Печатать книгуПечатать книгу

* Навела «Пакаранне золатам»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * Навела «Пакаранне золатам»
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 14 Май 2024, 06:36

Навела «Пакаранне золатам»

У навеле Андрэ Маруа паказаў згубную ўладу грошай. Яшчэ ў пачатку твора канстатуецца, што ў прамыслоўца Бурдака было непераадольнае жаданне ўсімі магчымымі сродкамі захаваць капітал. Яго страх згубіць назбіранае паступова перарастае ў параною. Бурдак разам з жонкай стварылі з золата пэўнага ідала, што прывяло герояў да страты маральных прынцыпаў. Сям’я гатова дзеля грошай змяніць грамадзянства, і ім усё роўна, на якое — калумбійскае або венесуэльскае, каб толькі захаваць свой чамадан. Духоўнае, высокае іх абсалютна не цікавіць. Напрыклад, калі Бурдак гаворыць пра мастацтва, то разважае толькі з пункту гледжання кошту карцін: ці можна зарабіць, калі набыць работы імпрэсіяністаў.

Дакучлівая думка — не страціць грошы і золата — прыводзіць людзей сталага веку да адзіноты і бессэнсоўнага самаабмежавання. Жонка Бурдака прызнаецца, што не мае ў чужой краіне ніякіх сяброў. Аднак, як бачна з аповеду, з’ехаць з Францыі персанажаў прымусіў зусім не захоп краіны Германіяй, а тое, што сям’я апынулася ў палоне грошай.

Персанажы ў творы ніводнага разу не задалі сабе пытанні: навошта ім патрэбна столькі матэрыяльных даброт? Ці робіць золата іх больш шчаслівымі?

Становішча багатага прамыслоўца Бурдака і яго жонкі можна назваць трагікамічным. У творы паказана адсутнасць блізкасці паміж героямі. Срэбралюбства прыводзіць да маральнай дэградацыі. Калі жонка памірае, аўтар з горкай іроніяй падкрэслівае, што Бурдак стаў адчуваць сябе нават больш спакойна, бо пасля страты, здавалася б, самага блізкага чалавека ён ужо выключна сам нясе адказнасць за чамадан. Заможны прамысловец такім чынам страчвае чалавечае аблічча.

Для персанажа-апавядальніка, які расказвае гісторыю навелы, такая абыякавасць прамыслоўца да смерці жонкі не стала нечаканасцю, бо паводзіны герояў псіхалагічна матываваныя і даволі прадказальныя. Андрэ Маруа паказаў, як псіхіка чалавека паступова разбураецца, калі грошы становяцца самамэтай. Нездарма срэбралюбства лічыцца адным са смяротных грахоў. У паводзінах персанажаў прасочваецца не імкненне забяспечыць сабе добрае жыццё, а нездаровая псіхалагічная залежнасць, калі схільнасць да назапашвання і эканомія ператварыліся ў хваробу. Хоць сам Бурдак і тлумачыць сваю прагу захаваць нажытае тым, што было цяжка зарабіць багацце, але гэта не апраўдвае героя. Золата замяняе яму ўсё: маральныя каштоўнасці, духоўнасць, любоў, сяброўства.

Паводле законаў жанру, фінал у навеле непрадказальны. У ім выяўляецца іронія лёсу: Бурдак памірае фактычна на сваім чамадане, а ўвесь скарб пасля ўсё роўна адыходзіць у амерыканскую казну. Узмацняюць уражанне звесткі пра адпраўленага на жывадзёрню сабаку. Гэта значыць, што вельмі забяспечаныя старыя людзі не проста не здолелі зрабіць нічога добрага для сябе ці кагосьці, маючы вялікія фінансавыя магчымасці, — яны нават не паклапаціліся пра будучы лёс свайго пудзеля.

Літаратурныя сувязі. Праблема срэбралюбства, успрыняцця грошай як самай істотнай каштоўнасці, больш важнай за мараль, найперш аб’ядноўвае Андрэ Маруа з класікамі французскай літаратуры (асабліва з Анарэ дэ Бальзакам), а таксама з класікамі беларускай літаратуры: гэта ж тэма павінна была гучаць у недапісаным Ядвігіным Ш. рамане «Золата»; яна гучыць у творы «Пошукі будучыні» Кузьмы Чорнага (вобраз Густава Шрэдэра).

Тэма бессэнсоўнага назапашвання гучыць і ў знакамітым творы класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы».

Пытанні

1. Дакажыце, што «Пакаранне золатам» — гэта навела.
2. Якія грахі, апрача срэбралюбства, вы можаце назваць?
У якіх творах беларускай і замежнай літаратуры яны знаходзіліся ў цэнтры сюжэта?
3. Параўнайце вобраз прамыслоўца Бурдака з вобразам Густава Шрэдэра з рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні».
Якая рыса аб’ядноўвае гэтых персанажаў?
4. Якія моманты навелы можна аднесці да трагікамічных?
5. У навеле ёсць эпізод, калі Бурдак і яго жонка гатовы змяніць грамадзянства дзеля захавання матэрыяльнага дабрабыту.
Ці актуальна гэта праблема ў наш час?
6. Што дае мастацкаму тэксту выбраная форма аповеду — ад першай асобы?
7. Ці можна быць багатым чалавекам і рабіць дабро для іншых?
Прывядзіце прыклады сусветна вядомых паспяховых людзей, якія займаюцца дабрачыннасцю.
8. Параўнайце арыгінальную назву навелы La Malédiction de l’or (даслоўна — «Праклён золата»), яе пераклад на беларускую мову — «Пакаранне золатам» і на рускую — «Проклятье Золотого тельца».
Які варыянт, на вашу думку, найбольш выражае ідэю твора?