|
Граматычныя памылкі — памылкі, дапушчаныя пры пабудове словазлучэнняў і сказаў, парушэнні сінтаксічных норм. Да тыповых граматычных памылак адносяцца: 1.Памылкі ў структуры словазлучэння. 2.Памылкі ў структуры сказа. Памылкі ў структуры словазлучэння абумоўлены парушэннем норм дапасавання і кіравання. Напрыклад: тры высокіх будынкі (правільна: высокія), два любімых творы (правільна: любімыя). Памылкі ў кіраванні: дзякаваць настаўніка (правільна: настаўніку), звярнуцца па адрасе (правільна: на адрас), хварэць грыпам (правільна: на грып), пайсці за хлебам (правільна: па хлеб), загадчык бібліятэкай (правільна: бібліятэкі), заклапочанасць над пытаннямі (правільна: пытаннямі), тры пятыя гектары (правільна: гектара). Парушэнне граматычных (у тым ліку сінтаксічных) сувязей выклікаецца рознымі прычынамі: •парушэнні на аснове сінанімічнасці словазлучэнняў: У мінулым годзе я пацікавіўся пра лёс свайго рукапісу (пацікавіцца чым — спытаць пра што); Прыйдзецца прысвяціць для азнаямлення з праектам дзень-другі (прысвяціць чаму — адвесці для чаго); •парушэнні на падставе кантэкстуальнай сінаніміі: Настаўнік праявіў да яго педагагічны такт (праявіць увагу да каго-небудзь — быць тактоўным да каго-небудзь — праявіць такт у адносінах да каго-небудзь); •парушэнні пад уплывам іншамоўнай канструкцыі: Сябры смяяліся над ім (белар. смяяцца з каго — руск. смеяться над кем); Прыгледзімся сродкам, якія былі ўжыты крытыкамі (белар. прыгледзецца да чаго — польск. przypatrzyć się czemu); •парушэнні спалучальнасці лексічных і граматычных сродкаў: За апошні час ён рабіў нямала ( у апошні час / апошнім часам рабіў — за апошні час рабіў); •парушэнні, выкліканыя блытанінай граматычных форм: Ужо, як стала вядома, пастаноўлена аб правядзенні фестывалю ў Гомелі (пастаноўлена правесці — пастанова аб правядзенні); •парушэнні пры аб’яднанні рознаструктурных словазлучэнняў, што маюць агульны залежны кампанент: Яны самі арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў гэтых святах. Правільна: Яны самі арганізоўвалі святы і прымалі ўдзел у іх або: Яны былі і арганізатарамі, і ўдзельнікамі свят.
|