Печатать книгуПечатать книгу

* Аркадзь Куляшоў. Паэма «Маналог»

1. У чым асаблівасць маналагічнага маўлення?
Якія выяўленчыя магчымасці закладзены ў форме маналога? 

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * Аркадзь Куляшоў. Паэма «Маналог»
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 5 Февраль 2025, 17:46

Паэма «Маналог»

У 1930-я гады маладыя паэты Аркадзь Куляшоў, Змітрок Астапенка і Юлій Таўбін звярталі ўвагу на сябе не толькі выдатнымі вершамі, але і «шчырай, хоць i трохi наiўнай, вернасцю высокаму культу сяброўства» (Рыгор Бярозкін). Ажыццявіць агульную мару — спраўдзіцца як творцу — удалося толькі Аркадзю Куляшову. Два яго таварышы сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.

«Маналог» (1965) Аркадзя Куляшова — адзін з першых твораў беларускай савецкай паэзіі на тэму сталінскіх часоў. Твор прысвечаны памяці паэтаў Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна, з якімі аўтар пазнаёміўся ў час вучобы ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме і знайшоў у іх асобах лепшых сяброў-аднадумцаў. Фармальна гэта цыкл з чатырнаццаці філасофскіх вершаў-шаснаццацірадковікаў, аднак цесная ідэйна-тэматычная знітаванасць, адзінства пафасу, выяўленасць асобы лірычнага героя дазваляюць лічыць гэту нізку паэмай.

Агульную танальнасць твора вызначаюць матывы памяці, вернасці сяброўству, ідэалам маладосці. Пачуццё асабістай вінаватасці без віны за страчаных сяброў, за ўласную творчую рэалізаванасць і за іх вымушанае бязмоўе і забыццё праходзіць лейтматывам і яднае ўсе фрагменты твора. Форма маналога ўказвае на яго спавядальны характар, падкрэслівае драматызм сітуацыі, калі дыялог з сябрамі немагчымы, бо іх няма сярод жывых: «Адзін памёр ад тыфусу брушнога // За кратамі, сярод муроў сырых», «Другі на фронт з таежнага барака // Шчасліва ўцёк... // Там ён на смерць пад прозвішчам сваім // Хадзіў і пахаваны разам з ім».

Названыя прычыны гібелі не адпавядаюць сапраўднасці, бо ў сярэдзіне 1960-х гадоў Аркадзь Куляшоў не мог ведаць усяго пра лёс арыштаваных паэтаў. На самай справе Юлій Таўбін загінуў у мінскай турме. Акалічнасці смерці Змітрака Астапенкі дагэтуль невядомыя.

Аркадзь Куляшоў некалькі дзесяцігоддзяў хаваў ад усіх свой боль, не маючы магчымасці ні выказаць яго, ні нават употайкі «паклон адважыць нізкі» на месцы іх апошняга прытулку. Пасля знішчаных і абылганых таварышаў не засталося нават магіл («Няма куды сваю жалобу ўскласці // Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам»). Помнікам паэтам сталі два томікі выбраных вершаў, выдадзеных пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе: «Два томікі — два помнікі. З партрэтаў // Глядзяць сябры. Мы дружбе служым зноў».

Сфатаграфаваныя на старце жыцця, Змітрок Астапенка і Юлій Таўбін выглядаюць удвая маладзейшымі за пасівелага ўжо Аркадзя Куляшова (у час напісання паэмы яму мінуў 51 год). Метафару старту, што сустракаецца ў творы, аўтар запазычыў з радкоў Юлія Таўбіна, якія выкарыстаны ў якасці эпіграфа да адной з частак («Устоіць той, хто варт, // На старт, сябры, на старт!»). Надзелены немалым вопытам, Аркадзь Куляшоў дапоўніў свайго сябра, лагічна развіваючы ідэю старту і ўводзячы метафару фінішу: «Быў кожны з вас адважных стартаў варты, // Шкада, што фініш быў не вартым вас».

Літаратурныя сувязі. У больш позняй паэме «Далёка да акіяна» (1972) Аркадзь Куляшоў зноў вярнуўся да няпростай для сябе тэмы загубленага сяброўства і ўзгадаў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенку — у творы яны выведзены пад імёнамі Юлі Гоман і Змітрок Прытапенка. Эпічная прырода паэмы «Далёка да акіяна» дала аўтару магчымасць даволі разгорнута расказаць гісторыю сяброўства, намаляваць слоўныя партрэты хлопцаў, узнавіць некаторыя рысы характару.

Вось якім запомніўся Аркадзю Куляшову Юлій Таўбін (Гоман): «Юлі Гоман!.. // Гэтага // Эпіка і лірыка // Мела за адпетага // Нелюдзіма-схімніка // Гарадская вуліца... // Ён ідзе, разважлівы, // Як манах сутуліцца, // Да зямлі няўважлівы. // ˂…˃ // Пэўна, заклапочаны, // Размаўляе з музамі. // Галава апушчана, // Да пляча нахілена, // Губы, як у Пушкіна — // Паслядоўнік выліты».

Другі сябар вылучаўся ўменнем модна, па-еўрапейску апранацца: «Яркія, адметныя // Гальштукі і запанкі — // Вось штрыхі партрэтныя // Змітрака Прытапенкі».

