Печатать книгуПечатать книгу

§ 3-23. Амонімы. Спосабы размежавання мнагазначных слоў і амонімаў. Міжмоўныя амонімы. Вобразна-выяўленчыя магчымасці амонімаў. Слоўнікі амонімаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 3-23. Амонімы. Спосабы размежавання мнагазначных слоў і амонімаў. Міжмоўныя амонімы. Вобразна-выяўленчыя магчымасці амонімаў. Слоўнікі амонімаў
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 18 Май 2024, 17:25

Правіла

Амонімы (ад грэч. homos — аднолькавы і опута — імя) — словы, якія маюць рознае лексічнае значэнне, але супадаюць напісаннем або гучаннем.

Амонімы могуць узнікаць пры выпадковым гукавым супадзенні (лава — ‘прыстасаванне для сядзення’ і лава — ‘расплаўленая маса’), пры запазычанні з розных моў (бухта — ‘невялікі марскі заліў’ — з нямецкай і бухта — ‘вялікі скрутак дроту, каната і г. д.’ — з галандскай), у выніку аддалення значэнняў мнагазначнага слова (гасцінец — ‘дарога’ і гасцінец — ‘падарунак’).

Амонімы не маюць паміж сабой сэнсавай сувязі (як мнагазначныя словы), таму і ў слоўніках падаюцца ў розных артыкулах.

Бокс1, -а, м. Від спорту, кулачны бой па асобных правілах. [Сцяпан] у нас быў чэмпіёнам па боксе ў часці. Мележ. Лодар Касабуцкі ходзіць у час працы па цэху і практыкуецца ў боксе. Крапіва.
[Ад англ, box — баксіраваць.]

Бокс2, -а, м. Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і патыліцы коратка выстрыгаюцца або выгольваюцца. Стрыгчыся над бокс.

Бокс3, -а, м. Агароджаная частка памяшкання ў лячэбных установах для ізаляванага ўтрымання хворых. Хворага паклалі ў бокс.
[Ад англ, box — скрынка.]

Паміж значэннямі мнагазначных слоў ёсць сэнсавая сувязь, а паміж амонімамі — няма. Таму мнагазначныя словы падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле, а кожнае са слоў-амонімаў падаецца ў асобным артыкуле і пазначаецца зверху справа маленькай арабскай лічбай. Калі якое-небудзь са слоў-амонімаў з’яўляецца мнагазначным, то яго асобныя значэнні прыводзяцца ў радку вялікімі арабскімі лічбамі.

Борт1, -а, м. 1. Верхні край бакавой сценкі, а таксама бок марскога або рачнога судна, самалёта. Дзень, калі мы ступалі на борт самалёта, быў для нас сапраўдным святам. Льінькоў. // Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад. Каля вагі стаяў цёмна-зялёны грузавік з адкінутьімі бартамі. Паслядовіч. 2. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.

Борт2, -у, м. Адна з разнастайнасцей зярністых утварэнняў алмазу.

Словы борт1 і борт2 — амонімы, паміж іх значэннямі няма ніякай сувязі. Аднак першае слова з’яўляецца мнагазначным, паміж яго значэннямі можна вызначыць сэнсавую сувязь — ‘край нечага’.

Вапомніце: пры адрозненні амонімаў ад мнагазначных слоў патрэбна вызначыць, ці ёсць паміж значэннямі слоў сэнсавая сувязь. Калі яна ёсць — перад намі мнагазначнае слова, калі няма —амонімы.

Практыкаванне № 29

Выпішыце са сказаў спачатку амонімы, а затым  мнагазначныя словы. Абгрунтуйце свой выбар.

1. Люблю я лес, адвечны бор, дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі (Я. Колас).
2. Крайнія стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары (І. Шамякін).
3. Усё відаць, як на далоні… Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе (М. Лынькоў).
4. Як шкада мне, што паштовы голуб ад цябе ліста не прынясе (М. Аўрамчык).
5. На многа вёрст былі відаць з гары… палі жытоў і канюшыны (З. Астапенка).
6. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла (У. Дамашэвіч).
7. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель (У. Дамашэвіч).
8. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі (Я. Колас).
9. Беларускія бярозы абапал гасцінца калыхалі думкі шумам хлопчыку-ўкраінцу (Я. Купала).

Амонімы, якія адносяцца да адной часціны мовы, называюцца лексічнымі.
Яны бываюць поўныя і няпоўныя.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх формах: байка1 — ‘літаратурны твор’; байка2 — ‘тканіна’.

Няпоўныя лексічныя амонімы супадаюць толькі ў асобных граматычных формах: кадры (фільма) — назоўнік можа медь форму адзіночнага ліку (кадр) — і (акадэмічныя) кадры — ужываецца толькі ў форме множнага ліку.

Ад лексічных амонімаў адрозніваюць амаформы, амафоны і амографы.

Амаформы словы, якія супадаюць толькі ў адной ці некалькіх граматычных формах:
ліпкі (множны лік назоўніка ліпка) і ліпкі (прыметнік);
піла (назоўнік) і піла (дзеяслоў прошлага часу);
варта (назоўнік) і варта (прэдыкатыўнае прьтслоўе).
Амафоны словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца па-рознаму: казка [каска] і каска [каска], код [кот] і кот [кот].
Да амафонаў адносяцца і выпадкі супадзення ў вымаўленні агульнага і ўласнага назоўнікаў: Раман і роман.
Амографы словы, якія пішуцца аднолькава, але вымаўляюцца па-рознаму, што тлумачыцца розным націскам: мукá і му́ка, кáра і карá; кáпаць і капáць.

