Печатать книгуПечатать книгу

ДАДАТАК

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: ДАДАТАК
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 07:45

Табліца 1

Інтанаванне складаназлучаных сказаў

Адносіны паміж часткамі складаназлучанага сказа Знак прыпынку Інтанацыя, з якой чытаюцца складаназлучаныя сказы
спалучальныя адначасовасці, паслядоўнасці, прычынна-выніковыя коска

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца без пералічальнай інтанацыі, калі іх толькі дзве і яны звязаны адзіночнымі злучнікамі і, ды (‘і’): першая частка чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза.

Калі ў складаназлучаным сказе ёсць агульны даданы член сказа, які адносіцца і да першай, і да другой часткі, то ён выдзяляецца лагічным націскам. Першая частка сказа чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза (на пісьме коска не ставіцца).

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца з пералічальнай інтанацыяй, калі іх дзве і яны звязаны паўторнымі злучнікамі і — і, ды — ды (‘і’ — ‘і’): к канцу першай часткі голас злёгку павышаецца, другая частка чытаецца з паступовым павышэннем голасу і заканчваецца яго паніжэннем пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза.

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца з пералічальнай інтанацыяй, калі іх больш за дзве і яны звязаны паўторнымі злучнікамі і — і, ды — ды (‘і’ — ‘і’): к канцу кожнай часткі, акрамя апошняй, голас злёгку павышаецца. Апошняя частка чытаецца з паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робяцца невялікія паўзы.

кропка з коскай

Калі ў складаназлучаным сказе толькі дзве часткі, якія звязаны адзіночнымі злучнікамі і, ды (‘і’), то першая частка чытаецца з нязначным паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, другая — з рэзкім паніжэннем. Паміж часткамі робіцца больш працяглая паўза, чым пры чытанні складаназлучанага сказа, часткі якога раздзелены коскай.

Калі ў складаназлучаным сказе больш за дзве часткі, якія звязаны паўторнымі злучнікамі і — і, ды — ды (‘і’ — ‘і’), то часткі сказа чытаюцца з нязначным паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, акрамя апошняй, якая заканчваецца рэзкім паніжэннем голасу. Паміж часткамі робяцца больш працяглыя паўзы, чым пры чытанні складаназлучанага сказа, часткі якога раздзелены коскай.

супастаўляльныя, супрацьпастаўляльныя працяжнік

Першая частка складаназлучанага сказа чытаецца з рэзкім нарас- таннем павышэння голасу, другая — з паніжэннем голасу. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза. Інтанацыя на мяжы частак напружаная.

супраціўныя прычынна-выніковыя коска

Першая частка складаназлучанага сказа чытаецца з нязначным па­ ніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, другая — з рэз­ кім паніжэннем. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза

кропка з коскай

Першая частка складаназлучанага сказа чытаецца з нязначным паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, другая — з рэзкім паніжэннем. Паміж часткамі робіцца больш працяглая паўза, чым пры чытанні складаназлучанага сказа, часткі якога раздзелены коскай.

працяжнік

Першая частка складаназлучанага сказа чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза.

размеркавальныя 

пералічэння, чаргавання, узаемавыключэння з’яў, падзей

коска

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца без пералічальнай інтанацыі, калі іх толькі дзве і яны звязаны адзіночнымі злучнікамі ці, або: першая частка чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза.

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца з пералічальнай інтанацыяй, калі іх дзве і яны звязаны паўторнымі злучнікамі ці — ці, або — або, то — то, ці то — ці то, не то — не то: к канцу першай часткі голас злёгку павышаецца, другая частка чытаецца з паступовым павышэннем голасу і заканчваецца яго паніжэннем пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза.

Часткі складаназлучанага сказа чытаюцца з пералічальнай інтанацыяй, калі іх больш за дзве і яны звязаны паўторнымі злучнікамі ці — ці, або — або, то — то, ці то — ці то: к канцу кожнай часткі, акрамя апошняй, інтанацыя злёгку павышаецца. Апошняя частка чытаецца з паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робяцца невялікія паўзы.

