Print bookPrint book

* Стэфан Цвейг

1. Сучаснікам якіх беларускіх пісьменнікаў быў Стэфан Цвейг?
2. Імёны якіх сяброў Цвейга вам вядомыя (Эміль Верхарн, Рамэн Ралан, Франс Мазэрэль, Томас Ман, Зігмунд Фрэйд, Джэймс Джойс, Герман Гесэ, Герберт Уэлс, Поль Валеры, Рыхард Штраус, Бертольд Брэхт)? Як вы думаеце, што магло даць знаёмства з такімі людзьмі Стэфану Цвейгу як асобе? 

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: * Стэфан Цвейг
Printed by: Guest user
Date: Monday, 21 April 2025, 5:35 AM

Біяграфія

Стэфан Цвейг быў апантаным калекцыянерам. Яго збор музычных аўтографаў кампазітараў Баха, Гайдна, Вагнера і Малера быў апісаны як «адна з найвялікшых у свеце калекцый аўтаграфічных рукапісаў» і падораны ў 1986 годзе спадкаемцамі пісьменніка Брытанскай бібліятэцы. Яшчэ дзве калекцыі захоўваюцца ў Дзяржаўным універсітэце Нью-Ёрка і Нацыянальнай бібліятэцы Ізраіля.

Стэфан нарадзіўся ў Вене 28 лістапада 1881 года.

Яго бацька быў тэкстыльны магнат, а маці — дачка банкіра. Пра дзяцінства пісьменніка амаль нічога не вядома, ды і сам ён імкнуўся як мага менш расказваць пра гэты перыяд свайго жыцця. У дзевятнаццацігадовым узросце пасля заканчэння гімназіі юнак паступіў у Венскі ўніверсітэт, дзе настолькі захапіўся філасофіяй, што напісаў дысертацыю і атрымаў доктарскую ступень.

У гэты час ён пісаў і выдаваў вершы, а яго крытыкам быў славуты паэт-мадэрніст Райнер Марыя Рыльке, з якім Стэфан перапісваўся і абменьваўся свежымі творамі.

Пасля завяршэння вучобы ў 1905 годзе пачаліся вандроўкі пісьменніка. Ён лічыў сябе чалавекам свету, таму з радасцю спазнаваў новыя культуры, знаёміўся з новымі краінамі — Італіяй, Іспаніяй, Індакітаем, ЗША, Панамай.

Першая сусветная вайна застала Стэфана Цвейга пасля вяртання ў Еўропу. Яго вызвалілі ад вайсковай службы, і пісьменнік пэўны час жыў у Цюрыху. У 1917—1918 гадах асеў спачатку ў Швейцарыі, а затым пасяліўся ў «горадзе Моцарта» Зальцбургу.

Творчы ўздым прыпаў на 1922—1941 гады, калі Стэфан Цвейг замацаваў аўстрыйскую літаратуру ў ліку самых чытаемых у свеце. Найперш пісьменнік вядомы навеламі «Амок», «Мендэль-букініст», «Шахматная навела», хоць яму падуладнымі былі і паэзія, і драматургія, і раманістыка, і эсэістыка. Вядомыя сёння таксама лібрэта да опер і легенды аўтара. Заўважнай з’явай еўрапейскай літаратуры 1920—1930-х гадоў сталі напісаныя ім мастацкія біяграфіі Марыі-Антуанеты, Эразма Ратэрдамскага, Марыі Сцюарт, Магелана, Фёдара Дастаеўскага, Анарэ дэ Бальзака, Стэндаля і інш.

Стэфан Цвейг захапляўся рускай літаратурай, нават наведаў СССР у 1928 годзе ў сувязі са стагоддзем Льва Талстога. Да 1930-х гадоў захапляўся савецкай рэчаіснасцю, вельмі ганарыўся, што на рускай мове выходзілі яго творы (з прадмовай Максіма Горкага), але пазней ён не ўхваляў масавых рэпрэсій, пісаў сябрам, што з бальшавікамі-ветэранамі сталі абыходзіцца, як з шалёнымі сабакамі.

На радзіме пісьменнік актыўна выступаў супраць вайны і нацызму. Праз гэта і праз яго нацыянальнасць у 1934 годзе дом у Зальцбургу быў разрабаваны, а сам аўтар апынуўся ў вышуку. Пакуль Аўстрыя не была далучана да Германіі, у гэтай краіне і ў Швецыі выходзілі кнігі Стэфана Цвейга. У Германіі яго кнігі забаранялі, спальвалі. Аўтар уцёк ад пераследу ў Лондан, але непакоіўся, што там яго арыштуюць як немца, і ў выніку апынуўся ў Бразіліі — у Петропалісе, невялікім прыгарадзе Рыа-дэ-Жанэйра. Удалечыні ад радзімы, поўны песімізму адносна будучыні Еўропы, Стэфан Цвейг упаў у зацяжную дэпрэсію і ў 1942 годзе разам з жонкай пайшоў з жыцця, так і не дачакаўшыся заканчэння Другой сусветнай вайны.

Творам Стэфана Цвейга сёння было б каля 140 гадоў. У чым жа сакрэт неўміручасці ідэй пісьменніка? Магчыма, у мастакоўскім асяроддзі, у якім прайшло яго сталенне. Бо ён, філосаф па адукацыі, быў знаёмы з вядомымі дзеячамі сусветнай культуры. Навелістыка Стэфана Цвейга шмат з якіх прычын прыцягвае літаратуразнаўцаў і чытачоў. Магчыма, вандроўкамі па Індыі, Еўропе, Амерыцы, перажытым асабіста, калі Другая сусветная вайна вымусіла яго ўцякаць у Лондан, а потым у далёкую Бразілію.

Вершы, п’есы, легенды, навелы, жыццяпісы, эсэ, раманы аўстрыйскага класіка Стэфана Цвейга дасюль знаходзяцца ў топ-рэйтынгах выдавецтваў, перакладаюцца амаль на ўсе мовы свету, трывала замацаваліся ў модных спісах «Сто кніг, якія варта прачытаць».

Уклад у развіццё літаратуры

Стэфан Цвейг распрацаваў і ўвасобіў аўтарскую мадэль навелы. Яна нагадвае сціслы, «заархіваваны» раман. Маленькія жыццёвыя гісторыі разгортваюцца на нашых вачах за некалькі гадзін, і гэта пераломныя, істотныя гадзіны і хвіліны ў жыцці герояў. Асноўны сэнс твора выражаецца праз эмацыянальны маналог аднаго з персанажаў. Гэта момант ісціны або момант выбару. А прыводзіць нас галоўны герой да кожнай такой драмы ў час вандроўкі.

 

Пытанні

1. Пакажыце на карце свету лініі вандровак Стэфана Цвейга.
Агучце прычыны пераездаў.
2. Карыстаючыся тэкстам раздзела, дапоўніце некалькімі пунктамі блок «Уклад у літаратуру».