|
Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы вымаўляюцца паніжаным тонам і больш хуткім тэмпам, выдзяляюцца невялікімі інтанацыйнымі паўзамі, а на пісьме — коскамі. К о с к а м і в ы д з я л я ю ц ц а пабочныя словы, словазлучэнні, сказы, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа і перадаюць эмацыянальную ацэнку фактаў рэчаіснасці, пачуццёвую рэакцыю на факты, пра якія гаворыцца ў сказе, паказваюць на крыніцу паведамлення, прыналежнасць выказанай думкі, выражаюць адносіны таго, хто гаворыць, да слухача і да т. п.: Вялікае, кажуць, добра бачыцца на адлегласці (М. Калачынскі); Я, скажу шчыра, спалохаўся (А. Асіпенка). Заўвага. Ад пабочных слоў неабходна адрозніваць словы, якія ўжываюцца ў ролі часціцы або прыслоўя. Яны к о с к а м і н е в ы д з я л я ю ц ц а: Можа пайсці на секцыю па валейболе? Усталявалася цёплае надвор’е, ужо напэўна прыляцяць буслы. Параўн.: Ці пайсці на секцыю па валейболе? Усталявалася цёплае надвор’е, ужо дакладна прыляцяць буслы. К о с к а й р а з д з я л я ю ц ц а пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, калі яны ідуць адно за адным: Само сабой, канечне, паехалі яны ў лес (Я. Колас); Адным словам, на нашу агульную думку, усе мы ўчатырох былі добрымі хлопцамі (І. Навуменка). Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы аддзяляюцца коскамі ад папярэдніх злучнікаў, якія звязваюць члены сказа або часткі складанага сказа: Сосны вымкнуць угару, як свечкі, сонца вершаліны ім прыпаліць, і, здаецца, так стаяць ім вечнасць — толькі б перад бураю ўстаялі! (А. Зэкаў). Калі злучнік а ўтварае адно цэлае з наступнай пабочнай канструкцыяй (словам, словазлучэннем, сказам), то ён н е а д д з я л я е ц ц а ад гэтай канструкцыі коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а між іншым, а па-другое: Іншыя гарады складваліся, раслі дзясяткамі, а можа, і сотнямі год (Т. Хадкевіч); Па-першае, трэба забяспечыць людзей усім неабходным інвентаром, а па-другое, арганізаваць дастаўку ў поле гарачай ежы. Параўн.: Не год, а, магчыма, два прайшло з нашай апошняй сустрэчы. К о с к а й н е а д д з я л я е ц ц а ад пабочных канструкцый узмацняльная часціца і: І сапраўды, гэта не кепская думка! (Я. Колас). В ы д з я л я ю ц ц а п р а ц я ж н і к а м і або б я р у ц ц а ў д у ж к і ўстаўныя канструкцыі, якія служаць у якасці тлумачэнняў, заўваг, дадатковых звестак, удакладненняў да асноўнага сказа: Я першы раз быў у горадзе, і Мазыр — хоць гэта горад і не надта вялікі — зрабіў на мяне надзвычайнае ўражанне (І. Навуменка); Асвейскае возера (пасля Нарачы яно — другое па велічыні) кожнаму вандроўніку запомніцца самым буйным востравам Беларусі (У. Ягоўдзік). Заўвага. Перад закрывальнай дужкай пасля ўстаўной канструкцыі ставяцца знакі прыпынку, якія патрабуюцца кантэкстам (клічнік, пытальнік або шматкроп’е): Ніколі не спадзяваўся, што мае ногі яшчэ здольны на такі марафон (з Гродна да Мастоў — 63 км!) (А. Карпюк); Прыемнае адчуванне з’яўляецца (ці няпраўда?), калі закончыш усе справы своечасова. Калі ўстаўная канструкцыя, якая выдзяляецца працяжнікамі, знаходзіцца паміж часткамі, дзе павінна ставіцца коска, або калі ў канцы ўстаўной канструкцыі ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнікам і ставіцца перад другім працяжнікам: У кнігах, што прынёс бібліятэкар — іх было дзесяць, — мы спадзяваліся знайсці патрэбную для даклада інфармацыю.
|