Печатать книгуПечатать книгу

§ 39. Спадчынныя хваробы чалавека

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас
Книга: § 39. Спадчынныя хваробы чалавека
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:13

У цяперашні час вядома некалькі тысяч спадчынных хвароб чалавека. Іх выяўленнем, вывучэннем, распрацоўкай метадаў прафілактыкі і лячэння займаецца медыцынская генетыка.

Генныя хваробы — шырокая група захворванняў, абумоўленых ген­нымі мутацыямі, г. зн. пашкоджаннем ДНК на ўзроўні асобных генаў. Такія мутацыі прыводзяць да змянення структуры і функцый адпаведных бялкоў, што і ляжыць у аснове фенатыпічнага праяўлення генных хвароб. У большасці выпадкаў генныя захворванні кантралююцца адной парай алельных генаў і наследуюцца паводле законаў Г. Мендэля. Агульная частата іх праяўлення ў чалавечых папуляцыях складае 2—4 %.

Генныя хваробы часцей за ўсё звязаны з парушэннем абмену пэўных рэчываў — амінакіслот, вугляводаў, ліпідаў і г. д. Акрамя таго, генныя мутацыі могуць быць прычынай няправільнага развіцця і функцыянавання тых ці іншых тканак і органаў. Так, дэфектнымі генамі абумоўлены спадчынная глухата, атрафія зрокавага нерва, шасціпаласць, караткапаласць і шмат якія іншыя паталагічныя прыметы.

Адным з самых распаўсюджаных і найбольш вывучаных генных за­хворванняў з’яўляецца фенілкетанурыя (ФКУ). Хвароба наследуецца па аўтасомна-рэцэсіўным тыпе і сустракаецца ў сярэднім у аднаго з 8000 нованароджаных (даныя пра частату сустракаемасці тут і далей прыведзены не для запамінання). ФКУ абумоўлена дэфектам гена, які кадзіруе фермент, што ператварае амінакіслату фенілаланін у другую амінакіслату — тыразін. Дзеці з фенілкетанурыяй нараджаюцца знешне здаровымі, аднак дадзены фермент у іх неактыўны. Таму фенілаланін назапашваецца ў арганізме і ператвараецца ў шэраг таксічных рэчываў, якія пашкоджваюць нервовую сістэму дзіцяці. У выніку гэтага развіваюцца парушэнні мышачнага тонусу і рэфлексаў, сутаргі, пазней далучаецца адставанне ў разумовым развіцці.

Своечасовая пастаноўка дыягназу (на самых ранніх этапах жыцця) і перавод дзіцяці на спецыяльную дыету з нізкім утрыманнем фенілаланіну дазваляюць прадухіліць развіццё хваробы. Строгая дыета не абавязковая на працягу ўсяго жыцця, паколькі нервовая сістэма дарослага чалавека больш устойлівая да таксічных прадуктаў абмену фенілаланіну.

*Яшчэ адным прыкладам геннага захворвання, звязанага з парушэннем амінакіслотнага абмену, можа служыць альбінізм. Часцей за ўсё прычынай гэтай хваробы з'яўляецца зніжэнне ці поўная адсутнасць актыўнасці ферменту тыразіназы, якая ў норме каталізуе ператварэнне тыразіну ў пігмент меланін. Парушэнне сінтэзу меланіну ў альбіносаў з'яўляецца прычынай малочна-белага колеру скуры і валасоў, вельмі светлай афарбоўкі радужкі вачэй (мал. 39.1). У хворых зніжана вастрыня зроку, выяўлена святлабоязь. Іх скура, пазбаўленая меланіну, не ахавана ад уплыву ультрафіялетавага выпраменьвання. Таму ў альбіносаў часта назіраюцца запаленчыя захворванні скуры, павышана імавернасць злаякаснага перараджэння яе клетак.

