Print this chapterPrint this chapter

§ 42. Трансгенныя арганізмы — будучае сучаснай біятэхналогіі. Трансгенныя бактэрыі і грыбы. Трансгенныя расліны

*Як вы ўжо ведаеце з папярэдняга параграфа, генетычная інжынерыя дае магчымасць камбінаваць у лабараторных умовах фрагменты ДНК рознага паходжання. Гэта прывяло да пераходу селекцыйнай работы на прынцыпова новы ўзровень. Да ўзнікнення тэхналогіі стварэння рэкамбінантных ДНК селекцыянеры маглі выкарыстоўваць для стварэння новых парод, сартоў і штамаў гены толькі тых відаў арганізмаў, з якімі ажыццяўляецца селекцыя. Зараз жа, дзякуючы дасягненням генетычнай інжынерыі, селекцыянерам даецца магчымасць ствараць арганізмы з прыметамі, якія першапачаткова адсутнічаюць у прадстаўнікоў дадзенага віду.*

Арганізмы, геном якіх быў зменены з дапамогай метадаў генетычнай інжынерыі і змяшчае хаця б адзін актыўна функцыянуючы ген іншага арганізма, называюць трансгеннымі (генетычна мадыфікаванымі, ці ГМА).

Прымяненне трансгенных бактэрый і грыбоў. З развіццём генетычнай інжынерыі менавіта бактэрыі сталі першымі аб'ектамі для ўкаранення ў іх клеткі не ўласцівай ім першапачаткова генетычнай інфармацыі.

З выкарыстаннем такога метаду атрымліваюць бактэрыі, якія сінтэзуюць белкі чалавека (мал. 42.1).

Адным з першых паспяхова рэалізаваных праектаў, якія даказалі карыснасць такога біятэхналагічнага напрамку, было атрыманне бактэрый, што выпрацоўваюць інсулін чалавека.

Бялок інсулін неабходны для аказання дапамогі людзям, якія хварэюць на цукровы дыябет. Да ўзнікнення генетычнай інжынерыі для гэтага выкарыстоўвалі інсулін кароў ці свіней. Аднак пры ўвядзенні ва ўнутранае асяроддзе чалавека бялкоў іншага віду на іх развіваецца імунны адказ (успомніце раздзел 5). Таму эфектыўнасць дзеяння такога інсуліну падае і даводзіцца павялічваць дозы ўвядзення, што выклікае непажаданыя пабочныя эфекты. Замена інсуліну жывёл на атрыманы генна-інжынерным шляхам інсулін чалавека дазволіла знізіць узровень імунных адказаў. У цяперашні час больш за 70 % дыябетыкаў свету атрымліваюць ін’екцыі інсуліну чалавека, які вырабляецца на аснове штамаў бактэрый і дражджэй, атрыманых метадамі генетычнай інжынерыі. *Гэта істотна падаўжае жыццё людзей, якія пакутуюць ад пэўных форм дыябету.*

*У цяпершні час у свеце ажыццяўляецца вытворчасць больш за сотню бялковых прэпаратаў медыцынскага і ветэрынарнага прызначэння з выкарыстаннем трансгенных бактэрый і дражджэй.*