Печатать книгуПечатать книгу

§ 1-2. ГІСТОРЫЯ ПАХОДЖАННЯ І ФАРМІРАВАННЯ СУЧАСНАГА РЭЛЬЕФУ ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Як уплываюць на рэльеф унутраныя і знешнія сілы Зямлі? Што такое планетарныя формы рэльефу? Якія бываюць віды выветрывання? Як выветрыванне ўздзейнічае на горныя пароды?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць пра заканамернасці фарміравання сучаснага рэльефу? Якое практычнае значэнне маюць веды пра асаблівасці эпох гораўтварэння?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 1-2. ГІСТОРЫЯ ПАХОДЖАННЯ І ФАРМІРАВАННЯ СУЧАСНАГА РЭЛЬЕФУ ЗЯМЛІ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 13:16

Сучасныя ўнутраныя і знешнія прыродныя працэсы ўтварэння рэльефу. Рэльеф зямной паверхні фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных і экзагенных працэсаў.

Эндагенныя працэсы адбываюцца ўнутры Зямлі. Яны суправаджаюцца пераўтварэннем і перамяшчэннем рэчыва ў мантыі і зямной кары. Гэта прыводзіць да вертыкальных і гарызантальных тэктанічных рухаў зямной кары. Зямная кара дэфармуецца. Фарміруюцца буйныя структурныя формы рэльефу сушы, дна мораў і акіянаў.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце буйныя формы рэльефу, створаныя эндагеннымі працэсамі.

Адначасова з эндагеннымі працэсамі ў фарміраванні рэльефу Зямлі ўдзельнічаюць экзагенныя працэсы. Найбольш актыўнымі экзагеннымі працэсамі ўтварэння рэльефу выступаюць дзейнасць паверхневых вод, Сусветнага акіяна, падземных вод, лёду, ветру, раслін, жывёл і чалавека. Экзагенныя працэсы звычайна ствараюць сярэднія і дробныя формы рэльефу. Яны на працягу геалагічнага часу руйнуюць і нівелююць рэльеф зямной паверхні.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Жывыя арганізмы могуць непасрэдна ўдзельнічаць у фарміраванні рэльефу, ствараючы самастойныя формы ў выглядзе каралавых пабудоў (рыфы, атолы), вустрычных банак, абумоўліваючы мангравы або маршавы тып берагоў, развіццё балот і ўтвараючы найменшыя формы рэльефу (тэрмітнікі, норы і г. д.). Яны таксама ўскосна ўплываюць на развіццё рэльефу праз біялагічнае выветрыванне парод.

На фарміраванне рэльефу ўплывае склад горных парод, кліматычныя ўмовы і іншыя прыродныя фактары. Непасрэдна ў стварэнні рэльефу яны не ўдзельнічаюць, але вызначаюць інтэнсіўнасць і геаграфічнае распаўсюджанне рэльефаўтваральных працэсаў.

iconСвет і Беларусь. Якія эндагенныя і экзагенныя фактары аказалі найбольшы ўплыў на фарміраванне рэльефу Беларусі? Прывядзіце прыклады найбольш характэрных для Беларусі тыпаў і форм рэльефу.

Глабальныя рысы рэльефу Зямлі. Рэльеф зямной паверхні адрозніваецца выключнай разнастайнасцю форм (мал. 1-5).

img
Мал. 1-5. Формы рэльефу ў залежнасці ад іх велічыні

icon Клуб географаў-знаўцаў. Вышыня паверхні зямной кары істотна адрозніваецца: самая высокая кропка на Зямлі — гара Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8 848 м над узроўнем мора), а самая нізкая — на дне ўпадзіны Чэленджэр у Марыянскім жолабе паблізу Філіпін (11 033 м ніжэй за ўзровень мора). Такім чынам, амплітуда вышынь паверхні зямной кары — больш за 19 км. У цэлым горныя краіны з вышынямі больш за 820 м над узроўнем мора займаюць прыкладна 17 % паверхні Зямлі, а астатняя тэрыторыя сушы — менш за 12 %. Каля 58 % зямной паверхні прыпадае на глыбакаводныя (3–5 км) акіянічныя басейны, а 13 % — на кантынентальны шэльф і пераходныя вобласці.

Планетарныя формы рэльефу займаюць мільёны квадратных кіламетраў. Яны цягнуцца на тысячы кіламетраў. Глыбіня расчлянення рэльефу ў іх межах дасягае больш за 10 000 м. Дадатнымі планетарнымі формамі рэльефу з’яўляюцца мацерыкі, а адмоўнымі — акіянічныя ўпадзіны. Да планетарных форм рэльефу належаць таксама сярэдзіна-акіянічныя хрыбты.

Мегаформы рэльефу займаюць плошчы парадку дзясяткаў тысяч ці сотняў тысяч квадратных кіламетраў. Іх працягласць складае сотні, а часам і тысячы кіламетраў. Розніца адзнак у іх межах вагаецца ад некалькіх соцень да 8000 м. Дадатнымі формамі мегарэльефу лічаць горныя сістэмы, напрыклад Гімалаі, Каўказ, Алтай і іншыя, адмоўнымі — нізіны, напрыклад Амазонская, Заходне-Сібірская, Туранская і іншыя, а таксама ўпадзіны мораў (Чорнага, Каспійскага, Чырвонага і інш.).