Практыкаванне № 30

Прачытайце жартоўныя вершы. На якой моўнай з’яве заснаваны іх камічны эфект? Назавіце словы і спалучэнні, з дапамогай якіх ствараецца дасціпнасць, трапнасць маўлення.

Вам, цяляткам, мала кавы,
Вельмі мала чаю —
Выпіце лепш малака вы,
З’ешцеф малачаю*.
А траву пакашу —
Дам вам сена па кашу.
                          В. Вітка.

Наша вострая піла —
Не піла, а пчала.
Не піла, не ела,
Ні разу не прысела.
                            Н. Гілевіч.

Практыкаванне № 31

Прачытайце сказы. Выпішыце словы, якія вымаўляюцца аднолькава. Вызначце іх сэнсава-стылістычную ролю ў маўленні і тып аманіміі.

1. [Кісет] вышываным там, дзе горы, на святой зямлі грузін, каб ты ведаў, што і ў горы ты на свеце не адзін (П. Глебка).
2. Цяпер самая пара́ пакупацца, а то ад сонца ажм галава разбалелася (Я. Васілёнак).
3. А раніцай туман над сопкай — густая па́ра над катлом: знаёма пахла бульбай сопкай… (Р. Барадулін).
4. — Дык навошта я ім, стары грыб, цяпер спатрэбіўся? (А. Васілевіч).
5. Той вясною грып зваліў з ног палову класа.
6.  «Я расту вось тут пад плотам і не так даўно ўзышла, ды ўжо многімм абармотам рукі-ногі апякла. Я — пякучка-крапіва», — так вызначыў сваё жыццёвае крэда Кандрат Крапіва (З падручніка «Беларуская літаратура»).

У артикуле слоўніка амонімаў раскрываецца значэнне кожнага амоніма, даюцца граматычныя пометы (а ў некаторых выпадках і стылістычныя), вызначаецца тып утварэння амонімаў.
Напрыклад:

ПАЛОЦЬ 1-2, тып 12
Палоць1 незак. Ачышчаць ад пустазелля. Палоць агарод.
Палоць2 незак. дыял. Палымнець. Почаў палоць дым.
Старычонак В. Д. Слоўнік амонімаў беларускай мовы. Мінск, 1991.

Практыкаванне № 32

Запішыце словы-амонімы, якія адпавядаюць прыведзеным азначэнням.

а) Саюз, аб’яднанне дзяржаў, партый, арганізацый; прыстасаванне для пад’ёму цяжару;
б) драпежнік сямейства кашэчых з кароткай жаўтаватай поўсцю і пышнай грывай у самцоў; грашовая адзінка ў Балгарыі;
в) умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі; афіцыйны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой;
г) група людзей, прызначаная ахоўваць каго-небудзь або што-небудзь; неабходна, трэба, мае сэнс, карысна.

Звярніце ўвагу!

Супадаць напісаннем ці гучаннем могуць словы з розных моў.
Такая з’ява носіць назву міжмоўнай аманіміі, а самі такія амонімы называюцца міжмоўнымі, напрыклад: беларуск. краска ‘кветка’ і руск. краска, ‘рэчыва, якое надае прадметам пэўны колер’, беларуск. мех ‘мяшок’ і руск. мех ‘футра’, беларуск. нядзеля ‘выхадны дзень’ і руск. неделя ‘тыдзень’, беларуск. гора ‘памяшканне паміж столлю і дахам, гарышча’ і руск. гора ‘узвышша’.

Практыкаванне № 33

Прачытайце ўрыўкі з артыкула М. Багдановіча «Голос из Белоруссии: к вопросу о великорусской речи в местной школе». Пра што ў ім ідзе гаворка?

При обучении по-великорусски из обихода белорусского ребёнка вычеркивается масса своеобразных, чисто белорусских слов, оборотов и, следовательно, все связанные с ними живые, ясные и привычные представления и переживания… Приведу только некоторые данные, которые, по моему мнению, заслуживают наибольшего внимания.

Встретив в великорусской книге слово плот, белорус истолкует его как ограду, забор, слово качкаутка, терминсрок, устатьвстать, люлькатрубка, листписьмо, сваритьсяссориться, мех — мешок, краски — цветы, пытать — спрашивать, свет — мир, отказать — ответить, справа — дело, неделя — воскресенье, лик — счёт, крышечку — немножко, свято — праздник, благой — глупый, плохой, утекать — убегать, стрельба — ружьё, сгубить — потерять, манить — обманывать и т. д.

Вот несколько обиходных фраз: я вошёл в лавку, т. е. в скамью (слово  лавка в значении  ‘магазин’ по-белорусски не употребляется); по реке плыл плотпо реке плыл забор; он мне отказал — он мне ответил и т. д. Подобных фраз без труда можно составить тысячи…

 Растлумачце значэнне прыведзеных у артыкуле ў якасці прыкладаў слоў у беларускай і рускай мовах.

Практыкаванне № 34

Карыстаючыся слоўнікам беларуска-рускіх амонімаў (напрыклад: Пазнякоў М. Школьны слоўнік беларуска-рускіх амонімаў. Мінск, 2017), выпішыце шэсць пар міжмоўных амонімаў. Складзіце і запішыце сказы са словамі беларускай мовы.