Печатать книгуПечатать книгу

«У ціхім тумане»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «У ціхім тумане»
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:49

Уводзiны

Апавяданне «У ціхім тумане» раскрывае адну з трагедый Вялікай Айчыннай вайны. Іван Чыгрынаў нетрадыцыйна асэнсаваў адну з велізарнейшых трагедый чалавецтва. Праз няшчасце канкрэтных людзей аўтар раскрыў лёс усяго беларускага народа, сярод якога былі не толькі героі, але і антыгероі. Новы падыход у асэнсаванні вайны выявіўся ў аўтарскай увазе не да гераічнага, а да трагічнага — да зрадніцтва, што, на жаль, асабліва часта сустракалася ва ўмовах акупацыі. 

Першапачатковая назва апавядання «У ціхім тумане» — «Маці». Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе «Полымя». Крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор. Ідэйная накіраванасць апавядання не адпавядала ідэалагічным устаноўкам тагачаснай савецкай крытыкі. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве «Беларусь» было затрымана выданне першай кнігі маладога аўтара. Зборнік «Птушкі ляцяць на волю» быў выдадзены, але без твора «Маці». Тым не менш у 1970 годзе апавяданне было надрукавана на рускай мове (у перакладзе Э. Карпачова) у маскоўскім часопісе «Дружба народаў» пад назвай «В тихом тумане». На беларускай мове яно апублікавана ў 1984 годзе ў першай кнізе трохтомнага выдання твораў І. Чыгрынава.

 

Вобразы Рэйдзіхі і Ганны

Галоўнай гераіняй апавядання «У ціхім тумане» з’яўляецца немаладая жанчына Рэйдзіха. Першыя старонкі твора не даюць адказу на пытанне, што гэта за загадкавая гераіня. Яна надвячоркам з’явілася каля вёскі Бароўка, і першай яе ўбачыла Тараськова Ганна. Аўтар гаворыць, што Ганна «схамянулася», убачыўшы яе, і гэта адразу выклікае ў чытача цікавасць да гераіні. Знешні выгляд Рэйдзіхі даволі дзівакаваты: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая — ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка — чырвоная, з чорнымі махрамі». Такі выгляд і вопратка даволі тыповыя для старой беларускай сялянкі. Аднак аўтар параўнаў яе са спалоханай птушкай, і гэта выклікае пэўнае спачуванне да жанчыны. Спачуванне ўзмацняецца, калі мы даведваемся, што Рэйдзіха — маці здрадніка-паліцая Якава.

Праблема віны і даравання

З часу трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны прайшло каля трыццаці гадоў, але не ўсе душэўныя раны загаіліся, таму Рэйдзіха гатова была прыняць любую рэакцыю землякоў. Вядомая беларуская даследчыца літаратуры Т. Грамадчанка адзначала: «Адчуваецца матчына драма, яе страх перад аднавяскоўцамі, пачуццё залежнасці ад іх (пакажуць ці не пакажуць магілу), аднак старая жанчына ні на хвіліну не задумваецца, кім жа быў яе сын. І. Чыгрынаў акцэнтаваў увагу на прыродным інстынкце маці (на гэта якраз і працуе параўнанне з птушкай)».

Тым не менш мацярынскія пачуцці перамагаюць, і яна ў пошуках магілы сына з’яўляецца ў Бароўках. Яна прыйшла ў вёску пад вечар, каб менш людскіх вачэй яе бачылі, каб менш часу быць сярод пакрыўджаных Якавам. Рэйдзісе няёмка прызнацца, з якой мэтай яна прыйшла ў вёску, таму даводзіцца гаварыць, што зайшла па дарозе ў Забор’еўскую царкву. Аўтарскае параўнанне яе з падстрэленай варонай яшчэ больш узмацняе трагедыйнасць вобраза: «...Старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона». Рэйдзіха без знешняй прычыны магла заплакаць, што гаворыць пра глыбокія душэўныя перажыванні жанчыны, якая з-за сына-паліцая шмат гадоў пражыла з болем у сэрцы. Яна не адраклася ад свайго сына, а шкадавала яго, хоць ён і быў здраднікам. Цэнтральнай у апавяданні з’яўляецца праблема віны і даравання.