Для альбінізму характэрны аўтасомна-рэцэсіўны тып наседавання. У папуляцыях чалавека гэта захворванне выяўляецца з рознай частатой, звычайна ад аднаго выпадку на 5000 нованароджаных да 1 : 25 000. Лячэнне не распрацавана, хворым рэкамендуецца выкарыстоўваць розныя сродкі аховы скуры і вачэй ад ультрафіялетавых праменяў.*

*Генным захворваннем, якое сустракаецца ў чалавечых папуляцыях з параўнальна высокай частатой (каля 1 : 5000), з'яўляецца сіндром Марфана. Гэта аўтасомна-дамінантная хвароба, якая выклікана мутацыяй гена, што кадзіруе адзін з бялкоў злучальнай тканкі. Хворых адрозніваюць высокі рост, непрапарцыянальна выцягнутыя канечнасці, доўгія «павуковыя» пальцы (мал. 39.2). Для людзей з сіндромам Марфана таксама характэрная плоскаступнёвасць, дэфармаваная грудная клетка, дэфекты крышталіка вачэй, розныя парушэнні работы сардэчна-сасудзістай сістэмы і іншыя анамаліі. Хворым неабходна штогод праходзіць пашыранае медыцынскае абследаванне. Лячэнне гэтага захворвання галоўным чынам сімптаматычнае, г. зн. яно накіравана на палягчэнне тых ці іншых праяўленняў хваробы. Без лячэння працягласць жыцця людзей, якія пакутуюць ад сіндрома Марфана, звычайна складае 30—40 гадоў. У краінах з развітай аховай здароўя большасць хворых дажывае да сталага ўзросту.

Цікава тое, што многія людзі з сіндромам Марфана валодаюць высокім узроўнем інтэлекту (сярэдні паказчык IQ у іх вышэйшы, чым у агульным у папуляцыі). Гэтай хваробай пакутавалі, напрыклад, прэзідэнт ЗША А. Лінкальн, знакаміты скрыпач М. Паганіні і, хутчэй за ўсё, такія вядомыя пісьменнікі, як Г. Х. Андэрсан і К. Чукоўскі.*

Некаторыя спадчынныя хваробы абумоўлены мутацыямі генаў, размешчаных у палавых храмасомах. Як вы ўжо ведаеце, да гэтай групы захворванняў належыць гемафілія — спадчыннае парушэнне згусання  крыві. Гэта рэцэсіўнае счэпленае з Х-храмасомай захворванне звязана са зніжэннем ці парушэннем сінтэзу пэўнага фактару згусання крыві. Пры цяжкай форме гемафіліі крывацёкі, небяспечныя для жыцця хворага, могуць быць выкліканы нават нязначнай на першы погляд траўмай. Лячэнне хворых на гемафілю заснавана на ўвядзенні фактару згусання, якога не хапае ў арганізме.

Храмасомныя хваробы абумоўлены храмасомнымі і геномнымі мутацыямі, г. зн. звязаны са змяненнем структуры ці колькасці храмасом. Сярод іх можна вылучыць структурныя парушэнні храмасом, трысаміі па аўтасомах і лікавыя анамаліі палавых храмасом.

Прыкладам захворвання, выкліканага парушэннем структуры храмасом, можа быць сіндром «кацінага крыку», абумоўлены дэлецыяй фрагмента 5-й храмасомы. Характэрнай прыметай гэтай цяжкай хваробы з’яўляецца спецыфічны плач дзіцяці, звязаны з анамаліямі развіцця гартані, які нагадвае мяўканне кошкі. Дзеці з сіндромам «кацінага крыку» нараджаюцца з нізкай масай цела і недаразвіццём галаўнога мозгу. Яны адстаюць ад здаровых аднагодкаў у фізічным і разумовым развіцці. Толькі малая частка хворых (каля 14 %) дажывае да ўзросту
10 гадоў.

Прычынай такой шырока вядомай і распаўсюджанай храмасомнай хваробы чалавека, як сіндром Даўна, з’яўляецца трысамія па 21-й храмасоме. Частата захворвання ў сярэднім складае адзін выпадак на 700 нованароджаных. Для людзей з сіндромам Даўна характэрны разу­мовая адсталасць, нізкі рост, прыплюснуты твар, мангалоідны разрэз вачэй, дэфармаваныя вушныя ракавіны (мал. 39.3). Часта назіраюцца касавокасць, парокі сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання і інш.

