.

ААН-Хабітат ставіць сваёй мэтай стварэнне добра спраектаваных, эфектыўна кіруемых і рацыянальных гарадоў і іншых населеных пунктаў з належнымі жыллёвымі ўмовамі, інфраструктурай і ўсеагульным доступам да занятасці і асноўных паслуг, такіх як водазабеспячэнне, энергетыка і санітарыя.

У абавязкі ААН-Хабітат таксама ўваходзіць аказанне дапамогі міжнароднай супольнасці ў дасягненні Мэт у галіне развіцця, пастаўленых у Дэкларацыі тысячагоддзя па мэтавым паказчыку паляпшэння ўмоў жыцця 100 млн жыхароў трушчоб да 2020 г.

Асноўнымі дакументамі, на якія абапіраецца ў сваёй дзейнасці ААН-Хабітат, з’яўляюцца:

  • 1) Ванкуверская дэкларацыя па населеных пунктах (Хабітат I) (1985 г.), дзе ўпершыню ў свеце была выказана думка пра тое, што якасць жыцця ў населеных пунктах павінна стаць важнай часткай дзяржаўнай палітыкі любой дзяржавы;
  • 2) Стамбульская дэкларацыя па населеных пунктах (Хабітат II і Парадак дня Хабітат) (1996 г.), якая абвясціла на ўвесь свет ідэю неабходнасці ўстойлівага развіцця населеных пунктаў ва ўрбанізаваным свеце;
  • 3) Дэкларацыя аб гарадах і іншых населеных пунктах у новым тысячагоддзі (2001 г.), у якой упершыню былі зробленыя міжнародныя акцэнты на буйных гарадах як цэнтрах эканамічнага росту, на пераадоленні беднасці ў гарадах і рацыянальным выкарыстанні гарадскога навакольнага асяроддзя.

Штогод у першы панядзелак кастрычніка адзначаецца міжнародны дзень Хабітат (мал. 116-46).

img
Мал. 116-46. Хатняя старонка Міжнароднага дня Хабітат у 2019 г.

icon Падвядзём вынікі. Асноўнай міжнароднай арганізацыяй, якая праводзіць маніторынг праблем урбанізацыі, з’яўляецца ... . Асноўнымі задачамі для рэалізацыі мэт устойлівага развіцця гарадоў выступаюць: ..., ..., ..., ..., … . ААН-Хабітат — гэта … .

icon Праверым свае веды. 1. Якую функцыю выконвае Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях і Аддзел народанасельніцтва? 2. Якія задачы вырашае Аддзел ААН па Мэтах устойлівага развіцця? 3. У чым заключаецца дзейнасць ААН-Хабітат?

icon Ад простага да складанага. 1. Якія задачы вы б уключылі ў мэты ўстойлівага развіцця гарадоў? 2. Якія меры па вырашэнні праблем гарадоў, на ваш погляд, з’яўляюцца найбольш прагрэсіўнымі?

icon Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вы сталі ўдзельнікам праекта «Разумны горад». Прапануйце меры па паляпшэнні якасці жыцця і навакольнага асяроддзя ў горадзе з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

icon

Web-рэсурсы.
Сайт Аддзела народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН.

Сайт Аддзела па Мэтах устойлівага развіцця ААН.

Сайт Праграмы ААН-Хабітат.

Дэкларацыі Праграмы ААН-Хабітат.