Пятрусь Броўка
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Пятрусь Броўка |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 08:22 |
* Біяграфія
Пятрусь Броўка нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 года ў вёсцы Пуцілкавічы (цяпер Ушацкі раён). На старонках газеты «Чырвоная Полаччына» 18 жнiўня 1926 года быў змешчаны яго першы верш «Ой, не шапчы, мая бярозка…». З гэтага часу пачынаецца дарога паэта ў вялiкую лiтаратуру.
Паваротны момант у жыццёвай i творчай бiяграфii маладога аўтара — прыезд у Мiнск i паступленне на вучобу ў Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт на лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта. У сталiцы Пятрусь Броўка стаў актыўным удзельнiкам лiтаратурнага жыцця, увайшоў у лiтаратурнае аб’яднанне «Маладняк».
Са зборніка «Гады як шторм» (1930) пачалася актыўная мастацкая дзейнасць паэта. Кніга сведчыла пра наследаванне асаблівасцей творчай манеры, вучобу ва Уладзіміра Маякоўскага, стылем якога захапляліся ў той час шматлікія маладыя творцы.
Асаблiва значным крокам у паглыбленнi эстэтыка-выяўленчага пачатку, лiрычнага «я» аўтара стала кнiга «Шляхамi баравымi». Пейзажныя вершы «Канец лета», «Дождж», «Мяцелiца», «Бор» i iншыя вылучаюцца ў даваеннай паэзii вобразнай маляўнiчасцю, прачуласцю, жывым настроем: «Прабiўшы плынi духаты // Пайшлi раслiны ў рост… // I птушак жоўтыя раты // Лавiлi неба з гнёзд. // Маланкi стрэламi ўстаюць, // У бубен сыпле гром… // I я, захоплены, стаю, // Абдожджаны кругом» («Дождж»).
Прыкметна ўзмужнеў талент Петруся Броўкi ў гады вайны. Яго вершы, як і творы іншых паэтаў, прасякнуты заклікамі да барацьбы і помсты. У азначэннях захопнікаў — «звяры», «драпежнікі шалёныя», «вырадкі-псы», «падлюгі» — чуецца заклік да бескампраміснага бою. Калі ворагі — нелюдзі, то і знішчаць іх трэба без усялякага шкадавання («Дрыжыце, падлюгі-фашысты!», «Помста»).
Асноўная тэма ваеннай лірыкі Петруся Броўкі — тэма Радзімы. Героі яго твораў — воіны-франтавікі, партызаны, іх сёстры, бацькі, каханыя — людзі, якім не сорамна глядзець у вочы маці-Радзіме, бо ўсе яны «сэрцам і душою» былі з ёй у цяжкую гадзіну, мужна абаранялі яе. Салдат, пачуцці якога раскрываюцца ў вершы «Рана», марыць хутчэй дайсці дадому, удыхнуць роднае паветра, зірнуць на дарагія сэрцу мясціны, каб зноў гнаць ворага і прыспешваць крокі да перамогі. Восем ран пакінула на яго целе вайна, але самая балючая — рана на целе паланёнай Радзімы. Загаіць яе здольна толькі вызваленне роднага краю і вяртанне на вольную зямлю: «Знаю, сціхнуў бы боль, // Каб чабору таго, // Каб тае медуніцы, // Каб паветра з бароў, // Што пад Мінскам у нас».
Упэўненасцю ў хуткай сустрэчы з роднымі мясцінамі поўніцца і верш «Байцам-беларусам», у якім арганічна знітаваны лёс воіна-салдата і ўсяго народа. Ідэя вынікае з радкоў, дзе гаворыцца, што герой нават са страчаным зрокам абыдзе паўсвету, але знойдзе шлях у свой родны край.
У беларускай літаратуры ваеннага часу шматлікія творы прысвечаны подзвігам партызан. Верш-балада Петруся Броўкі «Кастусь Каліноўскі» распавядае пра падзеі адначасова ў легендарным і рэальным планах. Герой верша — канкрэтны чалавек, вясёлы калгасны трактарыст Каліна. Калі пачалася вайна, ён пайшоў у партызаны. «Сiлай магутны, душою агнiсты», як сама помста, прыходзіў туды, Вокладка першага зборніка Петруся Броўкі «Гады як шторм» (1930), дзе вораг чыніў здзек і расправу. Тым і заслужыў герой пашану ў народа, таму і празваны быў паводле імені славутага паўстанца, абаронцы людзей простых.
Праз легендарнасць подзвігу героя паэт перадае ўсенародны характар партызанскай барацьбы. Як агню баяцца ворагі Каліны, а людзі любяць і славяць яго, расказваюць легенды.
Ён паўстае як народны заступнiк, самаахвярны змагар з ворагам, i таму ўвесь беларускi край, людзi, прырода славяць героя: «Чакаюць крынiцы яго ледзяныя, // Лясы, паўзнiмаўшы смыкi смаляныя, // Каб разам з вятрамi наладзiць вяселле, // Ударыць па струнах, // Па хвалях дняпроўскiх, — // Што з вечнаю воляй // Прыйшоў Калiноўскi».