Вядомыя таксама захворванні, абумоўленыя трысаміяй па 13-й і 18-й храмасомах. Дзеці з такімі анамаліямі звычайна паміраюць у раннім узросце ў сувязі з множнымі парокамі развіцця.

*Пры трысаміі па 13-й храмасоме ўзнікае сіндром Патау. Гэта цяжкае захворванне сустракаецца ў сярэднім у аднаго з 5000 нованароджаных. У хворых звычайна назіраецца расшчапленне губы (так званая «заечая губа») і паднябення («ваўчыная пашча»), развіваюцца сур'ёзныя парушэнні дзейнасці нервовай, сарэчна-сасудзістай і іншых сістэм. Большасць дзяцей з сіндромам Патау гіне на працягу першых месяцаў жыцця. Тыя, хто выжыў, характарызуюцца глыбокай затрымкай фізічнага і разумовага развіцця.

Сіндром Эдвардса, абумоўлены трысаміяй па 18-й храмасоме, назіраецца з частатой каля 1 : 10 000 нованароджаных. Гэта захворванне суправаджаецца найцяжэйшымі заганамі развіцця і закранае практычна ўсе сістэмы органаў. Прыкладна 90 % хворых гінуць на працягу першага года жыцця.*

Некаторыя храмасомныя хваробы чалавека звязаны са змяненнем нармальнай колькасці палавых храмасом. Так, у дзяўчынак з монасаміяй па Х-храмасоме (набор 44А + Х0, нулём абазначаюць адсутнасць храмасомы) развіваецца сіндром ШарашэўскагаТэрнера.  *Для чалавека гэта адзіная вядомая монасомія, сумяшчальная з жыццём. Частата сустракаемасці захворвання складае ка­ля аднаго выпадку на 3000 нованароджаных дзяўчынак. Хворыя адрозніваюцца нізкім ростам, недаразвіццём першасных і другасных палавых прымет, бясплоддзем. Прыкладна ў паловы дзяўчынак з гэтым сіндромам скарочана шыя, ад патыліцы да плячэй праходзяць крылападобныя складкі скуры (мал. 39.4).

Сіндром полісаміі па Х-храмасоме ў жанчын назіраецца з частатой каля 1 : 700. Часцей за ўсё ён абумоўлены трысаміяй (набор 44А + ХХХ), радзей сустракаюцца тэтрасамія (44А + ХХХХ) і пентасамія (44А + ХХХХХ). У большасці выпадкаў сіндром не суправаджаецца значнымі фенатыпічнымі праяўленнямі. У некаторых жанчын можа праяўляцца невялікая разумовая адсталасць, часам адзначаецца бясплоддзе.

Сіндром Кляйнфельтэра сустракаецца ў сярэднім у аднаго з 500 муж­чын. Захворванне звязана з наяўнасцю лішняй Х-храмасомы (карыятып 44А + XXY) і праяўляецца ў перыяд палавога выспявання. Для хворых характэрна недаразвіццё вонкавых палавых органаў і яечак, парушэнне працэсу сперматагенезу і, як вынік гэтага, бясплоддзе. Мужчыны з сіндромам Кляйнфельтэра звычайна валодаюць высокім ростам, жанчынападобным целаскладам, у іх адзначаюцца павелічэнне малочных залоз і слабы рост валасоў на твары  (мал. 39.5).

*Вядомы таксама сіндром дысаміі па Y-храмасоме, частата сустракаемасці якога складае прыкладна 1 : 500 нованароджаных хлопчыкаў. Як правіла, уладальнікі храмасомнага набору 44А + ХYY істотна не адрозніваюцца ад мужчын са звычайным карыятыпам. Аднак яны могуць мець пэўныя асаблівасці. Так, для многіх мужчын з дадатковай Y-храмасомай характэрны рост вышэй за сярэдні, у некаторых адзначаецца павышаны ўзровень палавых гармонаў, можа выяўляцца гіперактыўнасць у паводзінах і (ці) нязначнае зніжэнне інтэлекту.*