Табліца 2

Інтанаванне складаназалежных сказаў

Адносіны паміж часткамі складаназалежнага сказа Знак прыпынку Інтанацыя, з якой чытаюцца складаназалежныя сказы
азначальныя; дапаўняльныя; акалічнасныя (месца, часу, умовы, прычыны, мэты, уступальныя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені) коска

Першая частка складаназалежнага сказа (галоўная або даданая) чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем. На мяжы галоўнай і даданай частак робіцца невялікая паў

Калі даданая частка складаназалежнага сказа стаіць у сярэдзіне галоўнай, то яна выдзяляецца паўзамі з абодвух бакоў. Галоўная частка чытаецца з павышэннем голасу да пачатку даданай, даданая частка — з павышэннем голасу ў канцы. Галоўная частка пасля даданай чытаецца з паніжэннем голасу.

Калі даданая частка складаназалежнага сказа стаіць пасля першага слова галоўнай часткі, якое паясняе, то яна не аддзяляецца паўзай і чытаецца з павышэннем голасу. Галоўная частка пасля даданай чытаецца з паніжэннем голасу.

Калі даданая частка складаназалежнага сказа стаіць пасля члена сказа галоўнай часткі, выражанага дзеепрыметнікам або дзеепрыслоўем, то яна не аддзяляецца паўзай.

Табліца 3

Інтанаванне бяззлучнікавых складаных сказаў

Адносіны паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа Знак прыпынку Інтанацыя, з якой чытаюцца бяззлучнікавыя складаныя сказы
аднатыпныя часткі спалучальныя (адначасовасці, паслядоўнасці) коска

Часткі бяззлучнікавага складанага сказа чытаюцца з пералічальнай інтанацыяй.
Калі ў бяззлучнікавым складаным сказе толькі дзве часткі, то першая з іх чытаецца з павышэннем голасу, другая — з паніжэннем пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робіцца невялікая паўза.

Калі ў бяззлучнікавым складаным сказе больш за дзве часткі, то голас злёгку павышаецца ў канцы кожнай часткі, акрамя апошняй, якая заканчваецца паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робяцца невялікія паўзы.

кропка з коскай

Бяззлучнікавы складаны сказ, часткі якога раздзелены кропкай з коскай, чытаецца спакойным тонам і ў запаволеным тэмпе. Першая частка сказа чытаецца з нязначным паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, другая — з рэзкім паніжэннем. Паміж часткамі робіцца больш працяглая паўза, чым пры чытанні бяззлучнікавага складанага сказа, часткі якога раздзелены коскай.

Калі ў бяззлучнікавым складаным сказе больш за дзве часткі, то яны чытаюцца з нязначным паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, акрамя апошняй, якая заканчваецца рэзкім паніжэннем голасу.

супастаўляльныя, супрацьпастаўляльныя працяжнік

Першая частка бяззлучнікавага складанага сказа чытаецца з моцным павышэннем голасу ў канцы, другая — з моцным паніжэннем. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза.

разнатыпныя часткі прычынныя двукроп’е

Першая частка бяззлучнікавага складанага сказа чытаецца з лёгкім паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам, другая частка чытаецца з паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза.

выніковыя працяжнік

Абедзве часткі бяззлучнікавага складанага сказа чытаюцца з паніжэннем голасу пасля слова з лагічным націскам. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза.

умовы, часавыя працяжнік

Першая частка бяззлучнікавага складанага сказа чытаецца з моцным павышэннем голасу ў канцы, другая — з моцным паніжэннем. Паміж часткамі робіцца працяглая паўза.

паясняльныя двукроп’е

Першая частка бяззлучнікавага складанага сказа чытаецца з паніжэннем голасу і доўгай паўзай у канцы, што папярэджвае пра наяўнасць другой часткі, у якой знаходзіцца паясненне. Другая частка чытаецца з паніжэннем голасу.