§ 29. Спецыфічная імунная ахова ўнутранага асяроддзя арганізма. Гумаральны імунны адказ
Спецыфічную ахову арганізма — імунны адказ — ажыццяўляюць макрафагі, Т-лімфацыты і В-лімфацыты. У выніку іх паслядоўнага ўзаемадзеяння на працягу некалькіх дзён у арганізме ў шмат разоў павялічваецца колькасць Т- і В-лімфацытаў, неабходных для барацьбы з пэўным чужародным агентам. В-лімфацыты выпрацоўваюць антыцелы (імунаглабуліны). Малекулярная структура антыцел забяспечвае высокадакладнае звязванне з антыгенам. Вынікамі такога звязвання з'яўляюцца абмежаванне распаўсюджвання антыгену па арганізме, павышэнне эфектыўнасці фагацытозу і ў канчатковым выніку хутчэйшае знішчэнне чужароднага агента. Такі імунны адказ называецца гумаральным.