Васіль Быкаў
![]() |
1. Што вам вядома з урокаў гісторыі пра даваеннае жыццё ў СССР? З якімі творамі літаратуры пра той час вы ўжо пазнаёміліся? 2. Успомніце, якія творы В. Быкава вы чыталі ў папярэдніх класах. Растлумачце сэнс назвы апавядання «Незагойная рана» і аповесці «Жураўліны крык». |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | Васіль Быкаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 19 Апрель 2025, 12:41 |
Біяграфія
Усё мінае — гонар не мінае...
У . Караткевіч.
Па творах Васіля Быкава свет спасцігае асаблівасці беларускага народнага характару, трагізм гістарычнага лёсу нашага народа. Творчасць пісьменніка дапамагае шукаць сцежкі да дабрыні і справядлівасці. Імя В. Быкава ўспрымаецца сёння ў свеце як сімвал мужнасці, годнасці, самабытнасці беларускага народа, як «пароль... чуласці і рашучасці... Беларусі» (Р. Барадулін).
Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень. Яна гаворыць чалавецтву, што цвіце Беларусь, думае Беларусь, мае дзяржаўны гонар.
Васіль Быкаў зрабіў вялікі ўклад у станаўленне беларускай прозы ХХ стагоддзя, асабліва жанру аповесці. У сучаснай крытыцы існуе вызначэнне «быкаўская аповесць». Гэта невялікі твор, у якім звычайна дзейнічаюць некалькі герояў ва ўмовах выбару перад тварам смерці: цаной здрады сумленню захаваць жыццё або загінуць непераможаным, верным сваім ідэалам і перакананням. У апошнія гады В. Быкаў звяртаўся да алегарычных жанраў: баек для дарослых, прыпавесцей.
Біяграфія народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай прэміі В. Быкава напачатку складвалася звычайна і тыпова.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года на поўначы Беларусі — у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Бацькі будучага пісьменніка былі сялянамі. Дзяцінства і юнацтва Васіля супалі з цяжкімі і драматычнымі гадамі нашай гісторыі — калектывізацыяй. Таму, успамінаў В. Быкаў, маленства выдалася цяжкім, скупым на радасці. Акрамя Васіля, у бацькоў было двое меншых дзяцей. Часта сям’я галадала.
Пісьменнік згадваў той час: «Несправядлівасці, цяжкасці, заўсёды заклапочаны бацька, слёзы маці». Памяць захавала, як у 1930-я гады з царквы суседняй вёскі Кублічы, дзе маленькага Васіля хрысцілі, актывісты-бязбожнікі сцягвалі крыжы, а пасля раскрадалі маёмасць. Дзеці рвалі старыя царкоўныя кнігі-фаліянты і з іх лістоў, напісаных па-стараславянску, рабілі і пускалі самалёцікі. Уражанні маленства стануць пазней мастацкімі эпізодамі ў творах аўтара.
Але былі з маленства і лепшыя ўспаміны. Гэта найперш прырода роднага краю: палі, лясы, азёры, якімі багата ўшацкая зямля... Асабліва ўражваў уяўленне хлапчука бераг возера Гародня, дзе раслі старыя дубы і нават яшчэ не сцерліся сляды паганскага капішча далёкіх продкаў. Магчыма, пад пошум хваль ды чаратоў хлопчык упершыню задумаўся над таямніцамі Сусвету, людскога жыцця і чалавечай душы.
Лёс В. Быкава склаўся так, што на Ушаччыне ён жыў не так доўга, але сваё творчае вымярэнне пісьменнік пачаў менавіта з родных мясцін: «Я мала пражыў на гэтай зямлі. Але дзе б я ні быў, са мной былі вобразы гэтага краю, гэта нейкая дарожка, ручаёк, дуб і, вядома, людзі. Заўсёды ў творчасці карыстаешся тым, што заклалі ў нас родныя мясціны, людзі».
У 1935 годзе хлопчык скончыў Бяляеўскую пачатковую школу, а затым працягваў вучобу ў Кубліцкай сярэдняй школе. У гэты час у яго жыццё прыйшлі кнігі, якія літаральна паланілі ўяўленне. «Чытаў без разбору ўсё, што трапляла пад рукі. Час без кніжкі здаваўся пустым і нецікавым», — пісаў В. Быкаў у аўтабіяграфіі. Яго любімымі пісьменнікамі ў маленстве і юнацтве былі Ж. Верн, Дж. Лондан, А. Гайдар, Максім Горкі, А. Талстой.
