Печатать книгуПечатать книгу

Iван Шамякін

1. Успомніце вывучаныя ў папярэдніх класах і самастойна прачытаныя творы І. Шамякіна, прагледжаныя кінафільмы па яго творах, падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад іх.

2. Пра што расказваецца ў аповесці І. Шамякіна «Непаўторная вясна»? Якія маральна-этычныя праблемы ўзняў аўтару творы? У чым выяўляецца лірызм аповесці?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: Iван Шамякін
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 29 Март 2024, 13:06

Біяграфія

Перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам. Проста чалавекам. Праўдзівым, шчырым...

І. Шамякін.

Iван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, адзін з класікаў айчыннай літаратуры, творы якога перакладаліся больш чым на 30 моў свету. Усе самыя важныя падзеі, што адбываліся ў савецкай краіне на працягу амаль шасці дзесяцігоддзяў, знайшлі адлюстраванне ў яго аповесцях і раманах.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма´ Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У аўтабіяграфіі творца зазначаў: «Запісваў святы айцец на чацвёртым годзе рэвалюцыі па старому ці па новаму стылю — невядома. Маці мая не помніць дату майго нараджэння, як не помніць яна дат нараджэння і ўсіх другіх дзяцей...». Яго бацька, Пётр Мінавіч, страціўшы надзею разжыцца на ўласнай зямлі, з 1925 года пачаў працаваць лесніком у Цярэшкавічах пад Нова-Беліцай. Па сведчанні Івана Пятровіча, у памяці на ўсё жыццё засталіся гэтыя прыгожыя мясціны, дубы на беразе Сожа і першы раз убачаны параход. У 1927 годзе сям’я пераехала на новае месца бацькавай працы — у леснічоўку пад Пясочнай Будай Церахоўскага раёна.

Цікавыя факты пра бацькоў пісьменніка можна знайсці ў кнізе «Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць», укладальнікам якой з’яўляецца дачка пісьменніка, вядомы літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна. Прывядзём некаторыя з іх: 

«Бацька Івана Шамякіна — Пятро Мінавіч Шамякін (1899—1966) — нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці). Сын батрака. Скончыў два класы царкоўна-прыходскай школы ў Карме. <…> Чалавек быў горды, непадкупны, бездакорна нёс службу лесніка. <…> 

У час Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам… <…> 

Любіў чытаць, ведаў на памяць «Біблію» Кандрата Крапівы і шмат якія мясціны з «Новай зямлі» Якуба Коласа. <…> 

Нават у старасці адрозніваўся надзвычайнай цікавасцю да розных праяў жыцця і вялікай рухавасцю.

Маці Івана Шамякіна — Сынклеція Сцяпанаўна Калініна (1897—1970). Паходзіла з багатай сялянскай сям’і. Бацька яе да 1917 года шмат гадоў быў старастам вялікага сяла (700 двароў). Маці будучага пісьменніка нарадзілася ў Карме Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці). 

Была непісьменная. Умела толькі распісацца і чытала па складах. <…>

Маці Шамякіна — нястомная працаўніца. Усё ўмела рабіць: араць, сеяць, касіць. Не Пятро Мінавіч, які нёс службу лесніка і не меў часу працаваць на зямлі, а менавіта яна выконвала ўсю сялянскую работу.

У 1920—1930-я гады сям’я жыла бедна. Прычым калі Пятро Мінавіч быў ашчадны, дык Сынклеція Сцяпанаўна — выключна шчодрая, вызначалася і выключнай дабрынёй, усе яе любілі. <…> 

Рысы характару сваёй маці Іван Шамякін увасобіў у эпізадычных гераінях ужо першай аповесці «Помста» і ў раннім апавяданні «Наташа». Ва ўсёй жа цэласнасці сваёй натуры маці пісьменніка паўстае ў рамане «У добры час» (1954). <…>

У рамане «Крыніцы» (1956) таксама прысутнічае вобраз маці братоў Касцянкоў. Тут, выбіраючы імя для гераіні, пісьменнік ушанаваў матулю сваёй жонкі Уліту Парфёнаўну (у рамане Уліта Антонаўна), але рысы характару зноў-такі браў ад сваёй маці».

