Печатать книгуПечатать книгу

* Кандрат Крапіва — байкапісец

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * Кандрат Крапіва — байкапісец
Напечатано:: Guest user
Дата: Понедельник, 20 Май 2024, 02:36

Кандрат Крапіва — байкапісец

Гісторыя жанру байкі бярэ пачатак у IV—V стагоддзях да нашай эры, калі жыў легендарны фрыгійскі раб-гарбун Эзоп, гаспадар якога Ксанф праславіўся мудрасцю за кошт кемлівасці свайго раба. Менавіта Эзопу прыпісваюць пачатак жанру байкі.

З часоў старажытнасці байка мае двухчастковую структуру: апавядальную частку і мараль. У сучасных байках мараль можа быць размешчана і ў фінале, і ў пачатку твора, але яна заўжды сфармулявана дасціпна, запамінальна і нагадвае прыказку або афарыстычнае выслоўе. Творы гэтага жанру традыцыйна маюць алегарычны, іншасказальны сэнс, у іх дзейнічаюць героі, якія надзелены чалавечымі рысамі: жывёлы, птушкі, расліны. Цікава, што за кожным персанажам байкі замацавана адна галоўная рыса, якая абумоўлівае выбар менавіта гэтага героя.

У французскай літаратуры самы вядомы байкапісец — Лафантэн, у нямецкай — Готхальд Эфраім Лесінг, ва ўкраінскай — Рыгор Скаварада, у рускай — Іван Крылоў..

Кандрата Крапіву нездарма называюць беларуcкім Эзопам. Яго байкі перажылі розныя часы (некаторым з іх цяпер ужо каля сотні гадоў), але засталіся актуальнымі і сёння. Пакуль будуць на свеце пыхліўцы, махляры, зайздроснікі, падхалімы, хабарнікі і прайдзісветы, жанр байкі будзе надзённы і запатрабаваны. 

Звернемся да байкі «Дзед і Баба» (1925). У пачатку яна нагадвае народную жартоўную песню: «Ехаў Дзедка на кірмаш, // З ім на возе — Баба». І толькі ў канцы твора становіцца зразумела, да чаго вядзе аўтар:

Ва ўстановах часам ёсць       
Вось такія ж «бабы»:              
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.            

Ды такая не ўцячэ!                
Скажам ёй нарэшце:             
— Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!              

Зразумела, вастрыё сатыры тут накіравана супраць наменклатуршчыкаў першых гадоў савецкай улады, аматараў «цёплых месцаў», для якіх уласны спакой і дабрабыт былі важнейшыя за поспех агульнай справы.

Супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, якія свядома выконваюць свае абавязкі напаўсілы, называюць рэстрыкцыяністамі. Сучасныя паспяховыя кампаніі выяўляюць такіх людзей яшчэ на суразмоўі і не прымаюць на работу.

Баечны верш
верш з разнастопнымі радкамі, якія адпаведна маюць розную даўжыню.

Чаму не адразу можна пазнаць байку ў гэтым творы? Тэкст напісаны харэем, у ім крыжаваная рыфма, кароткі радок, выдзяляюцца строфы — гэта значыць, адсутнічае звыклы для чытача разнастопны баечны верш. Але паводле зместу і кампазіцыі можна сцвярджаць, што гэта, несумненна, байка, бо ў ёй, акрамя сюжэта, гумару, ёсць мараль, якая высмейвае самаўпэўненасць, некампетэнтнасць, нахабства бюракратаў, людзей, якія займаюць чужое месца. Баечны верш — верш з разнастопнымі радкамі, якія адпаведна маюць розную даўжыню.

У 2016 годзе газета «Звязда» правяла конкурс коміксаў паводле баек Кандрата Крапівы, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Пераможцай стала мастачка Анастасія Скарко з коміксам «Дзед і Баба», які быў размешчаны ў часопісе «Вожык».


Байку «Саманадзейны конь» (1927) вылучае сярод іншых наяўнасць эпіграфа — народнай прыказкі «Вялікаму каню — вялікі хамут», што адразу «прывязвае» тэкст да народнай маралі, якая строга патрабуе ад чалавека сціпласці, рахманасці, рэалістычнага стаўлення да сваіх магчымасцей. У творы ж бачым адваротнае — павучальную гісторыю пра «мізэрнага Каня», які ганарліва выпінаецца пацягнуць воз за двух ламавікоў (ламавых коней):

Яно не ганьба хоць — сабе дабра жадаць,
Але ў Каня ўжо, як відаць,                           
Жаданне ў манію вялічча перайшло.         
I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло:               
I «і-га-га!», і «і-го-го!» —                            
Хамут нібы не да яго.                                 

Камізм сітуацыі заключаны ў іранічным супастаўленні разгорнутага ў баечным тэксце эпіграфа і сюжэта самой байкі:

Пралезлі праз хамут канёвы персі (грудзі. — Аўт.) й ногі,
I затрымаўся ён аж ледзь на жываце.                             
А тут яшчэ пракляты воз                                                 
I з месца не скрануць — як да зямлі прырос.                  
I просіць у бядзе наш дурань дапамогі. 

Застаецца дагэтуль злабадзённай і байка «Махальнік Іваноў» (1928). Магчыма, яна атрымалася настолькі рэалістычнай, бо аўтар і сам вадзіў салдат на стрэльбы, служачы інструктарам у войску. Але істотныя не столькі абставіны дзеяння, колькі галоўная думка твора: падхалімства агіднае часам нават для таго, да каго звернута.

Мастакоўскае абагульненне праявілася ў выбары максімальна распаўсюджанага прозвішча Іваноў і размоўнага слова «шэф», якое абазначае любога начальніка, кіраўніка. Вось як гэта абыграна ў маралі байкі:

У падхалімаў так вядзецца век-вяком!             
Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком»,
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,                        
Што памахаць яму гатовы.                                 

Вострая сатыра тут скіравана супраць жадання выслужыцца, трымцення перад начальствам, самапрыніжэння, боязі, «каб чаго не выйшла».

Пытанні

1. Ці сутыкаліся вы з жыццёвымі сюжэтамі, блізкімі да тых, што ў байцы «Дзед і Баба»?
Падумайце, якім чынам можна пазбегнуць такіх сітуацый, прапануйце варыянты. 
2. Пазнаёмцеся з коміксам Анастасіі Скарко паводле байкі «Дзед і Баба».
Якія элементы вы дадалі б, удакладнілі б у адпаведнасці з тэкстам?
3. Прыдумайце або намалюйце комікс да байкі «Саманадзейны конь».
Якія ключавыя эпізоды будуць адлюстраваны ў вашым коміксе?
Якія характары вы пакажаце, праз якія вонкавыя дэталі?
4. Паводле маралі байкі «Махальнік Іваноў» растлумачце, чаму сумленнаму чалавеку прыкра, калі яго хваляць падхалімы.
Чым, на вашу думку, адрозніваецца шчыры камплімент ад падхалімства? 
5. Якія галоўныя якасці маюць такія баечныя героі, як Заяц, Ліса, Кот, Леў, Мядзведзь, Воўк, Арол, Баран, Воран, Варона, Сарока?
Напішыце ўласную байку з 1-2 са згаданых персанажаў (на выбар).
6. Як вывучэнне баек можа спрыяць выхаванню асобы (здольнасці да самакрытыкі, адэкватнай самаацэнкі, самапавагі)?