§ 17-3. УРБАНІЗАЦЫЯ І ПРАБЛЕМА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ГАРАДАХ СВЕТУ
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | § 17-3. УРБАНІЗАЦЫЯ І ПРАБЛЕМА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАСЕЛЬНІЦТВА Ў ГАРАДАХ СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 15 Январь 2025, 20:58 |
Перадумовы праблемы якасці жыцця насельніцтва ў гарадах свету. Якасць жыцця — гэта складаны і адначасова абагульняючы індыкатар, які адлюстроўвае ў цэлым узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Якасць жыцця вызначае ўзровень і магчымасці чалавечага патэнцыялу той ці іншай супольнасці людзей і таму становіцца адным з ключавых рэсурсаў сучаснага развіцця.
Катэгорыя «якасць жыцця» з’явілася ў сярэдзіне ХХ ст. у сувязі са спробамі мадэлявання постіндустрыяльнага развіцця. Тэрмін увёў ва ўжытак амерыканскі эканаміст Дж. Гэлбрэйт у кнізе «Грамадства багацця» ў 1960 г. Пад якасцю жыцця ён разумеў магчымасць спажывання матэрыяльных даброт і паслуг. Вядомы вучоны ў галіне постіндустрыялізму Д. Бэл лічыў, што якасць жыцця — гэта паслугі і выгоды ў сферы культуры, аховы здароўя і адукацыі. На думку Э. Тофлера, якасць жыцця — гэта сукупнасць рознага роду даброт, якія чалавек атрымлівае ад грамадства.
Адну з першых спроб сістэматызаваць паказчыкі якасці жыцця ў 1961 г. прапанавалі спецыялісты ААН. Гэта сістэма ўключала наступныя крытэрыі: здароўе, спажыванне прадуктаў харчавання, адукацыя, занятасць, умовы працы, жыллёвыя ўмовы, сацыяльнае забеспячэнне, адзенне, рэкрэацыя, вольны час, правы чалавека. Пазней ААН быў распрацаваны Індэкс чалавечага развіцця (ІЧР), які выступае сёння адным з вымяральнікаў якасці жыцця насельніцтва.
Паразважаем. Якія паказчыкі вызначаюць ІЧР? Назавіце краіны — лідары па ІЧР.
Свет і Беларусь. Да якой групы дзяржаў па ІЧР адносіцца Рэспубліка Беларусь?
Жыццё насельніцтва ў гарадах эканамічна развітых краін і краін, якія развіваюцца, мае значныя адрозненні. Так, напрыклад, невысокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны забяспечвае аналагічны ўзровень жыцця і якасці жыцця насельніцтва ў гарадах. У шэрагу эканамічна развітых краін назіраецца істотнае расслаенне грамадства і адрозненні ва ўмовах пражывання гарадскога насельніцтва.
Паразважаем. Чаму ў гарадах-мільянерах з розным узроўнем эканамічнага развіцця існуюць адрозненні ў якасці жыцця насельніцтва?
Крытэрыі класіфікацыі гарадоў свету па якасці жыцця насельніцтва. У міжнароднай практыцы існуюць асобныя паказчыкі і рэйтынгі гарадоў па шэрагу прыкмет якасці жыцця. Напрыклад, ключавым паказчыкам якасці жыцця, у тым ліку ўключаным у Індэкс чалавечага развіцця ААН, з’яўляецца памер агульнага валавога ўнутранага прадукту і аб’ём ВУП на душу насельніцтва ў гарадах.
Яшчэ адзін крытэрый, які вызначае якасць жыцця насельніцтва, — гэта беднасць. Беднасць мае шмат паказчыкаў для ацэнкі, напрыклад доля насельніцтва з даходам менш за 1 дол. у дзень, колькасць і доля насельніцтва, якое спажывае менш за 2700 ккал у дзень.
Найбольш поўны пералік індыкатараў якасці жыцця з далейшай ацэнкай распрацоўвае на працягу апошніх 10 гадоў вядучае кансалтынгавае агенцтва свету Mercer. Гэтым агенцтвам улічваюцца 39 розных паказчыкаў па 10 крытэрыях (мал. 116-25). За кропку адліку са 100 баламі ў рэйтынгу якасці жыцця ў гарадах прыняты Нью-Ёрк.
