Печатать книгуПечатать книгу

§ 10. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

icon
Успамінаем. Што такое Сусветны акіян? Як утвараюцца паверхневыя акіянічныя цячэнні? Як змяняецца тэмпература і салёнасць акіянічных вод?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць прыродныя асаблівасці Сусветнага акіяна? Навошта вывучаць уздзеянне чалавека на Сусветны акіян? Як рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы Сусветнага акіяна?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 10. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ СУСВЕТНАГА АКІЯНА
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 26 Апрель 2024, 19:59

Сусветны акіян — адкрытая дынамічная прыродная сістэма, якая шляхам глабальных кругаваротаў абменьваецца рэчывам і энергіяй з сумежнымі геасферамі. На працягу ўсёй гісторыі Зямлі гэтым працэсам было ўласціва самарэгуляванне, накіраванае на падтрыманне прыроднай раўнавагі. Чалавек сваёй вытворчай дзейнасцю стаў парушаць гэтую раўнавагу, што прывяло да негатыўных змен у прыродзе.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як Сусветны акіян уплывае на надвор’е і клімат?

Традыцыйнымі сферамі дзейнасці людзей у Сусветным акіяне былі рыбалоўства і навігацыя. Патрэбы чалавецтва пастаянна растуць, і новыя магчымасці навукі дазваляюць выкарыстоўваць акіян у новых мэтах: для атрымання энергіі і карысных выкапняў.

icon Паразважаем. Чаму ўзрастае значэнне рэсурсаў Сусветнага акіяна? Як гэта звязана з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў сушы?

Павышаны ўзровень П1

iconКлуб географаў-знаўцаў. Навукоўцы з Аўстраліі і ЗША прааналізавалі стан Сусветнага акіяна і прыйшлі да высновы: толькі 13,2 % яго вод застаюцца незакранутымі дзейнасцю чалавека. «Дзікія» акваторыі размешчаны ў асноўным у Арктыцы і Антарктыцы, невялікія неасвоеныя ўчасткі атачаюць аддаленыя астравы ў Ціхім акіяне. Паводле ацэнак даследчыкаў, агульная плошча некранутых вод складае каля 55 млн км2. Толькі 4,9 % гэтых акваторый знаходзіцца пад абаронай заканадаўства. Самыя шырокія «дзікія» акваторыі знаходзяцца ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, іх плошча складае каля 16 млн км2. Менш за ўсё некранутых зон апынулася ў водах на поўдні Афрыкі. «Чыстыя» раёны акіяна прынцыпова важныя для экалагічнай сітуацыі на Зямлі. Даследаванні паказваюць, што ўзровень разнастайнасці відаў у гэтых зонах значна вышэйшы, чым у раёнах, падвергнутых дзейнасці людзей. Абарона неасвоеных раёнаў дапаможа захаваць біяразнастайнасць планеты.

Антрапагеннае ўздзеянне на Сусветны акіян. З кожным днём узмацняецца ўплыў дзейнасці чалавека на Сусветны акіян. У многіх выпадках ён пераўзыходзіць натуральныя працэсы аднаўлення і прыводзіць да істотнага парушэння яго геаэкалагічнага стану.

Адмоўны ўплыў на марское асяроддзе аказвае здабыча карысных выкапняў, нерацыянальнае выкарыстанне біялагічных і іншых прыродных рэсурсаў акіяна, будаўнічая, ваенная і іншая дзейнасць чалавека.

Асваенне марскіх радовішчаў нафты і газу ў ходзе геалагічных пошукаў і сейсмаразведкі суправаджаецца мільёнамі пнеўмаўзрываў. Ударныя хвалі ад іх выклікаюць гібель малькоў рыб, а ў дарослых асобін пашкоджваюцца зрок, слых, парушаецца здольнасць да арыентацыі (мал. 49, 50).