Гэта іх творы ўпрыгожылі і аздобілі ўражанні галоднага маленства і юнацтва, заахвоцілі да спробы ўласных творчых сіл, абудзілі ў вясковага хлопца імкненне ў свет фантазіі з суровай рэчаіснасці 1930-х гадоў. Крыху пазней В. Быкаў адкрыў для сябе класікаў беларускай літаратуры, палюбіў творы М. Лынькова, Якуба Коласа, Янкі Маўра.
Акрамя чытання, было ў юнака захапленне маляваннем. У Кубліцкай сярэдняй школе ён быў нязменным мастаком-афарміцелем насценнай газеты. Скончыўшы ў 1939 годзе восем класаў, В. Быкаў паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак хутка была адменена дзяржаўная стыпендыя, а вучыць сына за свой кошт бацькам было цяжка. Таму ў 1940 годзе юнак вярнуўся зноў у вёску. «Невясёлым было тое вяртанне, але з яго пачыналася сталасць», — напіша пазней В. Быкаў. У чэрвені 1941 года юнак здаў экстэрнам экзамены за дзясяты клас Кубліцкай школы.
Вялікая Айчынная вайна застала Васіля ва Украіне ў г. Шостка Сумскай вобласці, куды пасля заканчэння школы ён прыехаў паступаць у індустрыяльны інстытут. Так перадваенная нястача і вайна перапынілі шлях юнака да навукі. З першых дзён вайны 17-гадовы В. Быкаў мабілізаваны на абарончыя работы. Быў байцом інжынернага батальёна, будаваў умацаванні, розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Летам 1942 года яго прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў Саратаўскае пяхотнае вучылішча. Вучыўся ён толькі адзін год, але гэта быў, па словах пісьменніка, год звышчалавечага напружання: «Дзесяцігадзінныя заняткі, земляныя работы і начныя дзяжурствы на абаронных заводах, якія люта бамбілі немцы.
Нарэшце ўсё скончылася паспешлівым выпускам, пагонамі малодшага лейтэнанта і радаснай перспектывай фронту. Аднак на фронце ўсё аказалася куды болей цяжкім і складаным. У першым жа баі загінуў сябар, з якім я прыехаў з вучылішча, нямецкія танкі разграмілі наш полк. Да перамогі было далёка, ваяваць вучыліся трудна, часта на ўласных памылках і стратах... Быў два разы паранены, ляжаў у шпіталях, ваяваў у артылерыі і пяхоце, якую ніколі не перастану лічыць вялікай пакутніцай і гераіняй вайны адначасна.
Аднаго толькі ўласна перажытага хапіла б на многія кнігі...» Васіль Быкаў ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах, спазнаў трагедыі, пакуты, подзвігі і здрады. Гэта выявілася пазней у вырашэнні пісьменнікам праблемы чалавека і абставін на вайне ў яго прозе. «У гэтай вайне, — напіша пазней аўтар, — мы не толькі перамаглі фашызм і адстаялі будучыню чалавецтва. У ёй мы яшчэ ўсвядомілі сваю сілу і зразумелі, на што самі здольныя. Гісторыі і самім сабе мы далі вялікі ўрок чалавечай годнасці».
Зімой 1944 года, у час разгрому фашысцкіх войск пад украінскім горадам Кіраваградам, батальён, у якім ваяваў малодшы лейтэнант В. Быкаў, быў разбіты варожымі танкамі. З прастрэленай нагой хлопец трапіў у санроту. Фашысцкія танкі накінуліся на тылы. Параненым байцам, хоць крыху здольным рухацца, давялося ратавацца самім, адстрэльвацца і адыходзіць праз міннае поле, рызыкуючы падарвацца. Гэтыя падзеі апісаны ў аповесці «Мёртвым не баліць».
![]() |
Васіль Быкаў удзельнічаў у вызваленні Румыніі, Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі. Стаў старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Яго салдацкі шлях адзначаны цяжкімі кровапралітнымі баямі. I ўсё ж ваенны лёс збярог В. Быкава дзеля жыцця, творчасці, Бацькаўшчыны. Сусветна вядомы кіргізскі пісьменнік Чынгіз Айтматаў трапна напісаў: «Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця».
