Печатать книгуПечатать книгу

Іван Навуменка

Успомніце змест апавядання І. Навуменкі «Настаўнік чарчэння». Ахарактарызуйце юнакоў, герояў твора. У чым каштоўнасць для сённяшняга пакалення іх духоўнага вопыту?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: Іван Навуменка
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 25 Ноябрь 2024, 00:14

Біяграфія

Па сваім душэўным складзе Іван Якаўлевіч быў непапраўным летуценнікам. І гэта летуценнасць асвятляла ўсю яго жыццёва-творчую дзейнасць, адпаведным чынам выстройвала адносіны да яго іншых людзей. Яна не перашкаджала яму ў штодзённым існаванні. Больш за тое, магчыма, дзякуючы і ёй (у спалучэнні з рэдкай працавітасцю) пісьменнік быў здольны на такія вялікія здзяйсненні.

С. Лаўшук.

Іван Якаўлевіч Навуменка — вядомы пісьменнік, даследчык літаратуры, крытык. Ён прызнаны майстар лірычнай прозы, мастакрамантык, захоплены прыгажосцю навакольнага свету. Творчасць І. Навуменкі грунтуецца на ўласна перажытым, аўтабіяграфічным.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, у сям’і чыгуначніка. У аўтабіяграфіі І. Навуменка згадваў, што яго «дзяцінства прыпала якраз на той час, калі па пыльнай вуліцы прагрукатаў першы трактар, а ў бязвоблачным блакіце неба, перастаючы быць дзівам, праляцеў самалёт». Па прызнанні пісьменніка, «нягледзячы на яўны трыумф тэхнікі», найбольшы ўплыў на яго ў той час меў «дзед па бацьку, які стаяў у апазіцыі да ўсёй гэтай тэхнікі і навізны. Цягнулі мяне да дзеда яго казкі… якіх ён ведаў нямала». Менавіта дзед навучыў будучага пісьменніка чытаць, «хоць сам ён быў непісьменны. Ён ведаў толькі некалькі літар і ахвотна раскрыў мне іх сэнс, пра астатнія я дапытаўся ў маці і ў старэйшых за мяне шкаляроў з нашай вуліцы». У школе будучаму пісьменніку лёгка даваліся ўсе прадметы (восьмы і дзявяты класы ён скончыў за адзін год), але найбольш любіў літаратуру. З усяго, што запала ў дзіцячую душу, асабліва запомніліся птушкі і кнігі. Птушак прыносіў дамоў, бо хацеў пачуць іх спеў, а потым выпускаў на волю. Кнігі хлопец пачаў чытаць рана, з другога класа школы. У гэты ж час спрабаваў рыфмаваць радкі. «У Васілевічах нават у тыя далёкія трыццатыя гады можна было дастаць даволі рэдкую кнігу. Сябраваў з хлопцамі, старэйшымі за мяне, і гэта значна пашырала мае магчымасці ў сэнсе забеспячэння кнігамі». Цягу да выключнага, незвычайнага падтрымлівалі творы І. Тургенева, Л. Талстога, Ж. Верна, М. Рыда, А. Дзюма. На вучобу глядзеў як на вялікую, адказную справу.

Па ўспамінах пісьменніка, яго школа была «ўзорнай дзесяцігодкай, яе выпускнікі паспяхова паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у ваенныя вучылішчы, і гэта сярод нас,  вучняў, нараджала рамантычныя парыванні і мары». Дзякуючы таму, што бацька як чыгуначнік меў бясплатны білет, яшчэ ў дзяцінстве І. Навуменка пабываў у Маскве. У школьныя гады ездзіў на экскурсію ў Мінск. Аптымізмам прасякнута светаўспрыманне будучага пісьменніка, які праз гады адзначыць у сваіх успамінах: «Шлях у шырокі свет, здавалася, быў расчынены, але пачалася вайна».