Пры бурэнні свідравін утвараюцца буравы раствор і шлам, якія скідаюцца ў мора. Яны ўтрымліваюць цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы. З-за гэтага пагаршаюцца характарыстыкі вады, гіне фіта- і зоапланктон.

img
Мал. 49. Здабыча газу ў акіяне
img
Мал. 50. Здабыча нафты ў акіяне

Пры эксплуатацыі марскіх нафтавых платформ магчымы аварыі, сутыкненні нафтавых танкераў з рыбалоўнымі судамі, пашкоджанні трубаправодаў. Гэта можа прыводзіць да разліцця нафты, што мае працяглыя адмоўныя наступствы (забруджванне вады, гібель марскіх гідрабіёнтаў і птушак).

Шмат дзе на мелкаводдзі здабываецца пясок і гравій для будаўніцтва. Здабываюць металы з марскіх россыпаў і жалезамарганцавыя канкрэцыі. Гэтая дзейнасць адмоўна ўплывае на стан марскога дна. Адбываецца дадатковае ўскаламучванне вады, што негатыўна ўплывае на арганізмы, якія жывуць у прыдонным слоі, напрыклад, рэзка зніжаецца хуткасць росту каралаў. Таму на ўчастках берагавой зоны распрацоўка падводных кар’ераў павінна ажыццяўляцца вельмі асцярожна.

img
Мал. 51. Вылаў рыбы

У сярэдзіне ХХ ст. лічылася, што харчовыя рэсурсы акіяна невычарпальныя, і харчовую праблему чалавецтва меркавалася вырашыць шляхам пераходу на харчаванне морапрадуктамі і павелічэння ўлову рыбы (мал. 51).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Рыбы і морапрадукты адыгрываюць важную ролю ў жыцці чалавека. Штогадовы сусветны ўлоў складае каля 60 млн т. У сусветным балансе жывёльных бялкоў значэнне харчовай прадукцыі, вырабленай з аб’ектаў рыбнай здабычы, блізка да 22 % і саступае толькі мясным (43 %) і малочным (35 %) прадуктам. Асноўная частка ўлову (каля 90 %) прыпадае на зоны мелкаводдзя з глыбінямі да 200 м.

У цяперашні час назіраецца глабальная тэндэнцыя павышэння эксплуатацыі рыбных рэсурсаў і спусташэння запасаў жывых арганізмаў акіяна. Тры чвэрці аб’ёму біялагічных рэсурсаў акіяна выкарыстоўваюцца максімальна, многія віды ўжо зніклі.

Дасягненне гранічнага ўзроўню сусветных уловаў рыбы суправаджаецца рэзкім скарачэннем запасаў каштоўных прамысловых відаў. Напрыклад, ласося на Далёкім Усходзе і заходнім узбярэжжы ЗША і Канады, асятровых у Каспійскім моры, селядца, камбалы, траскі, палтуса ў Паўночнай Атлантыцы.

Для захавання і рацыянальнага выкарыстання марскіх біярэсурсаў неабходны паступовы пераход да кіраванай чалавекам марской рыбнай гаспадаркі, павышэнне ролі развядзення рыб і морапрадуктаў.

Значны ўплыў на Сусветны акіян аказ вае дзейнасць чалавека ў басейнах рэк. Пашырэнне плошчы раллі, эксплуатацыя арашальных сістэм, высечка лясоў, будаўніцтва ўплываюць на гідралагічны рэжым рэк, а праз яго на рэжым мораў.

Нерацыянальнае выкарыстанне зямель берагавой зоны для рэкрэацыйных мэт, грамадзянскага будаўніцтва, размяшчэння прамысловых і партовых збудаванняў негатыўна ўплывае на экалагічны стан прыбярэжнай зоны акіяна.

Геаэкалагічныя наступствы забруджвання Сусветнага акіяна. Пад забруджваннем мора ў міжнароднай практыцы і ў Канвенцыі ААН па марскім праве 1982 г. разумеецца ўвядзенне чалавекам непасрэдна або ўскосна рэчыва або энергіі ў марское асяроддзе. Яно прыводзіць або можа прывесці да негатыўных наступстваў у выглядзе нанясення шкоды жывым арганізмам, небяспекі для здароўя чалавека, стварэння перашкод марской дзейнасці, уключаючы рыбалоўства, і г. д.

