Печатать книгуПечатать книгу

§ 1. Віды графічных відарысаў

  • З дапамогай якіх сродкаў людзі перадаюць адзін аднаму розную інфармацыю? Як вы лічыце, што такое графічны відарыс? 
  • Вы даведаецеся: пра графічную мову;  віды графічных відарысаў і іх ролю ў перадачы інфармацыі пра прадметны свет; пра графічныя відарысы, прызначаныя для перадачы тэхнічнай і тэхналагічнай інфармацыі пра вырабы. 
  • Вы навучыцеся: распазнаваць віды графічных відарысаў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 1. Віды графічных відарысаў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:57

Віды графічных відарысаў

Відарысы спадарожнічалі чалавеку на ўсіх этапах яго гістарычнага развіцця. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці людзі навучыліся адлюстроўваць розных жывёл, прадметы быту, працы, палявання. Яркі прыклад такіх відарысаў — наскальныя рысункі сцэн палявання (рыс. 1).

Выкарыстоўваючы рысунак 1, раскажыце, на якім матэрыяле і якімі інструментамі выкананы гэты відарыс. Прывядзіце прыклады відаў насценнага роспісу. Якую інфармацыю перадавалі гэтыя відарысы? 

Патрэбнасць людзей у перадачы адзін аднаму інфармацыі прывяла да з’яўлення графічнай мовы. З яе дапамогай стала магчымым перадаваць і захоўваць інфармацыю выяўленчымі і знакавымі сродкамі — рысункамі, сімваламі, піктаграмамі, лічбамі, літарамі і інш.
Рысункі і піктаграмы як сродкі зносін паміж людзьмі з’явіліся задоўга да стварэння пісьменства. Піктаграма — адзін з першых відаў пісьма ў выглядзе знакаў, якія схематычна адлюстроўваюць самыя важныя пазнавальныя рысы аб’екта, прадмета ці з’явы. Менавіта ў рысунках і піктаграмах бярэ пачатак, зараджаецца і фарміруецца графічная мова.
Графічная мова цяпер з’яўляецца мовай дзелавых міжнародных зносін, паколькі яе выяўленчую і знакавую сістэму складаюць графічныя відарысы. У сучасным жыцці чалавек сутыкаецца з разнастайнымі графічнымі відарысамі: рысункамі, чарцяжамі, схемамі, планамі, картамі, графікамі, лагатыпамі, інфаграфікай і інш. (рыс. 2). Яны выкарыстоўваюцца ў розных сферах яго жыццядзейнасці.


  Назавіце прадстаўленыя на рысунку 2 віды графічных відарысаў і прывядзіце яшчэ прыклады графічных відарысаў, з якімі вы пазнаёміліся, вывучаючы іншыя вучэбныя прадметы.

З дапамогай рысункаў ці фатаграфій можна адлюстраваць усе навакольныя прадметы, машыны, будынкі і збудаванні такімі, якімі мы іх звычайна бачым. У чарчэнні графічныя відарысы прызначаны для перадачы геаметрычнай, тэхнічнай і тэхналагічнай інфармацыі пра які-нeбудзь прадмет ці выраб. Да такіх відаў відарысаў належаць тэхнічныя рысункі, эскізы, чарцяжы, зборачныя чарцяжы, разгорткі, архітэктурна-будаўнічыя і тапаграфічныя чарцяжы, схемы і інш.
Разгледзім асноўныя віды відарысаў. Прасторавыя формы прадметаў на паперы можна адлюстраваць у выглядзе тэхнічнага рысунка, эскіза ці чарцяжа. Тэхнічным рысункам карыстаюцца ў тых выпадках, калі неабходна хутка паясніць форму разглядаемага прадмета, паказаць яго наглядна.


Тэхнічны рысунак — гэта наглядны відарыс аб’екта, які выкананы ад рукі, на вока, з захаваннем яго канструктыўнай формы і прапорцый (рыс. 3).

Эскізы прызначаны для часовага ці разавага выкарыстання. Па эскізах могуць стварацца розныя вырабы ў доследнай вытворчасці, пры рамонце.

Эскіз — чарцёж, выкананы, як правіла, ад рукі (без ужывання чарцёжных інструментаў), з захаваннем прапорцый элементаў дэталі, а таксама ў адпаведнасці з усімі правіламі і ўмоўнасцямі, вызначанымі стандартамі (рыс. 4).