Макраформы рэльефу з’яўляюцца часткамі мегаформ і размяшчаюцца на плошчы ў сотні, тысячы ці дзясяткі тысяч квадратных кіламетраў. Глыбіня расчлянення рэльефу ў іх можа дасягаць 3000 м. Дадатныя макраформы рэльефу — горныя хрыбты, масівы, плато (напрыклад, Каларада, Патагонія, Вялікі Басейн), а адмоўныя — міжгорная даліны (Ферганская даліна), катлавіны, у тым ліку занятыя буйнымі азёрамі.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце прыклады мега- і макраформ рэльефу.

Мезаформы рэльефу маюць працягласць ад дзясяткаў, сотняў метраў да дзясяткаў кіламетраў. Іх плошча вагаецца ад сотняў квадратных метраў да дзясяткаў квадратных кіламетраў. Глыбіня расчлянення рэльефу змяняецца ад некалькіх метраў да сотняў метраў. Прыкладам дадатных мезаформ рэльефу з’яўляюцца асобныя горныя хрыбты, гразевыя вулканы, тэрыконы, буйныя астанцы, барханы. Да адмоўных мезаформаў рэльефу належаць даліны раўчукоў, буйныя лагчыны, яры, кар’еры і інш.

Мікраформы рэльефу ўяўляюць сабой няроўнасці на паверхні мезаформ. Іх памеры вагаюцца ад некалькіх да дзясяткаў метраў. Рознасць вышынь дадатных і адмоўных мікраформ не перавышае некалькіх метраў. Да дадатных мікраформ рэльефу належаць дробныя конусы вынасу, курганы, барханы, прырэчышчавыя валы, астанцы і г. д., да адмоўных — карставыя варонкі, невялікія яры, лагчыны і прамыіны, ямы і інш.

iconСвет і Беларусь. Сучасны рэльеф Беларускай Паазерскай правінцыі сфарміраваўся падчас адступлення апошняга ледавіка. Канчаткова ледніковы перыяд завяршыўся 14 тыс. гадоў таму. Ён пакінуў пасля сябе пагоркі, марэнныя грады, шматлікія рэкі, азёры і балоты. Маўклівыя сведкі гэтага і шматлікія абломкі скандынаўскіх гор — вялізныя валуны. У часы паганства велізарныя камяні былі прадметам асаблівай цікавасці і пакланення. Да гэтага часу ў Беларусі можна ўбачыць унікальныя валуны з крыжамі, старажытнымі надпісамі і нават рунамі. Самы вялікі валун знаходзіцца ў Шумілінскім раёне, каля вёскі Горкі. Яго даўжыня — 11 м, шырыня — 5,6 м, бачная вышыня — 3 м.

Асаблівасці эпох гораўтварэння. Паходжанне асноўных араграфічных структур на Зямлі.

На працягу геалагічнай гісторыі Зямлі назіраўся шэраг эпох інтэнсіўнага складкаватага гораўтварэння. Кожная з іх характарызуецца асаблівай магматычнай і тэктанічнай актыўнасцю, складам горных парод.

Найбольш старажытныя эпохі складкаватасці прыпадаюць на дакембрыйскі перыяд, потым ідуць байкальская (канец пратэразою — пачатак кембрыю), каледонская, або ніжнепалеазойская (кембрый, ардовік, сілур, пачатак дэвону), герцынская, або верхнепалеазойская (канец дэвону, карбон, перм, трыяс), мезазойская, альпійская (канец мезазою — кайназой).

iconСвет і Беларусь. Якія змены на тэрыторыі Беларусі адбываліся ў розныя геалагічныя перыяды развіцця Зямлі?

У дакембрыйскі перыяд былі сфарміраваныя падмуркі ўсіх вядомых старажытных платформ: Усходне-Еўрапейскай, Паўночна-Амерыканскай, Паўднёва-Амерыканскай, Сібірскай, Кітайскай, Тарымскай, Індастанскай, Афрыкана-Аравійскай і Усходне-Аўстралійскай. На працягу наступных эпох складкаватасці платформы ў адных выпадках працягвалі нарошчваць свае памеры за кошт далучэння суседніх рухомых паясоў. У іншых — расколваліся на асобныя часткі з дапамогай разломаў, усярэдзіне якіх узнікалі рыфтавыя ўпадзіны.

Байкальская эпоха складкаватасці на платформах праявілася па-рознаму. Яе агульная рыса — развіццё інтэнсіўных складкаваўтваральных рухаў, раскол і перасоўванне літасферных пліт і блокаў невялікага памеру. Вынікам гэтых тэктанічных працэсаў стала збліжэнне і злучэнне ў адзіны гіганцкі мацярык Гандвану пяці найбуйнейшых кантынентальных платформ Паўднёвага паўшар’я: Афрыкана-Аравійскай, Аўстралійскай, Паўднёва-Амерыканскай, Антарктычнай і Індастанскай.