Доўгі час акіян цалкам перапрацоўваў шкодныя рэчывы, якія паступалі ў яго, але цяпер забруджванне дасягнула такога маштабу, што прыродных працэсаў самаачышчэння недастаткова.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як рост колькасці насельніцтва Зямлі ўплывае на забруджванне Сусветнага акіяна?

Крыніц і каналаў забруджвання Сусветнага акіяна вельмі шмат. Яны класіфікуюцца па розных крытэрыях (мал. 52).

img
Мал. 52. Класіфікацыя крыніц і відаў забруджвання Сусветнага акіяна
img
Мал. 53. Забруджванне нафтай марскога ўзбярэжжа

Уздзеянне забруджвальнікаў на біёту акіяна залежыць ад ступені іх небяспекі, стойкасці, агрэгатнага стану, маштабу, працягласці і віду арганізма.

Крыніцамі забруджвання нафтавымі вуглевадародамі з’яўляюцца аварыі танкераў, марскія нафтавыя промыслы і натуральнае прасочванне нафты з марскога дна. Штогод у акіян паступае каля 5–6 млн т нафты (мал. 53).

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, карты атласа, вызначыце найбольш забруджаныя нафтапрадуктамі раёны Сусветнага акіяна.

Яшчэ адзін забруджвальнік акіяна — хімічныя рэчывы, што вырабляюцца чалавекам. Гэта кіслоты, шчолачы, прадукты коксахіміі, растваральнікі, спірты, пестыцыды, гербіцыды і г. д. Яны аказваюцца ў акіяне ў выніку аварый марскіх хімавозаў і паступленняў з сушы. У Сусветны акіян штогод скідаюць каля 30 тыс. розных хімічных злучэнняў аб’ёмам да 1,2 млрд т.

Глабальны характар мае забруджванне акіяна цяжкімі металамі, перш за ўсё ртуццю, свінцом, кадміем. Яны трапляюць у акіян галоўным чынам праз атмасферу і з рачным сцёкам. Ад адной трэці да паловы прамысловай вытворчасці ртуці (3–5 тыс. т) і каля 2 млн т свінцу штогод трапляе ў акіян.

Значную небяспеку ўяўляе забруджванне акіяна адходамі атамнай і ваеннай прамысловасці. Яно звязана з пахаваннем радыеактыўных адходаў, аварыямі судоў з атамнымі рэактарамі і скідам цёплай вады, якая выкарыстоўваецца для ахаладжэння рэактараў АЭС.

img
Мал. 54. Забруджванне акіяна цвёрдым смеццем

Хутка расце забруджванне акіяна цвёрдым смеццем. Штогод толькі з судоў скідаецца каля 7 млн металічных, 430 тыс. шкляных, 640 тыс. папяровых і пластмасавых прадметаў. Гэтыя адходы, як правіла, не раскладаюцца і назапашваюцца ў акіяне (мал. 54).

Сучаснае забруджванне Сусветнага акіяна характарызуецца распаўсюджваннем яго на адкрытыя раёны. Забруджвальныя рэчывы пераносяцца ў больш глыбокія слаі вады і назапашваюцца ў марскіх арганізмах. Лакальныя забруджванні і іх экалагічныя наступствы ўсё часцей набываюць глабальны характар.

Пад эканамічнай стратай, выкліканай забруджваннем марскога асяроддзя, маюцца на ўвазе фактычныя і магчымыя страты ў вытворчай і невытворчай сферы, выяўленыя ў вартаснай форме.

