Печатать книгуПечатать книгу

§ 12. УПЛЫЎ ПРЫРОДНЫХ ФАКТАРАЎ І ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЗЯМЕЛЬНЫЯ І ГЛЕБАВЫЯ РЭСУРСЫ

icon
Успамінаем. Якое значэнне маюць глебы для чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці? Ад чаго залежыць натуральная ўрадлівасць глеб? Што такое зямельныя рэсурсы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць сучасны стан зямельных і глебавых рэсурсаў Зямлі? Як глебы ўзаемадзейнічаюць з геасферамі Зямлі? Ці можна пазбегнуць дэградацыі зямель і глеб?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 12. УПЛЫЎ ПРЫРОДНЫХ ФАКТАРАЎ І ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЗЯМЕЛЬНЫЯ І ГЛЕБАВЫЯ РЭСУРСЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 12:10

Зямельныя і глебавыя рэсурсы. Зямельныя рэсурсы — гэта зямная паверхня, прыдатная для пражывання чалавека, якая выкарыстоўваецца ці можа быць выкарыстана ў яго гаспадарчай дзейнасці. Глебавыя рэсурсы — гэта ўрадлівыя землі, прыдатныя для выкарыстання ў сельскай і лясной гаспадарцы як сродкі вытворчасці. Таксама яны выкарыстоўваюцца ў іншых галінах гаспадарчай дзейнасці чалавека. Значныя плошчы ўрадлівых глеб штогод адводзяцца пад грамадзянскае, прамысловае, транспартнае будаўніцтва.

Павышаны ўзровень П1

Забяспечанасць зямельнымі рэсурсамі з’яўляецца найважнейшым эканамічным і палітычным фактарам развіцця краін. Яны ў значнай ступені вызначаюць размяшчэнне галін прамысловасці, спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, узровень антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, асаблівасці геапалітычнага становішча і г. д.

Сусветны зямельны фонд вызначае забяспечанасць чалавецтва зямельнымі рэсурсамі і ўключае сукупнасць усіх зямель сушы (за выключэннем Грэнландыі і Антарктыды), што адрозніваюцца тыпам гаспадарчага выкарыстання. Яго плошча складае каля 130 млн км2.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Найбольшым зямельным фондам валодаюць Афрыка (30 млн км2) і Азія (27,7 млн км2), а мінімальным — Еўропа (5,1 млн км2) і Аўстралія з Акіяніяй (8,5 млн км2).

Асноўную частку зямельнага фонду складаюць землі сельскагаспадарчага прызначэння — гэта землі сельскагаспадарчых угоддзяў (раллі, сенажаці, пашы, шматгадовыя насаджэнні, паклады і да т. п.), а таксама землі, якія абслугоўваюць дапаможныя патрэбы сельскагаспадарчай вытворчасці (занятыя збудаваннямі, дарогамі, пабудовамі).

Да зямель прыродаахоўнага, рэкрэацыйнага і аздараўленчага прызначэння адносяцца землі запаведнікаў, нацыянальных і дэндралагічных паркаў, батанічных садоў, землі для арганізацыі адпачынку і турызму насельніцтва.

Землі ляснога фонду ўключаюць землі, пакрытыя лесам, а таксама непакрытыя лесам, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі.

Да зямель воднага фонду адносяцца землі, занятыя вадаёмамі, гідратэхнічнымі, водагаспадарчымі збудаваннямі, а таксама водаахоўныя палосы па берагах вадаёмаў.

Землямі запасу з’яўляюцца ўсе землі, якія не дадзены ў валоданне і доўгатэрміновае карыстанне.

img
Мал. 67. Краіны з найбольшым зямельным фондам, млн км2

Землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць 37 % сусветнага зямельнага фонду. Гэтыя землі забяспечваюць насельніцтва планеты неабходнымі прадуктамі харчавання. Лясныя землі складаюць 32 % усёй плошчы сусветнага зямельнага фонду. Роля гэтых зямель перш за ўсё важная для фарміравання клімату, аховы водных аб’ектаў і ў лесагаспадарчай дзейнасці. Іншыя землі займаюць плошчу, прыкладна роўную лясным. Гэта землі пад грамадзянскай забудовай (гарадской, сельскай), прамысловымі і інфраструктурнымі будынкамі, горнымі вырабаткамі (кар’еры, шахты, адвалы і да т. п.).

