Печатать книгуПечатать книгу

§ 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ

icon
Успамінаем. Што такое апустыньванне і абязлесенне? Для якіх прыродных зон і чаму характэрна апустыньванне? Для якіх прыродных зон і чаму характэрна абязлесенне?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць прычыны і заканамернасці развіцця працэсаў апустыньвання і абязлесення на Зямлі? Як замарудзіць развіццё працэсаў апустыньвання і абязлесення? Як уплываюць працэсы апустыньвання і абязлесення на гаспадарчую дзейнасць чалавека?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 13. ПРАБЛЕМЫ АПУСТЫНЬВАННЯ І АБЯЗЛЕСЕННЯ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 27 Апрель 2024, 03:37

Апустыньванне абумоўлена дзейнасцю чалавека і натуральнай зменай увільготненасці тэрыторыі за кошт памяншэння колькасці ападкаў і ўзмацнення выпарэння. Яно прыводзіць да спусташэння наземных экасістэм (памяншэння біямасы, прадукцыйнасці, відавой разнастайнасці).

icon Апустыньванне — пашырэнне плошчы пустынь у выніку змены клімату і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Апустыньванне спрыяе абвастрэнню эканамічных, сацыяльных і геаэкалагічных праблем, такіх як беднасць, дрэннае здароўе насельніцтва, памяншэнне прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, адсутнасць харчовай бяспекі, скарачэнне колькасці і разнастайнасці відаў раслін і жывёл, недахоп вады, зніжэнне ўстойлівасці да змены П1 клімату і вымушаная міграцыя (мал. 75).

Павышаны ўзровень П1

img
Мал. 75. Наступленне пустыні
img
Мал. 76. Пустыня Каракумы, Туркменія

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як апустыньванне выклікае абвастрэнне эканамічных, сацыяльных і геаэкалагічных праблем?

Апустыньванне можа адбывацца ў розных кліматычных умовах, але асабліва інтэнсіўна яно працякае ў гарачых, засушлівых раёнах (мал. 76). У Афрыцы знаходзіцца амаль трэць усіх арыдных абласцей свету; яны шырока распаўсюджаны таксама ў Азіі, Лацінскай Амерыцы і Аўстраліі. Сярод апрацаваных зямель, якія падвяргаюцца апустыньванню, у сярэднім за год 6 млн га цалкам знішчаюцца і звыш 20 млн га зніжаюць сваю прадукцыйнасць.

img
Мал. 77. Размеркаванне засушлівых зямель свету па буйных рэгіёнах, %

icon Клуб географаў-знаўцаў. Многія віды флоры і фаўны ў працэсе эвалюцыі змаглі дзіўным чынам адаптавацца да кліматычных умоў пустыні. У Намібіі расліна вельвічыя дзіўная (Welwitschia mirabilis) здабывае вільгаць з туманаў, якія штодня апускаюцца на пустыню Наміб.

Адпаведна кліматычным умовам пустыні і паўпустыні павінны займаць у свеце плошчу каля 48,4 млн км2 (уключаючы ледніковыя пакровы, г. зн. ледзяныя пустыні). Фактычна, у адпаведнасці з глебава-батанічнымі данымі, іх плошча дасягае 58 млн км2. Такім чынам, плошча антрапагенных пустынь роўная прыкладна 10 млн км2, або 6,7 % усёй паверхні сушы. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца каля 30 млн км2 (19 %) сушы Зямлі (мал. 77–78).

img
Мал. 78. Геаграфія апустыньвання і абязлесення, 2018 г.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны і краіны, у якіх вялікія тэрыторыі знаходзяцца пад пагрозай апустыньвання.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пустыні і засушлівыя землі займаюць 41,2 % паверхні Зямлі, з іх 6,6 % складаюць пустыні, а 34,6 % — засушлівыя раёны. На тэрыторыі пустынь і засушлівых раёнаў пражывае 2,1 млрд чалавек, з якіх 90 % складае насельніцтва краін, якія развіваюцца. На засушлівых землях утрымліваецца 50 % пагалоўя свойскай жывёлы і знаходзіцца 44 % усіх зямель свету, якія апрацоўваюцца.