 Пачатковую школу будучы пісьменнік скончыў у вёсцы Краўцоўка. З-за частых пераездаў бацькі-лесніка І. Шамякіну давялося часта мяняць школы. У пятым і шостым класах ён вучыўся ў Кармянскай школе, скончыў Макаўскую сямігодку. 

З цеплынёй успамінаў пісьменнік настаўніцу роднай мовы і літаратуры Яўгенію Кузьмінічну Анціпаву: «Яна неяк асабліва змагла прывіць любоў да роднага слова, такую моцную, што пранёс я яе і праз тэхнікум, дзе мову не вывучалі, і праз вайну, дзе заўсёды гаварыў па-руску».

Пасля заканчэння сямігодкі І. Шамякін паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. З якіх меркаванняў і чаму выбраў гэту навучальную ўстанову, не мог патлумачыць нават у сталым узросце. У студэнцкія гады ён пачаў пісаць спачатку вершы, а затым і празаічныя творы. Хутка стаў членам літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце «Гомельская праўда». Там пазнаёміўся з беларускімі паэтамі: Л. Гаўрылавым, які пазней загінуў на вайне, К. Кірэенкам і Д. Кавалёвым, вядомым рускім паэтам і перакладчыкам з беларускай мовы.

Пасля заканчэння тэхнікума ў 1940 годзе І. Шамякін быў накіраваны ў горад Беласток, дзе працаваў тэхнікам прамкамбіната, але хутка быў прызваны ў армію. Ён служыў у зенітна-артылерыйскай часці ў Мурманску. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, зенітчыкі абаранялі Мурманск, Кандалакшу, Петразаводск ад варожых самалётаў. Іван Шамякін спачатку быў камандзірам гарматы, пасля — камсоргам дывізіёна.

Ён па-ранейшаму пісаў вершы і апавяданні. У апошні год вайны вайсковую часць, у якой служыў пісьменнік, перакінулі ў Польшчу, пасля — у Германію. У гэты час І. Шамякін напісаў апавяданне «У снежнай пустыні» (1944), аповесць «Помста» (1945) — творы пра чалавечую годнасць, выпрабаваную вайной. Вялікую Перамогу пісьменнік сустрэў на Одэры, але служыў яшчэ да восені.

Пачаткам сур’ёзнай літаратурнай дзейнасці І. Шамякіна лічыцца 1945 год. У часопісе «Полымя» была надрукавана яго аповесць «Помста». Пасля дэмабілізацыі пісьменнік вярнуўся на Гомельшчыну, дзе жылі жонка з дачкой. Стаў працаваць настаўнікам, займаўся аднаўленнем разбуранай гаспадаркі, збіраў матэрыял для рамана «Глыбокая плынь». 

Іван Шамякін паступіў вучыцца на завочнае аддзяленне Гомельскага педінстытута. У гэты перыяд яму працавалася плённа. Ён напісаў раманы «Глыбокая плынь» (1949) — пра партызанскі рух у Беларусі, «У добры час» (1953) — пра пасляваеннае аднаўленне. Мастак слова быў запрошаны на першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў БССР. У 1948 годзе І. Шамякін паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў у Мінск.

Доўгія гады займаў адказныя пасады ў апараце Саюза пісьменнікаў БССР, у тым ліку пасаду першага намесніка старшыні і першага сакратара праўлення. Яму пашчасціла сустракацца з Якубам Коласам і М. Лыньковым, працаваць з П. Броўкам і Максімам Танкам, сябраваць з І. Мележам і А. Макаёнкам. 

У 1980-я гады І. Шамякін стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі». Ён таксама займаў шэраг дзяржаўных пасад: выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, даволі працяглы час быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У 1972 годзе І. Шамякіну было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць ён быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, Дзяржаўнай і Літаратурнай прэміямі імя Якуба Коласа. Прызнаннем яго заслуг стала абранне акадэмікам Акадэміі навук Беларусі ў 1994 годзе.