Па асобных кантынентах і краінах структура і плошчы зямельнага фонду істотна адрозніваюцца (мал. 67). Доля зямель, занятых пад грамадзянскую, прамысловую і транспартную забудову, найбольшая ў Еўропе, доля пашы — у структуры зямельнага фонду Аўстраліі, доля лясоў — у Паўднёвай Амерыцы. Плошча разараных зямель у Паўночнай Амерыцы 15 %, у Еўропе гэты паказчык дасягае 27 %. Слаба выкарыстоўваецца ў земляробстве глебавае покрыва Паўднёвай Амерыкі і асабліва Аўстраліі з Акіяніяй (мал. 68).

img
Мал. 68. Структура сусветнага зямельнага фонду, %, 2017 г.

icon Свет і Беларусь. Зямельны фонд Рэспублікі Беларусь складае 207,60 тыс. га. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 41 % ад агульнай плошчы краіны, лясныя землі — 42 %, паверхневыя воды, уключаючы балоты, — 6 %, іншыя землі — 11 %.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Сусветны паказчык забяспечанасці сельскагаспадарчымі землямі на душу насельніцтва складае 0,23 га. У розных краінах гэты паказчык істотна адрозніваецца. У Аўстраліі ён складае 2,45 га, Канадзе — 1,48 га, Украіне — 1,07 га, Расіі — 0,9 га. У Кітаі, Бангладэш і Бельгіі на кожнага жыхара прыходзіцца 0,07 га, у Егіпце — 0,05 га, у Японіі — 0,03 га (2017 г.).

Геаэкалагічныя асаблівасці глеб і іх узаемадзеянне з геасферамі. Асноўныя геасферныя функцыі глебы як прыроднага цела абумоўлены палажэннем глебы на стыку жывой і нежывой прыроды (мал. 66-2).

img
Мал. 66-2. Глабальныя геасферныя функцыі глеб

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 1982 г. Сусветная арганізацыя па харчаванні (ФАО) прыняла «Сусветную хартыю глеб», у якой заклікала ўрады ўсіх краін разглядаць глебавае покрыва Зямлі і кожнай краіны як сусветны набытак чалавецтва.

Дэградацыя зямель і глеб. Дэградацыя зямель адбываецца ў выніку доўгатэрміновай страты натуральнага расліннага покрыва ці моцнага яго парушэння. Яна таксама звязана з пагаршэннем фізічных, хімічных, біялагічных і агранамічных уласцівасцей глеб.

icon Дэградацыя зямель — зніжэнне або страта біялагічнай і эканамічнай прадукцыйнасці зямель, якія выкарыстоўваюцца чалавецтвам.

Прыродныя фактары дэградацыі зямель: кліматычныя ўмовы, прыродныя запасы солей у глебаўтваральных пародах, атмасферныя пераносы солей, пылу і пяску, дэфляцыя, эрозія глеб, селевыя патокі і іншыя.

Асноўныя прычыны антрапагеннай дэградацыі глеб свету: нерацыянальнае вядзенне сельскай гаспадаркі; перавыпас жывёлы; ветравая і водная эрозія; тэхнагеннае забруджванне, засаленне і забалочванне глеб; адчужэнне зямель для прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва; звядзенне лясоў; апустыньванне і іншыя.

icon Дэградацыя глебы — устойлівае пагаршэнне ўласцівасцей глебы як асяроддзя існавання біёты, а таксама зніжэнне яе ўрадлівасці ў выніку ўздзеяння прыродных або антрапагенных фактараў.

icon Свет і Беларусь. У Беларусі ўстаноўлена больш за 20 відаў і форм дэградацыі зямель (уключаючы глебы), да асноўных адносяцца: водная і ветравая эрозія; разбурэнне гумусу, ушчыльненне, лакальнае засаленне, забалочванне ў выніку нерацыянальнага вядзення гаспадарчай дзейнасці; мінералізацыя арганічнага рэчыва торфу; тэхнагеннае, у тым ліку радыенукліднае, забруджванне; пажары на асушаных землях з тарфянымі глебамі, на землях ляснога фонду; парушэнне зямель пры здабычы карысных выкапняў, будаўніцтве.

Характэрнай рысай выкарыстання зямельных рэсурсаў свету за апошняе тысячагоддзе з’яўляецца павелічэнне плошчы раллі. У залежнасці ад прыроднай зоны гэта адбывалася за кошт высечкі лесу з далейшым узворваннем, а таксама шляхам трансфармацыі ў раллю стэпаў, прэрый, саваны і іншых бязлесных ландшафтаў. Працэс змены тыпу выкарыстання зямель залежыць ад шматлікіх натуральных і грамадскіх фактараў. Частка разараных тэрыторый можа зноў зарастаць хмызняком, другасным лесам, травой і пад.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія прыродныя і антрапагенныя працэсы ўплываюць на змяненне тыпу землекарыстання?