У Праграме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па населеных пунктах (ААН-Хабітат) прадстаўлены комплексны індэкс развіцця горада, які называецца Індэкс росквіту горада (City Prosperity Index). Індэкс росквіту горада складаецца з пяці вымярэнняў (мал. 116-26), якія характарызуюць якасць жыцця і ўстойлівасць развіцця горада. У гэтым індэксе асобным крытэрыем вылучаецца якасць жыцця. Яна вымяраецца, у сваю чаргу, трыма крытэрыямі: адукацыя, здароўе, гарадская прастора.
Геаграфічныя адрозненні ў якасці жыцця насельніцтва гарадоў свету. Калі разгледзець якасць жыцця насельніцтва ў гарадах з выкарыстаннем асобных паказчыкаў, то атрымаецца наступная карціна.
Па аб’ёме ўнутранага валавога прадукту ў свеце ў першую дзясятку ўваходзяць гарады пераважна развітых краін (табл. 6*). Як бачна, у першай тройцы знаходзяцца буйныя гарады па колькасці насельніцтва, размешчаныя ў эканамічна развітых краінах. Разам з тым у рэйтынгу можна заўважыць найбуйнейшы эканамічны цэнтр свету — Шанхай, а таксама Сеул і Маскву.
Табліца 6*. Гарады — лідары свету па агульным аб’ёме валавога ўнутранага прадукту, 2017 г.
Назва горада | Краіна | ВУП, млрд дол. | Плошча, км2 | |
1 | Токіа | Японія | 1520 | 2187,6 |
2 | Нью-Ёрк | ЗША | 1210 | 1,213 |
3 | Лос-Анджэлес | ЗША | 789,7 | 1,302 |
4 | Сеул | Рэспубліка Карэя | 779,3 | 605,21 |
5 | Лондан | Вялікабрытанія | 731,2 | 1,570 |
6 | Парыж | Францыя | 669,2 | 105,4 |
7 | Осака | Японія | 654,8 | 552,26 |
8 | Чыкага | ЗША | 524,6 | 606,1 |
9 | Масква | Расія | 520,1 | 2510 |
10 | Шанхай | Кітай | 516,5 | 6340,5 |
Паразважаем. Токіа з’яўляецца адным з цэнтраў сусветнай эканомікі і лідарам па агульным аб’ёме ВУП. Устанавіце ўзаемасувязь аб’ёму ВУП з найбуйнейшымі ТНК. Якія найбуйнейшыя ТНК размешчаны ў Токіа?
Па паказчыку ВУП на душу насельніцтва ў рэйтынгу прадстаўлены іншыя гарады свету (мал. 116-27).
У першай тройцы — гарады, невялікія па колькасці насельніцтва, але з вельмі ўплывовымі эканамічнымі пазіцыямі ў свеце і ў сваіх краінах. Гэта Цюрых (Швейцарыя), Осла (Нарвегія) і Сан-Хасэ (ЗША).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце гарады свету, якія ўваходзяць у тройку лідараў па паказчыку ВУП на душу насельніцтва.
У другой частцы свету побач з «полюсам» звышбагатых гарадоў з вялікімі аб’ёмамі даходаў насельніцтва размяшчаецца полюс галечы і гарадской неўладкаванасці. Гэта так званы «адваротны бок урбанізацыі» або «твар урбанізацыйнай беднасці» новага тысячагоддзя. Так называюць у свеце трушчобнае гарадское рассяленне (мал. 116-28, 116-29).
У свеце па-ранейшаму захоўваецца высокая доля гарадскога насельніцтва, якое пражывае ў трушчобах, — 29,7 %, г. зн. практычна кожны трэці гарадскі жыхар свету. На карце свету застаюцца краіны, дзе больш за палову ўсіх гарадскіх жыхароў пражываюць у трушчобах. Гэта Мазамбік (80 %), ДР Конга і Мадагаскар (па 77 %), Гаіці (74 %), Нігер (70 %), Малаві (67 %), Буркіна-Фасо (66 %), Бенін (62 %), Ямайка (61 %) і інш. У гэтым спісе дамінуюць краіны Афрыкі. У рэгіёне на поўдзень ад Сахары 56 % усяго гарадскога насельніцтва жывуць у трушчобах.