Галоўнай справай жыцця І. Шамякіна заўсёды была творчая праца. Надзвычай плённай яна аказалася ў другой палове 1950-х — 1970-я гады, калі былі напісаны раман «Крыніцы» (1956) і пенталогія «Трывожнае шчасце», якую склалі аповесці «Непаўторная вясна » (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег» (1959), «Пошукі сустрэчы» (1959), «Мост» (1965).

Дзве тэмы — вайна і сучаснасць — былі цэнтральнымі ў творчасці Івана Пятровіча, часта яны спалучаліся ў адным творы. Так адбываецца ў раманах «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Вазьму твой боль» (1979) і інш.

У апошні перыяд творчасці (1985—2004) І. Шамякін шмат пісаў. Гэта раманы «Зеніт» (1987), «Злая зорка» (1991), «Вялікая княгіня » (1996), 19 аповесцей, апавяданні, дзённікавыя запісы... Яны склалі кнігі «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998), «Роздум на апошнім перагоне» (1998), «Пошукі прытулку» (2001) і «Промні маленства» (2002).

Постсавецкая рэчаіснасць узбагаціла творчасць І. Шамякіна новымі тэмамі, праблемамі, вобразамі. Былі напісаны творы сацыяльнай тэматыкі: аповесці «Падзенне», «Сатанінскі тур», «Без пакаяння», «Крывінка» і інш. У аповесцях «Вернісаж », «Адна на падмостках» паказаны драматычны лёс інтэлігенцыі ў новы час. «Цяпер я адгукаюся на ўсё тое, што з намі адбываецца, я не магу прайсці міма. Калі пісьменніку жывецца дрэнна — ці ад яго можна чакаць светлых і станоўчых вобразаў? Адбываецца падзенне нораваў у грамадстве.

Мае творы — гэта мая трывога, мой боль, мой звон: “Людзі, апомніцеся!” », — тлумачыў пісьменнік сваю мастакоўскую пазіцыю ў адным з інтэрв’ю. Застаючыся летапісцам сучаснасці, І. Шамякін не мог застацца абыякавым да чарнобыльскай катастрофы. Яго родная Гомельшчына якраз і аказалася ў эпіцэнтры бяды. Ён першым у беларускай літаратуры напісаў твор буйной жанравай формы чарнобыльскай тэматыкі — раман «Злая зорка» (1991), а пазней — аповесць «Зона павышанай радыяцыі » (1997). Чарнобыльская тэма ў гэтых творах перакрыжоўваецца з тэмай вайны ў Афганістане.

Прататып (ад грэч. protos — ‘першы’; typos — ‘арыгінал’), або правобраз, — рэальная асоба, рысы характару, жыццё або нейкія ўчынкі якой паслужылі пісьменніку асновай для створанага ім лiратурнага вобраза.

Надзвычай балюча перажываў І. Шамякін смерць жонкі, з якой пражыў пяцьдзясят восем гадоў. Мужная і адданая жанчына нават у час невылечнай хваробы перадрукоўвала творы мужа-пісьменніка. Гэтыя перажыванні нарадзілі адзін з лепшых твораў апошняга перыяду — аповесць «Слаўся, Марыя!» (1998). Марыя Філатаўна была прататыпам многіх жаночых вобразаў у шамякінскіх раманах і аповесцях (Саша Траянава з пенталогіі «Трывожнае шчасце», Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша, з рамана «Сэрца на далоні» і інш.).

Вынікам творчай эвалюцыі пісьменніка стаў гістарычны раман «Вялікая княгіня» (1997), які быў неадназначна ўспрыняты крытыкамі. Але, нягледзячы на гэта, у ім знайшлі адлюстраванне хрысціянскія матывы, што значна ўзбагаціла філасофскі змест твора, раскрыла новыя грані Шамякіна — творцы і чалавека. Мастак слова сцвярджаў прыярытэт духоўных каштоўнасцей у няўстойлівай постсавецкай прасторы.