Пераразмеркаванне выкарыстання зямель таксама звязана з пашырэннем плошчаў, неабходных для рассялення людзей і забеспячэння іх неабходнымі паслугамі (збор і перапрацоўка смецця, будаўніцтва жылых дамоў, дарог, аўтастаянак і г. д.). Пры гэтым у катэгорыю гарадскіх зямель пераходзяць сельскагаспадарчыя, пераважна ворныя ўгоддзі.

img
Мал. 69. Эрозія глеб

Неспрыяльныя геаэкалагічныя наступствы антрапагеннага выкарыстання зямельных і глебавых рэсурсаў. Эрозія глеб — разбурэнне і знос верхніх, найбольш урадлівых гарызонтаў і падсцілаючых парод ветрам (ветравая эрозія) або вадой (водная эрозія). Да ветравой эрозіі схільна 34 % паверхні сушы, воднай — 31 % (мал. 69). Зямлі, якія падвергліся разбурэнню ў працэсе эрозіі, называюць эрадзіраванымі.

Павышаны ўзровень П2

Да эразійных працэсаў адносяць таксама прамысловую эрозію (разбурэнне сельскагаспадарчых зямель пры будаўніцтве і распрацоўцы кар’ераў), ваенную эрозію (варонкі, траншэі), пашавую эрозію (пры інтэнсіўным выпасе жывёлы), ірыгацыйную (разбурэнне глеб падчас пракладкі каналаў і парушэнні норм паліву) і інш.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У ЗША эрадзіравана 40 % усіх сельскагаспадарчых зямель, а ў засушлівых раёнах свету яшчэ больш — 60 % ад агульнай плошчы, з іх 20 % эрадзіравана моцна. Асабліва разбуральная эрозія глеб на схілавых землях. Яе змыў павялічваецца прапарцыйна ўхілу і яго даўжыні. Пры павышэнні ўхілу з 2 да 4° ён узрастае ў 1,8 раза, з 4 да 8° — у 7,2 раза. Падаўжэнне схілу з 400 да 500 м узмацняе змыў глебы на 30 %, а з 300 да 450 м — амаль на 50 %.

Эрозія аказвае негатыўны ўплыў на стан глебавага покрыва, а ў многіх выпадках разбурае яго цалкам. Па́дае біялагічная прадукцыйнасць раслін, зніжаюцца ўраджаі і якасць збожжавых культур, бавоўны, чаю і інш.

Паверхневыя слаі глеб лёгка забруджваюцца. Вялікія канцэнтрацыі ў глебе хімічных злучэнняў адмоўна ўплываюць на жыццядзейнасць глебавых арганізмаў. Зніжаецца здольнасць глебы да самаачышчэння ад хваробатворных і іншых непажаданых мікраарганізмаў. Гэта выклікае цяжкія наступствы для чалавека, расліннага і жывёльнага свету. Напрыклад, у моцна забруджаных глебах узбуджальнікі тыфу і паратыфу могуць захоўвацца да 1,5 года, а ў незабруджаных — толькі на працягу двух-трох сутак. Асноўныя забруджвальнікі глебы: пестыцыды; мінеральныя ўгнаенні; адходы вытворчасці; газадымавыя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу; нафта і нафтапрадукты (мал. 70).

Павышаны ўзровень П3

У працэсе гаспадарчай дзейнасці чалавек можа ўзмацняць прыроднае засаленне глеб (мал. 71). Такая з’ява носіць назву другаснага засалення. Яно развіваецца пры празмерным паліве зямель у засушлівых раёнах. Ва ўсім свеце пад працэсы другаснага засалення і асаланцавання падпадае каля 30 % зямель, якія арашаюцца. Засаленне глеб аслабляе іх уклад у падтрыманне біялагічнага кругавароту рэчываў. Знікаюць многія віды раслінных арганізмаў, з’яўляюцца новыя расліны галафіты (салянка і інш.). Памяншаецца генафонд наземных папуляцый, узмацняюцца міграцыйныя працэсы.

