Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 29-3. Марфалагічны разбор лічэбніка. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля лічэбнікаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Падручнік: § 29-3. Марфалагічны разбор лічэбніка. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля лічэбнікаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Надрукаваны: Гость
Дата: Панядзелак 2 Чэрвень 2025 5:14

Практыкаванне № 0-284

Прачытайце тэксты. Вызначце іх стыль, абгрунтуйце свой адказ.

I. Валуны — згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны называюцца глыбамі, або камлыгамі. Утвараюцца валуны пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Ледавіковыя валуны трапляюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, найбольш на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены яны ад 600 да 20 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта, Паўночна-Заходняй Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з поўначы на поўдзень: у Паазер’і іх велічыня дасягае 6-11 м, на Беларускай градзе — 5-8 м, на Палессі — ад 1 да 3 м. Каля 65-75 % вялікіх валуноў — граніты, 20-25 % — гнейсы. Ёсць кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш.

Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды. У Беларусі такіх валуноў больш за 100 (Беларуская энцыклапедыя).

З якой мэтай у тэксце ўжываюцца лічэбнікі?
Выпішыце словазлучэнні з лічэбнікамі, запісаўшы іх словамі. Растлумачце правапіс лічэбнікаў.
● Растлумачце пастаноўку коскі або яе адсутнасць (перад злучнікам як) у выдзеленых сказах.

II. Гэтыя камяні ведае кожны. Ляжаць яны, уткнуўшыся ў зямлю, каля дарог і рэк, у полі і ў лесе.сн Прыбяры іх — і беларускі ландшафт стане бяднейшым.

Здаўна людзі па-свойму тлумачылі з’яўленне камянёў. У легендахл і народных казках часта сцвярджаецца, што валуны накідалі волаты, асілкі ці прыцягнулі чэрці. Старыя сцвярджаюць, што валуны растуць з зямлі, як грыбы.

Але валуны, як высветлілася, — іншаземныя прышэльцы, і прыйшлі яны сюды з ледавікамі. Рухаючыся праз Скандынаўскія горы, па дне Балтыйскага мора ў раўнінах Паўночнай Еўропы, лёд выдзіраў іх са свайго месца і цягнуў цэлыя глыбы абломкаў за сабою. Калі лёд растаў, камяні-падарожнікі аказаліся далёка ад сваёй радзімы (Паводле Б. ГурскагаЭ. Ляўкова).

● Дайце характарыстыку гукам у выдзеленых словах.
● Выпішыце з тэксту два рады аднакаранёвых слоў у тым парадку, у якім яны ўтвораны адзін ад аднаго. Абазначце сродкі, з дапамогай якіх яны ўтвораны.

Практыкаванне № 284-1

Прачытайце тэкст, правільна ўжываючы склонавыя формы лічэбнікаў. Дайце тэксту загаловак.

Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, якое адзначалася ў 2020 годзе, у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч».

Пачынаючы з 1986 года «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала некалькі персанальных энцыклапедый: «Янка Купала» (калі першае выданне было ў адным томе, то другое — ужо ў трох), «Францыск Скарына», «Максім Багдановіч». Між іншым, персанальных энцыклапедый не так шмат на постсавецкай прасторы. Да 1991 года іх увогуле было, акрамя «купалаўскай», усяго толькі дзве — «М. Ю. Лермантаў» і «Т. Р. Шаўчэнка».

Энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч» уключае каля 1000 артыкулаў. Пад адной вокла..кай сабраны матэры..лы прыс(?)вечаныя бі..графіі і творчасці піс(?)менніка а так(?)сама людзям якія мелі стасункі з Уладзімірам Сямёнавічам даслед..валі і даследуюць яго літ..ратурную дзейнасць. Шмат артыкулаў прыс(?)вечана раманам аповес(?)цям апавядан..ям нарысам вершам п(?)есам клас..іка мастакам і кампазітарам для якіх яго творчасць стала крыніцай натхнен..я м..сцінам дзе ён быў у а..пачынку куды езд..іў па запрашэнн.. сяброў. Энцыклапедыя багата ілюстравана карцінамі, рэпрадукцыямі кніжнай графікі да твораў У. Караткевіча, фотаздымкамі.

Над стварэннем персанальнай энцыклапедыі працавалі вучоныя, пісьменнікі, музейныя работнікі, архівістыс, бібліятэкары. Выданне дэманструе высокі ўзровень даследаванняў жыцця і творчасці легендарнага беларускага пісьменніка, а таксама дазваляе адкрыць новыя шляхі да засваення здзейсненага Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам у імя сваёй Айчыны (Паводле К. Ладуцькі, В. Ванінай).

Абгрунтуйце падзел тэксту на абзацы. У якім абзацы паведамляецца пра змест персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч»?
Вызначце разрады ўжытых у тэксце лічэбнікаў паводле значэння і будовы. Перанясіце табліцу ў сшытак і запоўніце яе.

Зрабіце марфалагічны разбор двух лічэбнікаў з тэксту (на выбар).
● Запішыце выдзеленыя сказы, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і ставячы знакі прыпынку. Пабудуйце схемы сказаў.
 Каму з дзеячаў беларускай культуры (гісторыі, мастацтва, навукі), на вашу думку, варта прысвяціць персанальную энцыклапедыю? Чаму? Аформіце пісьмова свае думкі ў выглядзе невялікага тэксту-разважання.