Калі пачалася вайна, юнаку ішоў сямнаццаты год. Івану, як і яго равеснікам, не давялося здаваць школьныя экзамены. Лёс падрыхтаваў для юнакоў драматычныя іспыты ваенным ліхалеццем. Будучы пісьменнік прымаў актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе супраць акупантаў, потым стаў партызанам, змагаўся ў разведвальна-дыверсійнай групе. Ён удзельнічаў у вызваленні роднага мястэчка, а ў 1943 годзе быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, у Карэліі, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.

На фронце быў старшыной роты разведкі.

У аўтабіяграфіі І. Навуменка адзначыў: «Айчынная вайна, якая супала з маім юнацтвам, бадай, стала для мяне пачаткам актыўнага жыцця. За вайну прыйшлося пабачыць і перажыць усялякае. <…> У тым, што пішу, трымаюся бліжэй да перажытага, добра зведанага».

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе І. Навуменка працаваў у васілевіцкай раённай газеце «Сацыялістычная праца», потым — карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся» (1946—1951), а затым, пераехаўшы ў Мінск у пачатку 1950-х гадоў, — у вядомай рэспубліканскай газеце «Звязда». З 1953 года загадваў аддзелам прозы часопіса «Маладосць» і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце БДУ, затым — у аспірантуры. З 1958 года працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры беларускай літаратуры таго ж універсітэта. У 1973 годзе стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1982-га — яе віцэ-прэзідэнтам, з 1992-га — саветнікам прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 па 1990 год І. Навуменка быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання. Актыўная выкладчыцкая, навуковая, грамадская праца не перашкаджалі літаратурнай творчасці пісьменніка, шматграннасць якой здзіўляла многіх. І. Шамякін, у прыватнасці, пісаў: «Я, зямляк і даўні сябар Івана Якаўлевіча, нярэдка здзіўляўся: калі адпачывае гэты чалавек? А ён адказваў мне: “Толькі ў працы бачу я сэнс жыцця і шчасця”».

У друку творы І. Навуменкі з’явіліся яшчэ да вайны. У 1946 годзе абласныя і рэспубліканскія выданні ахвотна змяшчалі нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». У 1957 годзе ўбачыла свет першая кніга І. Навуменкі — «Сямнаццатай вясной». Услед за ёй выходзяць кнігі прозы «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Таполі юнацтва» (1966). За апошнюю з іх у 1967 годзе пісьменніку была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола БССР.

Паступова аўтар пераходзіў да напісання твораў буйнейшых жанраў: у 1959 годзе выйшла аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі», у 1960-м — аповесць «Бульба». Неўзабаве чытачы атрымалі раманы І. Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967) і «Сорак трэці» (1974), якія склалі трылогію пра змаганне маладых беларускіх патрыётаў супраць фашысцкіх акупантаў і прынеслі празаіку шырокую вядомасць.

У ранняй творчасці І. Навуменкі адлюстраваны лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы пісьменніка вылучаюцца мяккім лірызмам, майстэрствам выкарыстання мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў. Аўтар глыбока псіхалагічна раскрыў іх маральны патэнцыял, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя агульнай справы. Кампазіцыя ранніх твораў традыцыйная: лірычны герой расказвае пра жыццё сваіх «сяброў-равеснікаў», іх першае юнацкае каханне, набыццё ўласнага вопыту.

І. Навуменка ўмеў заглыбіцца ва ўнутраны свет герояў. Такі спосаб асэнсавання і адлюстравання жыцця дазваляў мастаку слова глыбей выявіць свае духоўныя прыярытэты. У 1990-я гады ў тэтралогіі, якую склалі аповесці «Дзяцінства», «Падлетак», «Юнацтва» і «Любімы горад», празаік зноў вярнуўся ў гады маленства і юнацтва, каб напісаць мастацкую біяграфію свайго амаль вынішчанага пакалення. Аўтар праўдзіва ўзнавіў грамадскую атмасферу даваеннага і пасляваеннага жыцця, стварыў прывабныя вобразы маладых людзей, здольных супрацьстаяць абставінам і ў любых умовах захоўваць чалавечнасць.