Паводле ацэнак экспертаў ЮНЕСКА, у свеце за апошнія 50 гадоў тэрыторыя крыху меншая за палову плошчы Паўднёвай Амерыкі ператварылася ў бясплодную пустыню. Гэта стала адной з прычын галечы і голаду ў шэрагу краін, якія развіваюцца. Эфектыўная барацьба з апустыньваннем павінна праводзіцца з улікам натуральных фактараў і ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краін. Адзначаючы асаблівую важнасць праблемы, у 1994 г. ААН абвясціла 17 чэрвеня Сусветным днём барацьбы з апустыньваннем і засухамі (дзень прыняцця Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем і засухамі).

Павышаны ўзровень П2

icon Клуб географаў-знаўцаў. У краінах, якія развіваюцца, каэфіцыент дзіцячай смяротнасці ў засушлівых раёнах у сярэднім складае 54 дзіцяці на 1000 жыванараджэнняў, у два разы перавышаючы паказчык для астатніх раёнаў і ў 10 разоў — сярэдні каэфіцыент дзіцячай смяротнасці ў развітых краінах.

icon Паразважаем. Ці зможа чалавецтва цалкам вырашыць праблему прыроднага і антрапагеннага апустыньвання?

Для барацьбы з апустыньваннем праводзяць розныя мерапрыемствы (мал. 79).

img
Мал. 79. Мерапрыемствы па барацьбе з апустыньваннем

icon Абязлесенне — знікненне лесу ў выніку натуральных прычын і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце рэгіёны і краіны, для якіх характэрны працэсы абязлесення.

Лясы складаюць каля 85 % біямасы расліннасці Зямлі. За апошнія 60 гадоў плошча лясоў у свеце паменшылася з 1,2 га да 0,5 га на чалавека. Галоўная прычына звядзення лясоў — павелічэнне плошчы раллі і пашы па прычыне росту колькасці насельніцтва.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Лёс лясоў і гісторыя чалавецтва на ўсіх кантынентах былі найцяснейшым чынам узаемазвязаны. Каля 10 тыс. гадоў таму, да зараджэння сельскагаспадарчай дзейнасці, густыя лясы і іншыя пакрытыя лесам прасторы займалі больш за 6 млрд га паверхні сушы. Да канца XX ст. іх плошча скарацілася амаль на трэць, і цяпер яны займаюць толькі крыху больш за 4 млрд га. У Францыі, напрыклад, дзе лясы першапачаткова пакрывалі каля 80 % тэрыторыі, да канца XX ст. іх плошча скарацілася да 14 %; у ЗША, дзе лясамі ў пачатку XVII ст. было пакрыта амаль 400 млн га, ужо да 1920 г. лясное покрыва было на дзве трэці знішчана.

icon Свет і Беларусь. Якая лясістасць Беларусі? Як змянялася лясістасць Беларусі ў ХХ ст.?

Абязлесенне прыводзіць да зніжэння першаснай біялагічнай прадукцыі і біялагічнай разнастайнасці, памяншэння паглынання вуглякіслага газу расліннасцю. Звядзенне лясоў цягне за сабой прыкметныя змены кліматычных умоў на лакальным, рэгіянальным і глабальным узроўнях (мал. 80). Абязлесенне ўмеранага пояса ў асноўным спынілася, але працягваецца скарачэнне плошчы трапічных і экватарыяльных лясоў (мал. 81).

Павышаны ўзровень П3

img
Мал. 80. Высечка лесу ў Расіі
img
Мал. 81. Дэградзіраваны трапічны лес Бразіліі

Для таго каб спыніць працэс абязлесення, неабходна рацыянальна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы (мал. 82).