img
Мал. 70. Забруджванне глебы нафтай
img
Мал. 71. Засаленне глебы

icon Клуб географаў-знаўцаў. У свеце з 270 млн га зямель, якія арашаюцца, 40 % падпадае пад другаснае засаленне, у тым ліку ў Пакістане — 75 %, Іраку і Іране — больш за 50 %. У Ніжнім Паволжы пад пагрозай другаснага засалення знаходзіцца практычна ўся тэрыторыя, якая арашаецца. Да ўвядзення арашэння грунтавыя воды знаходзіліся тут на глыбіні 5–7 м і мелі мінералізацыю 0,4–4,5 г/л. У выніку арашэння адбыўся рэзкі ўздым узроўню грунтавых вод (да 0,5–1,0 м), а ступень іх мінералізацыі ўзрасла да 14 г/л. Нават слабае засаленне глеб рэзка зніжае ўраджайнасць сельскагаспадарчых структур, напрыклад бавоўніку і пшаніцы — на 50–60 %, кукурузы — на 40–50 %.

img
Мал. 72. Забалочанасць глеб

Забалочванне глеб назіраецца ў моцна пераўвільготненых раёнах (мал. 72). Яно суправаджаецца дэградацыяй расліннасці і назапашваннем на яе паверхні рэшткаў, якія не згнілі. Гэта пагаршае агранамічныя ўласцівасці глебы і зніжае прадукцыйнасць лясоў.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце раёны, дзе значную плошчу займаюць забалочаныя глебы.

icon Свет і Беларусь. На тэрыторыі Беларусі распаўсюджаны тарфяна-балотныя глебы. Асноўная іх частка сканцэнтравана ў Беларускім Палессі. Агульная плошча тарфяных балот да пачатку іх інтэнсіўнага асваення складала 2,9 млн га, або 14 % тэрыторыі рэспублікі (мал. 73).

img
Мал. 73. Балота Марочна, Беларусь

Адно з глабальных праяўленняў дэградацыі глеб — апустыньванне. У свеце больш за 1 млрд га зямель практычна на ўсіх кантынентах падпадае пад гэты працэс. Як правіла, да пераўтварэння ў пустыні прыводзіць спалучэнне некалькіх фактараў, сумеснае дзеянне якіх рэзка пагаршае экалагічную сітуацыю.

Апустыньванне прыводзіць да пагаршэння фізічных уласцівасцей глеб, рэзкага падзення біялагічнай прадукцыйнасці расліннасці, засалення грунтавых вод, парушэння здольнасці экасістэм да аднаўлення. Апустыньванне з’яўляецца адначасова сацыяльна-эканамічным і прыродным працэсам, яно пагражае прыкладна 3,2 млрд га зямель, на якіх пражываюць больш за 700 млн чалавек.

Павышаны ўзровень П4

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце раёны, дзе найбольш інтэнсіўна працякаюць працэсы апустыньвання.

Значную ролю ў дэградацыі глеб адыгрывае нерацыянальнае вядзенне сельскагаспадарчых работ. Гэта абумоўлена прымяненнем буйной цяжкай тэхнікі, яе выкарыстаннем на павышаных скарасцях, павелічэннем памеру апрацоўваемых палёў і выкарыстаннем пестыцыдаў.

Павышаны ўзровень П5

icon Клуб географаў-знаўцаў. Штогод з сельскагаспадарчага выкарыстання выбывае каля 8 млн га зямель за кошт адчужэння на іншыя гаспадарчыя патрэбы і каля 7 млн га — у выніку розных працэсаў дэградацыі. Такім чынам, у канцы ХХ ст. чалавецтва штогод страчвала каля 15 млн га прадукцыйных угоддзяў. Хуткасці дэградацыі глеб павелічваецца: у другой палове мінулага стагоддзя яна ўзрасла ў 30 разоў. Найбольшыя плошчы дэградзіраваных глеб адпавядаюць краінам і раёнам даўняга інтэнсіўнага земляробства.

Глебавае покрыва незваротна парушаецца пры адчужэнні зямель для патрэб нясельскагаспадарчага карыстання: будаўніцтва прамысловых аб’ектаў, гарадоў, пасёлкаў, для пракладкі лінейна-працяглых сістэм (дарог, трубаправодаў, ліній сувязі), пры адкрытай распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў і г. д. Толькі пры будаўніцтве гарадоў і дарог у свеце штогод незваротна страчваецца больш за 300 тыс. га ворных зямель.

Павышаны ўзровень П6

icon Паразважаем. Як можна зменшыць негатыўны ўплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на зямельныя і глебавыя рэсурсы?

img
Мал. 74. М. М. Майсееў

Выбітны навуковец, акадэмік М. М. Майсееў (мал. 74) пісаў: «Глеба, глебавае покрыва займае ключавое месца ў біёце сушы. Не будзе перабольшаннем сказаць, што глеба — гэта аснова біясферы... Урадлівасць глебы — гэта аснова дабрабыту чалавецтва».