Крытыкі часам папракалі І. Навуменку за тое, што ён збіваецца на паўторы самога сябе. А на самай справе, як меркаваў Д. Бугаёў, у гэткіх паўторах быў глыбокі сэнс: «Такая вернасць сімпатычнаму для яго чалавечаму тыпу, любімаму герою ідзе ў празаіка менавіта ад вернасці ўласнаму жыццёваму вопыту, асабістым душэўным набыткам, якія і звязваюць самай трывалай і арганічнай сувяззю пісьменніка з яго “каронным”, запаветным героем. У гэткай вернасці заключаецца не слабасць, а сіла мастака. Нездарма ж мы заўсёды знаходзім яе ў вялікіх пісьменнікаў, лёгка адрозніваючы, напрыклад, любога талстоўскага героя ад героя, характэрнага для Дастаеўскага, не блытаючы бальзакаўскі псіхалагічны тып з шолахаўскім, — усе яны нешта істотнае бяруць ад сваіх стваральнікаў. І так звычайна бывае ў кожнага значнага пісьменніка».

Іван Навуменка з’яўляецца не толькі прызнаным пісьменнікам, але і аўтарытэтным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар даследаванняў «Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці», «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», «Змітрок Бядуля», «Максім Багдановіч» і інш. За кнігі «Янка Купала: духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: духоўны воблік героя» ў 1972 годзе даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа. У 1995 годзе І. Навуменку прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.

Літаратуразнавец С. Лаўшук звярнуў увагу на тое, што ў 1990-я гады пісьменнік «прадэманстраваў вельмі нават неардынарную творчую актыўнасць», надрукаваўшы, акрамя тэтралогіі, «аповесці “Дзясяты клас”, “Вір”, чатыры дзясяткі апавяданняў і чатыры літаратуразнаўчыя манаграфіі: “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, “Змітрок Бядуля”, “Максім Багдановіч”, “Ранні Кузьма Чорны 1923—1929)”. Нулявыя гады ХХІ стагоддзя для яго таксама нулявымі не былі. За першыя тры гады новага тысячагоддзя ім былі напісаны аповесць “Помні Сталінград”», 27 апавяданняў. «Не пустымі былі і наступныя тры — перад смерцю — гады, калі з-пад яго пяра выйшлі 19 апавяданняў». Усё гэта сведчыла пра тое, што да канца свайго жыцця І. Навуменка плённа працаваў і не страціў творчай актыўнасці.

Памёр пісьменнік 17 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Імя І. Навуменкі прысвоена адной са сталічных вуліц, у 2011 годзе ў памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы К. Маркса.

У 2017 годзе Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі выдадзена кніга «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні: успаміны пра Івана Якаўлевіча Навуменку», якая змястоўна і шматпланава выяўляе асобу пісьменніка і чалавека. На думку вядомага літаратуразнаўца Д. Бугаёва, «усе поспехі Івана Якаўлевіча Навуменкі ў літаратуры, навуцы, грамадскай дзейнасці дасягнуты не па волі выпадку, нейкага асабліва шчаслівага збегу спрыяльных абставін, а сталі вынікам вялікай, натхнёнай працы, якая звычайна ўласціва тым, хто (вядома, пры сапраўднай таленавітасці) не мітусіцца, не кідаецца з адной крайнасці ў другую, а напорыста працуе там, дзе адчувае магчымасці і грамадскую патрэбу, попыт на гэтыя магчымасці.

А зроблена І. Навуменкам за яго жыццё так многа, што дзіву даешся».

 

Пытанні

1. Што і чаму паўплывала на фарміраванне светапогляду І. Навуменкі?
2. Вызначце жанрава-стылёвыя адметнасці яго ранніх твораў.
3. Назавіце аповесці, якія склалі тэтралогію І. Навуменкі. Паразважайце, што прымусіла сталага мастака слова звярнуцца да ўзнаўлення духоўнага свету сваіх аднагодкаў.
4. Прачытайце кнігу «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні: успаміны пра Івана Якаўлевіча Навуменку». Што новага пра чалавека, пісьменніка і грамадскага дзеяча вы даведаліся з выказванняў І. Шамякіна, С. Лаўшука і Д. Бугаёва, змешчаных у кнізе?