У час грозных выпрабаванняў для народа, як сведчыць беларускі фальклор, на яго абарону становяцца вялікія продкі. Каліна з’яўляецца абаронцам як беларускіх маці (яны «праз доўгія, сумныя вёсны ткуць пояс квяцісты герою на кроснах»), дзяўчат (яны «збіраюць яму васількі на кашулю»), так і беларускай зямлі, Радзімы наогул. Так праяўляецца патрыятычны пафас.
Трагедыйным i антываенным зместам прасякнута балада «Надзя-Надзейка». Тужлiва-журботная мелодыя жалейкi праходзiць праз увесь твор, якi ўспрымаецца як песня-плач па загубленай ворагам маладосці беларускай дзяўчыны: «Травы абсыплем чыстай слязою, // Чыстай слязою, // Быццам расою. // — Надзя-Надзейка!.. — клiча жалейка». Балада заснавана на фальклорных вобразах i параўнаннях: белая бяроза, горачка-гора, песнi-вяснянкi, горкiя слёзы i iншыя, што падкрэсліваюць пратэст супраць жудаснай вайны, якая ўчынiла гвалт i здзек, растаптала каханне. У заключных радках верша гучыць матыў адплаты ворагу: «Ходзіць па лесе, пушчах, дубровах // Хлопец разгневаны, хлопец суровы: // — Скора вярнуся // Разам з сябрамі, // Грукнем маланкамі // Ды перунамі, // Выпечам змеяў жалезам калёным, // Неба ачысцім, хмары разгонім…»
У ваенныя гады Пятрусь Броўка напісаў некалькi эпiчных твораў, сярод якiх вылучаецца паэма «Беларусь» — паэтычны маналог аб Радзіме. У ёй яскрава паўстае вобраз роднага краю — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Адметны ў паэме зварот да падзей гiстарычнай даўніны, калi вырашаўся лёс беларускага народа, яго свабоды i будучынi. Паэт згадаў Скарыну, Вашчылу, агульныя перамогі беларусаў, рускіх, украінцаў пад Грунвальдам, на Чудскім возеры, выгнанне Напалеона. Шмат пакут, войнаў, чужынцаў зведала беларуская зямля, але яе шляхамі «вярнулася ворагаў мала дамоў», бо на працягу ўсёй гісторыі народ Беларусі не стаў на калені, не скарыўся. Паэт упэўнены, што як некалі былі пераможаны «псы-рыцары» і французскія ваякі, так і ў гады Вялікай Айчыннай вайны будуць выгнаны з роднай зямлі фашысцкія захопнікі. Твор напiсаны з эмацыянальнай пранiкнёнасцю i патрыятычным пафасам.
Верш Петруся Броўкі «Спатканне» напісаны ў 1943-м — у самы цяжкі, пераломны ваенны год. Яго можна назваць салдацкай біяграфіяй — ён таксама прысвечаны тэме Радзімы і ўяўляе сабой маналог воіна, які праз пакуты ішоў да родных мясцін, дзе «ўсё дорага тут, // Люба, родна, прыгожа…». Звыклыя і дарагія сэрцу краявіды — поле, неба, «і лясы, і кусты» заўсёды жылі «ў душы» і «ў вачах» лірычнага героя і надавалі моцы ў самыя цяжкія моманты ваеннага ліхалецця: «Хіба мог я калі // Хоць на момант забыцца? // Вамі жыў я // І ў сэрцы хацеў зберагчы. // Мне званілі штодня // З-пад Ушачы крыніцы, // Хвалі Нёмна будзілі // Не раз уначы».
За плячыма салдата «больш чым кладзі салдацкай… нямала… тугі»: цяжкія ваенныя дарогі, гора, пакуты і жах, смерць сяброў. Усё гэта адбілася на яго знешнасці: выпрабаванні «як срэбрам, // Абсыпалі мне галаву…». Але, нягледзячы ні на што, у героя была адна мэта — вярнуцца ў родны край: «Я ўставаў // І ішоў па ваеннай дарозе. // Верыў — дома мне быць, // Дабрыду, дажыву...» З баямі ён дайшоў да бацькоўскай зямлі, знаёмых з дзяцінства мясцін, якія з цяжкасцю пазнаў: там, дзе некалі кіпела жыццё, салдат убачыў сляды вайны. Гэта перажыванне паэт перадаў з дапамогай эпітэтаў, малюючы «засмучаныя хаты» і «здратаваныя нівы». Сэрца воіна сціснулася ад болю, запалала агнём помсты: «Гляньце ў сэрца маё, — // Я прынёс яго з бою, // На агні яго можна // Мячы гартаваць ». Верыцца, што не супакоіцца воін, пакуль не дачакаецца канчатковай перамогі над ворагам, бо гэта яго святы абавязак перад народам і Айчынай — адпомсціць «за крыўду і боль», «За сябе і за вас, // І за гэтую грушу, // Што з абвугленым голлем // Стаіць ля акна».