Павышаны ўзровень П4

icon Паразважаем. Ці можа чалавецтва для захавання лясоў цалкам адмовіцца ад іх гаспадарчага выкарыстання?

icon Свет і Беларусь. Па колькасці і якасці ляснога фонду Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых дзяржаў Еўропы. Штогадовы прырост лясоў краіны — 32 млн м3 драўніны. Агульны запас драўніны ў лясах Беларусі — 1 млрд 800 млн м3. У 2019 г. са ўсіх відаў высечак нарыхтавана 20,9 млн м3 драўніны.

img
Мал. 82. Мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў

У шэрагу краін прыняты дзяржаўныя праграмы гаспадарчага асваення лясных тэрыторый. У той жа час ёсць неабходнасць распрацоўкі і прыняцця міжнароднай канвенцыі па лясах. Яна павінна вызначыць асноўныя прынцыпы і механізмы міжнароднага супрацоўніцтва па падтрыманні ўстойлівага стану і паляпшэнні лясоў. Стратэгія кіравання лясамі павінна грунтавацца на прызнанні лесу агульным здабыткам чалавецтва.

Наступствы апустыньвання (мал. 76-1).

img
Мал. 76-1. Галоўныя наступствы апустыньвання

Найбольш яркім прыкладам развіцця апустыньвання з прычыны неспрыяльнага спалучэння натуральных і сацыяльна-эканамічных фактараў з’яўляецца раён Сахеля. Тут колькасць насельніцтва і жывёлы значна перавысіла патэнцыйную ёмістасць гэтай тэрыторыі.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Сахель (на арабскай — бераг, ускраіна) — пераходная зона шырынёй да 400 км, якая распасціраецца на поўдзень ад пустыні Сахара да саван Заходняй Афрыкі. У 1968 г. там пачалася шматгадовая засуха, якая працягвалася 20 гадоў. Гэта прывяло да зніжэння прадуктыўнасці палёў і пашаў, высыхання калодзежаў, памяншэння рачнога сцёку, падзення ўзроўню возера Чад і іншых катастрафічных наступстваў. Падчас засухі загінула ад голаду больш за 250 тыс. жыхароў і 40 % жывёлы. У Малі і Маўрытаніі загінула больш за 90 % жывёлы. У 1980-я гг. бедствы і наступствы засухі і апустыньвання набылі ў Афрыцы катастрафічныя маштабы. Вынікі гэтых працэсаў адчуваюць 34 афрыканскія краіны і 150 млн чал.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце краіны, якія ўваходзяць у зону Сахеля.

img
Мал. 78-1. Дэградацыя зямель у зоне Сахеля

У Сахелі з поўначы на поўдзень рэзка змяняюцца гідракліматычныя паказчыкі і асноўныя тыпы гаспадаркі. З поўначы на поўдзень павялічваюцца ападкі, зніжаецца іх зменлівасць год ад года, павялічваецца працягласць вільготнага сезона, паляпшаецца водны баланс у перыяд сезона дажджоў. Адпаведна, доля земляробства ў сельскай гаспадарцы на поўдзень павялічваецца, а жывёлагадоўлі — скарачаецца. Дзякуючы кліматычным умовам пры перамяшчэнні на поўдзень павялічваецца біялагічная прадукцыйнасць тэрыторыі і шчыльнасць насельніцтва. Пры гэтым усюды колькасць насельніцтва перавышае патэнцыйную ёмістасць тэрыторыі. Асабліва складаная сітуацыя назіраецца ў зоне няўстойлівага земляробства з ападкамі 400–600 мм на год. Тут высокая шчыльнасць насельніцтва спалучаецца з канфліктнымі інтарэсамі жывёлагадоўлі і земляробства. Гэта выклікае ўзмацненне апустыньвання (мал. 78-1).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Прадукцыйнасць пашы ў Сахелі ў 1,5–10 разоў вышэйшая, чым у сучасных гаспадарках ЗША ці Аўстраліі. Сельскагаспадарчыя жывёлы ў Сахелі ядуць усю расліннасць: каровы — траву, авечкі — хмызняк, козы — галіны дрэў. Да таго ж там на 1 км2прыходзіцца 10 пастухоў, а ў сучасных гаспадарках ЗША — адзін пастух на 100 км2.