Па эскізах і тэхнічных рысунках можна судзіць пра геаметрычную форму дэталі. Такі відарыс наглядны, аднак ён не можа даць поўнага ўяўлення пра ўнутраную форму і сапраўдныя памеры прадмета. Таму пры вытворчасці вырабаў ужываюць іншы, больш дакладны спосаб адлюстравання — чарцёж. Чарцяжы з’яўляюцца асноўнымі графічнымі дакументамі для стварэння розных вырабаў на вытворчасці.


Чарцёж — адзін з відаў канструктарскіх дакументаў, які змяшчае відарыс вырабу, што вызначае яго канструкцыю, узаемадзеянне складаных частак і іншыя даныя, якія неабходны для вырабу, кантролю, мантажу, эксплуатацыі і рамонту вырабу (рыс. 5).

Для зборкі гатовых вырабаў, якія складаюцца з некалькіх дэталей, карыстаюцца зборачным чарцяжом

 Зборачны чарцёж - канструктарскі дакумент, які змяшчае малюнак зборачнай адзінкі і іншыя дадзеныя, неабходныя для яе зборкі (вырабу) і кантролю (рыс. 6)

Таксама для стварэння вырабаў выкарыстоўваюць чарцяжы разгортак — відарыс паверхні прадмета, па асаблівых правілах сумешчаны з плоскасцю, разгорнуты на плоскасць (рыс. 7). 

Акрамя чарцяжоў, на вытворчасці выкарыстоўваюць схемы для вызначэння прынцыпу дзеяння розных устройстваў.

              

 

  Схема — канструктарскі дакумент, дзе паказаны ў выглядзе ўмоўных відарысаў ці абазначэнняў складаныя часткі вырабу і сувязі паміж імі (рыс. 8).


Пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў карыстаюцца архітэктурна-будаўнічымі чарцяжамі (рыс. 9), у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, ваеннай справе выкарыстоўва-юць тапаграфічныя карты, на якіх адлюстраваны рэльеф мясцовасці, нанесены населеныя пункты, дарожная сетка, розныя аб’екты (рыс. 10).

         

Каб графічныя, канструктарскія дакументы (чарцяжы, карты, схемы і інш.) былі зразумелы ўсім спецыялістам, іх неабходна выконваць па пэўных правілах. Правілы выканання і афармлення графічных дакументаў адлюстроўваюцца ў дзяржаўных стандартах (ДАСТах), якія аб’яднаны ў Адзіную сістэму канструктарскай дакументацыі (АСКД) і выкарыстоўваюцца ва ўсіх сферах вытворчасці, навуковых, навучальных арганізацыях. Стандарты перыядычна правяраюцца, пераглядаюцца і абнаўляюцца.


Адзіная сістэма канструктарскай дакументацыі (АСКД) — комплекс стандартаў, якія ўстанаўліваюць правілы, патрабаванні і нормы па распрацоўцы, афармленні і абарачэнні канструктарскай дакументацыі (пры праектаванні, вырабе, кантролі, прыёмцы, эксплуатацыі, рамонце, утылізацыі вырабу).

Адзіная сістэма канструктарскай дакументацыі (АСКД) — комплекс стандартаў, якія ўстанаўліваюць правілы, патрабаванні і нормы па распрацоўцы, афармленні і абарачэнні канструктарскай дакументацыі (пры праектаванні, вырабе, кантролі, прыёмцы, эксплуатацыі, рамонце, утылізацыі вырабу).

Замацуем веды

1. Для якіх мэт прызначаны чарцёж? Ці можна абысціся без чарцяжа, абмежаваўшыся іншым графічным відарысам, напрыклад рысункам?
2. Выкарыстоўваючы інфармацыю, змешчаную на форзацах I і II, прасачыце гісторыю развіцця чарцяжа і дакажыце, што чарцёж з’яўляецца «міжнароднай мовай тэхнікі».
3. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, падрыхтуйце паведамленне пра галіны чарчэння, у якіх распрацоўваюцца чарцяжы дэталей машын і механізмаў, архітэктурна-будаўнічыя чарцяжы, тапаграфічныя карты.

Практычная работа № 1.

Графічныя відарысы ў жыцці чалавека

Выкарыстоўваючы выяўленчыя сродкі (каляровыя алоўкі, фламастары, фарбы, каляровую паперу, выразкі з часопісаў і інш.), выканайце калаж на тэму «Графічныя рысункі ў жыцці чалавека».