Печатать книгуПечатать книгу

§ 23. Злучэнне на чарцяжы часткі выгляду і часткі разрэзу

  • Якая частка прадмета мысленна выдаляецца ў час выканання разрэзу? Ці трэба абазначаць сякучую плоскасць, калі яна супадае з плоскасцю сіметрыі дэталі?
  • Вы даведаецеся: як злучаюць частку выгляду часткай адпаведнага разрэзу, якія ўжываюць умоўнасці і  спрашчэнні пры выкананні разрэзаў. 
  • Вы навучыцеся: выконваць злучэнне часткі выгляду з часткай адпаведнага разрэзу.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 23. Злучэнне на чарцяжы часткі выгляду і часткі разрэзу
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 00:27

Злучэнне на чарцяжы часткі выгляду і часткі разрэзу

Шмат якія дэталі маюць форму, якая не можа быць паказана толькі выглядам ці толькі разрэзам (рыс. 72, а, б). Пры гэтым выконваць два відарысы — выгляд і разрэз — нерацыянальна. У гэтым выпадку замест двух асобных відарысаў (выгляду і разрэзу) звяртаюцца да злучэння (сумяшчэння) двух відарысаў: часткі выгляду з часткай адпаведнага разрэзу (рыс. 73). Калі выгляд прадмета і разрэз, які злучаецца, сіметрычныя, то аб’ядноўваюць палову выгляду з паловай адпаведнага разрэзу.
На відарысе, які паказвае палову выгляду, лініі нябачнага контуру не наносяцца, бо ўнутраная будова дэталі паказана на разрэзе.

Выкарыстоўваючы рысунак 73, апішыце паслядоўнасць выканання злучэння паловы выгляду і паловы разрэзу.

Для сіметрычнай дэталі выгляд, аб’яднаны з разрэзам, аддзяляюць адзін ад аднаго штрыхпункцірнай лініяй, якая з’яўляецца адначасова і воссю сіметрыі намаляванай дэталі (гл. рыс. 73).

У несіметрычных фігурах выгляд і разрэз можна падзяліць суцэльнай тонкай хвалістай лініяй (рыс. 74).
Разрэз размяшчаюць справа ад вертыкальнай восі сіметрыі ці ніжэй за гарызантальную вось сіметрыі.

Правілы злучэння паловы выгляду і паловы разрэзу

1. Мяжа паміж выглядам і разрэзам — вось сіметрыі (рыс. 75).
2. Разрэз на чарцяжы заўсёды размяшчаюць справа ад восі сіметрыі (калі вось сіметрыі вертыкальная), а выгляд — злева. Пры сумяшчэнні па гарызантальнай восі сіметрыі выгляд размяшчаецца зверху, а разрэз — знізу.
3. На палове выгляду штрыхавыя лініі, якія паказваюць контур унутраных абрысаў, не праводзяць.
4.  Размерныя лініі, якія адносяцца да элемента дэталі, вычарчанага толькі да восі сіметрыі (напрыклад, адтуліны), абмяжоўваюць з аднаго боку стрэлкай, разрываючы размерную лінію за воссю сіметрыі на адлегласці 2—5 мм. Памер паказваюць поўны.
5. Памеры ўнутраных элементаў дэталі пераважна наносіць з боку разрэзу, знешніх — з боку выгляду.

Умоўнасці і спрашчэнні. Пры злучэнні часткі выгляду і часткі разрэзу дапускаюцца некаторыя ўмоўнасці і спрашчэнні:

  • тонкія сценкі і канты цвёрдасці пры выкананні разрэзаў уздоўж паказваюцца не рассечанымі;
  • пры злучэнні паловы выгляду і паловы разрэзу, калі з восевай лініяй супадаюць канты прадмета, то частку выгляду і частку разрэзу падзяляюць суцэльнай хвалістай лініяй. Гэта лінія павінна быць размешчана так, каб кант быў паказаны на відарысе. Калі ён размешчаны на ўнутранай паверхні, то даюць больш за палову разрэзу (а), калі вонкавай — больш за палову выгляду (б).

 

Як вы лічыце, на якім чарцяжы злучэнне паловы выгляду і паловы разрэзу выканана правільна? 

Замацуем веды

1. У якіх выпадках рэкамендуецца злучаць частку выгляду і частку разрэзу?
2. Якой лініяй падзяляюць частку выгляду і частку разрэзу?
3. Ці трэба паказваць на палове выгляду ўнутраныя абрысы прадмета і чаму?
4. У чым заключаецца асаблівасць нанясення памераў на палове выгляду і палове разрэзу?
5. Якім чынам злучаецца частка выгляду і частка разрэзу, калі на вось сіметрыі відарыса праецыруецца кант дэталі, які размешчаны на яе вонкавай паверхні?
6. Знайдзіце правільна выкананае злучэнне выгляду і разрэзу.

Пытаннi i заданнi павышанай складанасцi

На рысунку паказана злучэнне паловы выгляду і паловы разрэзу прадмета. Пабудуйце яго выгляд зверху.

Практычная работа № 13. Злучэнне паловы выгляду і паловы разрэзу

У рабочым сшытку па адвольных памерах з захаваннем прапорцый выканайце чарцёж дэталі ў трох праекцыях. На галоўным выглядзе выканайце злучэнне паловы выгляду і паловы разрэзу.