Страты ў выніку зніжэння аздараўленчай, спартыўнай, эстэтычнай каштоўнасці вадаёмаў дрэнна паддаюцца падлікам. Звычайна ўяўляецца магчымым вызначыць лакальную шкоду, нанесеную асобным відам марской гаспадаркі ў межах невялікіх акваторый. Напрыклад, эканамічны ўрон ад забруджвання нафтай уключае прамыя страты ад забруджвання, выдаткі на яго ліквідацыю і кошт недаатрыманага прадукту (рыбы, рэкрэацыйных паслуг і г. д.).

Асноўныя напрамкі павышэння эфектыўнасці выкарыстання, аховы водных рэсурсаў сушы і Сусветнага акіяна. Можна вылучыць чатыры асноўных напрамкі аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў (мал. 55).

img
Мал. 55. Асноўныя напрамкі аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў

Для абароны водных аб’ектаў мэтазгодна выкарыстоўваць натуральныя прыродныя працэсы, якія спрыяюць пераводу часткі паверхневага сцёку ў падземны. Гэта памяншае эрозію глебавага покрыва і забруджванне вадаёмаў. Да гэтых мерапрыемстваў адносяць розныя лесамеліярацыйныя, агратэхнічныя і гідратэхнічныя работы, ахова верхавых балот, арганізацыя водаахоўных зон.

Пры лесамеліярацыйных мерапрыемствах па абароне водных рэсурсаў на вадазборы размяшчаюцца лясныя насаджэнні ў выглядзе водападзельных, полеахоўных, водарэгулюючых, прылагчынавых палос і лагчынавых лясоў. Праводзяць аблясенне вадаёмаў, вытокаў і берагоў рэк.

Гідратэхнічныя мерапрыемствы ў асноўным накіраваны на ўтрыманне паверхневага сцёку і перавод яго ў падземны. З гэтай мэтай робяць перакопы па межах, земляныя валы і водаадводныя разоры над ярамі, тэрасы на палях, якія апрацоўваюцца.

Агратэхнічныя мерапрыемствы — работы, накіраваныя на прадухіленне эрозіі глебы і яе змыў у рэкі і вадаёмы. Гэта перш за ўсё апрацоўка глебы і пасеў сельскагаспадарчых культур папярок схілу, снегазатрыманне і абарона глебы ад прамярзання.

Верхавыя балоты адыгрываюць вялікую ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму навакольнага асяроддзя. Яны служаць крыніцай жыўлення многіх раўнінных рэк, рэгулююць вясновы сцёк. Назапашаныя ў іх талыя і дажджавыя воды падтрымліваюць узровень грунтавых вод, сілкуюць вільгаццю навакольныя палі і лугі.

Водаахоўная зона — тэрыторыя, якая прымыкае да акваторыі рэк, азёр, вадасховішчаў і іншых паверхневых водных аб’ектаў. На гэтай тэрыторыі ўстанаўліваецца спецыяльны рэжым гаспадарчай дзейнасці з мэтай прадухілення забруджвання, заглейвання і спусташэння водных аб’ектаў, а таксама захавання асяроддзя пражывання жывёльнага і расліннага свету.

Павышаны ўзровень П2

icon Свет і Беларусь. Якія меры прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь па захаванні водных багаццяў краіны?

Сусветны акіян, як і воды сушы, адчувае антрапагеннае ўздзеянне, якое пастаянна нарастае. Для падтрымання яго аптымальнага функцыянавання неабходныя спецыяльныя мерапрыемствы па ахове марскога асяроддзя. Яны павінны ўключаць абмежаванне і поўную забарону забруджвання Сусветнага акіяна, рэгуляванне выкарыстання яго рэсурсаў, стварэнне ахоўных акваторый, экалагічны маніторынг і г. д.

Існуюць міжнародныя пагадненні, якія рэгулююць сумесныя дзеянні краін па барацьбе з забруджваннем мораў і акіянаў, па прадухіленню і ліквідацыі экалагічных катастроф. Камісія ААН па пытаннях права сфармулявала прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне водных рэсурсаў. Яны ўключаюць чатыры міждзяржаўных абавязацельствы (мал. 56).

img
Мал. 56. Міждзяржаўныя абавязацельствы міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне водных рэсурсаў

Метады і спосабы зніжэння антрапагеннага забруджвання гідрасферы.

