Печатать книгуПечатать книгу

§ 25. Адлюстраванне і абазначэнне разьбы

  • Як вы лічыце, дзе ўжываецца разьба, якое яе прызначэнне? Прывядзіце прыклады вырабаў з разьбой.
  • Вы даведаецеся: якія маюцца віды разьбы, якія яе памеры, элементы, як адлюстроўваецца і абазначаецца разьба на чарцяжах. 
  • Вы навучыцеся: выконваць чарцяжы стандартных крапежных вырабаў (балта, вінта, гайкі, шпількі), што маюць разьбу.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 25. Адлюстраванне і абазначэнне разьбы
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:56

Уступ

Шмат якія вырабы складаюцца з дзвюх і больш дэталей, злучаных паміж сабой пэўным чынам. Найбольш распаўсюджанымі злучэннямі дэталей з’яўляюцца разьбовыя. Дэталі злучаюць з дапамогай разьбы, утворанай на іх паверхнях, а таксама з дапамогай крапежных дэталей, якія маюць разьбу (рыс. 84).

Разьба ўяўляе сабой сукупнасць вінтавых выступаў і ўпадзін, нанесеных па вінтавой лініі на ўнутраную і знешнюю бакавую паверхню некаторых цел вярчэння.

Утвараецца разьба наступным чынам. Пры вярчэнні патрона такарнага станка раўнамерна верціцца і замацаваны на ім стрыжань. Падведзены да паверхні стрыжня разец пры раўнамерным руху ўздоўж восі стрыжня прачэрціць на яго паверхні вінтавую лінію. Калі яго паглыбіць у загатоўку, якая раўнамерна верціцца, то на яе паверхні ўтворыцца вінтавая канаўка — разьба (рыс. 85). Фігура сячэння вінтавой канаўкі і выступу разьбы плоскасцю, якая праходзіць праз вось разьбы, называецца профілем разьбы.
У залежнасці ад размяшчэння разьбы на паверхні стрыжня ці адтуліны яна бывае вонкавай ці ўнутранай. У разьбовым злучэнні вонкавая разьба наносіцца на болт, вінт і інш. Унутраная разьба наносіцца на паверхню адтуліны ў гайцы, гняздзе і інш.

Класіфікацыя разьбы, яе асноўныя элементы і параметры.

Разьбу адрозніваюць паводле размяшчэння, напрамку вінтавой лініі (правая, левая), профілю, прызначэння і інш. (рыс. 86). У залежнасці ад таго, дзе нарэзана разьба — на паверхні ці ў адтуліне, — адрозніваюць вонкавую і ўнутраную разьбу. Абрысы ўпадзін і выступаў утвараюць профіль разьбы.
У залежнасці ад формы профіля разьба падзяляецца на трохвугольную, трапецаідальную, прамавугольную, круглую і ўпорную.
 

Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, знайдзіце галіны ўжывання разьбы рознага профілю. 

Вылучаюць асноўныя элементы і параметры разьбы: вонкавы і ўнутраны дыяметры, шаг, вугал профілю (рыс. 87).
Вонкавы (знешні, намінальны) дыяметр разьбы D — дыяметр, апісаны каля разьбовай паверхні, які ўмоўна характарызуе памеры разьбы і выкарыстоўваецца пры яе абазначэнні.
Унутраны дыяметр разьбы d — дыяметр уяўнага прамога кругавога цыліндра, упісанага ў разьбовую паверхню.
Шаг разьбы P — адлегласць паміж паралельнымі старанамі ці вяршынямі двух віткоў, што ляжаць побач, вымераная ўздоўж восі разьбы.
Вугал профілю β — вугал паміж сумежнымі бакавымі старанамі профілю.

Таксама важным параметрам з’яўляецца даўжыня разьбы — даўжыня ўчастку паверхні, на якім утворана разьба.

Найбольшае распаўсюджванне ў машынабудаванні атрымала трохвугольная разьба. Яна падзяляецца на метрычную, цалёвую і трубную.
Трапецаідальная разьба ўжываецца ў вінтавых механізмах, хадавых вінтах станкоў, механізмах слясарных ціскоў і інш. Упорую разьбу выкарыстоўваюць пры вялікіх нагрузках у вінтах прэсаў, дамкратах і інш. Круглая разьба ўжываецца ў неспрыяльных умовах эксплуатацыі, а таксама ў танкасценных вырабах (цокалі і патроны электрычных лямп). Прамавугольная разьба, якая ўжывалася раней у вінтавых механізмах, у цяперашні час практычна цалкам заменена трапецаідальнай.