Праз дзесяцігоддзі воблікі сяброў уяўляюцца паэту ва ўсіх дэталях, нібыта ён бачыўся з імі ўчора. З часам і боль ад іх страты не знікае, а наадварот, толькі мацнее.

Аркадзь Куляшоў глядзіць на выявы вечна маладых сяброў і вяртаецца ў гады юнацтва, згадвае агульныя для трох мары і спадзяванні, захопленасць паэтычнай творчасцю, ваяўнічы запал літаратараў-пачаткоўцаў, узброеных чарніліцай і алоўкам: «Так, мы — сябры па сэрцу і па зброі, // Вядомы арсенал байцоўскі наш: // Чарніла і чарніліца, пяро і // Хімічны альбо просты карандаш». Нягледзячы на гады, паэт застаецца верным рамантычным ідэалам маладосці, лічыць сябе працягам сваіх сяброў, завяршэннем іх «няходжаных шляхоў», «спраў абарваных», «кніг недапісаных». Няздзейсненае і ненапісанае імі ён прадаўжае сам, найперш дзякуючы жывой памяці і ўласнай творчасці: «Я — ваша памяць, вы — маё сумленне, // Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім».

Споведзь сумлення ператварылася ў філософскі роздум пра сапраўднае сяброўства, драматычную эпоху, жыццё і смерць, вайну і мір. Адной з важных тэм твора выступіла тэма паэта і яго прызначэння. У фінале «Маналога» Аркадзь Куляшоў стварыў вобраз «салдатаў веку» — паэтаў, што зведалі вайну. Для аўтара яны заўсёды знаходзяцца на перадавой, адкуль «агонь вядуць па цэлях чорных»: змагаюцца з недасканаласцю сучаснага, пасляваеннага, свету. Па перакананні Куляшова, сапраўдныя паэты ў гэтым змаганні не шкадуюць сябе, прапускаюць усе нягоды веку праз уласнае сэрца, ахвяруюць здароўем, а часам і жыццём («...інфарктам // Расстрэльваюць кароткае жыццё»).

Літаратурныя сувязі. Вобраз рашучага і бескампраміснага паэта-салдата ўзнікае таксама ў пасляваеннай лірыцы Пімена Панчанкі. Напрыклад, лірычны герой яго верша «Мала сказаць: ненавiджу…» гатовы, нібы салдат на фронце, біцца за праўду: знішчаць усё тое, што перашкаджае чалавеку і свету стаць лепшымі.

Афарыстычныя радкі паэмы «Маналог» выяўляюць разуменне аўтарам творчасці як цяжкай штодзённай працы на карысць іншых, высокай гуманістычнай місіі: «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам», «Нашто мне зрок, навошта гучны крок, // Хвілін імклівасць, цішыні хвіліны, // Турботы дня, апошнія навіны, // Крывёй не перагнаныя ў радок?»

Сваёй асабістай місіяй Аркадзь Куляшоў лічыў захаванне памяці пра таварышаў: яны жывуць, пакуль жывы ён: «Наш брацкі вузел не парве, я знаю, // Ні адгрымеўшы, ні наступны бой. // Я, ваша памяць, вас не пакідаю, // Бяру з сабой, як клятву, як набой». Паэма «Маналог», такім чынам, з рэквіема па рэпрэсіраваных сябрах ператвараецца ў рэквіем па ўсіх таленавітых мастаках слова, пісьменніцкі патэнцыял якіх застаўся нерэалізаваным.

«Маналог» Аркадзя Куляшова, дзе праз прызму асабістага, праз уласны боль асэнсоўваецца эпічна-маштабная трагедыя існавання чалавека і народа ў бесчалавечную эпоху, стаў адным з лепшых узораў беларускага ліра-эпасу.

Пытанні

1. Чаму толькі пасля 1956 года стала магчымым упамінанне імёнаў Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна?
Якія яшчэ вернутыя імёны беларускай літаратуры і культуры вам вядомыя? 
2. Знайдзіце на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня» публікацыю ад 8 жніўня 2010 года «Тайны Змитрока Астапенко» і прасачыце версіі далейшага лёсу пісьменніка.
Чаму ў паэме прыведзена іншая прычына яго гібелі?
3. Падумайце, ці быў паэт вінаваты перад сябрамі. Чаму ён адчуваў віну?
4. Растлумачце метафарычны сэнс вобразаў «старту», «фінішу», «дамоўкі», «салдатаў веку». 
5. Ці ўдалая, на ваш погляд, назва твора?
Які сэнс укладвае ў яе аўтар? 
6. Якое з прапанаваных паняццяў найбольш дакладна характарызуе паэму «Маналог»: рэквіем, эпітафія, споведзь, пакаянне?
Абгрунтуйце свой выбар.
7. Знайдзіце ў тэксце радкі, у якіх выяўляецца погляд Аркадзя Куляшова на прызначэнне паэта.
Якія з іх маюць універсальны змест, актуальны не толькі ў адносінах да творчай дзейнасці? 
8. Паразважайце, што дае падставы адносіць гэты твор да філасофскай паэзіі.