Для барацьбы з апустыньваннем і наступленнем Сахары ААН прыняла рашэнне аб стварэнні «Вялікай зялёнай сцяны». Яе даўжыня павінна скласці каля 7 тыс. км і выцягнуцца ад Сенегала ў Заходняй Афрыцы да Джыбуці ва Усходняй. Яна пакрые 780 млн га засушлівых і паўзасушлівых зямель паміж Сахелем і Сахарай. Адобраны Афрыканскім саюзам у 2007 г. праект «Вялікая зялёная сцяна для Сахары і Сахельская ініцыятыва» аб’ядноўвае больш за 20 афрыканскіх краін з міжнароднымі арганізацыямі, даследчымі інстытутамі і грамадскімі арганізацыямі. Прычынай яго распрацоўкі з’яўляюцца катастрафічныя прагнозы, паводле якіх, калі не змагацца з апустыньваннем, да 2025 г. будзе страчана 2/3 ворных зямель афрыканскага кантынента (50 млн га). Гэта прывядзе да вымушанай міграцыі 60 млн афрыканцаў, палітычнай нестабільнасці, голаду і масавай галечы на кантыненце.

Праблема абязлесення ў трапічных і вільготных экватарыяльных лясах. Засяленне і антрапагеннае пераўтварэнне зоны трапічных і вільготных экватарыяльных лясоў адбывалася паступова. Упершыню ў гэтай зоне людзі з’явіліся 25–40 тыс. гадоў таму ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі, 10 тыс. гадоў таму — у Амазоніі, 3 тыс. гадоў таму — у Афрыцы і яшчэ пазней на Мадагаскары і Новай Зеландыі. Ва ўсіх выпадках антрапагенныя змены лясоў былі нязначнымі. На працягу апошніх 200 гадоў у гэтай зоне з’явілася плантацыйная сельская гаспадарка, вырошчваюць прадукцыю на продаж (цукровы трыснёг, тытунь, кава, какава, чай, каўчук, какосавая і алейная пальмы). Пасля Другой сусветнай вайны вырас попыт на доўгія, прамыя, цвёрдыя гатункі драўніны. Былі распрацаваны сучасныя тэхналагічныя метады яе здабычы. Экспарт трапічнай драўніны з 1950 да 2019 г. павялічыўся ў 16 разоў. Разам з гэтым рэзка вырасла насельніцтва. Гэта прывяло да істотнага абязлесення і дэградацыі лясоў.

У цяперашні час у некаторых краінах, якія развіваюцца, скарачэнне плошчы лясоў адбываецца асабліва хутка (Малайзія, Тайланд, Інданезія, Філіпіны, Нігерыя, Кот-д’Івуар, Коста-Рыка і інш.).

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, якія развіваюцца, у якіх асабліва хутка адбываецца скарачэнне плошчы лясоў.

Існуе шмат прычын трапічнага абязлесення і камбінацый гэтых прычын. Яны адрозніваюцца ў розных краінах і рэгіёнах свету (мал. 81-1).

img
Мал. 81-1. Асноўныя прычыны абязлесення трапічных і вільготных экватарыяльных лясоў

На думку навукоўцаў, асноўныя прынцыпы эфектыўнага кіравання тэрыторыямі вільготных трапічных лясоў заключаюцца ў наступным (мал. 81-2).

img
Мал. 81-2. Прынцыпы эфектыўнага кіравання тэрыторыямі вільготных трапічных лясоў

Праблема абязлесення ў лясах умеранага пояса характэрная для Расіі. Расія адрозніваецца найбольшай плошчай лясоў на Зямлі, якая дасягае 7,7 млн км2, што складае 46 % усіх пазатрапічных лясоў свету. Штогадовы прырост драўніны выкарыстоўваецца толькі часткова. Але ў некаторых раёнах Еўрапейскай Расіі, напрыклад у Татарстане, Комі і Чувашыі, плошча лясоў скарачаецца. У многіх раёнах Расіі першасныя лясы замешчаны другаснымі. Частка лясоў церпіць ад кіслотных ападкаў, пажараў і шкоднікаў.