Ваенныя гады былі вырашальнымі ў грамадзянскім станаўленні асобы В. Быкава, фарміраванні светапоглядных, ідэйных і маральных перакананняў. Франтавы вопыт празаіка, яго асабістыя мужнасць, сумленнасць, стойкасць сталі падмуркам усяго мастацка-эстэтычнага свету яго твораў. В. Быкаў пісаў: «Жорсткая, бязлітасная памяць абавязвае нас, былых салдат, быць праўдзівымі і сумленнымі да канца свайго жыцця. Яна абавязвае нас расказваць сённяшняму пакаленню ўсю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнай ні была гэтая праўда. Гэта наш грамадзянскі і пісьменніцкі абавязак перад мёртвымі і жывымі».
У той час, калі пра вайну было прынята пісаць героіка-рамантычным і ўзнёслым тонам, майстар слова, кіруючыся «праўдай адзінай», паказаў у сваіх творах, што на вайне было ўсё: гераізм, трагізм, баязлівасць, подласць.
Пісьменнікам В. Быкаў стаў не адразу пасля вайны. У 1947 годзе ён быў дэмабілізаваны, жыў у Гродне. Тут знайшоў сабе працу ў мастацкай майстэрні, дзе спатрэбіліся яго здольнасці да малявання, веды і навыкі, набытыя за кароткі час вучобы ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Пазней В. Быкаў перайшоў працаваць у рэдакцыю абласной газеты «Гродзенская праўда», стаў журналістам. У гэтай газеце ў 1948—1949 гадах друкаваліся яго невялікія карэспандэнцыі, якія сведчылі пра паступовае далучэнне В. Быкава да творчай літаратурнай працы. У 1949 годзе ў «Гродзенскай праўдзе» на рускай мове былі надрукаваны яго першыя апавяданні — «У той дзень» і «У першым баі». Сам пісьменнік лічыў гэтыя творы толькі спробай пяра.
Васіля Быкава зноў прызвалі ў армію ў 1949 годзе, і да 1955 года яму давялося служыць у розных гарнізонах ва Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. У 1951 годзе ў час службы на Курыльскіх астравах ён напісаў яшчэ два апавяданні пра вайну — «Смерць чалавека» і «Абознік» — і паслаў іх на водгук М. Лынькову. Гэтыя напісаныя па-беларуску апавяданні былі надрукаваны праз некаторы час. З названых твораў В. Быкаў пачаў адлік сваіх творчых набыткаў.
У 1955 годзе ён зноў вярнуўся ў Гродна і займаўся журналістыкай. З 1956 па 1972 год працаваў літаратурным супрацоўнікам, літкансультантам газеты «Гродзенская праўда». У 1972 годзе быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР і выконваў гэтыя абавязкі да 1978 года.
З другой паловы 1950-х гадоў у друку сталі з’яўляцца нарысы, фельетоны, замалёўкі В. Быкава. Ён піша пра пасляваеннае жыццё. Героі многіх твораў — маладыя людзі, і пачынаючы аўтар даследаваў іх характары, узаемаадносіны, апісваў іх працу і побыт. Доўгі час В. Быкаў не быў упэўнены, што літаратура — яго жыццёвае прызванне. 1957—1959 гады — час творчага пошуку, калі былі напісаны сатырычныя мініяцюры (зборнік «Ход канём», 1960), прыгодніцкая аповесць «Апошні баец», шэраг навел маральна-этычнай праблематыкі і апавяданняў на ваенную тэму. Паступова аўтар ішоў да ўласнага адкрыцця жыцця і свету, да даследавання чалавечага характару і паводзін у розных абставінах.
Набыццю творчай індывідуальнасці, раскаванасці ў выяўленні аўтарскіх задум спрыяла грамадска-палітычная атмасфера другой паловы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў. У другой палове 1950-х гадоў адбыўся сапраўдны прыход у літаратуру Быкава-пісьменніка, «бязлітаснага рэаліста» і аналітыка. Трагічныя падзеі вайны, незабыўныя балючыя ўражанні перапаўнялі і трывожылі душу былога франтавіка. Выспявала задума расказаць пра трагічны лёс свайго пакалення, пра тое, што паражэнні і перамогі на вайне ў значнай меры абумоўлены мінулай перадваеннай гісторыяй, што часам страты і ахвяры былі марныя...
Васіль Быкаў пісаў: «Першыя дні вайны прымусілі многіх з нас шырэй раскрыць вочы ў здзіўленні. Ніколі раней не была такой відавочнай неадпаведнасць паміж тым, што ёсць, і што павінна быць... Аматар гучных і правільных фраз часам аказваўся баязліўцам. Недысцыплінаваны баец здзяйсняў подзвіг».