У параўнанні з іншымі пісьменнікамі І. Шамякін пакінуў шмат дзённікавых запісаў. Дзённікі 1980—1995 гадоў апублікаваны пад назвай «Роздум на апошнім перагоне». «Начныя ўспаміны» — гэта запісы апошніх гадоў жыцця пісьменніка. Яны друкаваліся ў «Полымі » за 2003 год, а ў наступным годзе І. Шамякіна не стала. Дарэчы, гэтым годам датуецца і апошняе яго апавяданне «Ваня-матэматык», што сведчыць пра творчую і грамадзянскую актыўнасць І. Шамякіна да канца жыцця, заклапочанасць народнага пісьменніка лёсам Беларусі.

Экранізацыя твораў пісьменніка

Першым з твораў І. Шамякіна быў экранізаваны раман «Крыніцы», напісаны ў 1956 годзе. Аднайменны фільм па ім пастаўлены на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Іосіфам Шульманам у 1964 годзе. У тым жа годзе на Беларускім тэлебачанні па матывах рамана «Сэрца на далоні» рэжысёрам Віктарам Карпілавым зняты аднайменны фільм. У 1973 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Вячаславам Нікіфаравым створаны гістарычны фільм «Хлеб пахнет порохом» па аповесці «Эшалон у Германію». Ваенны фільм «Гандлярка і паэт» пастаўлены на кінастудыі «Масфільм» у 1978 годзе рэжысёрам Самсонам Самсонавым.

У 1980 годзе экранізаваны тры творы І. Шамякіна: раманы «Атланты і карыятыды» (Беларускае тэлебачанне, рэжысёр Аляксандр Гутковіч), «Вазьму твой боль» («Беларусьфільм», рэжысёр Міхаіл Пташук), аповесць «Шлюбная ноч» («Беларусьфільм», рэжысёр Аляксандр Карпаў). У 1994 годзе на той жа кінастудыі рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым зняты фільм «Эпілог» па матывах аповесцей «Paradіеs auf Erden» («Зямны рай») і «Вернісаж», напісаных І. Шамякіным у 1992 годзе. Мастацкі фільм «Глыбокая плынь» па матывах раманаў «Снежныя зімы» і «Глыбокая плынь» створаны на «Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”» рэжысёрамі Маргарытай Касымавай і Іванам Паўлавым.

Пытаннi

1. Узгадайце пяць асноўных фактаў біяграфіі І. Шамякіна. Якія з іх знайшлі ўвасабленне ў мастацкіх творах аўтара? 
2. Прачытайце дадатковы матэрыял пра пісьменніка і выканайце тэст.
Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: Описание: C:\Users\Sisadmin\Desktop\ПР.PNG 2-1. Якія жыццёвыя абставіны паўплывалі на перакананне пісьменніка: «Не верце, калі хто скажа, што хоць адна дарога ў жыцці лёгкая»? Абгрунтуйце сваё меркаванне і выкажыце адносіны да аўтарскай пазіцыі.
3. Ахарактарызуйце адзін з мастацкіх твораў І. Шамякіна, які вы раней чыталі. Вызначце яго асноўныя элементы (гл. Схему аналізу мастацкага твора на форзацы).
4. Стварыце прэзентацыю, прысвечаную жыццю і творчасці І. Шамякіна, або кластар «Тэматычная разнастайнасць творчасці І. Шамякіна».
5. Паразважайце над выказваннямі: «Іван Шамякін арганічна звязаны з жыццём народа, з яго інтарэсамі і запатрабаваннямі» (Міхась Лынькоў); «Кожны раман ці аповесць Івана Шамякіна — гэта новае, свежае слова аб нашай рэчаіснасці, аб нашых праблемах, аб нашых людзях, гэта раскрыццё маральных глыбінь чалавечых душ, гэта і яго споведзь аб сваіх ідэалах, сваіх надзеях, сваіх радасцях і сваіх болях» (Андрэй Макаёнак).
6. Паразважайце, чаму многія творы І. Шамякіна былі экранізаваны.