Паразважаем. Кібера — прыгарад кенійскай сталіцы Найробі — найбуйнейшыя трушчобы Афрыкі. Халупы з кавалкаў шыферу і кардону пакрываюць пагоркі ў 5 км ад цэнтра, а дакладны лік мясцовых жыхароў невядомы: паводле ацэнак розных арганізацый, гэтая лічба вагаецца ад 200 тыс. да 2 млн чал. Паселішча існуе ўжо амаль сотню гадоў — яно ўтварылася ў 20-х гг. мінулага стагоддзя, калі мігранты з рэзервацый перасяляліся ў сталіцу ў пошуках працы. Сёння яны жывуць на 1 дол. у дзень у дамах без вады і каналізацыі. Электрычнасць ёсць толькі ў 20 % насельніцтва, а тэлевізар і радыё — і ўвогуле ў адзінак. Вялікія сем’і туляцца ў маленькіх пакоіках, за гэта жыллё яны плацяць 6-10 дол. у месяц. Чаму, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, насельніцтва вымушана было перасяляцца ў горад?
Аднак за апошнія 15-20 гадоў у свеце дасягнуты пэўны поспех у вырашэнні праблемы трушчобнага рассялення. Доля насельніцтва, што пражывае ў трушчобах, скарачаецца.
У першую дзясятку па якасці жыцця, паводле рэйтынгу кансалтынгавага агенцтва Mercer, увайшлі невялікія па колькасці насельніцтва гарады эканамічна развітых краін. Абсалютная большасць з іх — гэта еўрапейскія гарады. Першае месца, па даных за 2019 г., заняла Вена, другое — Цюрых, трэцяе — Ванкувер (табл. 7*).
Табліца 7*. Першая дзясятка гарадоў па якасці жыцця, 2019 г. (па даных кансалтынгавага агенцтва Mercer)
Ранг | Назва горада | Краіна |
1 | Вена | Аўстрыя |
2 | Цюрых | Швейцарыя |
3 | Ванкувер | Канада |
3 | Мюнхен | Германія |
3 | Окленд | Новая Зеландыя |
6 | Дюсельдорф | Германія |
7 | Франкфурт-на-Майне | Германія |
8 | Капенгаген | Данія |
9 | Жэнева | Швейцарыя |
10 | Базэль | Швейцарыя |
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце дзесяць гарадоў — лідараў па якасці жыцця.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце гарады — лідары па якасці жыцця, найбольш блізка размешчаныя да меж Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з Індэксам росквіту горада ААН-Хабітат першыя пазіцыі па крытэрыі якасці жыцця занялі наступныя гарады: Токіа, Парыж, Стакгольм, Осла, Сеул, Хельсінкі, Барселона, Таронта.
Міжнародны вопыт рэгулявання праблемы якасці жыцця насельніцтва ў гарадах. Адным з прыярытэтаў у вырашэнні праблемы якасці жыцця насельніцтва ў гарадах з’яўляецца выкараненне трушчобнага гарадскога рассялення і ладу жыцця.
У сувязі з гэтым Праграмай ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат) у 2014 г. быў распрацаваны ў рамках Парадку дня 2030 г. па ўстойлівым развіцці новы гарадскі парадак дня — «Сумесная праграма па добраўпарадкаванні трушчоб». Яна ўключае 9 напрамкаў дзейнасці (мал. 116-30).
Свет і Беларусь. Ці можа ў будучыні вывучацца вопыт Мінска па паляпшэнні якасці жыцця?
Падвядзём вынікі. Тэрмін «... ...» ўвёў ва ўжытак амерыканскі эканаміст Дж. Гэлбрэйт у кнізе «Грамадства багацця» ў 1960 г. Адным з вымяральнікаў якасці жыцця насельніцтва выступае паказчык ... . Гарадамі — лідарамі свету па агульным аб’ёме валавога ўнутранага прадукту з’яўляюцца: …, …, … .
Праверым свае веды. 1. Што такое «якасць жыцця насельніцтва»? 2. Чаму ІЧР найбольш дакладна вызначае якасць жыцця насельніцтва? 3. Якія прыярытэты ў вырашэнні праблемы якасці жыцця насельніцтва ў гарадах?
Ад простага да складанага. 1. Чаму ў гарадах-мільянерах з прыкладна аднолькавай колькасцю насельніцтва розны ўзровень ВУП? 2. Чаму менавіта вопыт Парыжа, Лондана і Нью-Ёрка ўзяты за аснову вывучэння якасці жыцця?
Ад тэорыі да практыкі. Распрацуйце міні-праект мер па паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва ў горадзе адной з афрыканскіх дзяржаў. Правядзіце дыскусію на тэму «Чаму ў адной дзяржаве існуе значная розніца ў якасці ўзроўню жыцця ў гарадах?».