 

Узаемаадносіны ахвяр і здраднікаў

Пісьменнік увасобіў складанасць чалавечых узаемаадносін праз вобразы Ганны (прадстаўніца ахвяр акупантаў і здраднікаў-паліцаяў) і Рэйдзіхі (ускосна на ёй ляжала віна за сына-здрадніка). Аўтар не паказаў рэакцыі ўсіх жыхароў вёскі Бароўка на з’яўленне Рэйдзіхі, але можна здагадацца, што яна была самай рознай, у тым ліку і негатыўнай. Мы бачым толькі рэакцыю Ганны на маці здрадніка і можам зрабіць вывад, што праз яе вобраз пісьменнік увасобіў сваё ўяўленне пра чалавечнасць і ўсёдаравальнасць. Ганна пусціла начаваць да сябе маці паліцая, які забіў яе бацьку. Гэта было зусім неспадзявана для старой, якая была гатовая да крыўды, абраз аднавяскоўцаў, разумеючы, што яе сыну няма даравання. Відаць, і Ганна не чакала ад сябе такога ўчынку. Але менавіта такая ўседаравальнасць і міласэрнасць прыносяць Ганне душэўнае заспакаенне: «Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго ранейшага пачуцця да Рэйдзіхі, якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, — яго быццам рукой хто адвёў». У вобразе Ганны аўтар выявіў найвышэйшую ступень хрысціянскай літасцівасці і ўсёдаравальнасці, на якую здольны толькі высакародны чалавек. Менавіта праз гэту гераіню пісьменнік раскрыў лепшыя рысы беларускага жаночага характару. 

Уся вёска ведала пра неспадзяваную госцю, але ніводзін чалавек не прыйшоў і не стаў дакараць старую за сына. Людзі за ваенныя гады не ачарсцвелі, не сталі жорсткімі, а наадварот, пасля нялюдскіх 1930-х гадоў сталі бліжэй да Бога і хрысціянскіх законаў суіснавання. Аўтар апавядання «У ціхім тумане» ўслед за В. Быкавым сцвярджаў, што вайна — гэта час выпрабаванняў на чалавечнасць. Людзі спачуваюць няшчаснай бязвіннай маці. Менавіта таму бароўцы так тактоўна паводзяць сябе са знішчанай найвялікшым горам Рэйдзіхай, нягледзячы на тое, што яе сын, паліцай Якаў Рэйда, спаліў вёску, вешаў і расстрэльваў землякоў. 

Каб зразумець прычыну здрадніцтва Якава, неабходна ўважліва прасачыць гісторыю сям’і Рэйдаў. Агульнавядома, што асновы этыкі, дабрыні і маральнасці закладваюцца найперш у сям’і. Маці Якава была жанчынай лагоднай, добрай і працавітай. Менавіта на ёй трымалася ўся вялікая гаспадарка. Аднак большы ўплыў на хлопца аказаў бацька. Невыпадкова ў творы аўтар падкрэсліў і знешняе падабенства паміж Якавам і Лазарам Рэйдам: старэйшы Рэйда быў «чалавек чорны і хмуры», такім жа вырас і яго сын. Гэта падабенства, як потым высвятляецца, тычыцца не толькі знешнасці бацькі і сына, але і іх маральных якасцей. Доўгі час Лазар працаваў лесніком і пры пане, і пры савецкай уладзе. Праца гэта была нялёгкай, бо ўвесь час неабходна шукаць кампраміс паміж службовымі абавязкамі і ўзаемаадносінамі з людзьмі. Думаючы толькі пра ўласную выгаду, Рэйда дагаджаў начальству, а простых людзей за братоў не лічыў: «Рэйда службу знаў. І нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі — клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну». Праз гадоў дзесяць пасля рэвалюцыі Лазара выгналі з працы за продаж дзяржаўнага лесу. З гэтага можна зрабіць вывад, што яго прынцыповасць у адносінах да людзей не мела нічога агульнага з сумленнасцю. Таму грошы на пакупку маёнтка ў пана былі зароблены Лазарам і не «з мазаля». Гэта ўсё вельмі негатыўна характарызуе Рэйду. Не было ў яго патрэбы мець добрыя чалавечыя стасункі з аднавяскоўцамі. Калі былы ляснік пабудаваў хату на водшыбе вёскі, то паставіў высокую і шчыльную дашчаную агароджу. Яна стала мяжой паміж Рэйдам і аднавяскоўцамі, у тым ліку і маральнай. Відаць, такое супрацьстаянне і абумовіла далейшы незайздросны лёс Лазара. Невыпадкова, калі ў калгасе загарэўся кароўнік, то падазрэнне ўпала на яго. Арыштавалі менавіта Лазара Рэйду, чалавека, якога не любілі ў вёсцы. Рэйдзісе з сынам нічога не заставалася, як уцякаць ад раскулачвання. 