 

 

Абазначэнне разьбы на чарцяжы

Разьба на чарцяжы адлюстроўваецца не так, як мы яе бачым, а спрошчана (умоўна) у адпаведнасці з правіламі стандарту ДАСТ 2.311-68 АСКД. Адлюстраванне разьбы. Незалежна ад профілю разьбы яе ўмоўнае адлюстраванне заўсёды аднолькавае

На знешняй паверхні (на стрыжні) па вонкавым дыяметры разьбу адлюстроўваюць суцэльнымі тоўстымі асноўнымі лініямі, па ўнутраным дыяметры  — суцэль-нымі тонкімі лініямі (рыс. 88). На выглядзе злева разьбу паказваюць суцэльнай тонкай лініяй у выглядзе дугі, прыкладна роўнай 3/4 акружнасці.
На ўнутранай паверхні (у адтуліне) разьбу паказваюць суцэль-
нымі тоўстымі асноўнымі лініямі па ўнутраным дыяметры і суцэльнымі тонкімі — па вонкавым (гл. рыс. 88).
Суцэльную тонкую лінію праводзяць на адлегласці не менш за 0,8 мм ад асноўнай лініі і не больш за велічыню шагу разьбы.
Штрыхоўку ў разрэзах даводзяць да лініі вонкавага дыяметра разьбы на стрыжні і да лініі ўнутранага дыяметра ў адтуліне.
Каб паказаць разьбу на чарцяжы, да яе відарыса дабаўляюць надпіс у выглядзе ўмоўнага абазначэння.

 

У чым заключаецца адрозненне ўмоўнага адлюстравання разьбы на стрыжні ад умоўнага абазначэння разьбы ў адтуліне?

Трубная цыліндрычная разьба і яе абазначэнне

Профілем трубнай цыліндрычнай разьбы з’яўляецца роўнастаронні трохвугольнік з вуглом 55° пры вяршыні. Вяршыні выступаў і ўпадзін закруглены. Гэту разьбу ўжываюць для злучэння труб і іншых дэталей арматуры трубаправодаў. 

Асноўныя памеры трубнай цыліндрычнай разьбы ўмоўна абазначаюцца ў цалях (1″ = 25,4 мм). 

Ва ўмоўнае абазначэнне трубнай цыліндрычнай разьбы ўваходзяць: літара G, абазначэнне памеру трубы ў цалях і клас дакладнасці, напрыклад G3/4−А 

 

Трубная канічная разьба і яе абазначэнне

Профіль трубнай канічнай разьбы — раўнабедраны трохвугольнік з вуглом пры вяршыні 55°. Вяршыні і ўпадзіны профілю закруглены. Ужываецца ў канічных разьбовых злучэннях, у злучэннях вонкавай канічнай разьбы з унутранай цыліндрычнай разьбой.

Ва ўмоўнае абазначэнне трубнай канічнай разьбы ўваходзяць: літара R, пазмер трубы ў цалях, напрыклад Rс1½.

Трапецеидальная разьба i яе абазначэнне

Профіль трапецаідальнай разьбы — раўнабокая трапецыя з вуглом паміж бакавымі старанамі 30°. Служыць для перадачы руху ў вінтавых механізмах, хадавых вінтах станкоў і г. д. 

Трапецаідальную разьбу абазначаюць літарамі Tr, намінальным дыяметрам і шагам, напрыклад: Tr40×9

 

Упорная разьба і яе абазначэнне

Профіль упорнай разьбы — нераўнабокая трапецыя. Упадзіны профілю закруглены. Ужываецца пры вялікіх нагрузках (шрубцынгі, прэсы, дамкраты і г. д.).

Ва ўмоўнае пазначэнне адназаходнай упорнай разьбы ўваходзяць: літара S, намінальны дыяметр у міліметрах і шаг. Напрыклад, S80×10 — разьба ўпорная S намінальным дыяметрам 80 мм, шагам разьбы 10 мм.  

