§ 12. Прамавугольнае праецыраванне на дзве плоскасці праекцый. Метад Монжа
- Які з адлюстраваных прадметаў адпавядае праекцыі? Свой адказ абгрунтуйце.
- Вы даведаецеся: прынцып праецыравання на дзве плоскасці праекцый, сутнасць метаду Монжа.
- Вы навучыцеся: выконваць двухпраекцыйныя чарцяжы прадметаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Чарчэнне. 10 клас |
Книга: | § 12. Прамавугольнае праецыраванне на дзве плоскасці праекцый. Метад Монжа |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 20:42 |
Прамавугольнае праецыраванне на дзве плоскасці праекцый. Метад Монжа
Вызначыце, якая праекцыя прадмета з’яўляецца гарызантальнай, а якая франтальнай. Свой адказ растлумачце. |
Прамавугольнае праецыраванне яшчэ называюць артаганальным. Заснавальнікам артаганальнага праецыравання лічыцца французскі вучоны Гаспар Монж (рыс. 44). Метад Монжа — гэта метад прамавугольнага праецыравання на дзве ўзаемна перпендыкулярныя плоскасці праекцый. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей праекцый называецца воссю праекцый. Артаганальныя праекцыі, якія пры гэтым атрымліваюцца, змешчаныя ў адну плоскасць, утвараюць комплексны чарцёж, або эпюр Монжа.
Гаспар Монж паклаў пачатак развіццю навукі «Начартальная геаметрыя». Выкладзены Монжам метад артаганальнага праецыравання на дзве ўзаемна перпендыкулярныя плоскасці праекцый быў і застаецца асноўным метадам складання тэхнічных чарцяжоў.
Пабудова двухпраекцыйнага чарцяжа пункта. Разгледзім прыклад пабудовы двухпраекцыйнага чарцяжа пункта (гл. Памятку 6)
1. З пункта А на плоскасці V і H апускаюць перпендыкуляры іатрымліваюць праекцыі пункта А: а′ — гарызантальная праекцыя і а″ — франтальная праекцыя.
2. Мысленна выдаляюць пункт А і паварочваюць плоскасць Н вакол восі Ох на вугал 90° уніз да сумяшчэння з плоскасцю V.
3. Праекцыі а′ і а″ размясціліся на адной прамой а′а″. Лінія а′а″ называецца лініяй праекцыйнай сувязі.
Памятайце! Франтальная і гарызантальная праекцыі пункта заўсёды знаходзяцца на перпендыкуляры да восі праекцый ох.
Адрэзак а′ах — адлегласць пункта А да плоскасці V. Адрэзак а″ах — адлегласць пункта А да плоскасці Н.
Асновы начартальнай геаметрыі ўзніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Грэчаскі геаметр Эўклід і рымскі архітэктар Вітрувій зрабілі вялікі ўклад у развіццё метадаў пабудовы відарысаў прасторавых форм на плоскасці. Бурнае развіццё архітэктуры, жывапісу і скульптуры ў эпоху Адраджэння стварыла ўмовы для развіцця метадаў пабудовы відарысаў прасторавых форм на плоскасці. У гэты час уводзіцца цэлы шэраг асноўных паняццяў: цэнтральнае праецыраванне, карцінная плоскасць, дыстанцыя, галоўны пункт, лінія гарызонту, дыстанцыйныя пункты і г. д. Адным з першых, хто ўжываў перспектыву ў сваіх працах, быў італьянскі архітэктар і вучоны Ф. Брунэлескі. У трактаце па перспектыве Леанарда да Вінчы прыводзяцца прыклады ўжывання перспектыўных відарысаў, звесткі пра паветраную і лінейную перспектыву і тэорыі святлаценю. Вялікі ўклад у тэорыю перспектывы зрабілі Альбрэхт Дзюрэр, Гвіда Убальдзі, Жэрар Дэзарг. Але толькі ў 1798 г. французскі інжынер і вучоны Гаспар Монж сфармуляваў галоўныя элементы тэорыі пабудовы графічных відарысаў.
Замацуем веды
1. Як называюцца плоскасці праекцый V і H і як яны размешчаны ў прасторы?
2. Як называецца чарцёж, паказаны дзвюма праекцыямі?
3. Якія памеры наносяць на гарызантальную праекцыю прадмета?
4. Які двухпраекцыйны чарцёж адпавядае адлюстраванаму на рысунку а прадмету?
5. Супастаўце двухпраекцыйны чарцёж і відарыс дэталі (рыс. б) і прачытайце зашыфраванае слова.