Print this chapterPrint this chapter

§ 10. Клетачная тэорыя. Агульны план будовы клеткі

Агульны план будовы клетак. Усе клеткі маюць адзіны прынцып арганізацыі. Змесціва кожнай з іх аддзелена ад пазаклетачнага асяроддзя цытаплазматычнай мембранай (плазмалемай), а ўнутры знаходзіцца цытаплазма з рознымі арганоідамі і генетычны матэрыял у выглядзе ДНК. Аднак у сувязі з асаблівасцямі будовы клетак усе клетачныя формы жыцця падзяляюцца на дзве групы — пракарыёты, ці даядзерныяі эўкарыёты, ці ядзерныя.

Як вы ведаеце, да пракарыётаў належаць бактэрыі, а да эўкарыётаў — пратысты, грыбы, расліны і жывёлы. Клеткі пракарыёт пабудаваны параўнальна проста. Такія клеткі не маюць ядра, іх генетычны матэрыял (ДНК) знаходзіцца непасрэдна ў цытаплазме. У эўкарыятычных клетках ёсць ядро, аддзеленае ад цытаплазмы двайной мембранай. Менавіта ў ім змяшчаюцца малекулы ДНК.

Асноўнымі структурнымі кампанентамі клетак з’яўляюцца паверхневы апарат, цытаплазма, а ў эўкарыёт таксама ядро (мал. 10.3, 10.4).

Паверхневы апарат клеткі з’яўляецца бар’ерам, які аддзяляе яе змесціва ад пазаклетачнага асяроддзя. Ён забяспечвае абмен рэчываў, узаемадзеянне клеткі са знешнім асяроддзем і суседнімі клеткамі. Паверхневы апарат складаецца з цытаплазматычнай мембраны і надмембраннага комплексу.

Цытаплазматычная мембрана — асноўная частка паверхневага апарата, характэрная для ўсіх клетак. Надмембранны комплекс клетак бактэрый, грыбоў, раслін і многіх водарасцей прадстаўлены трывалай клетачнай сценкай. Яна забяспечвае ахову ад знешніх уздзеянняў, надае клетцы пэўную форму. Надмембранным комплексам клетак жывёл з’яўляецца глікакалікс — тонкі слой, які складаецца з малекул вугляводаў, звязаных з бялкамі і ліпідамі цытаплазматычнай мембраны.

Цытаплазма — гэта ўсё ўнутранае змесціва клеткі, за выключэннем ядра, абмежаванае цытаплазматычнай мембранай. Цытаплазма складаецца з вадкай часткі — гіялаплазмы і размешчаных у ёй цыташкілета і арганоідаў. Гіялаплазма ўяўляе сабой раствор, які змяшчае розныя арганічныя і не­арганічныя рэчывы. Яна аб’ядноўвае ўсе клетачныя структуры і забяспечвае іх узаемадзеянне.

Цыташкілет эўкарыёт з’яўляецца механічным каркасам цытаплазмы, які забяспечвае падтрыманне і змяненне формы клетак, унутрыклетачныя рухі і г. д. Доўгі час лічылася, што цыташкілетам валодаюць толькі эўкарыятычныя клеткі, аднак на сённяшні дзень вызначана, што ён ёсць і ў пракарыятычных.

Арганоіды (арганэлы) — пастаянныя спецыялізаваныя структуры цытаплазмы, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі, жыццёва неабходныя для клеткі. У залежнасці ад будовы вылучаюць немембранныя, аднамембранныя і двухмембранныя арганоіды. Мембранныя арганоіды характэрны толькі для клетак эўкарыёт.

Немембраннымі арганоідамі з’яўляюцца рыбасомы, клетачны цэнтр, міяфібрылы,  *жгуцікі і раснічкі*. Да аднамембранных арганоідаў належаць эндаплазматычная сетка, комплекс Гольджы, лізасомы, вакуолі, да двухмембранных — мітахондрыі і пластыды.

Ядро — найважнейшая структура эўкарыятычнай клеткі, яе інфармацыйны цэнтр. У ядры змяшчаюцца малекулы ДНК, якія забяспечваюць захоўванне і рэалізацыю спадчыннай інфармацыі, а таксама яе перадачу даччыным клеткам пры дзяленні.

*Неабавязковымі кампанентамі клеткі з'яўляюцца ўключэнні. Яны могуць паяўляцца і знікаць у залежнасці ад знешніх умоў і характару абмену рэчываў. Уключэнні могуць знаходзіцца непасрэдна ў гіялаплазме ці ўнутры арганоідаў, напрыклад вакуоляў. Вылучаюць некалькі тыпаў уключэнняў. Трафічныя ўключэнні ўяўляюць сабой запасныя пажыўныя рэчывы — кроплі ліпідаў, крухмальныя зерні, гранулы глікагену і г. д. Сакраторнымі ўключэннямі называюць біялагічна актыўныя рэчывы, якія сінтэзуюцца клеткай і падлягаюць вывядзенню з яе (гармоны, некаторыя ферменты, слізь і інш.). Пігментныя ўключэнні надаюць клеткам пэўную афарбоўку, як, напрыклад, гранулы меланіну. Да экскрэторных уключэнняў залічваюць такія канчатковыя прадукты клетачнага метабалізму, як крышталі мачавой кіслаты, аксалату кальцыю і г. д.*