Захворванні са спадчыннай схільнасцю склада­юць асаблівую групу хвароб чалавека. Да іх належаць, напрыклад, гіпертанічная хвароба, бранхіяльная астма, ішэмічная хвароба сэрца, цыроз печані, язвавая хвароба страўніка і інш. Галоўнае адрозненне гэтых захворванняў ад генных і храмасомных заключаецца ў значным уплыве ўмоў навакольнага асяроддзя і спосабу жыцця чалавека на развіццё і працяканне хваробы. Пэўнае спалучэнне неспрыяль­ных фактараў можа спрыяць ранняму праяўленню хваробы са спадчыннай схільнасцю. Так, злоўжыванне алкаголем можа справакаваць развіццё цырозу печані, язвы страўніка, шэрага іншых захворванняў, а курэнне прывесці да ўзнікнення гіпертанічнай хваробы, бранхіяльнай астмы і г. д.

Дыягностыка, лячэнне і прафілактыка спадчынных хвароб. У многіх краінах свету, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, існуе сетка ўстаноў, якія забяспечваюць медыка-генетычнае кансультаванне насель­ніцтва. Галоўнай мэтай такога кансультавання з’яўляецца прадухіленне нараджэння дзяцей са спадчыннымі захворваннямі.

Бацькі будучага дзіцяці, у якіх ёсць сваякі са спадчыннымі хваробамі або якія ўжо маюць дзяцей з прыроджанай паталогіяй, павінны звяр­тацца ў медыка-генетычную кансультацыю ў першую чаргу. Медыка-генетычнае кансультаванне таксама паказана ў выпадку, калі будучая маці старэйшая за 35 гадоў (пры гэтым істотна ўзрастае верагоднасць з’яўлення дзяцей са спадчыннымі анамаліямі), і сем’ям, у якіх муж з жонкай з’яўляюцца кроўнымі сваякамі. Лічыцца, што кожны чалавек з’яўляецца носьбітам хаця б некалькіх шкодных рэцэсіўных мутацый. У блізкароднасных шлюбах значна павышана верагоднасць гетэразіготнасці мужа з жонкай па адных і тых жа рэцэсіўных генах. Таму ў баць­коў, якія знаходзяцца ў кроўным сваяцтве, частата нараджэння дзяцей з рэцэсіўнымі спадчыннымі хваробамі значна вышэйшая, чым у няроднасных шлюбах.

Выкарыстанне разнастайных метадаў (генеалагічнага, цытагенетычнага, біяхімічных і інш.) дазваляе ўрачам-генетыкам вызначыць верагоднасць нараджэння дзіцяці са спадчыннай паталогіяй, на ранніх этапах антагенезу выявіць хваробу і своечасова прызначыць адпаведнае лячэнне.

*Важным метадам кантролю за працяканнем цяжарнасці і дародавай дыягностыкі анамалій развіцця плода з'яўляецца ультрагукавое даследаванне (УГД). Гэты метад дае магчымасць з дапамогай ультрагуку атрымліваць відарысы плода і яго абалонак, выяўляць наяўнасць шэрага парокаў развіцця. У некаторых выпадках цяжарнай жанчыне можа быць паказаны амніяцэнтэз. Сутнасць гэтай працэдуры заключаецца ў атрыманні (пад кантролем УГД) невялікай колькасці каляплоднай вадкасці для наступнага лабараторнага даследавання (мал. 39.6). У гэтай вадкасці ўвесь час прысутнічаюць клеткі плода, цытагенетычнае даследаванне якіх дазваляе выяўляць храмасомныя і геномныя мутацыі. Саму вадкасць выкарыстоўваюць для біяхімічных даследаванняў, дзякуючы якім можна вызначаць наяўнасць тых ці іншых генных мутацый.*

У залежнасці ад спецыфікі спадчыннага захворвання яго лячэнне можа ўключаць выкарыстанне асаблівай дыеты (напрыклад, у выпадку фенілкетанурыі), увядзенне пэўных гармонаў ці іншых БАР, спецыяльных лекавых прэпаратаў. Так, тым, хто хварэе на спадчынную форму цукровага дыябету, прызначаюць ін’екцыі інсуліну, гемафілікам — фактару згусання крыві, якога не хапае ў арганізме. Пры сіндромах Шарашэўскага — Тэрнера, Кляйнфельтэра і некаторых іншых прымяняюць увядзенне палавых гармонаў. Таксама ў апошнія дзесяцігоддзі актыўна распрацоўваюцца метады генатэрапіі, гаворка пра якія пойдзе ў наступным раздзеле.