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны — складаная тэма і для сённяшніх гісторыкаў і пісьменнікаў. I ўсё ж менавіта да паказу гэтага перыяду вайны звярнуўся В. Быкаў у сваім першым значным творы — аповесці «Жураўліны крык» (1959). Апісаўшы бой на безыменным чыгуначным пераездзе, пісьменнік паказаў моц духу і патрыятызм зусім маладых людзей яго пакалення, якое ўзяло на сябе адказнасць за лёс Радзімы. Пачынаючы з гэтай аповесці, В. Быкаў заставаўся верным сваёй тэме, сваім героям, абаронцам жыцця, сумленнасці і чалавечай годнасці.
У аповесцях «Здрада» (1960), «Трэцяя ракета» (1961), «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Мёртвым не баліць» (1965) і многіх іншых В. Быкаў сцвярджаў моц і веліч чалавечага духу ў незвычайна складаных абставінах вайны. Многія старонкі прысвечаны выкрыццю філасофіі прыстасаванства на вайне. У аснове творчых задум В. Быкава ляжыць усведамленне неаплатнага доўгу перад «забітым пакаленнем», якое нарадзілася ў 1920-я гады, гадавалася ў час «вялікай будоўлі сацыялізму», першым сустрэла фашызм і заплаціла сваімі жыццямі за Вялікую Перамогу.
Аднак у застойныя гады крытыкі прыдзірліва, а часам і зусім адмоўна ставіліся да твораў пісьменніка пра вайну. Яго несправядліва абвінавачвалі ў скажэнні праўды, прыніжэнні гераічных савецкіх воінаў. Многія творчыя калектывы, саюзы, шматлікія чытачы абаранялі гонар і добрае імя пісьменніка. Праўдзіва адлюстроўваючы вайну, паводзіны, подзвігі і гібель сваіх герояў, В. Быкаў імкнуўся паказаць чытачу зло ва ўсёй яго агіднай, разбуральнай сіле, вучыў не мірыцца з ім. Ён пісаў: «Пра герояў і гераізм пісалі і заўсёды будуць пісаць...
Але ж у жыцці былі і здраднікі. Скажуць: а навошта разумець падонка? Каму гэта трэба? Не, трэба! Сто, тысяча чалавек, не раздумваючы, не хістаючыся, пайшлі на смерць за Радзіму, а тысяча першы забаяўся, а пасля здрадзіў. Чаму? Што яго прымусіла гэта зрабіць? Літаратура — чалавеказнаўства, яна павінна нам расшыфраваць псіхалагічна і маральна ўсе матывы яго дзеянняў, паставіць яго да ганебнага слупа перад усім народам...»
Раннія аповесці В. Быкава, напісаныя ў 1950—1960-я гады, выклікалі вялікую цікавасць і дыскусіі сярод чытачоў і крытыкаў. Уражвалі мужнасць і смеласць празаіка ў пастаноўцы праблем, выбары герояў твораў. Літаратуразнаўцы разважалі пра жанравыя разнавіднасці быкаўскай аповесці, давалі яго творам умоўныя назвы: «аповесць-апавяданне», «кароткая аповесць». І сам пісьменнік адзін са сваіх твораў — «Пастка» — назваў «маленькай аповесцю». Аднак «маленькая» — гэта не проста малая аб’ёмам і нескладаная сюжэтам аповесць.
З гэтым азначэннем звязана творчая адметнасць аўтара: сцісласць матэрыялу і ёмістасць, змястоўнасць яго сэнсу, ідэй, вобразаў, праблем. Большасць твораў, напісаных у гэты час, тэматычна звязана з падзеямі вайны. Іх крытыкі назвалі «франтавымі» («Жураўліны крык», «Дажыць да світання», «Яго батальён», «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Трэцяя ракета» і інш.).
На мяжы 1960—1970-х гадоў у творчасці В. Быкава яшчэ больш паглыбілася праўдзівасць паказу супярэчнасцей вайны. На першы план мастак вылучаў маральна-філасофскую праблематыку з пошукамі ісціны, справядлівасці. Гэта выявілася ў «партызанскім» цыкле твораў пісьменніка пра вайну. Ён так тлумачыў свой зварот да адлюстравання партызанскай барацьбы на акупаванай фашыстамі тэрыторыі: «Вывучэнне архіўных матэрыялаў, сустрэчы з былымі партызанамі літаральна ашаламілі мяне...
