Печатать книгуПечатать книгу

§ 4-2. ЗАКАНАМЕРНАСЦІ РАЗВІЦЦЯ КЛІМАТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Ад чаго залежыць клімат пэўнай тэрыторыі? Як змяняюцца ўласцівасці атмасферы з вышынёй? Што такое метэаралагічныя назіранні?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Якое практычнае значэнне маюць веды пра ўзаемадзеянне асноўных кампанентаў кліматычнай сістэмы Зямлі? Як геаграфічныя фактары ўплываюць на змяненне клімату? Чаму сучасныя мадэлі агульнай цыркуляцыі атмасферы не дазваляюць дакладна прадказаць змяненні глабальнага клімату?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 4-2. ЗАКАНАМЕРНАСЦІ РАЗВІЦЦЯ КЛІМАТЫЧНАЙ СІСТЭМЫ ЗЯМЛІ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 28 Март 2024, 23:22

Прасторава-часавыя заканамернасці кліматычнай сістэмы Зямлі. Глабальны клімат вызначаецца станам кліматычнай сістэмы, якая ўяўляе сукупнасць атмасферы, акіяна, крыясферы (запасы снегу і лёду), паверхні сушы і біёты. Гэтыя кампаненты бесперапынна ўзаемадзейнічаюць і абменьваюцца паміж сабой энергіяй і рэчывам.

Працэсы кліматычнай сістэмы, якія ўплываюць на фарміраванне клімату і яго змены, можна падзяліць на знешнія і ўнутраныя (мал. 22-5).

img
Мал. 22-5. Працэсы кліматычнай сістэмы, якія ўплываюць на фарміраванне і змяненне клімату

icon

Паразважаем. Устойлівы, моцны вецер хутка мяняе свой кірунак з паваротам направа. Пры тым змяняецца атмасферны ціск і воблачнасць. Як і чаму зменіцца надвор’е?

Геаграфічныя фактары клімату. Важным фактарам клімату з’яўляецца геаграфічная шырата. Ад геаграфічнай шыраты залежыць занальнае размеркаванне сонечнай радыяцыі і тэмпературы паветра. Размеркаванне тэмпературы вызначае занальнасць атмасфернай цыркуляцыі і іншых метэаралагічных параметраў клімату.

З вышынёй над узроўнем мора памяншаецца атмасферны ціск, павышаецца сонечная радыяцыя і эфектыўнае выпраменьванне, зніжаюцца тэмпература і ўдзельная вільготнасць паветра, змяняецца хуткасць і кірунак ветру. Такія змены адбываюцца ў свабоднай атмасферы над раўніннай мясцовасцю і ў гарах. З вышынёй у гарах таксама назіраюцца змены воблачнасці і ападкаў. Ападкі, як правіла, спачатку ўзрастаюць з вышынёй мясцовасці, але пачынаючы з некаторага ўзроўню меншаюць. У выніку ў гарах ствараецца вышынная кліматычная занальнасць. Пры змене вышынных кліматычных зон захоўваюцца агульныя заканамернасці клімату. Яны адпавядаюць той шыротнай зоне, у якой знаходзіцца горная сістэма.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Мяжа земляробства ў гарах блізкая да мяжы лесу. У сухім кантынентальным клімаце яна праходзіць значна вышэй, чым у марскім. Ва ўмераных шыротах гэтая мяжа парадку 1500 м. У тропіках і субтропіках палявыя сельскагаспадарчыя культуры вырошчваюць да вышынь каля 4000 м, а на Тыбецкім нагор’і — нават вышэй 4600 м.

З размеркаваннем сушы і мора звязана дзяленне тыпаў клімату на марскі і кантынентальны. Гэта істотна ўплывае на занальнае размеркаванне тэмпературы, ападкаў і іншых метэаралагічных характарыстык па зямной паверхні.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце рэгіёны з марскім і кантынентальным кліматам.

Рэльеф паверхні сушы. На кліматычныя ўмовы ў гарах уплывае не толькі вышыня мясцовасці над узроўнем мора. Вялікае значэнне маюць вышыня і кірунак горных хрыбтоў, экспазіцыя схілаў, шырыня далін, крутасць схілаў і г. д.

Акіянічныя цячэнні ствараюць рэзкія адрозненні ў тэмпературным рэжыме паверхні мора. Гэта ўплывае на размеркаванне тэмпературы паветра і на атмасферную цыркуляцыю. Уплыў ўстойлівых акіянічных цячэнняў на атмасферу мае кліматычнае значэнне. Размяшчэнне ізатэрм на картах сярэдняй гадавой тэмпературы паказвае ацяпляльны ўплыў Паўночна-Атлантычнага цячэння на клімат Заходняй Еўропы.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як зменіцца клімат Заходняй Еўропы, калі знікне Паўночна-Атлантычнае цячэнне? Што такое клімат «гаруа»? Як гэты тып клімату звязаны з цячэннямі? Дзе фармуецца дадзены тып клімату?