Вядома, што хваробу, у тым ліку і спадчынную, лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Акрамя таго, на сённяшні дзень эфектыўныя метады лячэння існуюць далёка не для ўсіх спадчынных захворванняў. Таму важным сродкам барацьбы з імі з’яўляецца прафілактыка. Будучым бацькам неабходна ўлічваць, што курэнне, ужыванне алкаголю і асабліва наркотыкаў рэзка павялічваюць верагоднасць нараджэння дзіцяці са спадчыннымі анамаліямі. Важнымі ўмовамі зніжэння частаты з’яўлення спадчынных хвароб з’яўляюцца таксама клопат пра чысціню навакольнага асяроддзя, праверка на генетычную бяспеку лекавых і касметычных сродкаў, харчовых дабавак, прэпаратаў бытавой хіміі, своечасовы зварот сем’яў у медыка-генетычныя кансультацыі і інш.

Сярод спадчынных захворванняў чалавека адрозніваюць ген­ныя і храмасомныя хваробы. Генныя захворванні (фенілкетанурыя, гемафілія і інш.) абумоўлены геннымі мутацыямі. Прычынай храмасомных хвароб з’яўляюцца храмасомныя і геномныя мутацыі. Храмасомныя захворванні могуць быць звязаны са структурнымі парушэннямі храмасом (сіндром «кацінага крыку»), аўтасомнымі трысаміямі (сіндром Даўна), лікавымі анамаліямі палавых храмасом (сіндромы Кляйнфельтэра, Шарашэўскага — Тэрнера, полісаміі па Х-храмасоме ў жанчын). Асаблівую групу складаюць хваробы са спадчыннай схільнасцю, развіццё і працяканне якіх у вялікай ступені залежыць ад умоў асяроддзя і спосабу жыцця чалавека. Існуюць розныя метады дыягностыкі і лячэння спадчынных хвароб, аднак галоўную ролю ў барацьбе са спадчыннымі хваробамі адыгрывае іх прафілактыка.

1. У чым заключаецца прынцыповае адрозненне паміж геннымі і храмасомнымі хваробамі?

2. Ахарактарызуйце вядомыя вам генныя і храмасомныя захворванні чалавека.

3. У чым заключаецца галоўнае адрозненне хвароб са спадчыннай схільнасцю ад ген­ных і храмасомных? Якія фактары могуць спрыяць развіццю захворванняў са спадчыннай схільнасцю?

4. У чым заключаецца асноўная мэта медыка-генетычнага кансультавання? У якіх выпадках зварот у медыка-генетычную кансультацыю з’яўляецца абсалютна неабходным?

5. Чаму ў сем’ях, дзе муж з жонкай з’яўляюцца кроўнымі сваякамі, значна павышана рызыка нараджэння дзяцей са спадчыннымі анамаліямі?

6. Для людзей з якімі спадчыннымі захворваннямі магчыма прымяненне гарманальнага лячэння? Дыетатэрапіі?

7. Назавіце асноўныя меры прафілактыкі ўзнікнення спадчынных хвароб чалавека.

8*. Нараджэнне дзяцей з якімі храмасомнымі хваробамі магчыма, калі ў бацькі меёз працякае нармальна, а ў маці палавыя храмасомы не разыходзяцца (абедзве перамяшчаюц­ца да аднаго з двух полюсаў клеткі)? Або калі ў маці меёз працякае нармальна, а ў бацькі назіраецца неразыходжанне палавых храмасом?

9*. Вядома, што людзі, якія пакутуюць на фенілкетанурыю, па шэрагу прымет падобныя да альбіносаў. Так, яны звычайна маюць светлую скуру і валасы, а таксама светлую афарбоўку радужкі вачэй. Аднак у хворых на ФКУ гэтыя прыметы, як правіла, выяўлены слабей, чым у альбіносаў. Чым можна растлумачыць гэтыя факты?