§ 8-1. ГІДРАСФЕРА


Site: | Профильное обучение |
Course: | Геаграфія. 11 клас |
Book: | § 8-1. ГІДРАСФЕРА |
Printed by: | Гость |
Date: | Sunday, 27 April 2025, 1:14 AM |
Асаблівасці фарміравання гідрасферы і тэндэнцыі яе сучасных змен. Стан гідрасферы Зямлі характарызуецца яе водным балансам. Апошнія дзясяткі мільёнаў гадоў агульная маса гідрасферы застаецца пастаяннай. Змены гідралагічнага стану Зямлі звязаны не са зменамі агульнага сусветнага аб’ёму вады, а з яе прасторавым пераразмеркаваннем, асабліва са зменамі суадносін запасаў вады ў акіянах і ледніковым покрыве.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія фактары ўплываюць на змяненне прасторавага пераразмеркавання вады?
Пры развіцці абледзянення на Зямлі частка вады гідрасферы ператворыцца ў леднікі і ўзровень Сусветнага акіяна панізіцца. І наадварот, высокі ўзровень акіяна адпавядае адносна малому аб’ёму ледніковага покрыва. Гэтая заканамернасць назіраецца цяпер і з’яўляецца вынікам змянення клімату.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, знайдзіце самыя вільготныя месцы на Зямлі.
Свет і Беларусь. Узгадайце, калі на Беларусі было арганізавана правядзенне гідралагічных назіранняў за паверхневымі водамі.
Паразважаем. Як можна павысіць дакладнасць вызначэння элементаў воднага балансу на Зямлі? Што трэба для гэтага зрабіць на міжнародным узроўні?
Сучасныя велічыні некаторых кампанентаў глабальнага воднага балансу за год прадстаўлены ў табл. 2*. Антрапагенныя пераўтварэнні геаграфічнага асяроддзя і яго кампанентаў цесна звязаныя з трансфармацыяй воднага балансу.
Табліца 2*. Сярэднія гадавыя гідралагічныя характарыстыкі глабальнага воднага балансу Зямлі
Элементы воднага баланса | Аб’ём, тыс. км3 | Слой, мм |
Ападкі, свет у цэлым | 577 | 1130 |
Выпарэнне, свет у цэлым | 577 | 1130 |
Ападкі, якія выпадаюць на паверхню сушы | 120 | 800 |
Вільгацеабмен паміж акіянам і сушай, | 47 | 320 |
у тым ліку рачны сцёк у акіян | 42 | 280 |
Абсалютная верхняя мяжа аднаўляльных водных рэсурсаў свету — гэта сумарная колькасць ападкаў, якая выпадае на паверхню сушы і складае каля 120 тыс. км3на год. Незваротны забор нават 10 % гэтай вады на гаспадарчыя патрэбы азначаў бы геаэкалагічную катастрофу.
Наступная рэальная верхняя мяжа аднаўляльных водных рэсурсаў свету — гэта рачны сцёк. Яго аб’ём — каля 40 тыс. км3 на год. З гэтай колькасці ўстойлівы рачны сцёк, найбольш зручны для выкарыстання, складае 12 тыс. км3 на год. Аднак буйныя рэкі свету ў сваіх нізоўях нясуць шмат вады, больш, чым яе там магчыма выкарыстаць. Таму даступны ўстойлівы рачны сцёк складае прыкладна 9 тыс. км3 на год, і гэта рэальны аб’ём аднаўляемых водных рэсурсаў свету, тэхнічна магчымы для выкарыстання без будаўніцтва плацін. Геаэкалагічная мяжа выкарыстання аднаўляемых водных рэсурсаў павінна быць істотна ніжэйшай за 9 тыс. км3, бо экасістэмы сушы таксама маюць патрэбу ў вадзе.
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначце, у якой частцы свету адзначаецца найбольшы рачны сцёк.
Асноўныя геаграфічныя асаблівасці і заканамернасці функцыянавання гідрасферы. Інтэнсіўнасць вільгацезвароту — гэта адносіны гадавой сумы атмасферных ападкаў, што выпадаюць на паверхню Зямлі, да сярэдняй велічыні ўтрымання вады ў атмасферы. Мінімальныя значэнні інтэнсіўнасці вільгацезвароту характэрныя для трапічнага і субтрапічнага паясоў (у сувязі з памяншэннем гадавой колькасці ападкаў у гэтых шыротах). Максімальныя — для ўмеранага пояса (дзякуючы павелічэнню гадавой колькасці ападкаў і ўплыву заходне-ўсходняга пераносаў паветраных мас) і экватарыяльнага пояса (вялікая колькасць ападкаў пры значным выпарэнні).
Вада валодае высокай растваральнай здольнасцю. Дыстыляванай вады ў прыродзе не існуе. Прыродныя растворы разнастайнага зместу і рознай канцэнтрацыі сустракаюцца ўсюды і адыгрываюць вырашальную ролю ў глабальных геалагічных і біягеахімічных кругаваротах рэчываў.

Фізічныя ўласцівасці вады спецыфічныя (мал. 38-3). Яны аказваюць сур’ёзны ўплыў на многія прыродныя працэсы, у якіх удзельнічае вада.
Асобая роля ў гэтых працэсах адводзіцца скрытай удзельнай цеплыні выпарэння і кандэнсацыі вады. Каля 84 % сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі, выдаткоўваецца на яе выпарэнне. Гэта забяспечвае вільгацеперанос і кругаварот вады.
Падвядзём вынікі. Стан гідрасферы Зямлі характарызуецца яе ... балансам. Абсалютная верхняя мяжа аднаўляльных ... рэсурсаў ... — гэта сумарная колькасць ..., якія выпадаюць на паверхню сушы. Мінімальныя значэнні інтэнсіўнасці вільгацезвароту характэрныя для ... і ... паясоў. Вада валодае высокай ... здольнасцю. Асобая роля ў прыродных працэсах адводзіцца скрытай удзельнай цеплыні ... і ... вады.
Праверым свае веды. 1. Якое значэнне мае вада для функцыянавання геаграфічнай абалонкі? 2. З чым звязана змяненне гідралагічнага стану Зямлі? 3. Якімі фізічнымі ўласцівасцямі валодае вада і якое яна мае значэнне для прыродных працэсаў на Зямлі?
Ад простага да складанага. 1. Падумайце, як зменіцца інтэнсіўнасць вільгацеабароту пры пацяпленні клімату. 2. Якія галоўныя экалагічныя функцыі вады?
Ад тэорыі да практыкі. 1. Спрагназуйце, якія змены воднага балансу Зямлі могуць адбыцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. 2. Прапануйце шляхі зніжэння беззваротнага забору вады чалавецтвам.