Каледонская эпоха складкаватасці характарызуецца ўзмацненнем магматызму, пад’ёмам і аб’яднаннем паўночных мацерыкоў у новы супермацярык — Лаўразію. Апошні аддзяляўся ад Гандваны буйным акіянам Тэціс. У выніку тэктанічнай і магматычнай актыўнасці, збліжэння і сутыкненні кантынентаў у каледонскую эпоху былі сфарміраваны горна-складкаватыя ўтварэнні: Апалачы, Алтай, Заходнія і Усходнія Саяны, горы Казахстана і Манголіі, а таксама Усходняй Аўстраліі, астравы Тасманіі і Антарктыды.

У герцынскую эпоху складкаватасці адбылася найбуйнейшая падзея ў гісторыі Зямлі. Размешчаны паміж Гандванай і Лаўразіяй акіян спыніў сваё існаванне. Гіганцкія мацерыкі аб’ядналіся, і на планеце ўтварыўся адзін мацярык, які А. Вегенер у пачатку XX ст. назваў Пангеяй (Усеагульная Зямля). На планеце ў гэты час існаваў таксама адзін акіян. Гэта быў гіганцкі старажытны Ціхі акіян.

Збліжэнне і сутыкненне літасферных пліт і блокаў зямной кары прывялі да з’яўлення буйных горных утварэнняў, якія па найменні эпохі носяць назву герцынскіх горных утварэнняў. Гэта Тыбет, Гіндукуш, Каракарум, Цянь-Шань, Горны і Рудны Алтай, Куньлунь, Урал, горныя сістэмы Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі (Апалачы, Кардыльеры), паўночнага захаду Афрыкі і Усходняй Аўстраліі. У выніку аб’яднання ўстойлівых участкаў паўсталі эпігерцынскія пліты, ці маладыя платформы: Заходне-Сібірская, Скіфская, Туранская і інш.

Галоўнай падзеяй мезазойскай эпохі складкаватасці быў распад Пангеі. Утварыўся новы акіянскі басейн — Тэціс, які распасціраўся субшыротна. Затым стаў фарміравацца новы акіян. Спачатку гэта была Паўднёвая Атлантыка, яна аддзяліла Паўднёвую Амерыку ад Афрыкі. Потым Паўночная Атлантыка, якая падзяліла Паўночную Амерыку і Еўразію. На працягу мезазойскай эпохі ўтварыліся Крымскія горы і горныя сістэмы Прыверхаяння. Значныя рухі зведалі горныя ўтварэнні Апалачаў, Каўказа і Цэнтральнай Азіі, што з’явіліся раней.

Мезазойская эпоха складкаватасці пачалася ў канцы мелавога перыяду. Яе змяніла альпійская, дзеянне якой адбываецца і зараз. Паступова кантыненты набылі сучасныя абрысы і ўтварыліся самыя вялікія горныя сістэмы — Альпы, Карпаты, Каўказ, Памір, Гімалаі, Анды, Кардыльеры. Пад’ём гэтых горных утварэнняў працягваецца і ў нашы дні.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце горныя ўтварэнні байкальскай, каледонскай, герцынскай, мезазойскай і альпійскай эпох складкаватасці.

iconПаразважаем. Якое практычнае значэнне мае вывучэнне геалагічнай гісторыі развіцця Зямлі? Што, на вашу думку, больш будзе ўплываць на далейшае геалагічнае развіццё зямлі: прыродныя працэсы або гаспадарчая дзейнасць чалавека?

icon Падвядзём вынікі. Рэльеф зямной паверхні фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння ... і ... працэсаў. На фарміраванне рэльефу ўплывае склад ... ..., ... умовы і іншыя ... фактары. У залежнасці ад велічыні формы рэльефу падзяляюцца на: ..., ..., ..., ..., ... . Найбольш старажытныя эпохі складкаватасці належаць да ... перыяду, потым ідуць ..., ..., ..., ... і ... . У альпійскую эпоху складкаватасці ўтварыліся самыя вялікія горныя сістэмы — ..., ..., ..., ..., ..., ..., ... .

icon Праверым свае веды. 1. Як экзагенныя працэсы ўплываюць на фарміраванне рэльефу? 2. Як падзяляецца рэльеф у залежнасці ад велічыні формы і паходжання? 3. Якія змены рэльефу адбываліся ў эпохі складкаватасці?

icon Ад простага да складанага. 1. Якім чынам кліматычныя ўмовы рэгіёну аказваюць ўплыў на фарміраванне рэльефу? 2. У чым адрозненне мега- і макраформ рэльефу? 3. Якія знешнія прыкметы сведчаць пра ўзрост гор?

icon Ад тэорыі да практыкі. Складзіце завочнае падарожжа па гарах Еўразіі «Ад байкальскай эпохі да сучаснасці».

icon

Web-рэсурсы.
Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.info». Літасфера.

Універсальная навукова-папулярная анлайн-энцыклапедыя «Кругасвет».