Метады ачысткі сцёкавых вод падзяляюцца на механічныя, хімічныя, фізіка-хімічныя і біялагічныя. Калі гэтыя метады выкарыстоўваюцца разам, то метад ачысткі і абясшкоджвання сцёкавых вод называецца камбінаваным. У кожным выпадку прымяненне таго ці іншага метаду абумоўлена характарам забруджвання і ступенню шкоднасці прымесей.

Сутнасць механічнага метаду складаецца ў тым, што са сцёкавых вод шляхам адстойвання і фільтрацыі выдаляюць механічныя прымесі. Хімічны метад заключаецца ў тым, што ў сцёкавыя вады дадаюць розныя хімічныя рэагенты, якія ўступаюць у рэакцыю з забруджвальнікамі і асаджваюць іх у выглядзе нерастваральных асадкаў.

img
Мал. 55-1. Біялагічныя сажалкі

Пры фізіка-хімічным метадзе апрацоўкі са сцёкавых вод выдаляюцца тонкадысперсныя і раствораныя неарганічныя прымесі і разбураюцца арганічныя і рэчывы, якія дрэнна акісляюцца. Забруджаныя сцёкавыя воды чысцяць таксама з дапамогай ультрагуку, азону, іонаабменных смол, высокага ціску, хларавання.

Сярод метадаў ачысткі сцёкавых вод важнае значэнне мае біялагічны метад, заснаваны на выкарыстанні заканамернасцей біяхімічнага і фізіялагічнага самаачышчэння рэк і іншых водных аб’ектаў.

Біялагічны метад дае добрыя вынікі пры ачыстцы камунальна-побытавых сцёкаў. Ён выкарыстоўваецца і пры ачыстцы адходаў прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, вытворчасці штучнага валакна (мал. 55-1).

iconПаразважаем. У чым станоўчыя і магчымыя адмоўныя экалагічныя наступствы выкарыстання біялагічнага метаду ачысткі сцёкавых вод?

Акрамя метадаў ачысткі сцёкавых вод вялікае значэнне для захавання водных рэсурсаў маюць мерапрыемствы па прадухіленні колькаснага вычарпання вод (мал. 55-2).

img
Мал. 55-2. Мерапрыемствы па прадухіленні колькаснага вычарпання вод

icon Падвядзём вынікі. Сусветны акіян уяўляе з сябе адкрытую дынамічную … сістэму, якая пры дапамозе глабальных … абменьваецца … і … з сумежнымі геасферамі. Адмоўны ўплыў на марское асяроддзе аказвае здабыча … …, нерацыянальнае выкарыстанне … і іншых … рэсурсаў акіяна, …, … і іншая дзейнасць чалавека. Уздзеянне забруджвальнікаў на біёту акіяна залежыць ад ступені іх …, стойкасці, … стану, маштабу, працягласці і … арганізма.

icon Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя віды антрапагеннага ўздзеяння на Сусветны акіян. 2. Як уплывае забруджванне Сусветнага акіяна на яго біёту? 3. Назавіце асноўныя напрамкі аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў.

icon Ад простага да складанага. 1. У чым сэнс мерапрыемстваў, якія праводзяцца з мэтай пераводу часткі паверхневага сцёку ў падземны? 2. У чым заключаецца міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне водных рэсурсаў?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Складзіце калаж «Геаэкалагічныя праблемы Сусветнага акіяна». 2. Падрыхтуйце паведамленне пра антрапагеннае забруджванне Сусветнага акіяна.

icon

Web-ресурсы.
Сайт ААН. Сусветны акіян і марское права.

Еўрапейскае агенцтва навакольнага асяроддзя. Моры і берагі Еўропы.

Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў, ЗША.

Нацыянальная сістэма папярэджвання аб цунамі, ЗША.

Міжурадавая акіянаграфічная камісія.

Павышаны ўзровень §10-1