Над раёнамі халодных акіянічных цячэнняў павялічваецца паўтаральнасць туманаў. Асабліва гэта заўважна на востраве Ньюфаўндленд. Тут паветра часта пераходзіць з цёплых вод Гальфстрыму на халодныя вады Лабрадорскага цячэння. Над халоднымі водамі ў пасатнай зоне знікае канвекцыя і рэзка памяншаецца воблачнасць. З гэтай з’явай звязана ўтварэнне прыбярэжных пустынь.

Істотны ўплыў на тэмпературу глебы і паветра аказвае расліннае і снежнае покрыва. Травяное покрыва памяншае сутачную амплітуду тэмпературы глебы і паветра, зніжае іх сярэднюю тэмпературу. Больш значны і складаны ўплыў на клімат мае лес. Лес можа павышаць над сабой колькасць ападкаў, павялічваючы няроўнасць паверхні, над якой цыркулюе паветра. Аднак уплыў расліннага покрыва мае ў асноўным мікракліматычнае значэнне. Яно распаўсюджваецца пераважна на прыземны пласт паветра і назіраецца на невялікіх прасторах.

Снежнае покрыва памяншае страту цяпла глебай і ваганні яе тэмпературы. Паверхня снежнага покрыва адбівае сонечную радыяцыю днём і астуджаецца ноччу. Таму астуджаецца і паветра, якое знаходзіцца над ёй. Увесну на раставанне снежнага покрыва траціцца вялікая колькасць цяпла з атмасферы. Таму тэмпература паветра над расталым снегам застаецца блізкай да нуля. Над снегам часта назіраюцца моцныя інверсіі тэмпературы. Узімку яны звязаныя з радыяцыйным выстуджваннем, вясной — з раставаннем снегу. Над пастаянным снежным покрывам палярных абласцей інверсіі тэмпературы часта назіраюцца нават летам. Раставанне снежнага покрыва ўзбагачае глебу вільгаццю. Гэта мае вялікае значэнне для кліматычнага рэжыму цёплага часу года.

Акрамя асноўных геаграфічных фактараў, якія вызначаюць клімат (мал. 10), асаблівае месца займае дзейнасць чалавечага грамадства. Яна ўплывае на кліматаўтваральныя працэсы шляхам змены геаграфічных фактараў.

iconСвет і Беларусь. Якія геаграфічныя фактары ў найбольшай ступені ўплываюць на клімат Беларусі?

icon Клуб географаў-знаўцаў. Самая простая схема глабальнай цыркуляцыі атмасферы была складзена больш за 200 гадоў таму. Яе асноўныя палажэнні актуальныя да гэтага часу. Сучасныя мадэлі агульнай цыркуляцыі атмасферы пакуль не даюць магчымасці адназначна прадказаць змены глабальнага клімату і прагназаваць яго рэгіянальныя асаблівасці. Гэта звязана з недастатковым узроўнем сучасных ведаў аб працэсах ўзаемадзеяння кампанентаў кліматычнай сістэмы, высокім коштам і вялікім аб’ёмам вылічэнняў. Развіццё навуковых даследаванняў кліматычных працэсаў і вылічальнай тэхнікі дазволяць павысіць якасць мадэлявання і прагнозу развіцця кліматычнай сістэмы Зямлі.

icon Падвядзём вынікі. Глабальны клімат вызначаецца станам ... сістэмы, якая ўяўляе сукупнасць атмасферы, ..., крыясферы, паверхні сушы і біёты. Да знешніх працэсаў кліматычнай сістэмы, якія ўплываюць на фарміраванне клімату, адносяць ..., ..., ..., да унутраных — ..., ..., ... . Асноўнымі геаграфічнымі фактарамі, якія вызначаюць ..., з’яўляюцца: ... шырата; ... над узроўнем мора; размеркаванне ... і ... на паверхні зямнога шара; ... паверхні сушы; ... цячэнні; ... і снежнае покрыва.

icon Праверым свае веды. 1. Якія працэсы кліматычнай сістэмы ўплываюць на фарміраванне клімату? 2. Якія геаграфічныя фактары ўплываюць на клімат? 3. Як рэльеф уплывае на надвор’е і клімат?

icon Ад простага да складанага. 1. Якая сувязь існуе паміж кліматаўтваральнымі працэсамі? Прывядзіце прыклады. 2. Чаму ўплыў геаграфічнай шыраты на размеркаванне метэаралагічных характарыстык становіцца больш заўважным з вышынёй? 3. У чым заключаюцца асноўныя заканамернасці агульнай цыркуляцыі атмасферы?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Вызначце, якія геаграфічныя фактары ў большай ступені ўплываюць на клімат вашай мясцовасці. 2. Прывядзіце прыклады ўплыву гаспадарчай дзейнасці чалавека на кліматычную сістэму Зямлі.

icon

Web-рэсурсы.
Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.info» Атмасфера.

Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.info» Кліматычныя карты.