Прамавугольная разьба і яе абазначэнне

Профілем прамавугольнай разьбы з’яўляецца прамавугольнік. Адлюстроўваецца з нанясеннем памераў, неабходных для вырабу разьбы: вонкавы і ўнутраны дыяметры, форма профілю, шаг. Ужываецца ў злучэннях, пры якіх самаадкручванне сілавых элементаў зведзена да мінімуму. Напрыклад, у хадавых і грузавых вінтах (дамкрат, прэс), лабараторных рэгуліровачных элементах і г. д.

Метрычная разьба і яе абазначэнне

Асноўным тыпам разьбы, якая ўжываецца для крапежных мэт, з’яўляецца метрычная разьба. Профілем метрычнай разьбы з’яўляецца роўнастаронні трохвугольнік з вуглом 60° пры вяршыні (рыс. 89).

Ва ўмоўнае абазначэнне разьбы ўваходзяць: літара М, вонкавы (намінальны) дыяметр разьбы ў міліметрах (рыс. 90).

.

Метрычную разьбу выконваюць з буйным і дробным шагам. У абазначэнні метрычнай разьбы буйны шаг не паказваюць, напрыклад М20. Дробны шаг паказваюць праз знак множання, напрыклад М20 х 1,5 (дзе 1,5 — шаг разьбы).

Для якіх мэт ужываюць метрычную разьбу з дробным і буйным шагам? Прывядзіце прыклады, выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі.

Шмат якія вырабы збіраюць з ужываннем разьбовых дэталей — вінтоў, балтоў, гаек, шпілек і інш. Яны злучаюць асобныя дэталі ў адзіны выраб, таму іх называюць крапежнымі. Для зручнасці выкарыстання ў вытворчасці такія дэталі стандартызаваныя і ўзаемазамяняльныя.

Крапежныя вырабы

Болт — цыліндрычны стрыжань з вонкавай разьбой на адным канцы і плешкай на іншым. Утварае злучэнне пры дапамозе гайкі ці
разьбовай адтуліны ў адным са злучаемых вырабаў. Існуюць розныя тыпы балтоў, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго па форме і памерах плешкі (шасцігранная, паўкруглая, патайная) і стрыжня, па шагу разьбы. Найбольш распаўсюджаны балты з шасціграннай плешкай. Прыклад умоўнага абазначэння балта: Болт M12 х 60 ДАСТ 7798-70 — з шесціграннай плешкай, разьбой М 12, шаг разьбы буйны, даўжыня стрыжня 60 мм.

Якую даўжыню мае болт, абазначэнне якога «Болт М20х55»?

Вінт — цыліндрычны стрыжань з вонкавай разьбой на адным канцы і канструктыўным элементам для перадачы круцільнага моманту на іншым. Паводле прызначэння вінты падзяляюцца на крапежныя і ўстановачныя. Крапяжы вінтоў ужываюцца для злучэння дэталей шляхам укручвання вінта разьбовай часткай у адну са злучаемых дэталей.
У залежнасці ад умоў работы вінты вырабляюцца з цыліндрычнай, паўкруглай, паўпатайной або патайной плешкай са шліцам, пад адвёртку, а таксама з плешкай пад ключ і з рыфленнем.
Прыклад умоўнага абазначэння вінта: Вінт М12 х 50 ДАСТ 1491-80 — з цыліндрычнай плешкай, разьбой М12, шаг разьбы буйны, даўжыня стрыжня 50 мм.

 

Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, вызначыце, у чым адрозненні паміж вінтам і балтом. 

Шпілька — цыліндрычны стрыжань з разьбой на абодвух канцах ці па ўсёй даўжыні стрыжня. Служыць для злучэння дзвюх ці некалькіх дэталей. Адзін канец шпількі ўкручваецца ў разьбовую адтуліну дэталі, а на іншы канец накручваецца гайка. Канструкцыя і памеры шпілек вызначаюц-ца стандартамі ў залежнасці ад даўжыні разьбовага канца.