Такім чынам, абарона і захаванне глебавага покрыва Зямлі павінны стаць адной з галоўных задач сучаснай сусветнай экалагічнай палітыкі.

Неспрыяльныя геаэкалагічныя наступствы антрапагеннага выкарыстання зямельных і глебавых рэсурсаў. Адна з асноўных прычын павелічэння воднай і ветравой эрозіі — высечка лясоў. Агульнае штогадовае высяканне дасягае 11,6 млн га. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да рэзкага павышэння хуткасці змыву глебавага слоя.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Па наяўных ацэнках, змыў глебавага слоя ў 20 см пры наяўнасці лесу магчымы за 174 тыс. гадоў, лугу — 29 тыс., пры звычайнай апрацоўцы глебы — 100 гадоў, пры поўнай адсутнасці расліннасці — 17 гадоў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як высечка лясоў прыводзіць да павелічэння воднай і ветравой эрозіі? Прывядзіце прыклады адмоўнага ўплыву на глебавае покрыва высякання лясоў.

Ветравая эрозія (дэфляцыя) глеб. Пад ветравой эрозіяй разумеюць выдзіманне, перанос і адклад найдрабнейшых глебавых часціц ветрам. Інтэнсіўнасць ветравой эрозіі залежыць ад хуткасці ветру, устойлівасці глебы, наяўнасці расліннага покрыва, асаблівасцей рэльефу і ад іншых фактараў. Вялікі ўплыў на яе развіццё аказвае антрапагеннае ўздзеянне. Напрыклад, знішчэнне расліннасці, нерэгулюемы выпас жывёлы, няправільнае выкананне агратэхнічных мерапрыемстваў актывізуюць эразійны працэсы.

iconСвет і Беларусь. У Беларусі да эрозіі схільна 556,5 тыс. га сельскагаспадарчых зямель рэспублікі, або 7,2 % ад іх агульнай плошчы. У тым ліку 85 % гэтых зямель церпяць ад воднай эрозіі і 15 % — ад ветравой. Эрадзіраваныя глебы адпавядаюць пераважна ворным землям — 426,6 тыс. га (7,7 % агульнай плошчы ворных зямель). Плошча зямель з патэнцыйна магчымым змывам глебы (эразійна-небяспечныя зямлі) складае 1 443 тыс. га, або амаль 7 % тэрыторыі краіны.

Адрозніваюць мясцовую ветравую эрозію і пылавыя буры. Першая праяўляецца ў выглядзе замеці і слупоў пылу пры невялікіх хуткасцях ветру. Пылавыя буры ўзнікаюць пры вельмі моцных і працяглых вятрах. Хуткасць ветру дасягае 20–30 м/с і больш. Найбольш часта пылавыя буры назіраюцца ў засушлівых раёнах (сухія стэпы, паўпустыні, пустыні).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Пылавыя буры незваротна зносяць самы ўрадлівы верхні слой глеб. Яны здольныя развеяць за некалькі гадзін да 500 т глебы з 1 га раллі, негатыўна ўплываюць на ўсе кампаненты навакольнага прыроднага асяроддзя, забруджваюць паветра, вадаёмы, адмоўна ўплываюць на здароўе чалавека.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце раёны, дзе найбольш часта назіраюцца пылавыя буры.

iconСвет і Беларусь. Пылавыя буры для Беларусі з’ява рэдкая, але не ўнікальная. За апошнія 40 гадоў у краіне адбылося больш за 340 пыльных бур, каля 70 з іх, здарыліся на Палессі. Якія прычыны ўзнікнення пылавых бур у дадзеным рэгіёне?

У свеце штогод вырабляецца больш за мільён тон пестыцыдаў, што забруджваюць глебы. Да інтэнсіўнага забруджвання глеб прыводзяць адходы вытворчасці. Значным фактарам дэградацыі глеб з’яўляюцца прадпрыемствы нафтахімічнай і нафтаперапрацоўчай галін. Зона іх актыўнага забруджвання складае 1–3 км ад прадпрыемстваў.

