|
Стыль (ад грэч. stylos — ‘завостраная палачка для пісьма’) — разнавіднасць маўлення,
якая характарызуецца асаблівасцяміадбору, арганізацыі моўных сродкаў у залежнасці ад задач камунікацыі. Стылістыка — лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад зместу, мэты і сітуацыі выказвання, ад ужывання ў розных сферах чалавечай дзейнасці (навуцы, мастацтве, палітыцы, афіцыйных і штодзённых (бытавых) зносінах). З улікам функцый мовы і сферы зносін адрозніваюць функцыянальныя стылі. Функцыянальны стыль — разнавіднасць літаратурнай мовы, замацаваная за пэўнай сферай грамадска-маўленчай практыкі. Функцыянальныя стылі характарызуюцца ўжываннем моўных сродкаў у залежнасці ад знешніх, нямоўных фактараў: формы зносін (пісьмовая/вусная, маналагічная/дыялагічная), мэты зносін (волевыяўленне, паведамленне інфармацыі, эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне, камунікацыя), характару ўзаемаадносін (афіцыйны, неафіцыйны). Выдзяляюць наступныя функцыянальныя стылі: навуковы, афіцыйны, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры) і гутарковы. Кожны функцыянальны стыль вылучаецца асаблівасцямі на ўзроўні лексікі, марфалогіі, сінтаксісу. Усе моўныя стылі, акрамя гутарковага, — кніжныя. Гутарковы з’яўляецца стылем вуснага маўлення.
|