Печатать книгуПечатать книгу

§ 11-1. БІЯСФЕРА

icon
Успамінаем. 1. Што такое біясфера і якія ўмовы існавання жывых арганізмаў? Чаму большасць жывых арганізмаў жыве на мяжы зямных абалонак? 2. На якія царствы падзяляюцца жывыя арганізмы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. У якім кірунку адбываецца эвалюцыя біясферы? Як асяроддзе пражывання ўплывае на жывыя арганізмы? Чаму на Зямлі вялікая разнастайнасць жывых арганізмаў?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 11-1. БІЯСФЕРА
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 19 Апрель 2024, 20:11

Асаблівасці фарміравання і развіцця біясферы. Сучасная біясфера Зямлі з’яўляецца вынікам мільярдаў гадоў яе эвалюцыі (мал. 56-3).

img
Мал. 56-3. Гісторыя развіцця біясферы

У эвалюцыі біясферы неаднаразова адбывалася перабудова флоры і фаўны, выкліканая змяненнем абіятычных і біятычных умоў. Пакуль навакольнае асяроддзе заставалася адносна пастаянным, працягвалі існаваць віды, прыстасаваныя да яго. Пры яго істотных зменах віды, не здольныя працягваць існаванне, выміралі.

Для трыясу быў характэрны адносна спакойны стан зямной кары. На сушы развіваліся голанасенныя расліны, насякомыя і паўзуны. На працягу юрскага перыяду паўзуны асвоілі ўсе асяроддзі жыцця: мора, сушу, паветра. Пачалося развіццё пакрытанасенных раслін. У мелавым перыядзе ўмовы існавання значна змяніліся. Працэсы гораўтварэння прывялі да асушвання мацерыкоў, клімат стаў больш кантынентальным. Гэта адбілася на біясферы.

У сярэдзіне мелавога перыяду з’явіліся адналетнікі і травяністыя расліны. Яны спрыялі рэзкаму паскарэнню кругавароту біягенных элементаў у экасістэмах. У канцы мелу адбыліся карэнныя пераўтварэнні арганічнага свету. Змяненне клімату і расліннага покрыва прывяло да вымірання расліннаедных яшчараў і драпежных дыназаўраў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму змяненне клімату прывяло да вымірання расліннаедных яшчараў і драпежных дыназаўраў?

У кайназоі ў выніку геалагічных пераўтварэнняў будова паверхні Зямлі наблізілася да сучаснай. На сушы працягвалася развіццё пакрытанасенных раслін, з’явіліся збожжавыя. Узмацнілася формаўтварэнне ў млекакормячых, птушак, насякомых. Чацвярцічны перыяд характарызуецца дзвюма важнымі падзеямі. Буйным абледзяненнем усяго Паўночнага паўшар’я і з’яўленнем чалавека. На працягу чацвярцічнага перыяду сфарміравалася сучасная структура біясферы.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія стадыі эвалюцыі чалавека вы ведаеце?

У эвалюцыі біясферы прасочваюцца яе важныя асаблівасці. Біясферы ўласціва высокая ўстойлівасць. На працягу ўсёй геалагічнай гісторыі Зямлі на яе паверхні адбываліся значныя змены. Нягледзячы на гэта, жыццё на Зямлі працягвала існаваць і развівацца.

iconПаразважаем. Чаму, нягледзячы на значныя змены на паверхні Зямлі на працягу яе геалагічнай гісторыі, жыццё на ёй працягвала існаваць і развівацца?

Пастаянныя змены біясферы выяўляліся ў павелічэнні разнастайнасці відаў жывых арганізмаў, ускладненні іх арганізацыі і росце біямасы. Працэсы іх жыццядзейнасці аказвалі істотны ўплыў на змяненне нежывой часткі біясферы.

iconКлуб географаў-знаўцаў. Жывое рэчыва планеты сканцэнтравана ў асноўным у зялёных раслінах сушы. Колькасць відаў раслін складае больш за 20 % ад агульнай улічанай колькасці арганізмаў. На віды жывёл, якія складаюць менш за 1 % усёй біямасы Зямлі, прыпадае каля 80 %.