Пры адлюстраванні шпількі вычэрчваюць толькі адзін выгляд на плоскасці, паралельнай восі шпількі, і паказваюць памеры разьбы, даўжыню шпількі і яе ўмоўнае абазначэнне.
Прыклад умоўнага абазначэння шпількі: Шпілька М8 х 60 ДАСТ 22038-76 — з буйной метрычнай разьбой дыяметрам 8 мм, даўжыня стрыжня 60 мм, прызначана для ўкручвання ў лёгкія сплавы, даўжыня разьбовага канца 16 мм.

Прывядзіце прыклады, дзе ўжываецца злучэнне шпількай. 

Гайка — крапежная дэталь з разьбовай адтулінай і канструктыўным элементам для перадачы круцільнага моманту. Ужываецца для накручвання на болт ці шпільку да ўпору ў адну са злучаемых дэталей. У залежнасці ад канструкцыі і ўмоў ужывання гайкі выконваюць шасціграннымі, круглымі, баранковымі, фасоннымі і г. д.
Найбольшае ўжыванне маюць гайкі шасцігранныя.
Прыклад умоўнага абазначэння гаек: Гайка Ml2 ДАСТ 5915-70 —з дыяметрам разьбы 12 мм, шаг разьбы буйны.

На якім чарцяжы адлюстраваны выгляд гайкі зверху?

 

Вінтавая лінія (паверхня) была вядома чалавеку з вельмі даўніх часоў. Яшчэ ў Старажытным Егіпце ўжывалася водаадліўнае прыстасаванне, якое ўяўляе сабой гладкае бервяно з прымацаванымі на яго паверхні планкамі, што ўтвараюць спіраль.
Пры вярчэнні бервяна вада па гэтай спіралі паднімалася ўверх. У апісаннях, якія дайшлі да нашага часу, маюцца звесткі пра такі ж вінт, вынаходства якога прыпісваецца Архімеду. Аднак сучасная гісторыя разьбы пачынаецца толькі ў XIX ст. Брытанскі вынаходнік Генры Модслі лічыцца адным са стваральнікаў такарна-вінтарэзнага станка, з дапамогай якога стала магчымым наразанне дакладнай разьбы. У сярэдзіне XIX ст. іншы брытанскі інжынер-механік і вынаходнік Джозеф Вітварт у 1841 г. прапанаваў профіль вінтавой канаўкі і распрацаваў сістэму стандартызацыі разьбы. Дату з’яўлення разьбы можна лічыць датай пачатку прамысловай рэвалюцыі.

Замацуем веды

1. Чаму разьба на чарцяжы адлюстроўваецца ўмоўна?
2. Чым адрозніваюцца паміж сабой умоўныя абазначэнні метрычнай разьбы з дробным і буйным шагам? Прывядзіце прыклады.
3. Які шаг запісваюць у абазначэнні разьбы?
4. Дачарціце ўмоўны відарыс разьбы М 20х1,5 на стрыжні, даўжыня разьбы 40 мм. Начарціце выгляд злева.
5. Вызначыце, у чым адрозненне гаек адна ад адной, калі іх абазначэнне Гайка М 24 і Гайка М 24х2. 
6. Па наглядным відарысе выканайце эскізы дэталей з разьбой. Вызначыце від крапежнага вырабу.
7. Якія даныя неабходны для вычэрчвання балтоў, гаек, шпілек і вінтоў па стандартных памерах? 

8. Вызначыце тып разьбы, вонкавы дыяметр і шаг разьбы..


9. Начарціце чарцёж балта з метрычнай разьбой d=30 мм, l=80 мм

Пытаннi i заданнi павышанай складанасцi

Вычарціце чарцёж па апісанні.
Цыліндрычны стрыжань даўжынёй 100 мм, на правым тарцы якога маецца фаска 2 х 45°. На канцы стрыжня з фаскай на даўжыні 45 мм нарэзана метрычная разьба М 24 з буйным шагам. На іншым канцы стрыжня адлюстраваны канструктыўны элемент квадратнага сячэння для захвату ключом (старана квадрата — 20 мм, даўжыня — 25 мм). Нанясіце памеры.

Практычная работа № 15. Разьбовае злучэнне

На фармаце А4 па адвольных памерах, захоўваючы прапорцыі, выканайце чарцёж дэталей разьбовага злучэння ў зборы. Пры выкананні чарцяжа ўжывіце неабходныя сячэнні і разрэзы. Колькасць выглядаў вызначыце самастойна.