Аўтар напрамую не патлумачыў прычыну здрадніцтва Якава. Але, як можна зразумець, бацькаў прыклад незычлівасці да людзей, а таксама несправядлівыя адносіны вяскоўцаў і савецкай улады да яго сям’і і маглі стаць прычынай маральнай дэградацыі і здрадніцтва Якава Рэйды. Ён з’явіўся ў вёсцы ў 1942 годзе разам з карным атрадам фашыстаў. Працэс духоўнага падзення Якава не прасочваецца ў творы, але вынік відавочны. Здраднік з задавальненнем прымае ўдзел у павешанні Тараські і першым падпальвае яго хату. Пасля карнай аперацыі згарэла ўся вёска, і людзі пракліналі не толькі здрадніка, але і яго маці.

 

Гуманістычны пафас апавядання

Каб зразумець аўтарскую пазіцыю ў творы, неабходна параўнаць варыянт канцоўкі апавядання «Маці», дзе на просьбу Рэйдзіхі паказаць магілу сына Ганна катэгарычна адмовіла: «Ніхто вам не пакажа, цётка Матруна! Ні я, ні хто іншы...», з фіналам апавядання «У ціхім тумане», дзе жанчыне ўсё ж паказваюць, дзе пахаваны яе сын-паліцай. Фінал апавядання «Маці» ў той час быў у пэўнай ступені апраўданы. Такая развязка дазваляла ўберагчы твор ад нападкаў крытыкі, бо праз непрацяглы час пасля вайны чытачам складана было зразумець і ацаніць хрысціянскую літасць да здраднікаў. Другі варыянт канцоўкі, калі бароўцы, жыхары спаленай карнікамі вёскі, паказваюць Рэйдзісе магілу яе сына-здрадніка, больш адпавядае сучасным уяўленням грамадства пра гуманізм. Менавіта ў гэтым выявіўся гуманістычны пафас апавядання. У савецкай літаратуры падобных твораў па праблематыцы і вырашэнні праблемы адносін да здрадніцтва не было. Пісьменнік здолеў глыбока пранікнуць у псіхалогію жанчыны-маці, для якой сын застаецца сынам, нягледзячы на тое, што ён стаў злачынцам. Аўтар спачуваў маці, якая, як і любая іншая, чакала працягу роду, цешыла сябе будучым сына. Але ён сваімі злачынствамі перакрэсліў усе яе спадзяванні. Рэйдзіха стала маці здрадніка і злачынцы, але яна не перастала быць маці.

А. Марціновіч, адзначаючы перавагу гэтай назвы перад першапачатковай назвай «Маці», сцвярджаў: «І сапраўды, яна больш не тое, што дакладная, а выразная, я б сказаў, эмацыянальна напоўненая. Праз гэтыя звычайныя словы яскрава відаць паяднанасць чалавека з прыродай, з усёй яе вечнасцю і загадкавасцю».

 

Пытаннi

1. У чым выявіўся новы падыход І. Чыгрынава да асэнсавання тэмы вайны ў апавяданні «У ціхім тумане»? 
2. Паразважайце, ці несла адказнасць Рэйдзіха за віну сына-здрадніка. Як вы ставіцеся да маці здрадніка? Чаму?
3. Як праз вобраз Ганны, бацьку якой разам з немцамі павесіў здраднік Рэйда, раскрываюцца аўтарскія адносіны да праблемы віны і даравання ў творы?
4. Параўнайце лёс паліцая Якава з лёсамі быкаўскіх здраднікаў у аповесці «Знак бяды». Выявіце прычынна-выніковыя сувязі паміж даваенным і ваенным жыццём герояў.
5. Растлумачце сэнс назвы твора.
6. Падрыхтуйце кадраплан да апавядання І. Чыгрынава «У ціхім тумане» і падбярыце музыку да яго.