Эвалюцыя жывых арганізмаў суправаджалася пастаянным ускладненнем біясферы, нарастаннем разнастайнасці і складанасці экасістэм і павышэннем яе ўстойлівасці. За ўсю гісторыю Зямлі, па прыблізных падліках, існавала прыкладна 500 млн відаў жывых арганізмаў. Сучасная біясфера ўключае амаль 2,5 млн відаў.

Прасторава-часавыя заканамернасці размеркавання жывых арганізмаў у біясферы. Арганічны свет Зямлі на вышэйшым таксанамічным узроўні арганізацыі жывога рэчыва дзеліцца на надцарствы і царствы (мал. 56-4). Гэта дзяленне заснавана на заканамернасцях эвалюцыйнага развіцця і клетачнай будовы арганізмаў.

img
Мал. 56-4. Дзяленне арганічнага свету Зямлі

На аснове функцый, якія жывыя арганізмы выконваюць у абмене рэчывам і энергіяй, яны класіфікуюцца на аўтатрофныя і гетэратрофныя.

Сукупнасць жывых (якія жывуць і якія адмерлі) арганізмаў называецца жывым рэчывам. Асноўнай характарыстыкай жывога рэчыва з’яўляецца біямаса. Утварэнне і размеркаванне біямасы ў геаграфічнай абалонцы падпарадкоўваецца пэўным агульным заканамернасцям.

Першая заканамернасць — гэта канцэнтрацыя біямасы ў зонах кантактаў кантрасных асяроддзяў. Галоўнай кантактнай зонай геаграфічнай абалонкі з’яўляецца мяжа сушы і акіяна з атмасферай. Тут таўшчыня слоя, у якім сканцэнтравана асноўная маса жывых арганізмаў, дасягае некалькіх дзясяткаў метраў. Іншыя кантактныя зоны: берагавая зона мора, марское дно, берагі рэк і г. д.

Другая заканамернасць заключаецца ў тым, што асноўная частка біямасы сканцэнтравана на сушы. Тут біямаса прыкладна ў 200 разоў большая, чым у акіяне. Па велічыні сухога арганічнага рэчыва мацерыкі пераўзыходзяць акіяны прыкладна ў 350–400 разоў. На сушы фітамаса на тры парадкі перавышае заамасу. У акіяне заамаса большая за фітамасу прыкладна ў 26 разоў. Сярод жывёл і раслін акіяна па масе пераважае планктон.

На сушы велічыня біямасы залежыць ад умоў забяспечанасці тэрыторыі цяплом і вільгаццю. Максімальная колькасць біямасы адпавядае зоне вільготных трапічных лясоў (мал. 56-5). Мінімальная — трапічным пустыням, дзе рост жывых арганізмаў абмяжоўваецца дэфіцытам вільгаці, палярным раёнам, дзе недастаткова цяпла. Біямаса цэнтральных частак Антарктыды і Грэнландыі практычна роўная нулю (мал. 56-6).

img
Мал. 56-5. Вільготны трапічны лес, Паўднёвая Амерыка
img
РМал. 56-6. Ландшафты Грэнландыі

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, вызначыце прасторавыя заканамернасці змены біямасы ў залежнасці ад забяспечанасці тэрыторыі цяплом і вільгаццю.

У акіяне размеркаванне біямасы падпарадкавана іншым заканамернасцям. Жывыя арганізмы акіяна па тыпе месцапражывання аб’ядноўваюцца ў тры групы (мал. 56-7).

iconКлуб географаў-знаўцаў. Раслінныя арганізмы ў акіяне развіваюцца пераважна ў водах ад паверхні да глыбіні пранікнення святла (каля 400 м). Усяго налічваецца каля 10 тыс. відаў марскіх раслін. Пераважаюць водарасці мікраскапічных форм (планктон). Але ёсць і буйныя, даўжынёй да некалькіх дзясяткаў метраў (ламінарыевыя водарасці). Жывёлы распаўсюджаны ва ўсіх слаях акіяна (каля 160 тыс. відаў). Сярод іх пераважаюць прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, рыбы.

img
Мал. 56-7. Групы жывых арганізмаў акіяна па тыпе месцапражыванняў

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як тып месцапражывання ўплывае на лад жыцця жывых арганізмаў у акіяне?