iconСвет і Беларусь. Лясы ў Беларусі займаюць каля 8 млн га. Сярэдняя лясістасць краіны складае каля 40 %. Пераважаюць хваёвыя лясы з хвойнікаў і ельнікаў. Яны займаюць каля 65 % плошчы Беларусі, пакрытай лесам. На шыракалістыя лясы прыпадае каля 5 %. Самай распаўсюджанай драўнінай з’яўляецца дуб. Драбналістыя лясы займаюць каля 30 % плошчы краіны, пакрытай лесам. Сярод іх пераважаюць другасныя лясы з бярозы, алешыны і асіны.

Асаблівасці гаспадарчага выкарыстання лясоў. Лясы выконваюць важныя функцыі ў забеспячэнні жыццядзейнасці чалавека: кліматычную, гідралагічную, глебавую, эканамічную, аздараўленчую. Яны актыўна паглынаюць атмасферныя забруджванні і вылучаюць кісларод, неабходны для жыцця, і служаць жыллём для многіх жывёл. Фітанцыды — актыўныя лятучыя рэчывы, якія вылучаюцца іглічнымі раслінамі, знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы. Лясныя тэрыторыі абараняюць глебы ад працэсаў эрозіі, прадухіляючы паверхневы сцёк ападкаў.

Цяжка ўявіць нашу цывілізацыю без тых прадуктаў, якія дае лес. Лес высякаюць, каб атрымаць драўніну для розных галін прамысловасці, будаўніцтва, ацяплення і іншых мэт. Чалавецтву варта належным чынам кіраваць лесакарыстаннем і карыстацца здольнасцю лесу самастойна аднаўляцца.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Кожны чалавек можа шмат зрабіць для выратавання лясоў: рацыянальна і эканомна выкарыстоўваць папяровую прадукцыю; купляць перапрацаваную прадукцыю, у т. л. папяровую; азеляняць тэрыторыю каля свайго жылля; замяшчаць высечаныя на дровы дрэвы саджанцамі; прыцягваць увагу грамадскасці да праблемы знішчэння лясоў і т. д.

iconСвет і Беларусь. Якія захады робяцца ў Беларусі для захавання лясоў? Якія, на ваш погляд, мерапрыемствы неабходна праводзіць для захавання відавой разнастайнасці лясоў нашай дзяржавы?

icon Падвядзём вынікі. Апустыньванне спрыяе абвастрэнню …, … і … праблем. Асабліва інтэнсіўна апустыньванне працякае ў …, … раёнах. Галоўная прычына звядзення лясоў — павелічэнне плошчы … і … …, бо … … насельніцтва. Абязлесенне прыводзіць да зніжэння … … … і … …, памяншэння паглынання … … расліннасцю. Для таго каб спыніць працэс …, неабходна … выкарыстоўваць лясныя рэсурсы.

icon Праверым свае веды. 1. Якія прыродныя фактары ўплываюць на працэсы апустыньвання? 2. Якія негатыўныя змены прыроды адбываюцца пры абязлесенні тэрыторыі? 3. Якія мерапрыемствы трэба праводзіць для прадухілення апустыньвання?

icon Ад простага да складанага. 1. У чым падабенства і адрозненне працэсаў апустыньвання і абязлесення? 2. Якія эканамічныя, сацыяльныя і экалагічныя праблемы звязаны з апустыньваннем і абязлесеннем?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Па малюнку 78 прааналізуйце рэгіёны абязлесення і прамысловай высечкі. 2. Чаму паўднёвы лясны пояс больш інтэнсіўна знішчаецца і выклікае вялікую трывогу ў параўнанні з паўночным лясным поясам?

icon

Web-ресурсы.
Канвенцыя ААН па барацьбе з апустыньваннем.

Форум Лясны Грынпіс.

Сусветны фонд прыроды. Лясы.

Прыродныя рэсурсы Канады. Лясная гаспадарка ў Канадзе.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Лясы.

Міжнародны саюз аховы прыроды. Прыродныя рашэнні.