Глеба валодае здольнасцю назапашваць небяспечныя для здароўя чалавека забруджвальныя рэчывы, напрыклад цяжкія металы. Паблізу ртутнага камбіната ўтрыманне ртуці ў глебе з-за газадымавых выкідаў можа перавышаць дапушчальныя канцэнтрацыі ў сотні разоў. Значную колькасць свінцу ўтрымліваюць глебы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабільных дарог. Вынікі аналізу ўзораў глебы, узятых на адлегласці некалькіх метраў ад дарогі, паказваюць 30-разовае перавышэнне канцэнтрацыі свінцу ў параўнанні з яго колькасцю (20 мкг/г) у глебе незабруджаных раёнаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Штогадовыя страты з-за апустыньвання зямель, што арашаюцца, дасягаюць 6 млн га, а ў цэлым з-за гэтага пацярпела 40 млн га сельскагаспадарчых угоддзяў. Тэрыторыі з найбольш высокім апустыньваннем складаюць у Азіі каля 19 %, у Афрыцы — 23 %, у Аўстраліі — 45 %, у Паўднёвай Амерыцы — 10 % агульнай плошчы. Асабліва значныя наступствы апустыньвання для краін Афрыкі.

Найважнейшая ўмова недапушчэння дэградацыі глеб — гэта падтрыманне на належным узроўні фізічных уласцівасцей і рэжымаў слоя каранёў. Асаблівае значэнне маюць структурны стан і шчыльнасць складання. Наступствы ўшчыльнення могуць захоўвацца ў глебе на працягу некалькіх гадоў. Звесці да мінімуму зацвярдзенне глеб, а ў перспектыве цалкам яго выключыць можна шляхам максімальнага змяншэння праходаў тэхнікі па палях, палягчэння яе вагі, унясення высокіх доз арганічных угнаенняў.

На развіццё эрозіі зямель уплываюць гідратэхнічныя збудаванні, асабліва буйныя вадасховішчы. Вадасховішчы змяняюць рэжым грунтавых вод, затапляюць вялікія ўчасткі ўрадлівых зямель, прыводзяць да другаснага засаленне глебы і г. д. Прыкладна 60–70 % тэрыторыі гэтых збудаванняў складаюць затопленыя землі.

Значны ўрон глебам наносяць кіслотныя дажджы — атмасферныя ападкі, якія маюць рН < 7. Кіслотныя дажджы прыводзяць да закіслення глеб. У пачатковай стадыі гэтага працэсу значна, у сярэднім на 20–30 %, зніжаецца ўраджайнасць некаторых сельскагаспадарчых культур (бавоўнік, таматы, вінаград, цытрусавыя і г. д.). Пры рН < 5,0 узровень урадлівасці пачынае рэзка падаць, а пры рН ~ 3,0 глебы становяцца практычна непрыдатнымі для сельскай гаспадаркі. Асабліва ўспрымальныя да закіслення падзолістыя глебы зоны тайгі.

icon Падвядзём вынікі. Зямельныя рэсурсы — гэта … паверхня, прыдатная для пражывання …, … ці можа быць … у яго … дзейнасці. Асноўную частку … фонду складаюць землі … прызначэння. Глебавыя рэсурсы — гэта … землі, прыдатныя для выкарыстання ў … і … гаспадарцы як … вытворчасці. Асноўныя прычыны антрапагеннай дэградацыі глеб свету: нерацыянальнае вядзенне … гаспадаркі; … жывёлы; ветравая і … эрозія; тэхнагеннае …, засаленне і … глеб, адчужэнне зямель для … і грамадзянскага …; … лясоў; апустыньванне і іншыя. Асноўнымі відамі эрозіі ў свеце з’яўляюцца … і … эрозія.

icon Праверым свае веды. 1. Землі якіх тэрыторый належаць да зямель прыродаахоўнага, рэкрэацыйнага і аздараўленчага прызначэння? 2. Якія прыродныя фактары ўплываюць на дэградацыю зямель? 3. Як эрозія ўплывае на стан глебавага покрыва?

icon Ад простага да складанага. 1. Чаму забяспечанасць краіны зямельнымі рэсурсамі з’яўляецца найважнейшым эканамічным і палітычным фактарам яе развіцця? 2. Якія асаблівасці дэградацыі зямель характэрныя для розных прыродных зон?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Якія прыродныя прычыны дэградацыі зямель характэрныя для вашай мясцовасці? 2. Напішыце эсэ на тэму «Глеба — маці-карміцелька».

icon

Web-ресурсы.
Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Глебы.

Партал ведаў пра водныя рэсурсы і экалогію Цэнтральнай Азіі CAWаter. Дэградацыя зямель і апустыньванне.

Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Землекарыстанне.

Міжнародны саюз глебазнаўцаў.