У акіяне вылучаюць некалькі зон, якія адрозніваюцца па ўмовах існавання жывых арганізмаў. Невялікія значэння біямасы характэрны для трапічных мораў і цэнтральнай частцы Паўночнага Ледавітага акіяна. Высокія паказчыкі біямасы адпавядаюць раёнам умеранага пояса ў паўночнай частцы Атлантычнага і паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна.

Разнастайнасць жывых арганізмаў на Зямлі абумоўлена наступнымі прычынамі. Па-першае, шырокім дыяпазонам абіятычных умоў асяроддзя пражывання жывых арганізмаў у геаграфічнай абалонцы. Абіятычныя экалагічныя фактары існавання арганізмаў звязаны са святлом, цяплом, вільгаццю; глебава-грунтавымі ўмовамі; узроўнем забруджвання вады, паветра і глебы. Па-другое, адаптацыйнымі здольнасцямі жывых арганізмаў. Эвалюцыйныя змены знешніх і ўнутраных уласцівасцей арганізмаў дазваляюць ім прыстасоўвацца да разнастайных умоў навакольнага асяроддзя. Акрамя гэтых фактараў вялікае значэнне для фарміравання асяроддзя пражывання і выжывання ў ёй маюць узаемаадносіны саміх арганізмаў: канкурэнцыя, драпежніцтва, сімбіёз, паразітызм і інш. У цяперашні час на Зямлі існуе 500 тыс. відаў раслін і 1,5 млн відаў жывёл, у тым ліку пазваночных — 70 тыс., птушак — 16 тыс., млекакормячых — 12 540 відаў.

iconКлуб географаў-знаўцаў. У 1985 г. у Атлантычным акіяне былі выяўленыя чырвоныя водарасці на глыбіні да 270 м, дзе асветленасць не перавышае сотай або тысячнай долі працэнта. Да гэтага лічылася, што фотасінтэз не можа адбывацца пры асветленасці менш за 1 %, і жыццё фотасінтэзуючых арганізмаў глыбей за 180–200 м не меркавалася. У тым жа годзе на дне Ціхага акіяна знойдзена звышгарачая крыніца з тэмпературай вады 400–430 °С, на гэтай жа глыбіні адзначалася жыццё сярод гарачых расолаў. Дзякуючы вялікаму ціску на глыбіні 2400–2600 м вада застаецца вадкай і там жывуць бактэрыі, буйныя ракавіны-малюскі, некаторыя віды чарвякоў. Жывая істота была знойдзена таксама ў антарктычным лёдзе, г. зн. ва ўмовах холаду і адсутнасці кіслароду, дзе немагчымы фотасінтэз.

icon Падвядзём вынікі. Сучасная біясфера Зямлі прайшла доўгі шлях ... . У эвалюцыі біясферы неаднаразова адбывалася перабудова ... і ..., выкліканая змяненнем ... і ... умоў. Сукупнасць жывых (якія жывуць і якія адмерлі) арганізмаў называецца ... ... . На сушы велічыня біямасы залежыць ад умоў забяспечанасці тэрыторыі ... і ... . Жывыя арганізмы акіяна па тыпе месцапражыванняў аб’ядноўваюцца ў тры групы ..., ..., … .

icon Праверым свае веды. 1. Якое значэнне для развіцця біясферы меў выхад раслін на бераг? 2. Ад чаго ў асноўным залежыць велічыня біямасы на сушы? 3. Чаму паміж відамі жывых арганізмаў у біясферы ўзнікае канкурэнцыя?

icon Ад простага да складанага. 1. Чаму эвалюцыя жывых арганізмаў суправаджаецца пастаянным ускладненнем біясферы? 2. Якія агульныя заканамернасці характэрныя для ўтварэння і размеркавання біямасы ў геаграфічнай абалонцы?

icon Ад тэорыі да практыкі. Падрыхтуйце паведамленні пра адаптацыю жывых арганізмаў да змены умоў асяроддзя іх пражывання.

icon

Web-рэсурсы.
Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Біяразнастайнасць.