Адвечная тэма выбару ў партызанскай вайне і на акупаванай тэрыторыі стаіць больш востра, матываванасць чалавечых учынкаў больш складаная, чым у любой арміі». Апавяданне «Сваякі», аповесці «Круглянскі мост», «Пайсці і не вярнуцца», «Воўчая зграя», «У тумане», «Сотнікаў» і некаторыя іншыя творы з усёй відавочнасцю пацвярджаюць гэта.
Празаік адным з першых нашых сучаснікаў звярнуўся да мастацкага адлюстравання трагічных падзей беларускай гісторыі 1920—1930-х гадоў. Бязлітасным рэалістам, а па трапным вызначэнні У. Караткевіча, «рыцарам сумлення і свабоды» быў В. Быкаў, развейваючы няведанне, паўпраўду пра той час («У тумане», «Знак бяды», «Аблава», «Сцюжа», «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Палітрук Каламіец», «Жоўты пясочак» і інш.).
Акрамя аповесцей, якія складаюць аснову быкаўскай літаратурнай эпапеі гераізму і трагедый, празаіку належыць шэраг апавяданняў. Спрабаваў ён свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы, у прыватнасці «Апошні шанс», ставіліся ў Маскве, Мінску, Гродне.
З другой паловы 1970-х гадоў В. Быкаў жыў і працаваў пераважна ў Мінску, пазней — у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. Пісьменнік у апошні перыяд творчасці звяртаўся да розных тэм і жанраў: маральна-філасофскіх праблем жыцця беларусаў у паслячарнобыльскі час («Ваўчыная яма»), апошняга перыяду вайны з фашыстамі («Пакахай мяне, салдацік»), філасофска-алегарычнага асэнсавання будучыні (кніга прыпавесцей «Пахаджане»), асэнсавання ўласнага жыцця і ўсяго перажытага. Аўтабіяграфічная кніга «Доўгая дарога дадому» (2002) стала апошняй.
У 1980 годзе В. Быкаву было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Яго творам прысуджаліся Дзяржаўная прэмія СССР (за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання», 1974), Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён», 1978), Ленінская прэмія (за аповесць «Знак бяды», 1986) і інш. У 1984 годзе В. Быкаву прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, прымаў актыўны ўдзел у літаратурным і грамадскім жыцці краіны. Па аповесцях «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Воўчая зграя», «Абеліск», «Сотнікаў», «Знак бяды» і некаторых іншых творах зняты кінафільмы. Творы В. Быкава перакладзены больш як на дзвесце моў народаў свету. У 1996 годзе ён быў намініраваны на Нобелеўскую прэмію.
Памёр таленавіты пісьменнік 22 чэрвеня 2003 года.
|
Ёміста і дакладна пра значэнне твораў В. Быкава ў нашым жыцці, назваўшы яго «апосталам нацыі», напісаў Р. Барадулін:
«Нашча трэба чытаць Васіля Быкава. Нашча трэба думаць пра Васіля Быкава. Нашча трэба хінуцца душой да святла слова ягонага. Чытаць нашча, каб прычасціцца да бязлітаснай праўды, няўтульнай і мулкай, цвярозай і незалежнай, нішчымнай і раздзетай... каб ачысціцца ад похапкавасці і мітусні, ад ліслівай хлусні і марнай мітрэнгі, ад нікчэмнага гневу і самазжэрнай зайздрасці... каб святло слова існага прагнала смагу і дух, грунтавала смуткам Быкава, верай Быкава, нясхібнасцю Быкава».
Пытаннi
1. Як уплывалі ўражанні маленства, юнацтва і кнігі на станаўленне светапогляду будучага пісьменніка? | |
2. Раскажыце пра шлях Быкава-салдата. Як ваенныя ўражанні адлюстраваліся ў яго творчасці? | |
![]() |
3. Падрыхтуйце вуснае разважанне на тэму «Чаму “васільком у жыце Беларушчыны назаўсёды застанецца Быкаў” (Р. Барадулін)?». |
![]() |
4. Падрыхтуйце прэзентацыю «Васіль Быкаў — класік беларускай літаратуры», карыстаючыся матэрыялам, размешчаным на электронным адукацыйным рэсурсе «Беларуская літаратура. XI клас» |