Салдат збіраецца ў дарогу, яго «кліча Буг», але ён верыць у шчаслівае вяртанне, калі «перамога // над усёю краінаю // Ўстане зарой» і зноў, як і раней, зазвоняць «з-пад Ушачы крыніцы», будзе шапацець «трысцё па-ад Сожам» і гарэць «у пажарах бяроз лістападаўскі шлях».
Верш «Родны край» (1943) працягнуў тэму бацькоўскай зямлі. З любоўю лірычнага героя да Беларусі не можа параўнацца нішто: нават «акіяны не маюць такой глыбіні». Сапраўды, як не любіць «смольны бор, // Над імхамі духмяністы верас, // Вераснёвы прастор, // Што праменнямі сонца звініць»?
Нягледзячы на ліхія выпрабаванні і вялікія страты, лірычны герой захапляўся роднай зямлёй («Родны край! // Ты жывеш!») і з надзеяй глядзеў у будучыню. І хоць сынам Беларусі яшчэ трэба «з баямі, // Далёка-далёка ісці», яны не бачылі паланянкай родную зямлю: яна на вачах ажывала, загойвала раны і квітнела, убіралася ў звыклыя фарбы, сярод якіх чырвоныя-чырвоныя арабіны і сінь азёр.
Радзіма, як маці, радуецца, што пасля доўгага расстання «стрэлася з сынам», які «многа сцежак прайшоў франтавых». Яе аблічча поўніцца «радасці слёзамі», яна дае «напіцца // З празрыстай крыніцы», каб не толькі спатоліць смагу свайго сына, але і падзяліцца з ім жыццядайнай сілай, якая спатрэбіцца ў далёкай дарозе на захад. Яго вяртання будуць чакаць «бярозы, яліны і сосны», а таксама «Буг, горды Нёман // І хвалі шырокай Дзвіны». І сын вернецца з імкненнем адрадзіць былую прыгажосць роднай старонкі, якая дарагая, «як нішто і ніколі ў жыцці».
Шматлікія лірычныя вершы Петруся Броўкі ваеннага часу поўніліся надзеяй воінаў на сваю былую мірную працу. Традыцыйным нацыянальна-фальклорным матывам сяўбы ў творы «Будзем сеяць, беларусы!» паэт сцвярджаў няскоранасць беларускага народа, веру ў вечнае красаванне жыцця на роднай зямлi. Гэта тэма асабліва выразна гучала ў творах, напісаных у 1945 годзе. Адзін з іх з характэрнай назвай «Возьмем сеўні!..» прасякнуты радасцю вяртання да зямлі і стваральнай працы, выяўляе патрыятычны, светлы настрой героя, яго ўзрушанасць. Адметнасцю лірыкі Петруся Броўкі з’яўляецца адухаўленне прыроды, якая прымае актыўны ўдзел у жыцці чалавека, стварае агульную ўрачыстую атмасферу: «Грайце ж вы, вятры-гарністы, // Шмат герояў стрэнуць хаты, // Зернем чыстым, // Зернем чыстым // Загудзіць наш край багата».
Праз усю творчасць аўтара праходзіць паэтычны вобраз хлеба, які робіцца «галоўным героем» паэмы «Хлеб». Ён — сімвал вернасці мастака Бацькаўшчыне, яго юнацкім марам.
За кнігі паэзіі і прозу Пятрусь Броўка быў неаднаразова ўшанаваны літаратурнымі прэміямі і дзяржаўнымі ўзнагародамі. А ў 1966 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага паэта БССР.
Пытанні
1. Назавіце асноўныя тэмы творчасці Петруся Броўкі. Ці абмяжоўваецца аўтар тэмай гераічнага змагання з ворагам? |
|
2. Успомніце яго вершы «Кропля» і «Пахне чабор». Звярніце ўвагу на адлюстраванне ў іх пейзажных малюнкаў. Чаму споведзь пра першае каханне падаецца аўтарам праз сувязь з прыродай? |
|
3. Прыгадайце вершы паэта, у якіх выяўляюцца яго патрыятычныя пачуцці («Калі ласка!», «Зямля Беларусі»). Як раскрываецца ў творах характар лірычнага героя, што яго непакоіць? |
|
4. Чаму родная зямля і матчына мова — найвялікшы духоўны скарб для кожнага? Адказ падмацуйце цытатамі з твораў Петруся Броўкі. |
|
5. Прааналізуйце верш Петруся Броўкі «Спатканне» згодна з алгарытмам аналізу паэтычнага твора. | |
6. Разгледзьце рэпрадукцыю карціны Вітольда Бялыніцкага-Бірулі «Зноў зацвіла вясна». Вызначце дэталі, якія ўказваюць на дакладны час, адлюстраваны ў творы. Якімі сродкамі аўтар перадаў асноўную думку, агульны настрой? Якія літаратурныя тэксты маюць ідэю, блізкую да твора выяўленчага мастацтва? Пацвердзіце цытатамі-прыкладамі. |
|
7. Уявіце, што вам неабходна да Дня Перамогі зрабіць відэаролік з радкамі паэмы Петруся Броўкі «Беларусь». Які сцэнарый вы прапануеце? |